https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ежа на сметніку


Штодня ў свеце выкідваецца больш за мільярд порцый ежы. Пры гэтым ад 800 мільёнаў да мільярда чалавек (па розных ацэнках) галадаюць. Такія лічбы былі агучаны ў справаздачы ААН. Пятую частку харчавання выкідваюць хатнія гаспадаркі, рэстараны, пункты грамадскага харчавання і гандлю. 13 працэнтаў «губляецца» на шляху ад фермы да прылаўка. Каля траціны ўсіх прадуктаў харчавання выкідваецца ў адходы ў працэсе вытворчасці. Як мяркуюць эксперты ААН, харчовыя адходы па праве можна лічыць глабальнай трагедыяй. Гэта не толькі сур’ёзная праблема ўстойлівага развіцця. Уздзеянне такіх адходаў наносіць значную шкоду клімату і прыродзе. Як пазбегнуць велізарных глабальных харчовых страт?

Дзе «знікаюць» прадукты?

Першыя даныя аб тым, колькі ежы губляе чалавецтва, Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FАО) сабрала ў 2011 годзе. У выніку даследавання Шведскага інстытута прадуктаў харчавання і біятэхналогій высветлілася, што кожны год на ўсіх этапах — ад вытворчасці да рэалізацыі і спажывання — у свеце знікае 1,3 мільярда тон прыдатных прадуктаў, гэта значыць каля траціны ўсёй ежы, якая вырабляецца на планеце. У 2015 годзе ў адпаведнасці з Мэтай устойлівага развіцця «Адказнае спажыванне і вытворчасць» ААН паставіла задачу скараціць глабальныя страты ежы ўдвая. Каб гэта стала магчымым, сталі неабходнымі дэталёвыя даследаванні. Для больш дакладных разлікаў агульны аб’ём прадуктаў, якія знікаюць, быў умоўна падзелены на так званыя харчовыя страты і харчовыя адходы.

Харчовыя страты — гэта скарачэнне аб’ёмаў або якасці прыдатных для харчавання чалавека прадуктаў на ўсіх этапах вытворчага ланцужка, за выключэннем рытэйлу (продажу ў крамах і прадпрыемствах грамадскага харчавання) і спажывання. Гэта страты пры вытворчасці, апрацоўцы, расфасоўцы, транспарціроўцы і захоўванні. Харчовыя адходы — скарачэнне аб’ёмаў або якасці прыдатных для харчавання чалавека прадуктаў на этапах рытэйлу і спажывання. То-бок гэта ўся ежа, якую адпраўляюць на памыйніцу крамы, кафэ, рэстараны і шараговыя спажыўцы. Індэкс харчовых страт разлічвае FАО, а харчовых адходаў — Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЭП). FАО пачала публікаваць удакладненыя даныя ў 2019 годзе, ЮНЭП — у 2021-м.

Паводле інфармацыі FАО за 2011 год, у сярэднім па свеце на ўсіх этапах — ад вытворчасці да спажывання — губляецца і выкідваецца да паловы садавіны і агародніны, караняплодаў, а таксама больш за траціну рыбы і морапрадуктаў. Радзей за ўсё адпраўляюцца на сметніцу мяса, малако, алейныя і бабовыя (пятая частка).

Удакладненыя даныя шмат у чым супадаюць са старымі — так найбольшыя долі харчовых страт прыпадаюць на караняплоды, клубняплоды і алейныя культуры (25,3 працэнта), а таксама на садавіну і гародніну (21,6 працэнта).

Маштаб бедства

Долі страт ежы на розных этапах — ад вытворчасці да спажывання — істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу прадуктаў і ад геаграфічнага рэгіёна. У Паўночнай Амерыцы гэтыя лічбы для рыбы і морапрадуктаў, садавіны і гародніны, караняплодаў і збожжавых дасягаюць траціны, а ў Афрыцы на поўдзень ад Сахары — не перавышаюць 5 працэнтаў. Розніца каласальная.

Калі завод, транспартны аператар, крама ці мы з вамі выкідваем якую-небудзь ежу, то ўсе рэсурсы на яе вытворчасць аказваюцца выдаткаваныя марна. Для разумення маштабу бедства: на вырошчванне аднаго памідора толькі чыстай вады ідзе 13 літраў, аднаго апельсіна — 50 л. Харчовыя страты і харчовыя адходы — неапраўданая нагрузка на экасістэмы.

Паводле даных FАО за 2011 год, на долю выкінутай ежы штогод прыпадае 4,4 мільярда тон выкідаў СО2. Калі б харчовыя страты і харчовыя адходы былі асобнай краінай, яны б занялі трэцяе месца па аб’ёме эмісіі CO2 — пасля Кітая і ЗША. У агульным аб’ёме на долю прадуктаў, якія апынуліся на сметніку, прыпадае да 10 працэнтаў ад усіх парніковых газаў, якія выпрацоўваюцца на планеце, знішчаюць ахоўны азонавы слой Зямлі і такім чынам прыводзяць да пацяплення клімату. Дарэчы дакладна такая ж доля СО2 прыпадае на ўвесь аўтамабільны транспарт, які значна больш вядомы ў якасці забруджвальніка атмасферы.

На вытворчасць выкінутай ежы ідзе каля 250 куб. км чыстай вады, што эквівалентна аб’ёму гадавога сцёку Волгі ці тром аб’ёмам Жэнеўскага возера. Гэта больш, чым гадавое спажыванне любой нацыянальнай сельскай гаспадаркі. Для параўнання: Індыя, якая займае першае месца ў свеце па расходзе вады, штогод траціць каля 225 куб. км, а ЗША, якія займаюць чацвёртае, — 50 куб. км.

Для вытворчасці ежы, што стане харчовымі стратамі і харчовымі адходамі, выкарыстоўваецца 1,4 мільярда гектараў зямлі — каля 28 працэнтаў сусветных сельскагаспадарчых палеткаў. Гэта крыху менш, чым плошча Расіі, аднак больш, чым тэрыторыя другой найбуйнейшай краіны свету — Канады. Экалагічны след вытворчасці ежы адрозніваецца ў залежнасці ад тыпу прадуктаў. Калі разглядаць глабальны аб’ём харчовых страт і харчовых адходаў, то вялікая доля яго вугляроднага і воднага слядоў прыпадае на збожжавыя і бабовыя (дзве трэці і тры чвэрці адпаведна), а зямельнага следу — на мяса і прадукты жывёльнага паходжання (амаль дзве трэці).

Сем разоў вакол планеты

Паводле даных даследавання, падрыхтаванага некалькі гадоў таму экспертамі з Feedback EU, штогадовы аб’ём харчовых адходаў у Еўрасаюзе перавышае аб’ёмы харчовага імпарту. Паводле апублікаваных ацэнак, штогод у ЕС выкідваецца каля 153 мільёнаў тон прадуктаў. Гэта на 15 млн тон больш, чым імпартуецца за той жа перыяд, і ўдвая перавышае папярэднія ацэнкі, паведаміла The Guardіan. На думку экспертаў, можна было б часткова стрымаць інфляцыю і рост цэн на прадукты харчавання, проста скараціўшы колькасць харчовых адходаў на еўрапейскіх фермах.

Як адзначаюць спецыялісты, асноўная частка прадуктаў, якія выкідваюцца, — 61 працэнт — прыпадае на хатнія гаспадаркі. Доля розных структур сістэмы грамадскага харчавання — 26 працэнтаў, рытэйлераў — 13 працэнтаў. Атрыманыя лічбы па колькасці ежы, што адпраўляецца на сметніцы, могуць быць не канчатковымі — спецыялісты маюць намер удасканаліць спосабы ацэнкі тых прадуктаў, якія ідуць на звалкі, на адным з этапаў лагістычнага ланцужка, яшчэ да таго, як трапяць да спажыўцоў. Такія фактары, як перавытворчасць, неэфектыўнае кіраванне складамі і пралікі ў ацэнцы попыту і прапановы, таксама спрыяюць росту аб’ёмаў прадуктаў, якія адпраўляюцца на звалку.

Як падлічылі эксперты, калі ўсю выкінутую ежу загрузіць у 40-тонныя кантэйнеры аўтатрэйлераў і паставіць іх ушчыльную адзін да аднаго, то атрыманае кальцо з фур — а іх было б 23 мільёны — агарнула б Зямлю сем разоў. Спецыялісты пры гэтым звяртаюць увагу на тое, што актыўная вытворчасць «харчовага смецця» характэрна не толькі для краін з высокім узроўнем даходаў насельніцтва. Так, у багатых дзяржавах людзі часцей ходзяць паесці ў кафэ і рэстараны, і значная доля прадуктовых адходаў у гэтым выпадку проста вырабляецца не хатнімі гаспадаркамі, а грамадскім харчаваннем. У краінах з менш заможным насельніцтвам ежа часта аказваецца на памыйніцы з-за адсутнасці ў дамах нармальных халадзільнікаў, адзначыў даследчык Браян Ро з універсітэта штата Агаё ў гутарцы з агенцтвам Assocіated Press.

Згодна з вынікамі даследавання, праведзенага дзвюма сотнямі навукоўцаў у рамках праекта Project Drawdown, найбольш дзейсны спосаб спыніць глабальнае пацяпленне — скараціць аб’ёмы «харчовага смецця». Такі падыход дасць больш адчувальныя вынікі, чым аднаўленне трапічных лясоў, пераход на чысцейшыя крыніцы энергіі і іншыя меры.

Штучны інтэлект у дапамогу

Адна з глабальных мэт ААН — скараціць аб’ёмы прадуктовых адходаў удвая да 2030 года. Як ні дзіўна, на дапамогу ў дасягненні гэтай мэты прыйшла пандэмія каранавіруса. Так, ва ўмовах каранцінных мер і няпростай эканамічнай сітуацыі брытанцы, напрыклад, сталі больш адказна падыходзіць да планавання пакупак у харчовых крамах і гатаванні, адзначыла «BBC». Па даных арганізацыі WRAP, больш прадуманае захоўванне прадуктаў і прыгатаванне ежы на запас у перыяд лакдаўну скарацілі аб’ём харчовых адходаў на 22 працэнты ў параўнанні з 2019 годам.

Трэнд на беражлівае стаўленне да харчавання падхапілі і еўрапейскія шэф-кухары. Так, брытанскі кухар Надзія Хусэйн, якая працуе на тэлебачанні, у сваіх сацсетках пачала дзяліцца рэцэптамі страў, якія можна гатаваць з рэшткаў абедаў і вячэр. Да праблемы лішку прадуктаў, якія рызыкуюць апынуцца на памыйніцы, імкнуліся прыцягнуць нават штучны інтэлект (ШІ). Ва ўсякім разе менавіта да яго дапамогі некалькі гадоў таму вырашыла звярнуцца японская сетка прадуктовых крам Lawson. У Краіне ўзыходзячага сонца штогод вырабляецца больш за 6 мільёнаў тон харчовых адходаў — больш, чым дзе-небудзь яшчэ ў Азіі. Паводле ўрадавых даных, іх утылізацыя абыходзіцца ў $19 млрд у год. З тым, каб скараціць гэтыя выдаткі, у Японіі прынялі закон, які абавязвае кампаніі ўдвая скараціць аб’ём харчовых адходаў да 2030 года.

Брытанская кампанія Wіnnow сёлета ў ліпені паведаміла, што распрацавала інструмент ШІ, які падказвае кіраўнікам гасцінічнага кейтэрынгу, колькі дакладна ежы дастаткова выкласці для гасцей, каб скараціць колькасць незапатрабаваных нарэзак, салатаў і булачак.

Па заяве кіраўніка Wіnnow Марка Зорнеса, гэты інструмент «дапамагае атрымліваць дакладныя даныя аб колькасці залішне прыгатаванай ежы». Паводле яго слоў, менавіта памылкі ў падліках з’яўляюцца прычынай таго, што кухары рыхтуюць больш ежы, чым спажыўцы ў стане здужаць. Камп’ютарны дарадца прапаноўвае, у прыватнасці, памяншаць памер круасанаў, наразаць ласасіну і садавіну больш тонкімі лустачкамі і іншыя «радыкальныя» меры.

Тлустыя і галодныя

«Харчовыя адходы — глабальная трагедыя. Сотні мільёнаў людзей галадаюць, паколькі прадукты харчавання выкідваюцца дарма па ўсім свеце, — адзначыла выканаўчы дырэктар ЮНЭП Інгер Андэрсен. — Гэта не толькі сур’ёзная праблема развіцця, бо наступствы лішніх адходаў прыводзяць да істотнай шкоды для клімату і прыроды. Аднак калі краіны будуць ўдзяляць належную ўвагу гэтай праблеме, яны змогуць значна скараціць аб’ёмы страчаных прадуктаў харчавання і адходаў, зменшыць уздзеянне на клімат і эканамічныя страты».

Паводле ацэнак UNEP, летась ва ўсім свеце на звалкі адправілася звыш 1,1 мільярда тон гатовай ежы (ці ў грашовым выражэнні, па даных Сусветнага банка, на $1 трлн). З гэтага аб’ёму прыкладна 30 працэнтаў адходаў было выраблена ў гасцінічнай галіне. Пры такіх маштабах праблемы сцвярджаць, што найсучаснейшыя прылады штучнага інтэлекту здольныя выправіць становішча кропкавым рэгуляваннем на гасцінічных кухнях, проста недарэчна.

Кіраўнік гасцінічнай сеткі Hіlton па рэгіёне Еўразіі, Афрыкі і Блізкага Усходу Себасцьян Нос прама кажа, што ніякія тэхналагічныя ноу-хау не вырашаць праблему разбазарвання ежы ў багатых краінах, жыхары якіх прывыклі да раскошы. Тут жыхары выдаткоўваюць на ежу вельмі невялікі працэнт сваіх даходаў і таму могуць купляць у супермаркетах больш прадуктаў, чым ім насамрэч патрэбна.

У гэтым плане сімвалічна, што 2023-і стаў першым годам у гісторыі, калі колькасць жыхароў планеты, якія пакутуюць ад атлусцення, перавысіла колькасць людзей, якія жывуць на мяжы голаду.

Аўтар: Захар Бурак
Звязда, 4 кастрычніка 2024

Кoличество переходов на страницу: 16