Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад адказных за інфармацыйную і ідэалагічную палітыку. У кабінеце кіраўніка дзяржавы сабраліся намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладізмір Пярцоў, міністр інфармацыі Марат Маркаў, прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант і старшыня Белтэрадыёкампаніі Іван Эйсмант. Прэзідэнт акрэсліў найбольш актуальныя пытанні інфармацыйнай палітыкі, якія варта разгледзець на высокім узроўні.
Электаральная кампанія
«Што тут хаваць? Мы хутка ўступаем у перадвыбарную кампанію. Натуральна, што сродкі масавай інфармацыі, на шчасце, будуць іграць практычна адну з вядучых роляў у гэтай сітуацыі. Я кажу на шчасце, што не войны і іншыя праблемы. Давайце на гэтым полі змагацца і ваяваць, хоць і няпроста гэта», — адзначыў Прэзідэнт.
Стварэнне інфармацыйнага канал
На гэтым тыдні Белтэлерадыёкампанія анансавала запуск першага інфармацыйнага канала, створанага на базе Агенцтва тэленавін. З запускам канала беларусы змогуць атрымліваць самую актуальную, правераную і цікавую інфармацыю ў рэжыме нон-стоп, 24 гадзіны за суткі. Падобнага ў развіцці нацыянальнага тэлебачання яшчэ не было, таму ўвага да запуску вяшчання новай кнопкі на высокім узроўні.
Прэзідэнт нагадаў, што да стварэння інфармацыйнага тэлеканала ў Беларусі ішлі даўно. «Гонар і слава вам, што ўсё ж вырашылі самі сваімі сіламі рэалізаваць гэтую задуму. Хоць, ставячы калісьці перад вамі гэту задачу, я думаў, што будзем прыцягваць і замежнікаў для таго, каб гэта ўсё стварыць. Але вы сказалі, што самі. Я падумаў: ну добра, самі, можа, калі штосьці недапрацуем, то потым даналадку, як у нас прынята казаць, ажыццявім. Я, як і вы вельмі хвалююся за тое, як людзі ўспрымуць усё гэта», — сказаў беларускі лідар.
«Абавязкова зрабіце, каб гэта быў сапраўдны беларускі канал, без усялякай хлусні. У нас хапае тэм выгадных для нас. Яны вельмі выгадныя для нас і трэба паказаць іх, як яны ёсць», — параіў кіраўнік дзяржавы. Да прыкладу ён прывёў міграцыйную палітыку, якую беларускія медыя асвятляюць праўдзіва і аб’ектыўна: «Як некаторыя гавораць: "прапагандысты нешта скажуць". Так, прапагандысты будуць прапагандаваць нашу міграцыйную палітыку ў тым плане, што мы былі для Еўропы адчыненыя ў плане міграцыі. І праз нашу граніцу мыш не магла прапаўзці незаўважаная. Нас папракаюць, што мы адышлі ад той палітыкі. Дык мы даўно аб гэтым сказалі». Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней Беларусь з еўрапейскімі краінамі плённа супрацоўнічала ў гэтым накірунку — яны фінансавалі стварэнне ў Беларусі цэнтраў для ўтрымання мігрантаў, была заключана дамова аб рэадмісіі. Усе было вырашана і адладжана. Але, нагадаў Прэзідэнт, заходнія краіны ўвялі санкцыі, сталі душыць Беларусь эканамічна, палітычна, інфармацыйна. «Чаму мы павінны іх абараняць у плане міграцыйнай палітыкі? Гэта ж была іх абарона. Яны іх да сябе цягнулі, гэтых людзей, а нам цішком казалі: "Давайце вы рабіце так. А мы вам на гэта яшчэ і грошай дадзім". Адышлі ад гэтага. Мы шчыра сказалі: мы не будзем праводзіць тую палітыку, якую праводзілі. Я вобразна казаў: накінуўшы пятлю на шыю мне і беларускаму народу, вы хочаце, каб мы вас баранілі? Мы гэтага рабіць не будзем. Ну навошта нам нешта прыпісваць, прапагандаваць і хлусіць. Навошта? Мы пакажам сапраўдную палітыку», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Такія ж, па яго словах, падыходы і да асвятлення ўкраінскага крызісу — абсалютна зразумелая і сумленная палітыка. Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў агляды замежных СМІ, якія сцвярджаюць, што «заўтра Лукашэнка аддасць загад ісці туды. «Ніякіх загадаў, каб ісці за межы нашай краіны, не было і не будзе. Мы толькі тады будзем ваяваць, калі прыйдуць да нас з дрэннымі намерамі. Вось і ўсё», — канстатаваў ён.
«Таму я проста заклікаю вас засноўвацца на праўдзе, і прапагандаваць будзем толькі нашу беларускую праўду. Мы ў дзіўным становішчы апынуліся ў гэтым плане. Нам не трэба хлусіць, нешта прыдумляць. А іншыя краіны гэтага не могуць», — падкрэсліў Прэзідэнт. Па яго словах, беларускім медыя не трэба абыходзіць нейкія праблемы, нешта падаваць у больш выгадным рэчышчы. Ды гэтага і не трэба, трэба паказваць усё як яно ёсць.
«Вядома, я ўдзячны ўсім вам, што вы бераце самыя актуальныя тэмы нашага жыцця і мяне часам нядрэнна паказваеце. Але нам трэба будзе ў гэтую перадвыбарчую кампанію паказаць, чаго мы дасягнулі за гэты час. І нам зноў не трэба кагосьці за вушы сюды цягнуць. Ёсць што паказаць людзям. Так, у нас ёсць нямала недахопаў, але што рабіць, ва ўсіх яны ёсць. Але зроблена нямала і трэба гэта людзям паказаць. Людзі няхай ужо вырашаюць, што ім рабіць і каго выбіраць. Таму вельмі важнае пытанне падрыхтоўкі сродкаў масавай інфармацыі да перадвыбарнай кампаніі — што мы людзям прапануем. Спакойна трэба паказаць тое, што ёсць», — параіў Аляксандр Лукашэнка.
Стварэнне медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы
У студзені гэтага года на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета прынята рашэнне аб стварэнні медыякампаніі Саюзнай дзяржавы. Плануецца, што ў структуру медыякампаніі ўвойдуць тэлеканал, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі і рэсурсны медыяцэнтр па стварэнні, адаптацыі і распаўсюджванні кантэнту ў лічбавым асяроддзі. Заснавальнікам медыякампаніі выступіць Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы.
«У апошні час у нас устанавіліся вельмі цёплыя сяброўскія адносіны з расіянамі, асабліва наверсе. Я думаю, гэта будзе садзейнічаць стварэнню нармальнага самастойнага медыяхолдынгу на роўных. Гэта галоўнае. Калі мы будуем наш саюз, галоўны прынцып — роўныя ўмовы. Ніхто пад казырок не бярэ, ніхто нікому не падпарадкуецца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што такой пазіцыі прытрымліваецца і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што апошнім часам у добрым сэнсе гэтага слова «абвыстрылася» сумесная праца з вядучымі расійскімі тэлеканаламі. Гэта цікава для абодвух бакоў. «Нам трэба ўзаемадзеянне пашыраць, яго трэба ўзмацняць, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — У апошні час ваш голас добра гучыць у свеце — беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, асабліва тэлевізійных каналаў, да інтэрнэт-вяшчання нашага вельмі прыслухоўваюцца. Але давайце адкрыта — расіян лепш чуюць. Таму, калі мы будзем там прысутнічаць, гэта вельмі важна. І да таго, гэта наш асноўны партнёр, асноўны рынак збыту нашых тавараў». Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што беларускія СМІ павінны прысутнічаць і ў расійскіх рэгіёнах, гэта ў беларускіх інтарэсах ва ўсіх сферах.
У тэму
Усё дастаткова проста — нам трэба паказваць праўду
Некаторыя адказы на пытанні, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы, журналісты пачулі ад намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова. Найбольш цікавіў, канешне, інфармацыйны канал. Па словах Уладзіміра Пярцова, гэта не проста тэеканал, гэта кросмедыйны праект, які будзе ўключаць сайт News.by, актыўнасці ў сацыяльных сетках і месенджарах. «Праект у высокай ступені гатоўнасці. Ужо ёсць дзве тэлевізійныя студыі, апаратна-студыйны блок, ідзе тракт, рэпетыцыя тых журналістаў, спецыялістаў, якія будуць удзельнічаць у рэалізацыі праекта», — расказаў Уладзімір Пярцоў і дадаў, што Прэзідэнту далажылі аб першых кроках па стварэнні беларускана аналага YouTube — відэхостынгу videobel.by. «Вы бачыце, што адбываецца з YouTube і іншымі OTT-сэрвісамі відэа па запыце, — сказаў ён. — Мы не можам прадбачыць, мы не можам ведаць, як будзе гэтая сітуацыя развівацца далей. Але мы ведаем дакладна, што беларускі глядач хоча глядзець (і не толькі беларускі ) відэа па запыце праз персанальны камп’ютар, мабільны тэлефон там, дзе яму гэта зручна, у той час, калі яму гэта зручна рабіць».
Уладзімір Пярцоў распавёў і як айчыннае медыяасяроддзе рыхтуецца да выбарчай кампаніі: «Проста нам трэба расказваць праўду. Нам ёсць чым ганарыцца за 30 гадоў незалежнай Беларусі, за 30 гадоў прэзідэнцтва. За той перыяд, калі была выбудавана наша Беларусь у тым выглядзе, у якім мы можам яе зараз назіраць, з таго пункту гледжання калі гэта была разбураная постсавецкая рэспубліка без эканомікі, без грошай, без збожжа, каб хлеб на наступны дзень спячы. Усё гэта варта не лішні раз паказаць. І не проста паказаць, а разам з інтэрв’ю, дакументальнай хронікай паказаць людзям, асабліва маладым, якія тады не жылі і не ўяўляюць, што такое Беларусь была ў 90-х».
Што да медыхолдынга Саюзнай дзяржавы, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што праект знаходзіцца ў высокай ступені арганізацыйнай гатоўнасці. Падрыхтаваны адпаведныя дакументы, кадравы склад, назіральны савет, у які будуць уваходзіць прадстаўнікі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Пастяаннага камітэта Саюзнай Дзяржавы. «Мы атрымалі адабрэнні і пэўныя даручэнні ад кіраўніка дзяржавы. Гатовы пачынаць практычную рэалізацыю гэтага праекта», — запэўніў Уладзімір Пярцоў. Асобна ён адзначыў узрастаючую цікавасць расійскіх СМІ да беларускага парадку дня. І беларускі парадак дня, і дзейнасць Прэзідэнта ў расійскіх СМІ асвятляюцца ў пазітыўным ключы.
Вельмі патрэбная ініцыятыва ад рэгіянальных СМІ
«Мы ў чарговы раз убачылі, як глыбока Прэзідэнт пагружаны ў тую сферу, за якую мы адказваем, — падзяліўся з журналістамі міністр інфармацыі Марат Маркаў, для якога гэта сустрэча з кіраўніком дзяржавы першая ў новым статусе. — У яго велізарная колькасць пытанняў: кожны дзень зусім розныя профільныя мерапрыемствы. Але сёння чарговы раз мы ўпэўніліся, што ў нашай сферы ён разбіраецца вельмі глыбока. Чым каштоўная такая сустрэча і чаму я сказаў, што трэба сустракацца часцей? Таму што кожны раз, калі размаўляеш з Прэзідэнтам у такім фармаце, ты адчуваеш пэўны нерв, нюанс, які часам проста цяжка перадаць, але які счытваецца. І яны вельмі важныя потым для кіраўніцтва сферай і для правільнай расстаноўкі задач. Такія сустрэчы вельмі неабходныя, асабліва напярэдадні электаральнай кампаніі», — растлумачыў міністр.
Пра тую вялікую ролю медыя падчас электральнай кампаніі, на якую ўказаў кіраўнік дзяржавы, не павінны забывацца і раённыя СМІ. «Хачу, каб мяне пачулі на ўзроўні рэгіянальнай прэсы — зараз кожны сродак масавай інфармацыі, незалежна ад таго, рэспубліканскі, абласны ці раённы, мае значэнне, — зрабіў акцэнт Марат Маркаў. — Часам раёнку чытаюць з большай цікавасцю, чым рэспубліканскую прэсу, бо яна асвятляе праблемы канкрэтнага рэгіёна». Міністр інфармацыі адзначыў, што сёння ёсць магчымасць дапамагаць рэгіянальнай прэсе вырашаць пэўныя пытанні і праблемы. Але вельмі патрэбная ініцыятыва ад рэгіянальных СМІ. Па словах міністра інфармацыі, неабходна каб яны разумелі, наколькі важна ў электаральны перыяд асвятляць тэмы, шо дапамогуць людзям разабрацца ў тых нюансах палітыкі і грамадскага жыцця, якія ў электаральны перыяд складаюцца асаблівым чынам, дапамагаць ім гэтыя веды прымяняць.
Марат Маркаў таксама анансаваў правядзенне ў канцы верасня першага форума блогераў. Ён падкрэсліў, што Беларусь знаходзіцца толькі ў пачатку шляху па выбудоўванні сістэмнай работы з супольнасцю блогераў і з іншымі медыя новай фармацыі, але гэта работа будзе працягвацца. «Мы будзем займацца гэтым сістэмна. Гэтаму пытанню міністэрства, адміністрацыя, тэлеканалы ў тым ліку, будзем удзяляць дастаткова ўвагі, значна больш, чым рабілі гэта раней», — адзначыў міністр.
Валерыя Сцяцко
Звязда, 29 жніўня 2024
Звязда, 29 жніўня 2024
Кoличество переходов на страницу: 135
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |