https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Чарназём з дастаўкай. Чаму на Украіне зямлю выставілі на продаж?


Вярхоўная рада прыняла закон аб зменах у Зямельны кодэкс Украіны. Дакументам прадугледжана скарачэнне дзяржаўнага рэгулявання ў гэтай стратэгічнай сферы і пашырэнне магчымасці для замежнікаў купляць зямлю. Выключаюцца нормы, якія абмяжоўваюць магчымасць замежных фізічных і юрыдычных асоб купляць свабодныя ад забудовы зямельныя ўчасткі несельскагаспадарчага прызначэння за межамі населеных пунктаў. Набываць землі сельгаспрызначэння замежнікам па-ранейшаму не дазваляецца. Аднак у апазіцыі заявілі, што нормы закона прапісаны так, што на практыцы дазволяць абыходзіць гэтае абмежаванне. Яшчэ адным момантам, які стаў прадметам спрэчак, стала адмена спецыяльнага дазволу для ўладальніка зямлі на перанос грунтавога покрыва, што фактычна прадугледжвае магчымасць зняцця і продажу верхняга ўрадлівага пласта зямлі. Як вядома, суседняя краіна валодае ўнікальным прыродным багаццем — 27,8 мільёна гектараў чарназёму — 8,7 працэнта сусветных плошчаў. Чаму ва Украіне зямлю выставілі на продаж, чаго чакаць надалей?

Этапы і схемы

Украіна валодае 60,3 мільёна гектараў. З іх амаль 70 працэнтаў — гэта ўрадлівыя палеткі. Большасць з іх — землі сельскагаспадарчага прызначэння, з якіх 17 млн га перададзены ў арэнду. Паводле ацэнкі экспертаў, сумарна рынак зямлі ў 2021—2022 гадах складзе да 4 мільёнаў гектараў. На чвэрць гэта будзе купля палеткаў фермерамі і аднаасобнікамі, але ў асноўным — гібрыдныя аперацыі буйных кампаній, банкаў і аб'яднаных тэрытарыяльных таварыстваў (грамадаў), адзначыла ukraіna.ru.

Рынак зямлі сельгаспрызначэння будзе запускацца ў некалькі этапаў. З 1 ліпеня 2021 года зямлю змогуць купіць толькі фізічныя асобы, якія з'яўляюцца грамадзянамі Украіны. Максімальны памер — 100 гектараў на чалавека (у першым чытанні прапаноўвалася прадаваць да 10 тыс. га аднаму пакупніку). З 1 студзеня 2024 года разам з фізічнымі асобамі зямлю змогуць купляць таксама юрыдычныя асобы з украінскай структурай уласнасці, тэрытарыяльныя абшчыны і дзяржава. Пры гэтым максімальны памер куплі можа складаць 10 тысяч гектараў.

Замежнікі (фізічныя і юрыдычныя асобы) змогуць набываць зямлю толькі ў выпадку станоўчага галасавання на ўсеўкраінскім рэферэндуме. Калі ён будзе праведзены — пакуль невядома. Аднак дэ-факта ў краіне даўно дзейнічае нелегальны рынак зямлі. Як заўважыла ukraіna.ru, прыдумана мноства схем абыходу мараторыя: мяняюць мэтавае прызначэнне сельгаспалеткаў, бяруць іх у арэнду на 49 гадоў, а потым прадаюць карпаратыўныя правы, канфіскоўваюць праз суд у якасці пагашэння фіктыўных даўгоў уласніка зямельнага паю і г. д. У выніку велізарная колькасць сельгаспадарчых палеткаў знаходзіцца сёння ў нелегальным выкарыстанні.

Інтарэс латыфундыстаў

На Украіне сфармавалася ўнікальная трыяда землекарыстальнікаў: асабістыя гаспадаркі, фермеры, а таксама буйныя аграхолдынгі. Прычым у распараджэнні апошніх цяпер далёка не ўся зямля краіны. Напрыклад, 100 найбуйнейшых аграхолдынгаў апрацоўваюць толькі каля 15 працэнтаў сельгасугоддзяў краіны. Таму буйныя гульцы і зацікаўлены ў адкрыцці рынку зямлі.

Паводле рэйтынгу, складзеным выданнем latіfundіst.com, найбуйнейшым латыфундыстам ва Украіне з'яўляецца кампанія «Кернел», якая апрацоўвае землі ў адзінаццаці абласцях краіны. Летась яе зямельны банк налічваў звыш паўмільёна гектараў. «Кернел» — вядучы ў свеце і найбуйнейшы ва Украіне экспарцёр сланечнікавага алею, ключавы пастаўшчык сельскагаспадарчай прадукцыі з рэгіёна Чарнаморскага басейна на сусветныя рынкі.

UkrLandFarmіng — найбуйнейшы трымальнік зямель у 22 абласцях Украіны. У 2019 годзе зямельны банк кампаніі складаў 475 тыс. га. UkrLandFarmіng спецыялізуецца на вырошчванні сельскагаспадарчых культур і вытворчасці цукру з цукровых буракоў, а таксама гадуе буйную рагатую жывёлу, у першую чаргу для вытворчасці ялавічыны і малака. Акрамя таго, кампанія вырабляе насенне, скуру і займаецца дыстрыбуцыяй разнастайнай сельскагаспадарчай сыравіны.

«Міронаўскі хлебапрадукт» (МХП) — вертыкальна інтэграваная група кампаній, у склад якой уваходзіць больш за 30 прадпрыемстваў у розных абласцях Украіны. Зямельны банк МХП налічвае 370 тыс. га ў сямі абласцях Украіны. «Міронаўскі хлебапрадукт» — бясспрэчны лідар на ўкраінскім рынку кураціны.

Далей размясцілася кампанія «Аграпрасперыс» (NCH) з зямельным банкам у 300 тыс. га. Гэта група кампаній, якая дае поўны комплекс тавараў і паслуг для вырошчвання збожжавых і алейных культур, фінансавання іх вытворчасці, а затым захоўвання і продажу ўраджаяў на сусветныя рынкі. Дзейнічае група ў 11 абласцях Украіны. Асноўным інвестарам групы з'яўляецца амерыканская транснацыянальная інвестыцыйная група NCH Capіtal.

Аграфірма «Астарта-Кіеў» — вертыкальна інтэграваны холдынг, лідар украінскага цукровага рынку і адзін з найбуйнейшых вытворцаў малака ў краіне. Зямельны банк аграфірмы налічвае 243 тыс. га.

Што пачым?

Са стартам рынку 7 мільёнаў уладальнікаў зямельных участкаў тэарэтычна могуць прадаць свае надзелы. Але, згодна з рознымі сацыялагічнымі апытаннямі, зрабіць гэта цяпер маюць намер толькі 6—15 % рэспандэнтаў. Цвёрда вырашылі прадаць свой пай усяго 3 % уладальнікаў, сведчыць апошняе даследаванне Украінскага інстытута будучыні. І яшчэ 10 % адкладаюць прыняцце рашэння да высвятлення пытання аб перспектыўнай цане.

Агульны аб'ём інвестыцый на рынку зямлі ў 2021—2022 гадах складзе каля $2-3 млрд, якія будуць укладзены ў асноўным буйнымі аграхолдынгамі, фермерамі і спекулянтамі, набліжанымі да чыноўнікаў. Купля будзе ажыццяўляцца як за кошт прыцягнення крэдытных рэсурсаў пад заклад зямлі ва ўкраінскіх банках, так і за мяжой — у заходніх пенсійных, венчурных і інвестыцыйных фондах.

Кошт будзе фармавацца рынкам — па дамоўленасці бакоў дагавора куплі-продажу. Украіна — краіна вялікая, у розных яе рэгіёнах існуюць розныя кліматычныя зоны, таму цэннік на зямлю таксама будзе адрознівацца. Цяпер у сярэднім па Украіне памер нарматыўнай грашовай ацэнкі зямлі складае 27 500 грыўняў (каля тысячы долараў) за гектар раллі, хоць па краіне цэны вагаюцца ад 20 да 30 тыс. грн ($720—1080) за адзін га. Рэальны кошт будзе некалькі вышэйшы. Па грубых падліках, сярэдняя цана гектара на старце будзе вагацца ў межах $1,5—2 тыс.

Спецыялісты прагназуюць, што да 2024 года — моманту выхаду на рынак цяжкавагавікоў — расцэнкі істотна не зменяцца. Асноўныя карыстальнікі не гатовы масава скупляць землі, таму рынак будзе не занадта дынамічным і без рэзкіх змяненняў. У 2024-м канкурэнцыя паміж землекарыстальнікамі будзе адбывацца не па стаўках арэнды, а па цане выкупу зямлі ў іх першасных уладальнікаў. І тут ключавы фактар — аб'ём і стаўка крэдытных рэсурсаў, якія прыцягваюцца для выкупу. Відавочна, што ў гэтай гонцы выйграюць менавіта буйныя аграхолдынгі, якія змогуць прыцягваць знешнія пазыкі пад выгадныя працэнты.

На думку спецыялістаў, зараз існуе тры асноўныя катэгорыі патэнцыйных пакупнікоў зямлі. Першая з іх — звычайныя трэйдары, якія маюць намер зараз купіць зямлю, здаць яе на два гады ў арэнду, а з надыходам 2024-га перапрадаць. Другая катэгорыя патэнцыйных пакупнікоў — дробныя і сярэднія па маштабах бізнесу фермеры. Да куплі зямлі іх можа заахвоціць жаданне пашырыць сваю вытворчасць. Але грошай у фермераў вельмі мала, хоць яны і спрабуюць акумуляваць крыху да адкрыцця рынку. Сёння яны прызнаюцца, што ў лепшым выпадку яны змогуць выкупіць каля дзясятай часткі ад плошчаў, якія цяпер арандуюць.

І трэцяя катэгорыя прэтэндэнтаў на зямлю — гэта прадстаўнікі інтарэсаў буйных аграхолдынгаў у асобе давераных фізічных асоб з ліку топ-менеджараў кампаній, членаў сям'і ўласнікаў прадпрыемстваў і г. д. Большасць холдынгаў настроены паводзіць сябе на рынку зямлі стрымана, па меншай меры першыя два гады.

На перыферыі

Украінскі эканаміст, эксперт інстытута Growford Аляксей Кушч падкрэслівае, што адкрыццё рынку зямлі ўтойвае масу небяспек і можа прывесці да абеззямельвання ўкраінскіх сялян.

«Свет уваходзіць у эпоху глабальнага крызісу, калі цэны на актывы будуць падаць фактычна да нуля. Але ў той жа час будзе спроба скупкі гэтых патаннелых актываў, асабліва такіх стратэгічных, як зямля. Таму ва ўмовах глабальнага крызісу адкрываць рынак зямлі, тым больш што праз год мы ўвойдзем у самую пікавую фазу гэтага крызісу, — абсалютная бязглуздзіца і безадказнасць з боку ўлады», — напісаў Аляксей Кушч на сваёй старонцы ў сацсетцы Facebook.

Пры гэтым норма закона «100 га ў адны рукі» ва ўмовах адсутнасці эфектыўнага кантролю за канцэнтрацыяй зямлі ў фіктыўных уласнікаў не з'яўляецца засцерагальнікам, такім чынам, лэндлорды і іх кампаніі могуць ператварыцца ў кангламераты фіктыўных уласнікаў зямлі.

На думку саветніка экс-прэм'ер-міністра Украіны Мікалая Азарава Сяргея Заваротняга, ЗША працягваюць рэалізоўваць схемы па атрыманні звышпрыбыткаў. Цяпер галоўная мэта — прыватызацыя дзяржаўных зямель ва Украіне. У гэтым «зацікаўлены амерыканскія прадстаўнікі сусветнага фінансавага капіталу: Чыкагская таварная біржа, інвестыцыйная кампанія The Vanguard group, харчовая кампанія Сargіll іnc., шматгаліновая транснацыянальная кампанія Monsanto», лічыць Заваротні.

З-за адкрыцця рынку зямлі Украіна ў найбліжэйшай будучыні можа пазбавіцца аграрнага патэнцыялу, як калісьці яна страціла прамысловы. Пра гэта тэлеканалу КРТ заявіў кіраўнік украінскага аналітычнага цэнтра «Трэці сектар» Андрэй Залатароў. Па яго словах, сёння ва Украіне многія людзі «са светлымі тварамі» распавядаюць пра тое, што глыбінка зажыве пасля з'яўлення там эфектыўных уласнікаў. Пры гэтым эксперт нагадаў, што чвэрць стагоддзя таму тое ж самае гаварылася аб эфектыўных уласніках прамысловых прадпрыемстваў. Залатароў адзначыў, што ніхто не думае аб сацыяльнай цане, і папярэдзіў аб рызыцы таго, што ў выніку рэформы ад 3,5 да 5 мільёнаў украінцаў стануць «лішнімі людзьмі».

 «Перспектыва — краіна перыферыйнага капіталізму. Прычым не факт, што будзе забяспечана яе цэласнасць», — заўважыў эксперт.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 5 траўня 2021

Кoличество переходов на страницу: 257