«Адкрыты мікрафон з Прэзідэнтам» працягваецца. Магчымасць задаць свае пытанні атрымалі студэнты ВНУ гуманітарнага профілю. Будучыя эканамісты, журналісты, філолагі, педагогі, гісторыкі, менеджары абмеркавалі з Аляксандрам Лукашэнкам найбольш цікавыя тэмы, якія хвалююць не толькі сучасную моладзь, але і ўсю краіну.
У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце сабраліся больш за 600 чалавек: прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага саставу, студэнты і магістранты Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО».
Аднак перш чым адказаць на пытанні студэнтаў, кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з чыноўнікамі бягучыя пытанні. «Быў іняз? Быў. Чаму мацернымі словамі абазвалі? Гэта дакладней, лепей ці модна было?» — спытаў Аляксандр Лукашэнка ў намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзіміра Пярцова. Той адказаў, што ў свой час была мода пераймяноўваць інстытуты ва ўніверсітэты, хаця для ўспрымання людзей нічога не змянілася, усе ведаюць, дзе ў Мінску іняз. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся матэрыяльна-тэхнічным станам ВНУ.
Прыйшоў час, каб чалавек думаў аб сваёй адукацыі сам
Сустракалі Прэзідэнта замежныя студэнты. «Патрыятызм, упэўненасць у будучыні сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепей — галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі», — гэтую цытату Аляксандра Лукашэнкі студэнты пераклалі на 15 моў, якія вывучаюцца ў МДЛУ, і, прыгожа аформленую, падарылі кіраўніку дзяржаву. А адна са студэнтак нават запрасіла беларускага лідара ў Камерун.
Карыстаючыся выпадкам, абмеркавалі і падрыхтоўку спецыялістаў гуманітарнага профілю. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што трэба мяняць форму навучання замежным мовам. Па яго словах, галоўнае ў гэтым працэсе — самастойная праца, штодзённае чытанне, пераклад тэкстаў. І, канешне, жывая практыка. «Трэба істотна мяняць форму навучання. Не так, як гэта калісьці ў нас было, што лекцыю прачытаў, „вось вам тэкст, дома перакладзеш ці ў кабінеце з навушнікамі пасядзіш“. Гэта добра. Але гэта для пачатку. А далей трэба паглыбляцца, каб мову ведаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Рэктар МДЛУ Наталля Лапцева расказала, што ва ўніверсітэце некалькі пазіцый па гэтым пытанні. Першая — другая замежная мова на базе англійскай. Другая — новыя спецыяльнасці, напрыклад лічбавая лінгвістыка, дзе да моўнай падрыхтоўкі дадаецца кваліфікацыя спецыяліста па выкарыстоўванні лічбавых тэхналогій. Па словах рэктара, ва ўніверсітэце адкрываюцца новыя спецыяльнасці, дзе замежная мова выкарыстоўваецца ў розных сферах рэальнай эканомікі. «Яшчэ адна хвароба. Кожная ВНУ хоча забраць пад сябе ўсе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. І адразу даў даручэнне міністру адукацыі — звярнуць на гэта ўвагу.
Наталля Лапцева расказала, што МДЛУ разам з кітайскімі калегамі пачынае новы праект па вывучэнні нацыянальных канцэптаў Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі. «Нашы студэнты на базе лабараторыі аўтаматызаванага перакладу распрацоўваюць інтэрактыўную карту славутасцяў Беларусі на шасці замежных мовах», — расказала рэктар. Звярнулі ўвагу і на перакладчыцкую дзейнасць, у прыватнасці на прымяненне ў ёй штучнага інтэлекту. Наталля Лапцева зазначыла, што штучны інтэлект у перакладчыцкай дзейнасці выключаць нельга, але і чалавека з яе выключаць нельга. Прэзідэнт з гэтым цалкам пагадзіўся. Таму, па словах, рэктара, трэба рыхтаваць спецыялістаў, якія будуць удасканальваць тэхналогіі ў тым ліку і ў сферы перакладу. «Тое, што трэба пакінуць, тое трэба пакінуць, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Прыйшоў час, каб чалавек думаў аб сваёй адукацыі, здароўі і іншым сам. Хочаш — калі ласка, мы вось табе адчыняем дзверы. А проста сядзець тут, пакутаваць, з цябе выкладчыкі спрабуюць нешта выцягнуць, а ты не хочаш, мабыць, гэты час ужо прайшоў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Наталля Лапцева заўважыла, што далёка не ўсе студэнты матываваныя да вучобы, і расказала, што для таго, каб выправіць гэту праблему, МДЛУ праводзіць актыўную работу па ранняй прафарыентацыі ў школе. «Гэта нейкі крок. Але не трэба спадзявацца на тое, што гэтым мы вырашым усе праблемы. Трэба шукаць гэтыя формы і матываваць дзяцей. Нікуды не падзенешся ад гэтага. І галоўнае, каб чалавек трапіў туды, куды яму трэба», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка.
Свае дасягненні прадставілі таксама і іншыя ўніверсітэты, студэнты якіх удзельнічалі ў «Адкрытым мікрафоне з Прэзідэнтам».
Менавіта на вас накіравана інфармацыйная прапаганда
Адкрыць сустрэчу са студэнтамі Прэзідэнт прапанаваў рэктару МДЛУ. Наталля Лапцева адзначыла, што ў мінулым годзе ўніверсітэт адзначыў 75-годдзе, і спытала ў кіраўніка дзяржавы, якой ён бачыць перспектыву МДЛУ праз 25 гадоў. «Думаю, ён стане інязам», — пажартаваў кіраўнік дзяржавы.
У пачатку свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэта ўжо трэцяя сустрэча ў фармаце «адкрытага мікрафону» — трэцяя па ліку ў гэтым годзе. А лінгвістычны ўніверсітэт — другі пасля Віцебскага, які ён наведвае ўпершыню. «Як і меркаваў, ва ўніверсітэце і ў гэтай зале пануе асаблівая атмасфера. Атмасфера міжкультурнага дыялогу. Так і павінна быць ва ўніверсітэце, дзе навучаецца вялікая колькасць замежнікаў. Мы гэтым ганарымся», — падзяліўся першымі ўражаннямі Аляксандр Лукашэнка. Ён прызнаўся: на сустрэчу да студэнтаў-гуманітарыяў ішоў з асаблівым настроем, і растлумачыў гэта тым, што па сваёй першай адукацыі таксама гуманітарый. «Я так разумею і адчуваю, што я прыйшоў размаўляць са сваімі калегамі», — сказаў Прэзідэнт. І растлумачыў, чаму так успрымае гэту сустрэчу: «Усё проста. Светам кіруе інфармацыя. Вы бачыце: мы шмат кажам аб тым, што дай Бог, каб не пачалася трэцяя сусветная вайна, што мы проста напярэдадні гэтай страшнай падзеі. Але, дзякуй богу, неяк чалавецтва яшчэ тармозіць і не акунулася ў трэцюю сусветную вайну. Але тое, што ідзе інфармацыйная вайна і прытым даўно (і не проста супрацьстаянне, а сапраўдная інфармацыйная вайна) — гэта дакладна. І гэтую сферу, сферу інфармацыі, фармуюць гуманітарыі. Вы — будучыя філолагі, педагогі, журналісты, гісторыкі і іншыя спецыялісты — будзеце рабіць гэта самым актыўным чынам. Заўтра вы будзеце несці свае ідэі, думкі ў школьныя класы ці навуковыя або студэнцкія аўдыторыі. Нехта пачне пісаць кнігі, навуковыя ці публіцыстычныя артыкулы. Магчыма, станеце публічнымі асобамі — экспертамі, палітыкамі. Ваша базавая адукацыя адчыняе дзверы ў самыя розныя сферы». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым плане яму ёсць аб чым паразмаўляць са студэнтамі. Ён адзначыў: у яго таксама могуць узнікнуць пытанні да маладых людзей, якія так ці інакш датычацца інфармацыйнага суверэнітэту — найважнейшай тэмы з пункту гледжання забеспячэння нацыянальнай бяспекі дзяржавы. «І не думайце, што ваш удзел тут незаўважны. Менавіта на вас, і ў першую чаргу на вас, накіравана інфармацыйная прапаганда. Прапаганда чужых гістарычных канцэпцый, каштоўнасцяў, свят, традыцый. І яе мэта — адарваць вас ад каранёў, прымусіць забыць сваю гісторыю. Мне важна бачыць, як вы разумееце сутнасць такіх інфармацыйных дыверсій», — зазначыў кіраўнік дзяржавы. Гэта першая тэма, якую ён акрэсліў для размовы з маладымі людзьмі.
Другая — геапалітыка. «Я адкрыты для абмеркавання глабальнага навінавага парадку дня і хачу ведаць, наколькі глыбока вы паглыблены ў яго. Мне важна разумець, як вы бачыце будучыню Беларусі ў свеце, які змяняецца. Гэта ж ваша будучыня, якую вы будзеце ствараць заўтра», — сказаў Прэзідэнт.
І трэцяе. Кіраўнік дзяржавы заклікаў маладых людзей не саромецца прапаноўваць свае ідэі. «Калі вы, абапіраючыся на веды, асабісты досвед, бачыце, як можна ўдасканальваць найперш адукацыйны працэс, нейкія падыходы да работы з вамі, моладдзю, — агучвайце прапановы. Абмяркуем. Ваша меркаванне вельмі важнае для мяне, — сказаў ён. — Вы ведаеце, абмежаванняў у тэмах няма. Гатовы адказаць на вашы пытанні».
Аляксандр Лукашэнка азначыў яшчэ адну тэму — «перамены». «Таму давайце абмяркуем: калі перамены, то якіх вы хочаце перамен. Можа, я нейкае пытанне задам. Таму што патрабаваць перамен проста, а іх акрэсліць, рэалізаваць — больш складана. А рэалізоўваць — вам», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што цяпер у краіне такі перыяд, калі можна гаварыць усё і выказваць свой пункт гледжання. Адказ на галоўнае пытанне, па словах Аляксандра Лукашэнкі, будзе дадзены 26 студзеня, у дзень Прэзідэнцкіх выбараў. «Проста рабіце гэта як людзі з вышэйшай адукацыяй. Культурна, без гвалту, без шуму. Рабіце так, каб не замінаць іншым, таму што ў кожнага з вас розныя пункты гледжання, і хацелася б, каб вы не наступалі адзін на аднаго, нават не штурхаліся, вызначаючы і выказваючы свае пазіцыі і пункт гледжання», — падагульніў беларускі лідар.
Міжкультурныя камунікацыі. Заўсёды трэба прасоўваць сваё
Пытанні ад студэнтаў былі рознага характару: ад асабістых да працоўных. І пачалі з просьбы. Студэнтка МДЛУ, будучы спецыяліст па міжкультурных камунікацыях, папрасіла Прэзідэнта падзяліцца сваёй формулай зносін з прадстаўнікамі розных культур, выведзенай з багатай практыкі. Аднак Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што ён не лічыць сябе вялікім знаўцам у гэтай тэме. «Часам ты настолькі завязаны, зацыклены на нейкім пытанні, што нават і пра культуру не думаеш. Таму што часта насупраць цябе, калі вядзеш перагаворы, з кімсьці сустракаешся ў аўдыторыях, не зусім „культурныя“ людзі, не зусім разумеюць нашу культуру», — адзначыў ён. Беларускі лідар расказаў, што ў міжкультурных зносінах ён заўсёды стараецца, перш за ўсё, прасунуць сваю культуру, праціснуць, прадушыць. Ён зрабіў акцэнт на тым, што такі падыход прыдатны для ўсіх сфер: спорту, аховы здароўя, гандлю, сельскай гаспадаркі і гэтак далей. «У гэтым мая сутнасць», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Яскравым прыкладам міжкультурных камунікацый Аляксандр Лукашэнка назваў фестываль нацыянальных культур, які праходзіць у Гродне і з кожным разам становіцца ўсё больш знакавым для нашай краіны. Ён зазначыў, што для эфектыўнасці такога мерапрыемства вельмі важная і дзяржаўная падтрымка, чым уласна і займаецца кіраўнік дзяржавы. «У міжкультурным дыялогу самае галоўнае — гэта арганізацыя, заступніцтва ўсяго гэтага», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Як яшчэ адзін прыклад ён вылучыў «Марафон адзінства», які цяпер праходзіць у Беларусі. «Пачыналі з канцэрта, а далей ідзе ўдасканаленне. І там таксама ажыццяўляецца пэўны дыялог сярод удзельнікаў гэтага мерапрыемства», — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што там не ўсё гладка, але з памылак робяцца адпаведныя высновы, каб надалей іх не дапускаць.
СМІ. «Не трэба баяцца праўды, праўда робіць чалавека лепшым»
Першакурснік факультэта журналістыкі БДУ пацікавіўся ў Прэзідэнта, ці сапраўды СМІ — чацвёртая ўлада, як гэта прынята лічыць, або сёння гэта ўжо першая ўлада. «Я хачу яшчэ раз паўтарыць, каб журналісты заўжды памяталі, што яны чацвёртая ўлада. Не першая. І не другая і не трэцяя», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён паўтарыў, што сёння ідзе інфармацыйная вайна, якая можа прывесці да пачатку рэальнай вайны. Прэзідэнт звярнуў увагу, што інфармацыйнае проціборства прадаўжаецца нават у час гарачых канфліктаў. У прыклад ён прывёў сітуацыю ва Украіне, дзе актыўна праводзяцца інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі, змешваюцца і фэйкі, і праўда, і тэндэнцыйнасць. Як прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў падзеі ў Бучы, у якіх абвінавацілі расіян, хаця насамрэч (і таму ёсць пацвярджэнні, атрыманыя разведслужбай) гэта зрабілі спецслужбы Вялікабрытаніі. «Гэта было не што іншае, як інфармацыйна-псіхалагічная аперацыя. Прытым своечасова, па-майстэрску, калі можна так сказаць, спланаваная, — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Такая магутная была інфармацыйна-псіхалагічная атака на Расійскую Федэрацыю».
Кіраўнік дзяржавы не ўтойвае, што і Беларусь пры неабходнасці можа звяртацца да інфармацыйна-псіхалагічных аперацый, без якіх немагчыма супрацьстаяць у сучаснай інфармацыйнай вайне.
«Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі — не наша выдумка. Мы вымушаны будзем рэагаваць. Але ў аснове павінна ляжаць праўда. Праўда і толькі праўда», — канстатаваў Прэзідэнт. Таму, паводле яго слоў, сёння вялікая роля сродкаў масавай інфармацыі, журналісты на пярэднім плане. Тым, хто хоча ведаць праўду, Аляксандр Лукашэнка параіў глядзець і чытаць дзяржаўныя СМІ. Ён адзначыў, што сёння больш за 60 працэнтаў насельніцтва ім давяраюць. Раней было не так, але людзі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пераканаліся, дзе праўда. І растлумачыў, з чым гэта звязана: «Бо за іх дзяржава адказвае. Менавіта таму людзі давяраюць дзяржСМІ. І вам раю вельмі ўважліва да гэтага ставіцца». Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, важна бачыць і альтэрнатыўныя пункты гледжання, але пры гэтым умець аналізаваць інфармацыю. «У гэтую інфармацыйную вайну вы павінны быць вельмі ўважлівымі, асцярожнымі, вы павінны разбірацца. І ў гэтым плане грамадству павінны дапамагчы і журналісты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў дачыненні да дзяржСМІ часта ў негатыўным ключы прымяняецца тэрмін «прапаганда». «І што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага няма. Усе журналісты, усе палітыкі — гэта прапаганда, контрпрапаганда і агітацыя. Некаторыя з-за мяжы сёння гавораць: „Ды ну, гэта прапагандыст!“ А ты хто? Мы прапагандуем свой лад жыцця, сваю культуру і гэтак далей. Агітуем людзей за гэта. А вы за каго? За тых, хто грошы дае», — заявіў Прэзідэнт.
«Інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі — не наша выдумка. Мы вымушаны будзем рэагаваць. Але ў аснове павінна ляжаць праўда. Праўда і толькі праўда», — канстатаваў Прэзідэнт. Таму, паводле яго слоў, сёння вялікая роля сродкаў масавай інфармацыі, журналісты на пярэднім плане. Тым, хто хоча ведаць праўду, Аляксандр Лукашэнка параіў глядзець і чытаць дзяржаўныя СМІ. Ён адзначыў, што сёння больш за 60 працэнтаў насельніцтва ім давяраюць. Раней было не так, але людзі, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пераканаліся, дзе праўда. І растлумачыў, з чым гэта звязана: «Бо за іх дзяржава адказвае. Менавіта таму людзі давяраюць дзяржСМІ. І вам раю вельмі ўважліва да гэтага ставіцца». Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, важна бачыць і альтэрнатыўныя пункты гледжання, але пры гэтым умець аналізаваць інфармацыю. «У гэтую інфармацыйную вайну вы павінны быць вельмі ўважлівымі, асцярожнымі, вы павінны разбірацца. І ў гэтым плане грамадству павінны дапамагчы і журналісты», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што ў дачыненні да дзяржСМІ часта ў негатыўным ключы прымяняецца тэрмін «прапаганда». «І што ў гэтым дрэннага? Нічога дрэннага няма. Усе журналісты, усе палітыкі — гэта прапаганда, контрпрапаганда і агітацыя. Некаторыя з-за мяжы сёння гавораць: „Ды ну, гэта прапагандыст!“ А ты хто? Мы прапагандуем свой лад жыцця, сваю культуру і гэтак далей. Агітуем людзей за гэта. А вы за каго? За тых, хто грошы дае», — заявіў Прэзідэнт.
Рэзюмуючы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў яшчэ раз, што роля журналістаў сёння вельмі вялікая, таму з боку дзяржавы і яе кіраўніка адносіны да журналістаў вельмі сур’ёзныя. Прэзідэнт адзначыў, што журналісты фарміруюць не толькі сучаснасць, але і будучыню нашага грамадства.
Адукацыя. «Тое, што ў нас не горшая, — гэта факт адназначны»
Студэнт гістарычнага факультэта БДУ папрасіў у Прэзідэнта парады, як пераканаць аднагодкаў, што адукацыя ў Беларусі не горшая, чым за мяжой, і што на Радзіме больш магчымасцяў, каб дабіцца поспеху. «Тое, што ў нас адукацыя не горшая, — гэта факт адназначны і ў доказах не мае патрэбы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў яшчэ адзін важкі аргумент: у Беларусі большасць студэнтаў навучаецца за кошт бюджэту, а за мяжой для беларусаў бюджэтных месцаў няма. Прэзідэнт прызнаў, што яго рашэннем было пакінуць платнае навучанне, каб даць магчымасць атрымаць адукацыю ўсім, хто вельмі гэтага жадае і ў каго ёсць магчымасці. «Цяжка, складана, але гэта таго варта», — заўважыў ён.
Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што да выбару прафесіі трэба падыходзіць свядома, каб потым не расчароўвацца. У гэтым плане, паводле яго слоў, важна практыкаарыентаваная адукацыя, каб студэнт у першыя гады вучобы зразумеў: яго гэта прафесія ці не. Вялікі ўклад у фарміраванне будучых спецыялістаў уносяць выкладчыкі. Многае залежыць і ад унутраных памкненняў. «Чым бы я ні займаўся, я імкнуўся быць найлепшым, моцным. Калі вы трапілі не туды, пераарыентуйцеся хутчэй і пачынайце займацца сваёй справай, — параіў кіраўнік дзяржавы. — Імкніцеся ў гэты час зрабіць максімум. Кожны можа шмат. А Гасподзь убачыць. Ён працягне руку таму, хто больш за ўсё жадае і можа. Вы можаце. Вы маладыя, таленавітыя. Дзейнічайце! У кожнае імгненне, у кожны момант трэба рабіць сваю справу. Трэба ў свой час усё рабіць. Бо заўтра будзе не да гэтага».
Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт на тым, што ў Беларусі добрая адукацыя. Адной з яскравых асаблівасцяў беларускай школы і сярэдняй, і вышэйшай ён назваў тое, што яна робіць чалавека шматгранным. Так, бываюць перагібы, але ў цэлым веды карысныя для рэальнага жыцця. Беларускі лідар заклікаў маладых людзей вывучаць асаблівасці работы з сучаснымі тэхналогіямі, але ў той жа час быць з імі асцярожнымі. Ён абгрунтаваў гэта тым, што з дапамогай штучнага інтэлекту можна лёгка сказіць рэальнасць. «Інтэрнэт адкрыйце, я выступаю на ўсіх мовах. Ніколі не вучыў, не вывучаў іх... На ўсіх мовах: на французскай, іспанскай, англійскай — усе мовы. І на кітайскай у тым ліку, шпару толькі так. Штучны інтэлект. Твой голас прыбіраюць, падбіраюць голас на французскай мове, і ты выступаеш. З’яўляюцца такія фэйкі», — прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.
Вяртаючыся да тых, хто з’ехаў з краіны, кіраўнік дзяржавы зазначыў, што многія цяпер хочуць вярнуцца дадому. «Усякае ж было. Нехта ачмурэў, адурэў. Кагосьці сагітавалі... Нават калі здзяйсняў злачынствы, ну адказвай па законе. Я не магу закрыць краіну для іх вяртання. Але калі ты бачыш, што ты тут ужо нарабіў столькі, што проста пойдзеш, куды трэба, — яны там сядзяць», — сказаў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ў некаторых краінах тыя, хто з’ехаў, пастаянна адчуваюць сябе людзьмі другога сорту: у Беларусі ж у гэтым плане сітуацыя адваротная. «Не важна, якой ты нацыянальнасці, ты — родны. У нас так людзі выхаваны. Яны абагрэюць, накормяць і апошняе аддадуць для чужога чалавека», — заўважыў беларускі лідар. Ён адзначыў, што ў жыцці ўсё трэба паспрабаваць сваімі рукамі, але параіў не спяшацца адсякаць карані з радзімай. «Думайце, рабяты. Я ж прыйшоў вас агітаваць і гэту прапаганду прапіхваць. А вы думайце, вам вырашаць. Як бачыце, краіна не ўпала без тых, хто з’ехаў. Абсалютна не ўпала. І не абрынецца ніколі», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Ён заўважыў, што ў гісторыі вядомы выпадкі фарміравання ўрадаў у выгнанні, чыя дзейнасць не прынесла ніякага эфекту.
«Не спяшайцеся. Хтосьці хоча паспрабаваць — паспрабуйце. Я не магу зачыніць дзверы для вас. Вы ўсё роўна прасочыцеся праз мяжу і пакаштуеце там чужога хлеба. Але чужы хлеб заўсёды горкі. Гэта не я прыдумаў. Таму жывіце ў сябе, атрымлівайце тут адукацыю. Адукацыя нармальная, калі вы жадаеце вучыцца», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, зрабіўшы акцэнт на тым, што ў Беларусі сёння вялікія магчымасці для развіцця маладых спецыялістаў. Ён таксама звярнуў увагу, што беларусы могуць атрымаць веды і кампетэнцыі за мяжой, напрыклад у Кітаі, і выкарыстоўваць іх на радзіме.
Гісторыя. «Мы развіліся дзякуючы таму, што не адкінулі тое, што продкі да нас зрабілі»
Карыстаючыся выпадкам, студэнт гістарычнага факультэта запрасіў Прэзідэнта ў альма-матар прачытаць лекцыю аб фармаванні беларускай дзяржаўнасці. Аляксандр Лукашэнка адразу папярэдзіў, што лекцыя будзе доўгай, нават за дзве гадзіны ён не паспее расказаць пра галоўнае. «Калі будзеце цярпець, то я падумаю, у які час пасля выбараў. Нават калі Прэзідэнтам не буду, я гатовы да гісторыкаў прыехаць, я люблю гісторыю. Але, напэўна, за дзве гадзіны я не змагу ўсё выкласці, калі падрабязна, каб вы разумелі, што мы з вамі стварылі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што ў Мінску заканчваецца будаўніцтва выставачнага комплексу. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, гэты праект арыентаваны перш за ўсё на моладзь, каб яны ўбачылі, на што здольныя беларусы. З гэтай жа мэтай пачалі будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея. «Мы хочам паказаць, што мы не «Іваны, якія не памятаюць свайго радства», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што гісторыя беларускай дзяржаўнасці налічвае нямала стагоддзяў яшчэ з Полацкага і Тураўскага княстваў. «Таму я спрабую нешта зрабіць, каб моладзь, нават не вы, а вашы дзеці прыйшлі і паглядзелі: так, мы такія старажытныя, так, мы такое можам рабіць», — заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што поспех Беларусі заключаецца ў тым, што народ не адкінуў досвед папярэдніх пакаленняў, а стаў «на плечы гігантаў» і ўдасканаліў усё тое, што было створана. «Мы ўдасканальвалі, удасканальвалі, удасканальвалі і чагосьці дасягнулі. Калі б адкінулі, у нас не было б грошай для таго, каб стварыць нешта новае. На ўсё трэба шалёныя грошы, адкуль яны цяпер? Лішнія, рэзервовыя грошы. Газ, нафта, металы і гэтак далей — што ў нас з гэтага ёсць? Нічога, акрамя сваіх мазгоў. А мы ўтрымаліся. Мы развіліся дзякуючы таму, што не адкінулі тое, што продкі да нас зрабілі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Штучны інтэлект. «Усё роўна чалавек будзе ў цэнтры»
Тэму штучнага інтэлекту ў перакладчыцкай дзейнасці, якую на пачатку мерапрыемства ўзнімала рэктар МДЛУ, працягнулі і студэнты. Будучыя перакладчыкі выказалі занепакоенасць, што праз развіццё штучнага інтэлекту яны могуць страціць працу. І пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта наконт гэтага. Аляксандр Лукашэнка расказаў, як некалькі гадоў таму, яшчэ на пачатку развіцця штучнага інтэлекту, кітайцы расказвалі пра гэтыя тэхналогіі і дэманстравалі іх магчымасці. «Я ў іх пытаюся: хлопцы, вы расказалі, што будзе, як будзе, а ці не заменіць гэты штучны інтэлект чалавека, не атрымаецца, што мы проста не патрэбныя будзем у гэтым жыцці? Яны кажуць: „Не ведаем, магчыма“. І гэта мяне вельмі моцна насцярожыла», — расказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён працуе з перакладчыкамі, таму працоўныя месцы для маладых спецыялістаў ёсць. «Справа не ў штучным інтэлекце. Справа ў тым, што я шаную чалавека. Любы штучны інтэлект сёння — гэта спараджэнне чалавека. Гэта мы яго ствараем. І ўпэўнены, што, калі гэты штучны інтэлект, нейрасеткі авалодаюць нашымі розумамі на практыцы, усё роўна чалавек будзе ў цэнтры», — упэўнены Прэзідэнт. Паводле яго слоў, чалавек па сваёй прыродзе можа сам сябе знішчыць. «Ядзерная зброя і іншае — навошта гэта трэба? Навошта? Павінны жыць, спаборнічаць мазгамі і гэтак далей, але жыць. Навошта гэтая вайна?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на тым, што сёння вельмі патрэбны людзі — разумныя, здольныя, таленавітыя.
А каб такіх людзей было больш, Прэзідэнт падзяліўся сваімі сакрэтамі выхавання дзяцей. Першае — дзіця павінна займацца спортам, каб не хадзіць у аптэку. Другое — дзіця павінна ведаць замежную мову, і параіў вучыць англійскую мову, на якой размаўляе амаль увесь свет. У той жа час Аляксандр Лукашэнка параіў звярнуць увагу на кітайскую мову і не баяцца яе вывучаць, бо за ёй будучыня. «Трэцяе — калі ў вашага дзіцяці ёсць схільнасці да нечага, іх трэба развіваць», — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Чацвёртае — гэта вучоба. «Трэба выхаваць у дзіцяці адказнасць. Калі ў цябе яе няма, значыць, бацькі недзе недапрацавалі. А бацькі ведаюць сваіх дзяцей. Трэба націснуць на той пункт, каб ты ў гэтым жыцці не згубіўся, каб ты быў нармальным, каб да цябе добра ставіліся. Усё залежыць ад бацькоў», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Непапулярныя рашэнні. «Калі ўсё будзе гладзенька — краіна пачне загніваць»
Студэнтаў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце цікавілі дэталі палітычнага жыцця. Напрыклад, яны спыталі ў кіраўніка дзяржавы, ці цяжка прымаць неабходныя, але непапулярныя рашэнні і як спраўляцца з негатывам, які яны выклікаюць у людзей. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што прымаць такія рашэнні цяжка, і расказаў, што прымаць іх прыходзіцца амаль кожны дзень па розных кірунках. Па яго словах, дапамагае ўпэўненасць у іх правільнасці і неабходнасці для дабрабыту, развіцця краіны і яе грамадзян. «Калі ўсё будзе гладзенька, па шэрсці і добра, краіна пачне загніваць. Трэба рабіць так, каб усе варушыліся, каб усе нешта рабілі», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што з Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце патрабаванне будзе асаблівае. Таму што там рыхтуюць будучых кіраўнікоў, некаторыя з якіх адразу ідуць працаваць у органы ўлады.
Цытаты Прэзідэнта. «Важдзізму» быць не павінна
Студэнты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта аб ідэі зрабіць падручнік для студэнтаў-перакладчыкаў, заснаваны на яго цытатах. «Калі гэта трэба, мы гэта зробім», — адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў не абмяжоўвацца толькі яго цытатамі. «Важдзізму» быць не павінна. Гэта тое, чаго я баюся ўсё сваё прэзідэнцкае жыццё. Там «дыктатар, дыктатура»... Нікому вы не верце. Ніякай дыктатуры ў краіне няма і быць не можа. Таму што для таго, каб быць дыктатарам, у цябе павінны быць рычагі дыктатуры. А якія ў мяне рычагі? Амерыкай дыктаваць? Сёння Трамп, Байдэн і іншыя не могуць дыктаваць, якія больш за 30 працэнтаў ВУП у свеце вырабляюць. А я чым магу дыктаваць? У нас што, наймацнейшая эканоміка? Не», — паглядзеў беларускі лідар на гэтае пытанне з іншага боку. Ён нагадаў пра свае адносіны з інтэлігенцыяй, якая аднолькава заўзята падлашчвалася да ўсіх кіраўнікоў. «Я ні да каго на падлашчваюся. Калі я бачу, што няправільна, — я нешта скажу. Трэба — я з кімсьці параюся. Але не трэба прыніжаць інтэлігенцыю, каб яны перад табой поўзалі і схіляліся. Таму важдзізму быць не павінна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Гэтым ён растлумачыў, чаму не варта зацыклівацца толькі на яго цытатах.
Адключэнне інтэрнэту. Галоўны абавязак — абараніць краіну
Маладыя людзі згадалі падзеі чатырохгадовай даўніны і ўспомнілі, як падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на некалькі дзён у краіне адключалі інтэрнэт. І папрасілі ў Прэзідэнта растлумачыць, навошта гэта было патрэбна. «Калі гэта паўторыцца, адключым наогул, — сцісла, але ёміста адказаў Аляксандр Лукашэнка. — Скажу шчыра, што гэта практычна заўсёды, асабліва на пачатковых стадыях, было з майго дазволу». Ён падкрэсліў, што ў той час бачыў развіццё сітуацыі далей, чым маладыя людзі, якія на чатыры дні засталіся без інтэрнэту. Па словах Прэзідэнта, тады на шалях былі інтэрнэт і лёс краіны. І калі б краіну не ўтрымалі, маглі б атрымаць вайну. Выбар быў відавочны. Тым больш, што як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, ўсё тады ішло праз інтэрнэт — з Польшчы, маршруты, планы, заклікі і іншае. «Я разумеў, да чаго мы можам прыйсці. У нас была б вайна больш моцная, чым ва Украіне. У нас бы гэта было, было б цвярдзей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Мой галоўны абавязак — абараніць краіну. І я зразумеў — краіну разбураць. Таму я бегаў там са сваімі дзецьмі з аўтаматам па Мінску. Гэта былі мае паўнамоцтвы, нікуды не дзенешся — трэба было ўціхамірыць іх. А яны хлусілі: „Лукашэнка збег, Лукашэнка п’яны, Лукашэнка хворы...“ Але я ведаў, што калі я тады з адпаведнымі людзьмі не выстаю, тут будуць войскі НАТА. Яны ўжо былі зараджаны на гэта».
Аляксандр Лукашэнка згадаў шматлікія войны, якія праходзілі па тэрыторыі Беларусі і якія абсалютна былі ёй непатрэбныя, якія пачыналі не беларусы. Ён нагадаў, што ў выніку гэтых войнаў наша краіна пакутавала больш за ўсіх. Па словах кіраўніка дзяржавы для таго, каб не дапусціць падобных сцэнарыяў, можна і інтэрнет на некалькі гадзін адключыць.
«Мы нацыя. Мы народ. І мы павінны сказаць сваё „я“ і адстаяць сваю дзяржаву. Я гэта і рабіў. І калі нешта гэтаму перашкаджала, кшталту гадзіна-дзве інтэрнэту, я выбіраў тое, што важней», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка і параіў маладым людзям не спяшацца і заўсёды аналізаваць тое, што адбываецца.
Будучыня краіны. Наш светапарадак — гэта мір і спакой
У працяг тэмы ў Прэзідэнта спыталі, якое месца Беларусь ў новым светапарадку і ўвогуле якім ён бачыць будучыню краіны. «Будучыня нашай Беларусі абавязкова будзе пад вашым кіраўніцтвам», — адказаў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што пра светапарадак можна казаць патэтычна, але ён адкажа як чалавек практычны: «Я хачу, каб вы былі ў Беларусі, маглі працаваць і зарабіць і каб вы кіравалі сваім лёсам і сваёй краінай. Гэта калі па-простаму казаць. А для гэтага вы павінны вызначаць яе твар, пачынаючы з выбараў Прэзідэнта і выказваючы сваю пазіцыю культурна, інтэлігентна. Вы павінны выказваць сваё меркаванне і накіроўваць краіну туды, куды трэба». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што менавіта для гэтага і быў створаны Усебеларускі народны сход — 1200 чалавек, якія будуць карэкціраваць курс не толькі ўрада, але і Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сярод дэлегатаў УНС ёсць і студэнты. Можа іх і няшмат, але яны маюць права голасу. «Такая павінна быць дэмакратычная Беларусь. Але прыстойная і дысцыплінаваная. Ідзіце, галасуйце, выбірайце Прэзідэнта. Выбралі — будзьце добрыя даць магчымасць Прэзідэнту ажыццяўляць свае паўнамоцтвы. Калі яны вам не падабаюцца, выказвайце сваё меркаванне. У нас столькі было рэферэндумаў. Выйдзем на рэферэндум — людзі вызначацца», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу і на супрацоўніцтва з суседзямі, на тое, што беларускі народ у гэтым пытанні падзяляе пазіцыю ўлады: «Я хачу, каб мы былі ў добрых адносінах і з палякамі, і з расіянамі, але жылі ў сваёй кватэры. Пакуль народ такую пазіцыю прымае, і, упэўнены, што і вы моладзь згодны з гэтым. Мы з усімі хочам сябраваць».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што бачыць сваю краіну мірнай, зручнай для жыцця для наступных пакаленняў беларусаў, каб яны ганарыліся ёю.
Захаванне міру. Ніхто нам нічога добрага не зробіць
Працягваючы палітычную тэматыку, студэнты пацікавіліся, наколькі цяжка сёння захоўваць мір. «Я вайны не хачу на сваёй зямлі. Але, на жаль, эскалацыя працягваецца. Як мне сябе ў гэтай сітуацыі паводзіць? Улазіць у гэта ні ў якім разе нельга. А калі пачнецца сутыкненне Расіі з НАТА, нам таксама будзе няпроста. Не хацелася, каб вайна была на нашай тэрыторыі, каб нечыя інтарэсы вырашаліся тут, за наш кош»«, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён расказаў, што ніколі не напрошваўся на пасрэдніцтва ў перагаворах паміж Расіяй і Украінай і наогул не любіць гэту з’яву. Але, па словах беларускага лідара, вайна ідзе ў нас за плотам, таму, канешне, беларускі бок зацікаўлены ў мірным вырашэнні канфлікту, паколькі ад гэтага залежыць лёс Беларусі. «Мы — тры славянскія народы. Ніякія амерыканцы, ніякія еўрапейцы — ніхто нам нічога добрага не зробіць і не дапаможа. Мы павінны сесці і дамовіцца, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму ў Беларусі? Таму што гэта каля нашага плота, каля нашай граніцы. І нашыя інтарэсы павінны быць выкананыя. Мы хочам, каб, калі дамаўляліся па Украіне, не былі ўшчэмленыя нашыя інтарэсы».
Кар’ерны рост. Хацець, любіць і быць прафесіяналам
Для студэнтаў старэйшых курсаў ужо актуальнае пытанне працаўладкавання. Таму ў зале прагучала пытанне, якімі якасцямі трэба валодаць, каб працаваць у камандзе Прэзідэнта. «Вельмі проста. Трэба мець незвычайныя здольнасці, каб выйграць канкурэнцыю з Крутым Дзмітрыем Мікалаевічам, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта, ці Андрэем Іванцом, міністрам адукацыі. А яны людзі моцныя», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў яго няма кланавага падыходу для прызначэння людзей на розныя пасады. «Чалавек, які любіць сваю краіну, здольны — ідзі працуй. — агучыў галоўны свой прынцып Прэзідэнт. — Трэба жадаць, хацець, любіць і быць прафесіяналам. Абавязкова».
Спорт. Кожны павінен знайсці дзве гадзіны ў дзень
Не абышлося і без асабістых пытанняў. Маладыя людзі заўважылі, што Аляксандр Лукашэнка цікавіцца рознымі відамі спорту і спыталі, які ж самы любімы. «Я ўсяедны ў гэтых адносінах, і ў многіх відах спорту разбіраюся», — адказаў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што ўважліва назірае за беларускімі спартсменамі, многіх ведае асабіста, дапамагае тым відам спорту, якія прыносяць краіне вынік.
Па яго словах, чалавек абавязкова павінен займацца нейкім відам спорту, каб трымаць сябе ў форме. «Дзве гадзіны ў дзень. Памры — дзве гадзіны ў дзень. Калі ты там займаешся спортам, сячэш дровы... На гэта кожны павінен знайсці час. Я звычайна вызваляюся дзесьці ў 9-10 гадзін вечара, але я ўсё роўна іду займаюся нейкім відам спорту», — параіў Аляксандр Лукашэнка.
У заключэнні Прэзідэнт параіў маладым людзям не спяшацца ў жыцці і да ўсяго падыходзіць узважана. Самае галоўнае, што ён пажадаў маладому пакаленню беларусаў — спакойнага жыцця, не згубіцца ў сваім жыцці і не спяшацца. «Пра „перамены“ вы не спыталі, буду лічыць, што мы ідзём правільным курсам», — сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.
Валерыя Сцяцко
Звязда, 22 лістапада 2024
Звязда, 22 лістапада 2024
Кoличество переходов на страницу: 3
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |