https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Новая рэдакцыя закона аб занятасці насельніцтва Беларусі ўступае ў сілу з 24 кастрычніка


Асноўныя палажэнні новай рэдакцыі закона аб занятасці насельніцтва Беларусі ўступаюць у сілу з 24 кастрычніка бягучага года. Яна накіравана на развіццё і падтрымку высокай матывацыі беспрацоўных да актыўнага пошуку работы, узмацненне адказнасці наймальнікаў і беспрацоўных за выкананне заканадаўства аб занятасці насельніцтва, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь "Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь" падпісаны Прэзідэнтам 18 ліпеня гэтага года.

Навацыі датычацца ўсіх удзельнікаў рынку працы - наймальнікаў, саіскальнікаў, службы занятасці.

Асобным артыкулам новага закона замацаваны абавязкі беспрацоўнага. Так, яны павінны самастойна займацца пошукам работы, з'яўляцца на перагаворы з наймальнікам па пытанні працаўладкавання на працягу двух рабочых дзён з дня выдачы накіравання, з'яўляцца ў органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне для атрымання накіравання на работу або вучобу.

Гэта замацуе ўзаемаадказнасць службы занятасці, наймальнікаў і грамадзян у вырашэнні пытанняў працаўладкавання, а таксама дасць магчымасць увязаць выкананне абавязкаў беспрацоўнага з яго правам на атрыманне сацыяльных выплат (напрыклад, дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі, матэрыяльнай дапамогі і іншых).

У мэтах стымулявання да больш актыўнага пошуку работы ўзмоцнена адказнасць беспрацоўных за парушэнне заканадаўства аб занятасці насельніцтва. У два разы скарочаны максімальны перыяд знаходжання на ўліку ў якасці беспрацоўных - з 36 да 18 каляндарных месяцаў.

Удакладнены і нюансы паўторнай рэгістрацыі ў якасці беспрацоўных. Беспрацоўным прадастаўляецца права на атрыманне садзейнічання ў набыцці вопыту практычнай работы ў адпаведнасці з атрыманай прафесіяй (спецыяльнасцю), што дасць магчымасць павысіць іх канкурэнтаздольнасць і ў далейшым павялічыць шансы на працаўладкаванне.

Такое права на ўдзел у праграме "Моладзевая практыка" будзе распаўсюджвацца і на беспрацоўных жанчын-маці, якія доўгі час не працавалі ў сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

Для наймальнікаў устаноўлены абавязак пісьмова інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб наяўнасці вакансій на працягу пяці дзён з даты іх утварэння (у дзеючай рэдакцыі - на працягу двух тыдняў).

Наймальнікаў таксама абавязалі інфармаваць органы па працы, занятасці і сацабароне аб запаўненні вакансій у той жа дзень. Дарэчы, упершыню вызначана само паняцце свабоднага рабочага месца (вакансіі). Гэта прадугледжаная штатным раскладам пасада (прафесія), не замешчаная работнікам, які знаходзіцца ў працоўных адносінах з наймальнікам на аснове заключанага працоўнага дагавора па гэтай пасадзе (прафесіі).

У адпаведнасці з новым законам наймальнікі абавязаны інфармаваць службу занятасці аб маючым адбыцца вызваленні работнікаў не пазней, чым за два месяцы (цяпер - толькі ў выпадку масавага вызвалення).

Рэалізацыя гэтай нормы дасць магчымасць забяспечыць аператыўнае прагназаванне колькасці грамадзян, патэнцыяльна маючых патрэбу ў падборы месца работы.

Органам дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва прадастаўляецца права поўнасцю або часткова кампенсаваць затраты наймальнікаў на навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення.

Гэта мера ў рэспубліцы ўжо выкарыстоўвалася, цяпер яна замацавана ў законе. Гэта норма дасць магчымасць забяспечыць апераджальнае навучанне работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення, і іх далейшае працаўладкаванне, мінаючы стадыю беспрацоўя.

Дарэчы, упершыню заканадаўча вызначаны катэгорыі работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення. Да іх належаць тыя супрацоўнікі, якія падлягаюць звальненню ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; папярэджаны аб скарачэнні колькасці або штату работнікаў; па ініцыятыве наймальніка знаходзяцца ў вымушаным прастоі, працуюць у рэжыме няпоўнага рабочага часу, у водпуску без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы.

У наймальнікаў, якія прыцягваюць грамадзян на аплатныя грамадскія работы, з'явілася магчымасць заключаць не толькі тэрміновыя працоўныя дагаворы, але і грамадзянска-прававыя.

Гэта значна спросціць працэдуру працаўладкавання на такія работы, а таксама знізіць матэрыяльныя і часавыя затраты кадравых службаў наймальнікаў.

Законам зменены і ўзроставыя крытэрыі, пры якіх наймальнікамі поўнасцю кампенсуюцца органам па працы, занятасці і сацабароне затраты на перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі беспрацоўных з ліку работнікаў, якія звольнены імі ў сувязі са скарачэннем колькасці або штату работнікаў (за выключэннем занятых на некваліфікаваных работах, а таксама дасягнуўшых узросту 50 гадоў для жанчын і 55 гадоў для мужчын) і не праходзілі па апошнім месцы работы на працягу пяці гадоў перад звальненнем перападрыхтоўку або павышэнне кваліфікацыі. Раней гранічны ўзрост складаў 45 гадоў для жанчын і 50 гадоў для мужчын.

Важнай навацыяй закона аб занятасці з'яўляецца і тое, што з 1 студзеня 2017 года паслугі па працаўладкаванні змогуць аказваць толькі ўключаныя ў рэестр агенцтвы па працаўладкаванні (сёння дзейнасць такіх агенцтваў заканадаўча не рэгламентавана і на яе распаўсюджваюцца толькі агульныя механізмы абароны правоў грамадзян пры прадастаўленні ім няякасных паслуг, у тым ліку ў сферы працаўладкавання).

Пералік паслуг па садзейнічанні ў працаўладкаванні, што прадастаўляюцца агенцтвамі па працаўладкаванні, парадак фарміравання і вядзення рэестра агенцтваў будуць вызначацца ўрадам.

19 кастрычніка 2016, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Кoличество переходов на страницу: 1235