https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дата выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначана на 26 студзеня 2025 года


Адкрываючы пасяджэнне, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў, што ў наступным годзе ў Беларусі адбудзецца выключна важная і значная грамадска-палітычная падзея — выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

«Яны завершаць цыкл электаральных кампаній па абноўленай Канстытуцыі, — звярнуў увагу спікер. — Вынікі маючай адбыцца прэзідэнцкай выбарчай кампаніі маюць ключавое значэнне для кожнага грамадзяніна, грамадства і дзяржавы ў цэлым. Гэта знакавая вяха ў развіцці любой краіны, выпрабаванне на трываласць палітычнай сістэмы дзяржавы. Менавіта прэзідэнцкія выбары вызначаюць будучыню Беларусі на найбліжэйшыя гады і кірункі яе далейшага развіцця».

«Выбары кіраўніка дзяржавы будуць садзейнічаць далейшаму ўмацаванню народаўладдзя ў краіне»

Прапанову аб прызначэнні даты выбараў Прэзідэнта Рэспуюлікі Беларусь у Палату прадстаўнікоў унесла Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь.

Як звярнуў увагу старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятых на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года, паклала пачатак маштабнай палітычнай мадэрнізацыі нашай краіны. Карэкціроўка Асноўнага Закона, па яго словах, прывяла да неабходнасці змянення шэрагу нарматыўных прававых актаў, уключаючы Выбарчы кодэкс.

«Пераразмеркаваны паўнамоцтвы органаў дзяржаўнай улады, зменены ўмовы і патрабаванні да вылучэння кандыдатаў на выбарныя пасады, замацаваны нормы, накіраваныя на забеспячэнне электаральнага суверэнітэту, — канкрэтызаваў старшыня ЦВК. — На падставе змененага заканадаўства сфарміраваны парламент краіны, мясцовыя Саветы дэпутатаў, праведзены выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, які пачаў сваю работу ў канстытуцыйным статусе. У сувязі з гэтым правядзенне выбараў кіраўніка дзяржавы з’яўляецца лагічным завяршэннем фарміравання ўсіх інстытутаў улады на падставе абноўленага канстытуцыйнага заканадаўства і, несумненна, будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню народаўладдзя ў краіне».

Згодна з артыкулам 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 56 Выбарчага кодэкса, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней як за пяць месяцаў і праводзяцца ў нядзелю — не пазней як за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга Прэзідэнта. У адпаведнасці з артыкулам 83 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт уступае ў пасаду пасля прынясення Прысягі. З моманту прынясення Прысягі нававыбраным Прэзідэнтам паўнамоцтвы папярэдняга Прэзідэнта спыняюцца. 

«Паколькі інаўгурацыя дзеючага кіраўніка дзяржавы адбылася 23 верасня 2020 года, адпаведна чарговыя выбары Прэзідэнта павінны прайсці не пазней 20 ліпеня 2025 года, — канстатаваў Ігар Карпенка. — Такім чынам, заканадаўства не ўтрымлівае ўказанні на канкрэтны дзень правядзення выбараў Прэзідэнта, як, напрыклад, адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў, які праводзіцца ў апошнюю нядзелю лютага. Асноўны Закон не забараняе праводзіць выбары раней, ён забараняе праводзіць іх пазней за ўстаноўлены тэрмін».

Па меркаванні Цэнтральнай выбарчай камісіі, аптымальнай датай для правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь бачыцца 26 студзеня 2025 года.

«З улікам уступлення выбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пасаду ў двухмесячны тэрмін з дня выбрання, правядзенне выбараў у абазначаную дату скароціць на шэсць месяцаў тэрмін паўнамоцтваў дзеючага кіраўніка дзяржавы, што не выключае права дзеючага Прэзідэнта балатавацца на новы тэрмін, — праінфармаваў Ігар Карпенка. — Пры гэтым выбары не будуць з’яўляцца пазачарговымі. У адпаведнасці з артыкулам 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правядзенне пазачарговых выбараў магчыма, калі пасада Прэзідэнта аказалася вакантнай».

Практыка правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы раней за сканчэнне тэрміну паўнамоцтваў у нашай краіне ёсць. У 2006 годзе выбары Прэзідэнта Беларусі былі праведзены на некалькі месяцаў раней. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, практыка арганізацыі выбараў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Прэзідэнта ёсць і ў шэрагу краін. Напрыклад, у Кыргызстане, Узбекістане, чаму папярэднічалі праведзеныя ва ўказаных дзяржавах канстытуцыйныя рэферэндумы.

«Правядзенне выбараў загадзя ўлічвае і магчымасць правядзення другога тура галасавання, калі ў першым туры ніхто з кандыдатаў у Прэзідэнты не набярэ абсалютнай большасці галасоў, — заўважыў Ігар Карпенка. — Другі тур галасавання праводзіцца па законе ў двухтыднёвы тэрмін».

Зыходзячы са стратэгічнага планавання і станоўчай практыкі

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі нагадаў, што ў 2025 годзе завяршаецца рэалізацыя пяцігадовага плана сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, у сувязі з чым неабходна прааналізаваць вынікі яго рэалізацыі і вызначыць далейшы стратэгічны курс развіцця краіны, асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі.

«Кіраўнік дзяржавы выконвае тут ключавую ролю, паколькі ён фармуе ўрад, забяспечвае эканамічную і палітычную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, — патлумачыў Ігар Карпенка. — Уступленне на пасаду новавыбранага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у пачатку 2025 года дазволіць яму ажыццяўляць свае паўнамоцтвы на пачатковай стадыі стратэгічнага планавання».

Правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 студзеня 2025 года, па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, бачыцца цалкам абгрунтаваным, у тым ліку зыходзячы са станоўчай практыкі арганізацыі рэферэндуму 2022 года і адзінага дня галасавання 2024 года.

«У гэты перыяд мінімальная колькасць грамадзян з’язджае з краіны ў водпуск, а таксама знаходзіцца на лецішчах, што выключае нязручнасці, звязаныя з аддаленасцю ўчасткаў для галасавання па месцы рэгістрацыі ад фактычнага месца пражывання выбаршчыкаў, — звярнуў увагу ён. — У сваю чаргу правядзенне выбараў вясной і летам спалучана з загружанасцю мясцовых органаў улады ў сферы сельскай гаспадаркі, адпускной парой, уступнай кампаніяй у каледжы і ВНУ, падрыхтоўкай да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі, дзе, як правіла, размяшчаецца большая колькасць участкаў для галасавання».

Пры правядзенні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў рабоце камісій будзе ўдзельнічаць каля 60 тысяч чалавек. «Як правіла, гэта дасведчаныя людзі, якія прайшлі практыку адзінага дня галасавання, — удакладніў старшыня ЦВК. — Акрамя таго, многія з іх павысілі сваю кваліфікацыю на базе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, удзельнічалі ў навучальных трэнінгах і семінарах. Мінімальны часавы разрыў паміж адзіным днём галасавання і прэзідэнцкай кампаніяй дазволіць найбольш рацыянальна выкарыстоўваць патэнцыял такіх людзей. Цэнтральнай выбарчай камісіі застанецца толькі акцэнтаваць увагу на асаблівасцях падрыхтоўкі і правядзенні выбараў Прэзідэнта».

«Цэнтральная выбарчая камісія гатова да пачатку выбарчай кампаніі»

Ігар Карпенка нагадаў некаторыя аспекты прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. «У ходзе канстытуцыйнай рэформы былі істотна зменены патрабаванні да кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, якія адлюстраваны ў артыкуле 80 Канстытуцыі і артыкуле 57 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, аднак парадак правядзення прэзідэнцкай кампаніі працэдурна не памяняўся, — канкрэтызаваў ён. — Вылучэнне кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, як і раней, будзе ажыццяўляцца толькі адным суб’ектам — грамадзянамі шляхам збору подпісаў у колькасці не менш за 100 тысяч чалавек. Выбары Прэзідэнта праводзяцца па адзінай выбарчай акрузе, якая складае ўсю тэрыторыю Беларусі».

Функцыі па рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, рэгістрацыі кандыдатаў, устанаўленні вынікаў выбараў адносяцца да выключнай кампетэнцыі Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ігар Карпенка звярнуў увагу на тое, што выбары Прэзідэнта — гэта адзіныя выбары, якія могуць быць прызнаныя несапраўднымі, калі ў галасаванні прынялі ўдзел менш за палову грамадзян, уключаных у спісы выбаршчыкаў.

Старшыня ЦВК падкрэсліў, што Цэнтральная выбарчая камісія гатова да пачатку выбарчай кампаніі, старт якой дала пастанова Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб прызначэнні выбараў. Ëн паведаміў, што на гэты момант ужо распрацаваны праекты метадычных рэкамендацый для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій, формы дакументаў, каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў, візуальная канцэпцыя і праекты адпаведных пастаноў, памяткі для нацыянальных і міжнародных наглядальнікаў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі.

«Такім чынам, прызначэнне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 26 студзеня 2025 года ў поўнай меры адпавядае Канстытуцыі і Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Правядзенне выбараў у гэтую дату дазволіць рацыянальна выкарыстоўваць тэхнічныя, фінансавыя, інфармацыйныя, чалавечыя рэсурсы і завершыць працэс фармавання ўсіх органаў улады на падставе абноўленага канстытуцыйнага заканадаўства».

Дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за прыняцце Пастановы Палаты прадстаўнікоў «Аб прызначэнні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Такім чынам, выбары кіраўніка дзяржавы пройдуць 26 студзеня 2025 года.

Звяртаючыся да парламентарыяў, Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што з улікам значымасці гэтай падзеі для краіны дэпутацкі корпус чакае сур’ёзная і адказная арганізацыйна-палітычная работа: як непасрэдна ў парламенце, так і ў выбарчых акругах. «Дэпутаты павінны зрабіць усё для таго, каб выбары кіраўніка дзяржавы прайшлі арганізавана, адкрыта, дэмакратычна і аб’ектыўна, у строгай адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам», — падкрэсліў спікер.

У тэму

Як адзначыла ў размове з журналістамі старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Ірына Касцевіч, на пасяджэнні было прынята лёсавызначальнае і вельмі важнае рашэнне — вызначана дата выбараў кіраўніка дзяржавы. Па словах дэпутата, Цэнтральнай выбарчай камісіяй прыведзены ўзважаныя аргументы на карысць даты 26 студзеня 2025 года.

«Гэтая дата абгрунтавана з усіх бакоў, — лічыць Ірына Касцевіч. — Тут закрануты і прававыя моманты ў звязцы і з Канстытуцыяй, і Выбарчым кодэксам. Улічаны і арганізацыйныя моманты з улікам і адзінага дня галасавання, і выбараў 2020 года. Улічаны і кадравыя пытанні, і сезоннасць — як вытворчая, так і адпускная. У студзені мы яшчэ не сеем, і ў канцы студзеня рэдка хто сыходзіць у адпачынак».

26 студзеня 2025 года, па словах старшыні Пастаяннай камісіі, — аптымальная дата для правядзення выбараў Прэзідэнта Беларусі. «2025 год — год, які фінішуе бягучую пяцігодку, — звярнула ўвагу яна. — Мы падводзім папярэднія вынікі і, самае галоўнае, закладваем стратэгічныя дакументы на будучую пяцігодку. Акрамя таго, студзень — асаблівы месяц для кожнага з нас, незалежна колькі табе гадоў. Кожны чалавек, уваходзячы ў новы год, плануе сваю будучыню. І якой мы яе бачым? Шчаслівай. Мы думаем пра сваіх дзяцей, блізкіх, аб шчасці сваёй сям’і. І вызначыўшы прыярытэтам нашай бягучай пяцігодкі шчаслівую сям’ю, мы цудоўна разумеем, чаму гэта адзін з прыярытэтаў. Бо гэта моцная дзяржава. І менавіта ў студзені, плануючы сваю асабістую будучыню, кожны беларус проста абавязаны прыйсці і прагаласаваць за будучыню сваёй краіны. Мы павінны годна прайсці гэты шлях, вызначыўшы развіццё нашай краіны». 

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянціна Семянякі, вельмі важна адказна аднесціся як да даты, так і правядзення гэтых выбараў.

«Мы будзем працаваць з выбранымі дзяржаўнымі органамі да 2029 года, гэта вельмі важна і адказна для ўсіх удзельнікаў электаральнага працэсу, — лічыць ён, падкрэсліўшы, што дата правядзення выбараў кіраўніка дзяржавы 26 студзеня 2025 года з’яўляецца аптымальнай. — Цэнтральная выбарчая камісія вельмі сур’ёзна падыйшла да ўнясення гэтай прапановы. Анансавалася некалькі дат правядзення выбараў, праводзіліся кансультацыі ў адносінах таго, якая дата павінна быць лепшай і аптымальнай. 26 студзеня 2025 года, на мой погляд, — гэта вельмі добры падыход да таго, каб, з аднаго боку, паспець арганізацыйна забяспечыць усе падрыхтоўчыя этапы: пачынаючы ад фармавання спісаў, вылучэння кандыдытаў, агітацыйнай кампаніі і заканчваючы самім працэсам галасавання».

З другога боку, па словах дэпутата, вызначаная дата зручная для нашых грамадзян і дзяржаўных органаў, якія ў гэты перыяд падводзяць пэўныя вынікі, плануюць сваю работу на наступны год.

«Вельмі важна і тое, што менавіта ў гэты перыяд у людзей з’яўляецца больш часу на тое, каб удзельнічаць у палітычных кампаніях, дыскусіях, азнаёміцца з праграмамі кандыдатаў, з каляндарным планам выбарчай кампаніі», — канкрэтызаваў Валянцін Семяняка. 

Дэпутат таксама адзначыў, што ўся база, неабходная для правядзення выбарчай кампаніі, якую можна выкарыстаць, ужо створана. «Нядаўна прайшла выбарчая кампанія па выбары дэпутатаў усіх узроўняў у адзіны дзень галасавання, — нагадаў ён. — Мы арганізавана, акуратна, так, як гэтага патрабуе Прэзідэнт, падыдзем да падрыхтоўкі выбараў кіраўніка дзяржавы, арганізуем гэты працэс і ўпэўнена будзем глядзець у нашу будучыню ў наступнай пяцігодцы». 

Як звярнуў увагу старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Валерый Малашка, кампанія 2025 года стане завяршальным этапам мадэрнізацы палітычнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. «Мы гэты час ужо жылі ў рамках змененай Канстытуцыі, змененага выбарчага заканадаўства і мы бачым, наколькі больш эфектыўна мы пачалі праводзіць палітычныя кампаніі ў нашай краіне, наколькі яны сталі больш зразумелымі і даступнымі для нашых грамадзян, — адзначыў парламентарый. — Мы пачулі аб гатоўнасці Цэнтральнай выбарчай камісіі да гэтага часу правесці ўсе неабходныя арганізацыйныя мерапрыемствы ў рамках правядзення выбарчай кампаніі Прэзідэнта ў Рэспубліцы Беларусь. Ведаем і аб гатоўнасці органаў выканаўчай улады на месцах. Сапраўды, з мінулай выбарчай кампаніі прайшло менш за год, захавана інфраструктура выбарчых участкаў. Мы дастаткова якасна папрацавалі са спісамі выбаршчыкаў у мінулы раз, ва многім мы іх звяралі з рэгістрам насельніцтва. І Міністэрства ўнутраных спраў адыграла тут значную і важную ролю. Не сумняваюся, што і ў гэты раз гэта дазволіць нам працаваць хутка і эфектыўна». 

Валерый Малашка звярнуў увагу і на гатоўнасць грамадзян да правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. «Працуючы ў акругах, мы бачым, што ўзрасла іх грамадзянская свядомасць, разуменне таго, што мы робім выбар для сябе, сваёй краіны, будучыні нашых дзяцей», — канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі. Ëн упэўнены, што пазітыўна скажуцца на настроях людзей, у тым ліку палітычных, і навагоднія святы. «Традыцыйна ў канцы студзеня мы ўсе ў асноўным знаходзімся дома, студэнты, навучэнцы — на месцах свайго пражывання, месцах размяшчэння навучальных устаноў, што ўнясе дадатковую арганізаванасць і павысіць якасць выбарчага працэсу», — лічыць дэпутат.

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 23 кастрычніка 2024

Кoличество переходов на страницу: 40