https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Да 4 мільёнаў беларусаў за мяжой – гэта магутная сіла


Найярчэйшыя цытаты са Зьезду беларусаў сьвету

Каля 300 дэлегатаў зь Беларусі і замежжа сабраліся на VII Зьезд беларусаў сьвету ў Менску. У Расеі зьяўляецца ўсё больш лубочных беларусаў, у Вялікай Брытаніі беларусы будуюць дамы, каб зарабіць на беларускую справу, у ЗША да эмігранцкіх арганізацыяў далучаецца моладзь. Мы паслухалі выступы, пагаварылі з дэлегатамі і запрошанымі гасьцямі, кад адабраць найярчэйшыя цытаты Зьезду.
_____________________________________________

«Беларуская дыяспара цалкам пазытыўна ставіцца да прынятага ў 2014 годзе Закону „Аб беларусах замежжа“, аднак адзначае яго досыць дэклярацыйны характар. Закон мусіць быць падмацаваны падзаконнымі актамі наўпроставага дзеяньня, а таксама іншымі сыстэмнымі крокамі».

«Невялікая дзяржаўная дапамога, якая сёньня аказваецца ў межах праграмы „Беларусы ў сьвеце“, ідзе ўсё ж такі тым арганізацыям, якія збольшага ляяльныя. А міжнародны досьвед вельмі моцна перасьцерагае ад стварэньня прывілеяваных групаў у супрацоўніцтве з дыяспарай».

«Мы прапануем канцэпцыю разьвіцьця „Беларусь — дыяспара“ да 2025 году. Адным з ключавых элемэнтаў канцэпцыі ёсьць пабудова даверу. Дыяспара не адразу ацэньвалася пазытыўна, дый і самыя дыяспары не заўжды давяралі ўраду. Без інфармацыйна-асьветніцкай, адукацыйнай працы ўнутры Беларусі пабудова даверу паміж нашай дзяржавай і дыяспарай немагчымыя. Гэта і інфармацыйныя, і камукацыйныя крокі, асьветніцкая кампанія. Настаў час уключыць нашу дыяспару і ў падручнікі, і ў праграмы ўнівэрсытэтаў».

«Наступным крокам можа стаць мабілізацыйная кампанія з правядзеньнем захадаў для прафэсіяналаў самых розных сфэраў: культуры, эканомікі, мэдыцыны. Правядзеньне сумесных з дыяспарай валянтэрскіх лягераў, летнікаў, моладзевых фэстываляў».

«Найважнейшы аспэкт супрацоўніцтва зь беларускай дыяспарай, каб яна захоўвалася і існавала — гэта падтрымка, паглыбленьне нацыянальнай ідэнтычнасьці. Тут, вядома, вельмі важна пачынаць працу ўнутры краіны. Бо празь невыразнасьць нацыянальнай палітыкі ўнутры краіны мова й культура не карыстаюцца такім попытам, такой увагай сёньняшніх эмігрантаў, якія выяжджаюць з краіны».

«Я ўводжу такі тэрмін, як лубочная беларускасьць. У Расеі беларускія грамадзкія арганізацыі растуць як грыбы. Гэтаму спрыяе мясцовая ўлада, бо ім цікава паказаць шматнацыянальнасьць. Шмат кажуць пра сяброўства зь Беларусьсью. Мала ў Расеі засталося братоў — суседніх краін зь сяброўскімі адносінамі. Ёсьць патрэба ў беларусах».

«Беларускія грамадзкія аб’яднаньні ў Расеі часта існуюць як зямляцтвы. Беларускія сьвяты не адзначаюць. Сустрэчы праводзяць 8 сакавіка, каб павіншаваць жанчын, альбо на Дзень перамогі, каб павіншаваць вэтэранаў. Пры гэтым накрываюць стол і дастаюць аднекуль беларускую гарэлку, робяць дранікі на закуску. Вось неяк сьвяты і правялі».

«Я хацеў заахвоціць кіраўнікоў беларускіх суполак, якія існуюць у Расеі, перш за ўсё самым узяцца і вывучыць беларускую мову, сапраўдную беларускую гісторыю, традыцыйную культуру. Усё гэта можна зрабіць. Асабліва зараз, дзякуючы сучасным сродкам масавай інфармацыі і інтэрнэту. Было б жаданьне. Калі кіраўнікі гэтых суполак самыя стануць беларускімі патрыётамі, тады да іх пацягнецца моладзь. Тады спыніцца працэс асыміляцыі беларусаў».

«Куды падзеліся беларусы, якіх у нашым рэгіёне ў 1913 годзе было 300 тысяч? У 1989 годзе іх было 50 тысяч, а ў 2012 годзе — 16 тысяч. Чаму нашчадкі перасяленцаў не запісваюцца згодна сваёй нацыянальнасьці? Яны губляюць сувязь з гістарычнай радзімай. Больш за тое, нашых беларусаў і раней і цяпер як толькі не называлі. То літоўцамі, бо калісьці была так званая „служылая Літва“ ў Сыбіру, то палякамі, бо ўсіх удзельнікаў паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў нас у Сыбіру называюць палякамі, то ўкраінцамі, бо размаўляюць зь цікавым гукам „г“, то, безумоўна, рускімі з Заходняга краю».

«Цяга да каранёў, асабліва сярод моладзі, ёсьць. Трэба толькі самаахвярна працаваць. Прычым працаваць трэба ня толькі грамадзкім аб’яднаньням, якія існуюць за мяжой. Але трэба працаваць і дзяржаве. Калі дзяржава раптам заявіць пра сябе, што яна беларуская дзяржава, што яна падтрымлівае беларускую мову, беларускую культуру і беларускую традыцыю, то гэта адгукнецца і ў беларускай дыяспары».

«Так сталася, што мы з вамі жывём сёньня ў розных дзяржавах, у розных культурных асяродзьдзях. Але ёсьць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, тое, што зьяўляецца нябачнай, але вельмі трывалай повязьзю. Гэта любоў да Беларусі, да яе культуры, традыцыяў, духоўнай спадчыны».

«Сёлета спаўняецца 500 год кнігадрукаваньню, заснавальнік якога асьветнік Францішак Скарына пяць стагодзьдзяў таму надрукаваў першую кнігу „Псалтыр“ на беларускай мове. Як заявіў некалі кіраўнік нашай дзяржавы, справа Скарыны дазволіла заявіць усёй Эўропе, а можа, і ўсяму сьвету, што ёсьць такі народ — беларусы».

«Па рознай інфармацыі, ад трох да чатырох мільёнаў беларусаў-суайчыньнікаў пражывае за мяжой — гэта мяккая, як кажуць дыпляматыя, але і адначасовая вялікая і магутная сіла, здольная прасоўваць інтарэсы народу Беларусі, мацаваць незалежнасьць дзяржавы».

«Мы ўсе розныя. У кожнага з нас свой погляд на жыцьцё, на разьвіцьцё нашай краіны. Я не зьбіраюся заклікаць вас сьпяваць панэгірыкі ўладзе ці ўсхваляць кагосьці ці штосьці. У гэтым вы можаце вызначыцца самі. Але кожны з нас можа штосьці зрабіць дзеля нашай галоўнай мэты — умацаваньня незалежнасьці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас аб’яднаньня перад зьнешнімі і ўнутранымі выклікамі».

«Я згодны зь лёгікай Сьвятланы Алексіевіч, якая мне аднойчы сказала: „Напэўна, досыць Беларусі войнаў, досыць рэвалюцыяў“. Лёгіка канфрантацыі павінна адысьці ў мінулае. Мы павінны кіравацца лёгікай каапэрацыі. Мы павінны ад мэнталітэту процістаяньня перайсьці да мэнталітэту партнэрства. Вядома, гэта патрабуе пэўных намаганьняў».
szuszkievic
«Гэта добры зьезд, і большасьць людзей тут мне падабаецца. Пераважная большасьць. Але калі заклікаюць быць разам ахвяраў і катаў, я гэтага не ўспрымаю. А тут тыя, хто бароніць сёньняшні беларускі рэжым, яны менавіта пад такімі лёзунгамі прыйшлі на гэты зьезд. Гэта мне не падабаецца. Трэба быць шчырымі, хопіць тут гэтай хлусьні. Я гавару пра словы Макея, пра словы Краўчанкі. Цудоўна, калі ўбачыш беларуску з Канады, якая шчыра, адкрыта падкрэсьлівае, што адбываецца і чаму».

«Мне здаецца, што адна з галоўных праблемаў беларускага жыцьця як за мяжой, так і тут, у Беларусі — гэта няздольнасьць часам знаходзіць кампрамісы і паразуменьне паміж сабой дзеля дасягненьня агульнай мэты. Але ЗБС „Бацькаўшчына“ змагло пераадолець і гэта. Я ўпэўнена, што сярод беларусаў, якія сабраліся тут, шмат тых, хто трымаецца нават супрацьлеглых пунктаў гледжаньня на розныя праблемы. Але ж таксама ўпэўненая, што дзякуючы атмасфэры сяброўства, адкрытасьці і добразычлівасьці, створанай кіраўніцтвам Згуртаваньня белраусаў сьвету „Бацькаўшчына“, мы здолеем прыйсьці да агульнага меркаваньня».

«Самае галоўнае цяпер менавіта для мяне, што ўсе ўдзельнікі справы „Белага легіёну“ на волі, і ў гэтым вялікая заслуга старшыні рады Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“ Ніны Шыдлоўскай. Патрыёт — не злачынца! Дзякуй, Ніна, што тыя мужчыны, якімі мусіць ганарыцца кожная краіна, могуць абняць сваіх матуляў, жонак і дзяцей».

«Абсалютна відавочна, што ў сучасных умовах наша арганізацыя ня бачыць магчымым падтрымліваць стасункі зь дзяржаўнымі ўстановамі і органамі. На жаль, як нам бачыцца з замежжа, не назіраецца сапраўднага руху ў бок дэмакратыі, не існуе мэханізму дэмакратычнай зьмены ўлады і пераемнасьці палітычнай эліты. Стан беларускай мовы, якая мусіць быць дзяржаўнай, вельмі сумны. Амаль што зусім няма беларускамоўных школаў і дзіцячых садкоў, вышэйшая адукацыя амаль уся на расейскай мове».

«У такіх умовах асноўнай і адзінай формай узаемадзеяньня Згуртаваньня беларусаў Канады і Беларусі сёньня ёсьць падтрымка грамадзкіх арганізацыяў, якія працуюць на разьвіцьцё беларускай мовы і культуры, акцыі салідарнасьці з тымі, хто абсалютна легітымна патрабуе зьменаў. Таму што патрыётамі ёсьць ня тыя, хто моўчкі пагаджаецца з усім, што адбываецца ў краіне. Патрыётам ёсьць той, хто хоча зьменаў да лепшага, у каго душа баліць за родную мову, культуру і гісторыю. Жыве Беларусь!»

«Той самы досьвед старых дыяспараў сьведчыць, што абыякавасьць і нават варожае стаўленьне ўладных структураў да замежных беларусаў спрыяе ня толькі нэгатыўнаму стаўленьню да замежных суайчыньнікаў у беларускім грамадзтве, але і правакуе зьяўленьне «падзеленай нацыі».

«Ня мусіць беларус замежжа прыяжджаць у Беларусь, атрымліваючы адмысловую візу, і рэгістравацца як замежны грамадзянін. Найперш гэта павінны ўсьведамляць уладныя структуры ў Беларусі».

«Менавіта супольная памяць ёсьць тым фактарам, які лучыць людзей у нацыю, у тым ліку і беларусаў. І ў гэтай сувязі я б хацела сказаць пра архівы і супольную адказнасьць суродзічаў і замежжа, і мэтраполіі за захаваньне культурнай спадчыны замежных беларусаў як часткі нашай агульнай нацыянальнай культуры. Архівы — гэта ня могільнікі для дакумэнтаў. Хто валодае архівамі, той валодае гісторыяй. Мы запрашаем усіх суродзічаў з усіх асяродкаў беларускага замежжа перадаваць нам дакумэнты і матэрыялы, зьвязаныя з вашай дзейнасьцю».

«Самае цяжкое для дыяспары, што няма падручнікаў, цяжка даставаць кніжкі. І вельмі важна мець кантакты, ведаць, да каго можна зьвярнуцца, калі нешта будзе патрэбна».

«Вельмі важна, калі ўлады прыходзяць на такі зьезд. Гэта прыемна бачыць».

«Наш аддзел Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня даволі часта зьбіраецца. Моладзь прыходзіць. У нас даволі многа маладых з малымі дзецьмі. Таксама гэта вельмі важна. Часам бывае 8-10 дзяцей, якія прыходзяць з бацькамі на сходы. Гэта вельмі дапаўняе нас».

«Добра, што арганізацыя трымаецца. У нас у Вашынгтоне яна расьце. Важна, што прыцягваем маладых і новапрыбылых. Для нас вельмі важна, каб ім было цікава, каб мы разам працавалі над беларускімі справамі. Я думаю, мы добрую працу робім».

«У нас у Вялікай Брытаніі зьявіўся прафэсійны саюз беларусаў, дзе юрысты, банкіры, страхаўнікі зьбіраюцца раз на месяц у пабе каля катэдральнага сабору Сьвятога Паўла, абменьваюцца думкамі, ідэямі, досьведам. І п’юць піва. Усё цудоўна атрымліваецца».

«Мы пабудавалі цудоўную царкву. Яна была прызнаная найлепшым будынкам 2016 году ў Лёндане. Прыходзяць людзі і фатаграфуюцца. Я сам вельмі люблю гэты будынак. Калі будзеце ў Лёндане, абавязкова заходзьце. Гэта першая драўляная царква ў Лёндане з часу вялікага пажару ў 1666 годзе».

«Мы ладзім Каляды і Купальле. Сёлета на Купальлі было вельмі шмат дзетак. Проста дзіцячы садок. Прыходзяць людзі, якія раней не прыходзілі».

«Мы маем дабрачынны траст беларусаў у Вялікай Брытаніі. У свой час людзі сабралі грошы, уклалі іх у маёмасьць, у акцыі. І мы спансаруем беларускія кнігі, адукацыю, падзеі. Зараз мы шмат грошай накіроўваем на разьвіцьцё нашай гаспадаркі там. Будуем дамы, разбудоўваемся, каб атрымаць болей грошай. Ідэя ў тым, што будзем зараз менш грошай накіроўваць на нашыя патрэбы ў Брытаніі, а больш на Беларусь. Зьвяртайцеся да нас. З радасьцю дапаможам».

«Апошні перапіс, праведзены ў 2011 годзе, паказаў, што ў Польшчы пражываюць 44 тысячы беларусаў і сярод іх толькі 38 тысячаў у Падляскім ваяводзтве. Гэта перапіс ня быў усеагульным і наагул быў на нашай тэрыторыі праведзены нячэсна. Але, безумоўна, беларусаў меншае. Ад старасьці вёска адмірае, а зь мястэчак людзі выяжджаюць у глыб Польшчы ці на Захад. За апошнюю чвэрць стагодзьдзя насельніцтва Гайнаўкі — аднаго з трох цэнтраў беларускіх у Польшчы — паменшала з 24 да 16 тысяч чалавек».

«Дзякуючы намаганьням бацькоў дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову, зьявілася пастаяннае навучаньне беларускай мовы, пачынаючы ад садку. Разам зь Міністэрствам нацыянальнай адукацыі была распрацаваная дзяржаўная стратэгія разьвіцьця беларускага школьніцтва. Беларуская мова стала дапаможнай у чатырох гмінах, зьявілася на дарожных паказальніках. Дзякуючы пабудове заводу IKEA ствараецца беларускі культурны цэнтар».

«Апошнія гады прынесьлі крыху аптымізму ў беларускі рух у Польшчы. Памалу, але ў гэты рух ізноў уваходзіць маладое пакаленьне. У Беластоку пасяляюцца крыху выхадцаў зь Беларусі, якія ўзмацняюць наш патэнцыял. Беларуская Беласточчына ўжо ніколі ня будзе адыгрываць такой ролі ў агульнанацыянальным жыцьці, як у 1990-я. Але ўсё ж такі будзе жыць».

«Я ня ведаю, як мы можам выхаваць новае пакаленьне, калі мая ўнучка Маша будзе вывучаць беларускую гісторыю на расейскай мове. Я ня ведаю, чаму мы не адзначылі ў сьнежні 2015 году стагодзьдзе беларускай школы. Што, у нас няма адпаведнага міністэрства? Што, у нас няма пэдагагічнага ўнівэрсытэту, які мог унесьці прапанову?. Чаму толькі 1 з 670 студэнтаў вывучае ўсе дысцыпліны па-беларуску?»

«Я пабываў у мінулую суботу ў Жораўцах у Асіповіцкім раёне, дзе адзначалася 156-гадовая гадавіна выдатнай беларускай патрыёткі Магдалены Радзівіл. Уявіце сабе, на беларускую справу яна аддала 50 кіляграмаў золата. Гэта больш за 2 мільёны даляраў. Без Магдалены Радзівіл не было б Беларусі. Яна спансаравала выданьне „Нашай Нівы“, друкарню Марціна Кухты. Давайце зробім канкрэтную справу. Няхай „Бацькаўшчына“ выступіць ініцыятарам мэмарыяльнай шыльды ў гонар выдатнай беларускі Магдалены Радзівіл».

«Я лічу, што прыйшоў час адзначыць на дзяржаўным узроўні ў 2018 годзе 100-годзьдзе БНР і БССР праз год. Ніякіх перашкодаў для гэтага я ня бачу. БНР і БССР — гэта справа аднаго кораня».

Радыё Свабода, 16 ліпеня 2017

Кoличество переходов на страницу: 762