Па дадзеных Мінсельгасхарча, у Беларусі спажыванне рыбы складае 14-15 кілаграмаў на душу насельніцтва. Пры гэтым айчыннай прэснаводнай рыбы сярэднестатыстычны беларус з’ядае крыху больш чым два кілаграмы. Гэта значыць, што краіна здольная поўнасцю забяспечваць сябе прэснаводнай рыбай, заявіла намеснік начальніка ўпраўлення прамысловай жывёлагадоўлі і рыбагаспадарчай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Барэйша.
Стронга і крэветка
Паводле яе слоў, летась у краіну завезлі 185 тысяч тон рыбы і морапрадуктаў. Гэта крыху больш (на 10 тысяч тон), чым годам раней. Беларусь — не марская дзяржава, таму марскую рыбу мы імпартуем з Расіі. Наша краіна паляпшае ўзаемадзеянне з самымі далёкімі яе рэгіёнамі, напрыклад праводзяцца перагаворы з Камчаткай.
«Беларусь па-ранейшаму імпартуе морапрадукты, хоць цяпер мы працуем над законам аб аквакультуры. Магчыма, праз пару гадоў вы зможаце купіць праславутую беларускую крэветку», — адзначыла Вольга Барэйша.
Прадстаўнік аграрнага ведамства дадала, што ёсць і зваротны працэс. Прадукцыя айчынных рыбгасаў адгружаецца за мяжу, няхай і ў невялікіх аб’ёмах — па 1000–2000 тон. Тут можна адзначыць тры арганізацыі: фарэлевая гаспадарка з Быхаўскага раёна, вядомыя рыбгасы з Брэсцкай і Мінскай абласцей (гэта рэсурсы фарэлевай гаспадаркі «Лохва», доследчага рыбгаса «Сялец» Бярозаўскага раёна, Рыбгаса «Волма» Чэрвеньскага раёна).
«Напрыклад, прадпрыемства "Лохва" — асноўны вытворца стронгі ў Беларусі. У яго ёсць рыбагадавальнік па вытворчасці маляўкі, і гаспадарка экспартуе яго ў рэгіёны Расійскай Федэрацыі. У Расіі ў асноўным развіты промысел дзікай рыбы. Напрыклад, летась там здабылі рэкордныя 5,3 мільёна тон рыбных рэсурсаў з мораў. Пры гэтым у краіне доўгі час не надавалі ўвагі штучнаму вырошчванню рыбы. У нашых суседзяў не так шмат рыбагадавальнікаў, і многія рэгіёны маюць патрэбу ў іх прадукцыі. Таму маляўкі стронгі мы экспартавалі нават у Карэлію, дзе гэтая рыба водзіцца ў рэках. А ў вытворцы з Бярозаўскага раёна шмат хто хоча купіць маляўкі расліннаедных відаў рыбы», — удакладніла Вольга Барэйша.
Прадукт без замарозкі
Летась у вадаёмах краіны вылавілі 15,1 тысячы тон рыбы, з іх на прамысловы ўлоў прыйшлося 56,4%.
А 16 дзяржаўных рыбгасаў летась вырабілі 10 580 тон рыбы, дзе прыбаўка да аб’ёмаў леташняга года склала 10%. У гэтым сезоне перад імі стаіць больш сур’ёзная задача — нарасціць вытворчасць на 21%, лічыць намеснік генеральнага дырэктара «Белводгаса» Дзяніс Заяц.
Сёлета зарыбленне вадаёмаў практычна завершана. Раней у рыбгасах ужо прыступілі да кармлення, але прыпыніла яго дрэннае надвор’е. Спецыялісты чакаюць цяпла і спадзяюцца, што змогуць аднавіць працэс у пачатку мая. Для добрага «ўраджаю» рыбы 2024 года прадпрыемствам спатрэбіцца 30 тысяч тон камбікармоў.
У вадаёмах рыбгасаў самая папулярная рыба — карп, яна ж самая даступная, бюджэтная прадукцыя для насельніцтва. У крамах яна прадаецца менш чым за 10 рублёў. Шмат на гэтай рыбе не заробіш, але падымаць цэны вытворцы не збіраюцца.
«Рэнтабельнасць рэалізацыі рыбы ў нас мінімальная: не больш за 5-6% у асоб ных арганізацыях і да 3% у сярэднім па галіне, — удакладняе прадстаўнік "Белводгаса". — Гэта тлумачыцца не толькі канкурэнцыяй з таварамі іншых груп (свінінай, ялавічынай, курыцай). 2023 год стаў рэкордным па здабычы рыбных рэсурсаў у Расіі, і мы бачым, што суседзі арыентуюцца не толькі на ўнутраны рынак, але і на нас. Кошт асобных пазіцый, у тым ліку чырвонай рыбы, быў імі зніжаны. Таму павышэнне цэн не прывядзе ні да чаго добрага — толькі да памяншэння аб’ёмаў вытворчасці».
Хоць наш карп — свежая рыба, якая не падвяргаецца замарозцы, яна валодае сваімі смакавымі якасцямі і карыснымі ўласцівасцямі.
А плячо дастаўкі, асабліва з далёкіх рэгіёнаў заходняй суседкі, не можа не аказваць уплыву на густ і якасць прадукцыі. Таму ў нас на рынку застаюцца спажыўцы, якія аддаюць перавагу менавіта жывой рыбе.
Дарэчы, амаль 70% улову рыбы ў штучных вадаёмах займае карп. За 2023 год яго вылаўлена звыш 5,5 тысячы тон. З іншых відаў рыбы — 552,8 тоны прамысловага ўлову ў штучных вадаёмах прыходзілася на таўсталобікаў, 402,5 тоны — на ласосевых, 314,3 тоны — на амура, 37,8 тоны — на асятровых і 23,4 тоны — на сомавых.
За мінулы год арганізацыі, якія ажыццяўляюць рыбагаспадарчую дзейнасць, рэалізавалі 7,2 тысячы тон рыбы. Работнікам і насельніцтву рэалізавана 3 тысячы тон рыбы (41,5% ад агульнага аб’ёму продажу), арганізацыям, якія ажыццяўляюць гандаль, — 2 тысячы тон (28,3%), а астатнія 1,6 тысячы тон (22,2%) былі накіраваны на перапрацоўку.
Чорная ікра ўласнай вытворчасці
Нягледзячы на значны патэнцыял, чакаць, што Беларусь стане «фарэлевай» краінай, усё ж такі не даводзіцца. Вытворчасцю рыбы прэміум-класа ў краіне займаюцца сем індустрыяльных комплексаў, а аб’ёмы трымаюцца на ўзроўні 600–800 тон. З іх каля 80% прыпадае на фарэль. Асятровыя валодаюць экспартным патэнцыялам, але попыт на мяса асятра не такі вялікі, як хацелася б, дадаюць прадстаўнікі Мінсельгасхарча.
«Фарэль і асятровыя лічацца прэміяльнай прадукцыяй, паколькі іх вырошчванне патрабуе вялікіх выдаткаў, адпаведна, сабекошт і кошт рэалізацыі вышэй. Але пры гэтым сегмент пакупніцкага рынку, які можа дазволіць сабе такую прадукцыю, аб’ектыўна менш.
Таму ў нас аб’ёмы вытворчасці рыбы вызначаюцца магчымасцямі яе рэалізацыі. Можна вырасціць і больш, але ўнутраны рынак яе не возьме, а на знешніх рынках досыць высокая канкурэнцыя. Па гэтай прычыне вытворцы асятровых рыб ідуць не па мясным кірунку (асятрына — гэта прадукт абмежаванага попыту і тэрытарыяльна прывязаны), а хутчэй нацэлены на атрыманне чорнай ікры. Вядомыя беларускія кампаніі, якія гандлююць рыбай, яе рэалізуюць, няхай і ў невялікіх аб’ёмах — тону-паўтары ў год. Пры гэтым унутраныя патрэбы ў чорнай ікры вылічаюцца нават не тонамі, а ўсяго толькі дзясяткамі або сотнямі кілаграмаў, — растлумачыў намеснік дырэктара Інстытута рыбнай гаспадаркі Уладзімір Кастаусаў.
Сезон адкрыты
Вольга Барэйша адзначыла, што сфера паслуг, звязаных з рыбалоўствам, стала развівацца ў 2005 годзе, калі быў прыняты Указ № 580 аб правілах вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, якім прадугледжана арганізацыя платнага аматарскага рыбалоўства — комплекс мерапрыемстваў, у тым ліку звязаных з рэалізацыяй пуцёвак.
«Гэтая тэма дасягнула свайго піку ў 2015 годзе, калі мы на заканадаўчым узроўні ўвялі тэрмін "Рыбаводства ў рэкрэацыйных мэтах". На сажалках і ў абводненых кар’ерах стала магчымым афіцыйна аказваць паслугі па лоўлі рыбы аматарскімі прыладамі рыбалоўства. Адрозненне заключалася ў тым, што ў арэнду падаваліся штучныя водныя аб’екты, дзе ў 90% выпадкаў рыба не вырошчвалася, а працаваў прынцып "запуск-вылаў" на выхадныя. Аказанне паслуг арандатарам магчыма толькі пасля падпісання акта аб стварэнні спрыяльных умоў», — расказала Вольга Барэйша.
У 2022 годзе ўведзена норма, што акт аб стварэнні спрыяльных умоў павінен пацвярджацца раз на тры гады. Такіх вадаёмаў, на якіх арганізоўваецца фактычна платная рыбалка, цяпер у краіне больш як пяцьсот, і гэты кірунак будзе развівацца і далей. «Яно спрыяе развіццю ўнутранага турызму, і мы стараемся выслухоўваць грамадзян, а таксама рэгуляваць усе пытанні на ўзроўні заканадаўства», — падкрэсліла спецыяліст.
Дарэчы, беларускія рыбгасы ўжо адкрылі рыбалоўны сезон. Паслугі платнай рыбалкі прапануюць аматарам 11 з 16 рыбаводных арганізацый. Як правіла, сезон платнай рыбалкі ў нас у краіне доўжыцца паўгода — з 1 красавіка да 1 кастрычніка. Гэта добрая дапамога для рыбгасаў: асобныя арганізацыі цалкам закрываюць фонд заработнай платы з выручаных такім чынам сродкаў. «Летась усе прадпрыемствы ўклалі ў скарбонку амаль 1 мільён рублёў. Гэта, вядома, крыху менш за 5% ад усёй атрыманай выручкі. Аднак пералік паслуг трэба пашыраць. Попыт ёсць — значыць, павінна быць і прапанова, — паведаміў прадстаўнік «Белводгаса» Дзяніс Заяц.
Ён удакладніў, што асобныя прадпрыемствы прапануюць паслугі не толькі рыбнай лоўлі, але і вольнага часу для сем’яў рыбакоў, арэнду мангала і альтанкі. У некаторых рыбгасах можна зняць жыллё з усімі выгодамі альбо застацца з палаткай на начную рыбалку.
«Паслугі нашых рыбгасаў недарагія. Кошт аднаго квітка часцей за ўсё ад 30 да 50 рублёў, ён уключае магчымасць вылаву да пяці кілаграмаў рыбы. Калі рыбак жадае забраць большы ўлоў, то і 10, і 20 кілаграмаў можна выкупіць за асоб ную плату — прэйскурант устаноўлены ў кожным рыбгасе. Сезон платнай рыбалкі ўжо адкрыўся. Мы зрабілі зарыбленне, па меры неабходнасці будзем яго паўтараць — з уловам з’едзе кожны», — запэўніў Дзяніс Заяц.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 25 красавіка 2024
Звязда, 25 красавіка 2024
Кoличество переходов на страницу: 84
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |