За апошнія пару гадоў словы "лібералізацыя", "бізнэс", "прадпрымальніцтва", "інвестыцыі" сталі ўжывацца ў нашай краіне значна часцей, чым у папярэдні час. І, што самае важнае, пра такія істотныя для эканомікі паняцці пачалі гаварыць не толькі прадстаўнікі дзелавой супольнасці, але і беларускія чыноўнікі — прычым на ўсіх узроўнях улады. Безумоўна, працэсы лібералізацыі беларускай эканомікі немагчымыя без удзелу Міністэрства эканомікі, якому належыць вядучая роля ў фарміраванні эканамічнай палітыкі нашай краіны, таму сёння мы прапануем вашай увазе інтэрв`ю з міністрам эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалаем Снапковым, у якім мы паспрабуем высветліць сучасны стан эканомікі Беларусі, а таксама яе праблемы і задачы на бліжэйшую пяцігодку."У беларускай нацыі ёсць усе неабходныя якасці для таго, каб займацца прадпрымальніцтвам" — Напэўна, самым чаканым дакументам у 2010 годзе можна назваць Дырэктыву Прэзідэнта № 4, распрацоўка якой ідзе з красавіка гэтага года. Калі ласка, раскажыце, якім, на Вашу думку, павінен быць гэты дакумент і які імпульс ён павінен надаць развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы? У якім стане зараз знаходзіцца праект гэтага дакумента, ці актыўна ўдзельнічаюць дзелавыя колы ў яго распрацоўцы, ці ўсе прапановы бізнэс-супольнасці будуць улічаныя?— Сапраўды, сёння працягваецца праца над праектам Дырэктывы аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці. У яго распрацоўцы актыўны ўдзел прымаюць прадстаўнікі Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў", ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў", СЮА "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва", рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных ураду, Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў, абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, а таксама эксперты з асобных міжнародных арганізацый. Такім чынам, пры падрыхтоўцы такога важнага дакумента ўлічваюцца інтарэсы бізнэсу, працоўных, спажыўцоў, эканамічнай бяспекі дзяржавы. На сёння дакумент унесены ўрадам у Адміністрацыю Прэзідэнта, дзе праца над ім працягваецца да падпісання кіраўніком дзяржавы.
Мэтай дырэктывы як указа праграмнага характару з`яўляецца замацаванне ўмоў для раскрыцця прадпрымальніцкага патэнцыялу грамадзян Рэспублікі Беларусь як найбольш важнага фактару ўстойлівага развіцця краіны на сучасным этапе. Істотнае паляпшэнне ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці прадугледжвае прыняцце як стратэгічных рашэнняў, так і канкрэтных неадкладных мер, якія і ўключаны ў праект дырэктывы.
— Апошнія пару гадоў у нашай краіне ўзяты курс на лібералізацыю. Скажыце, як Вы ацэньваеце ўжо зробленыя крокі?— Праца па лібералізацыі ўмоў ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці пачалася ў 2008 годзе, калі ў мэтах падтрымкі рэальнага сектара эканомікі і захавання макраэканамічнай стабільнасці ўрадам прымаліся меры па мінімізацыі наступстваў сусветнага фінансавага крызісу. Разам з мерапрыемствамі па захаванні надзейнай працы банкаўскай сістэмы краіны, недапушчэнні падзення ліквіднасці банкаў, захаванні стабільнасці на дэпазітным і валютным рынках, скарачэнні дзяржаўных расходаў і памяншэнні дэфіцыту рэспубліканскага бюджэту, захаванні патэнцыялу прамысловага комплексу рэспублікі, падтрымцы канкурэнтаздольнасці беларускіх таваравытворцаў, захаванні тэмпаў росту экспарту і рэнтабельнасці рэалізаванай імі прадукцыі былі распрацаваныя дадатковыя меры, накіраваныя на стварэнне спрыяльнага дзелавога і інвестыцыйнага клімату, ліквідацыю залішняга ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць суб`ектаў гаспадарання, скасаванне неабгрунтаваных адміністратыўных бар`ераў. У выніку прынятых мераў былі, па-першае, спрошчаны парадак распараджэння дзяржаўнай маёмасцю, працэдура яго адчужэння, механізм уц ягвання маёмасці ў гаспадарчы абарот; па-другое, быў зроблены пераход на заяўляльны прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі суб`ектаў гаспадарання; па-трэцяе, комплексна ўрэгуляванае пытанне арэндных адносінаў у рэспубліцы; па-чацвёртае, прыняты шэраг мераў па ўдасканаленні падатковага заканадаўства; па-пятае, скарочана на 36% колькасць адміністратыўных і тэхнічных працэдур ад іх агульнай колькасці; па-шостае, была адменена рэгістрацыя цэн і тарыфаў на новыя тавары, работы і паслугі, скарочаны пералік тавараў і паслуг, у дачыненні да якіх ажыццяўляецца цэнавае рэгуляванне, пашыраны пералік тавараў, па якіх адмененыя абмежаванні па прымяненні гандлёвай і аптовай надбавак; па-сёмае, была спрошчана працэдура пераводу жылых памяшканняў, што знаходзяцца на першых паверхах шматкватэрных жылых дамоў, у нежылыя; па-восьмае, была створана празрыстая і няцяжкая для бізнэсу сістэма кантролю, якая ўлічвае ступень выконвання заканадаўства правяраемым суб`ектам, прадугледжаны двухгадовы мараторый на праверкі для нанава зарэгістраваных суб`ектаў гаспадарання; і, нарэшце, быў вызначаны парадак прадастаўлення суб`ектам малога прадпрымальніцтва фінансавых сродкаў на зваротнай або бязвыплатнай аснове, маёмасці на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу), уведзены новыя механізмы падтрымкі — ільготнае крэдытаванне і прадастаўленне гарантый па банкаўскіх крэдытах.
Урадам краіны таксама падрыхтаваны шэраг дакументаў, накіраваных на далейшае паляпшэнне ўмоў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, на стварэнне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату. У тым ліку гэта праекты адзінага пераліку (рэестру) адміністратыўных працэдур, Плана мерапрыемстваў на 2010-2011 гады па паляпшэнню ўмоў вядзення бізнэсу, плана прыватызацыі на 2011-2013 гады. Зараз таксама распрацоўваецца праект закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Ён замацуе пазіцыю дзяржавы наконт неабходнасці і прыярытэтнасці развіцця ўзаемавыгадных адносінаў з прыватным сектарам.
— Якой Вы бачыце ролю прадпрымальніцтва ў развіцці эканомікі і, у прыватнасці, — ролю малога і сярэдняга бізнэсу?— Як паказвае сусветны вопыт, асновай для эканамічнай дзейнасці краін з рыначнай сістэмай гаспадарання з`яўляецца малы і сярэдні бізнэс як найбольш масавая, дынамічная і гнуткая форма дзелавога жыцця. Менавіта ў сектары малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ствараецца і "цыркулюе" асноўная маса нацыянальных рэсурсаў, якія з`яўляюцца пажыўным асяроддзем для сярэдняга і буйнога бізнэсу. Пры гэтым буйны капітал у значнай ступені вызначае ўзровень навукова-тэхнічнага і вытворчага патэнцыялу развітых краін.
Адна з прычын паспяховага развіцця малога і сярэдняга бізнэсу ў краінах з развітай эканомікай заключаецца ў тым, што буйная вытворчасць не супрацьпастаўляецца дробнай. Калі буйныя формы прадпрымальніцтва садзейнічаюць павышэнню агульнагаспадарчай эфектыўнасці за кошт эканоміі на маштабах дзейнасці, то малыя надаюць гаспадарцы гнуткасць, мабільнасць, здольнасць да хуткіх структурных і тэхналагічных зменаў.
Далейшае правядзенне лібералізацыі эканомікі будзе садзейнічаць таму, каб вядучая роля паступова пераходзіла да прыватнага сектара. Згодна з прагнозам Міністэрства эканомікі, доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў аб`ёме ВУП павінна ўзрасці з 18,8% у 2009 годзе да 30% у канцы 2015 года. Кольскасць суб`ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку і індывідуальных прадпрымальнікаў, у разліку на тысячу чалавек у рэспубліцы павялічыцца з 32 да 42 суб`ектаў. Колькасць занятых у сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва таксама вырасце — з 26,6% да 44% ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.
— У кантэксце папярэдняга пытання — якую ролю павінны выконваць індывідуальныя прадпрымальнікі і, на Вашу думку, ці існуе патрэба вярнуць ім права наймаць не толькі сваіх родзічаў?— Пытанне аб адмене абмежавання колькасці наёмных працаўнікоў у індывідуальных прадпрымальнікаў выклікала разыходжанні меркаванняў як у органах дзяржаўнага кіравання, так і ў прадпрымальніцкім асяродку. З аднаго боку, прадстаўленне магчымасці прыцягнення індывідуальнымі прадпрымальнікамі наёмных працаўнікоў не толькі з членаў сям`і і блізкіх родзічаў забяспечыць вывад значнай часткі грамадзян з ценявой эканомікі, працаўладкаванне зарэгістраваных на біржы ў якасці беспрацоўных, і, адпаведна, забяспечыць дадатковыя паступленні ў бюджэт за кошт даплаты адзінага падатку па прыцягнутых індывідуальнымі прадпрымальнікамі фізічных асобах. Па папярэдніх падліках — гэта больш за 450 мільярдаў рублёў. Але калі паглядзець з іншага боку, такая мера створыць няроўныя канкурэнтныя ўмовы для індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць аналагічныя віды дзейнасці. Я лічу, што паляпшэнне ўмоў для стварэння і фукцыянавання суб`ектаў прадпрымальніцтва павінна садзейнічаць таму, каб бізнэс па меры назапашвання капіталу імкнуўся да пашырэння сваёй дзейнасці, пераходзячы да арганізацыйна-прававых формаў ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці — ПУП, ААТ, ТДА і іншых.
— Мікалай Генадзьевіч, а як Вы лічыце — ці ёсць у беларусаў наогул схільнасць для прадпрымальніцтва?— Прадпрымальніцтва — гэта перш за ўсё магчымасць выбару сферы дзейнасці ў адпаведнасці з індывідуальнымі рысамі характару і здольнасцямі, гэта імкненне да незалежнасці, жаданне мець упэўненасць у выніковасці ўласнай дзейнасці, і, безумоўна, — вялізная праца і рызыка. А прадпрымальнік — гэта чалавек ініцыятыўны, энергічны, з развітай інтуіцыяй, стрэсаўстойлівы, смелы і гатовы да рызыкі. На мой погляд, у беларускай нацыі ёсць усе неабходныя якасці для занятку гэтым відам дзейнасці. Пацвярджэннем таму служыць штогадовае павелічэнне колькасці ахвотных стварыць свой бізнэс: напрыклад, колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў па звестках на 1 лістапада 2010 года склала 233 009 чалавек, што больш на 13 006 чалавек, чым было 1 лістапада 2009 года (на 5,9%), а колькасць суб`ектаў малога прадпрымальніцтва (юрыдычных асоб) склала на 1 лістапада 2010 года 85 324, што больш на 7 397 у параўнанні з 1 лістапада 2009 года (рост на 9,5%).
— З улікам пераходу да свабоднага цэнаўтварэння ці існуе неабходнасць яшчэ больш узмацніць пазіцыі антыманапольных органаў? Ці ёсць патрэба ў стварэнні асобнага моцнага органа, які б займаўся толькі пытаннямі антыманапольнага рэгулявання?— Ва ўмовах лібералізацыі эканомікі і скарачэння цэнавага рэгулявання прыярытэтам з`яўляецца антыманапольнае рэгуляванне, якое з`яўляецца больш прагрэсіўным рыначным метадам дзяржаўнага ўздзеяння. У сувязі з гэтым урадам Беларусі ажыццяўляюцца меры, накіраваныя на падтрыманне добрасумленнай канкурэнцыі і ўдасканаленне антыманапольнага рэгулявання. 16 студзеня 2010 года набыў моц Указ Прэзідэнта "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні антыманапольнага рэгулявання і развіццю канкурэнцыі" № 499 ад 13 лістапада 2010 года. Ён накіраваны на забеспячэнне ўмоў для развіцця добрасумленнай канкурэнцыі, для стварэння і эфектыўнага функцыянавання таварных рынкаў. Гэты дакумент дазваляе пашырыць правы антыманапольнага органа ў частцы магчымасці прымянення дзейсных мераў, накіраваных на спыненне манапольных дзеянняў органаў кіравання і юрыдычных асоб, якія прыводзяць да абмежавання ці знішчэння канкурэнцыі праз парушэнне правоў іншых суб`ектаў гаспадарання на свабодную канкурэнцыю. Таксама Указ спрашчае адміністрацыйныя працэдуры антыманапольнага кантролю за эканамічнай канцэнтрацыяй.
11 сакавіка 2010 быў падпісаны Указ Прэзідэнта № 149 "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў ва ўказы Прэзідэнта ад 19 мая 1999 года № 285 і ад 23 кастрычніка 2006 года № 631". Гэтым дакументам прадугледжана выдзяленне ўпраўленняў антыманапольнай і цэнавай палітыкі ў самастойныя структурныя падраздзяленні аблвыканкамаў. Прыняцце гэтага Указа дазволіла забяспечыць умовы для развіцця добрасумленнай канкурэнцыі, эфектыўнага функцыянавання мясцовых таварных рынкаў. Упраўленні атрымалі магчымасць ажыццяўляць дзейсную абарону ўнутранага рынку рэспублікі ад нядобрасумленнай канкурэнцыі ва ўсіх яе праявах, у тым ліку праз прыняцце адпаведных папераджальных, арганізацыйных, антыманапольных мераў.
У бліжэйшы час, у сувязі з фарміраваннем прававой базы адзінай эканамічнай прасторы ЕўрАзЭС, нацыянальнае заканадаўства ў галіне канкурэнтнай палітыкі падлягае гарманізацыі, у тым ліку і ў частцы наяўнасці адпаведнага нацыянальнага органа дзяржаўнай ўлады. У яго кампетэнцыю ўваходзіць рэалізацыя антыманапольнай (канкурэнтнай) палітыкі, што мае на ўвазе, акрамя іншага, і надзяленне такога органа паўнамоцтвамі па кантролю за выкананнем забароны на антыканкурэнтныя дзеянні, забароны на нядобрасумленную канкурэнцыю, кантролю за эканамічнай канцэнтрацыяй, а таксама паўнамоцтвы па прадухіленні і выяўленні парушэнняў канкурэнтнага (антыманапольнага) заканадаўства, па прыняцці мераў для спынення гэтых парушэнняў і для прыцягнення да адказнасці за іх.
— Як Беларусь пераадолела крызіс? Які стан рэчаў на сёння ў эканоміцы? З якімі паказчыкамі мы выйдзем на канец года?
— Найбольш вострая фаза крызісу запатрабавала прыцягнуць знешнія рэсурсы. Было заключана пагадненне аб праграме стэнд-бай з МВФ, для чаго спатрэбілася прыняць шэраг мераў па ўзмацненні жорсткасці грашова-крэдытнай палітыкі і па абмежаванні бюджэтнага фінансавання інвестыцый. Безумоўна, гэта дало стрымліваючы эфект для развіцця эканомікі. Аднак пры стабілізацыі сітуацыі былі прынятыя меры па змякчэнні ціску на рэальны сектар эканомікі і валютны рынак, а таксама праз гэта і на сацыяльную атмасферу ў краіне. Ва ўмовах абмежаванасці попыту на знешніх рынках праз рэалізацыю дзяржаўных праграм было зроблена стымуляванне ўнутранага попыту, што, у канчатковым выніку, дазволіла нейтралізаваць рэцэсію. Такім чынам, пачынаючы з 4 квартала 2009 года, мы маем устойлівую дынаміку аднаўлення тэмпаў росту ў большасці сектараў эканомікі. Па выніках студзеня—кастрычніка Беларусь з`яўляецца адным з лідараў па тэмпах эканамічнага росту — 106,8%.
Але хацелася б утрымацца ад канчатковых высноў пра тое, што сёння ўсе наступствы крызісу пераадоленыя. Яшчэ існуе адставанне тэмпаў эканамічнага росту ад прагнозных паказчыкаў, што звязана з недастаткова хуткім аднаўленнем эканомік асноўных гандлёвых краін-партнёраў.
Пры гэтым на фоне ўзмацнення пазітыўных тэндэнцый у эканоміцы і фінансавай сферы зніжаецца агульны ўзровень працэнтных ставак для павышэння даступнасці крэдытных рэсурсаў пры захаванні магчымасці забеспячэння прывабнасці дэпазітаў у банках. З пачатку 2010 года Нацыянальны банк 6 разоў ажыццяўляў зніжэнне стаўкі рэфінансавання па 0,5 працэнтных пункта — на сёння яе ўзровень складае 10,5% гадавых.
У гэтым годзе адзначаецца паступовае паляпшэнне якасных параметраў працы прамысловага комплексу краіны: расце рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі (з 3,8 % у студзені да 10% у верасні), назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя росту вытворчасці новай прадукцыі (з 16,8% у студзені да 20,1% у кастрычніку), зніжаецца доля стратных арганізацый (з 23,9% да 18,2% у верасні).
Індыкатарам аднаўлення кан`юнктуры рынку з`яўляюцца паказчыкі знешняй эканамічнай дзейнасці. За студзень-верасень 2010 года аб`ём знешняга гандлю таварамі прырос на 18,4 %. На экспарт мы паставілі нашых тавараў на 16,8 % больш, чым за гэты ж перыяд 2009 года. У Расійскую Федэрацыю, на долю якой прыходзіцца 40% агульнага аб`ёму экспарту, экспарт беларускіх тавараў за студзень-верасень 2010 года вырас на 48,6%.
На 2010 год быў запланаваны рост ВУП у памеры 111-113%. Гэта напружаны паказчык, але ўрад прымае ўсе намаганні па яго дасягненні.
У цэлым жа можна казаць, што наступствы сусветнага фінансавага крызісу пераадольваюцца паспяхова, што эканоміка вярнулася на шлях дынамічнага развіцця. У першую чаргу гэта знайшло адлюстраванне ў магчымасці значна павысіць узровень зарплаты ў гэтым годзе, забяспечыць высокія ў параўнанні з іншымі краінамі тэмпы росту прамысловасці, паскорыць інвестыцыйны працэс.
— Якія праблемы найбольш востра стаяць перад беларусамі і нашай эканомікай, як будзе развівацца наша краіна ў бліжэйшую пяцігодку, якія пастаўлены задачы?— Згодна з апошнімі звесткамі Праграмы развіцця ААН па абагульняючым паказчыку ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця краін — індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу — Рэспубліка Беларусь перасунулася на 61 месца з 68-га па выніках мінулага года, апярэдзіўшы пры гэтым усе краіны СНД, і ўвайшла ў групу краін з высокім узроўнем развіцця чалавечага патэнцыялу.
Разам з тым падчас рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь у прайшоўшай пяцігодцы не ўдалося ў поўнай меры вырашыць шэраг праблем, якія аказваюць стрымліваючы ўплыў на дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. Захавалася недастаткова эфектыўная структура эканомікі, якая выражаецца ў высокіх імпартаёмістасці, матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі, адносна нізкай прадукцыйнасці працы і, як вынік, недастатковай канкурэнтаздольнасці прадукцыі айчыннай вытворчасці. Зніжалася эфектыўнасць інвестыцый, і маруднымі тэмпамі павялічваўся аб`ём прыцягнення ў эканоміку прамых замежных інвестыцый. Слабай аказалася ўспрымальнасць прадпрыемстваў і арганізацый да інавацый. Па-ранейшаму назіралася незбалансаванасць са знешнім гандлем. Дзяржаўная палітыка сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады грунтуецца на прынцыпах пераемнасці і прыярытэтаў, якія былі сфармуляваныя і рэалізоўваліся ў папярэднія гады, і будзе накіраваная на вырашэнне названых вышэй праблем і пераадоленне абмежаванняў эканамічнага росту, што дазволіць забяспечыць устойлівыя тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і істотнае павышэнне ўзроўню дабрабыту насельніцтва ў сярэднетэрміновай перспектыве.
Для дынамічнага развіцця патрабуецца больш актыўнае ўдасканаленне і мадэрнізацыя існуючых арганізацыйна-эканамічных механізмаў і інстытутаў, якія дазволяць павысіць эфектыўнасць, устойлівасць і канкурэнтаздольнасць існуючай мадэлі развіцця Рэспублікі Беларусь. Асноўныя напрамкі ўдасканалення прадугледжваюць фарміраванне нацыянальнай інавацыйнай сістэмы, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і павелічэння прытоку інвестыцый у эканоміку, развіцця дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў мэтах забеспячэння ўстойлівасці дзяржаўнай фінансавай сістэмы, пашырэнне самастойнасці і адказнасці рэгіянальных і мясцовых органаў кіравання ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем.
— Вы шмат сустракаецеся з замежнымі партнёрамі і калегамі. Калі ласка, падзяліцеся сваімі ўражаннямі ад гэтых сустрэч, які імідж мае наша краіна ў вачах замежных чыноўнікаў і бізнэсменаў, наколькі яны гатовыя супрацоўнічаць з Беларуссю?— Так, вы маеце рацыю — мне даводзіцца сустракацца як з кіраўнікамі дыпламатычных прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Рэспубліцы Беларусь, кіраўнікамі эканамічных ведамстваў замежных дзяржаў, так і з прадстаўнікамі дзелавых колаў. Бо наша краіна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і са многімі еўрапейскімі краінамі нас звязвае не толькі геаграфія, але і эканоміка, гісторыя, культура. Магу канстатаваць, што інтарэс нашых замежных партнёраў да працэсаў, што адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь, значна вырас. Замежных партнёраў цікавяць перш за ўсё пытанні прыватызацыі, інвестыцыйнага клімату, шмат пытанняў адносна ўдзелу Беларусі ў Мытным саюзе, пра тое, што яшчэ плануецца зрабіць па далейшай лібералізацыі нашай эканомікі. У апошнія гады ўстойлівы і выніковы характар набыло супрацоўніцтва Беларусі з міжнароднымі фінансавымі інстытутамі: Міжнародным валютным фондам, Сусветным банкам, Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця.
Што датычыцца гатоўнасці замежных партнёраў супрацоўнічаць з Беларуссю, то я хачу прывесці некаторыя прыклады. У 2009 годзе аб`ём замежных інвестыцый, што паступілі ў эканоміку Беларусі, у параўнанні з 2008 годам вырас на 42,6 %, а аб`ём прамых замежных інвестыцый — у два разы. У красавіку гэтага года завершаная праграма фінансавай падтрымкі МВФ "стэнд-бай" у памеры каля 3,5 мільярда долараў, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця павялічыў аб`ём крэдытных рэсурсаў на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў рэспублікі. Таксама ў падтрымку намаганняў урада Сусветным банкам была прадстаўлена пазыка на мэты развіцця. У практычную плоскасць пераведзены працэс прыцягнення ў беларускую эканоміку крэдытна-інавацыйных рэсурсаў Еўрасаюза. Мы ўдзельнічаем у шматбаковым фармаце ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства" па лініі ўсіх яе чатырох платформаў. Актыўна прасоўваюцца галіновыя дыялогі з Еўракамісіяй у сферах энергетыкі, транспарту, экалогіі, мытні, сельскай гаспадаркі, стандартызацыі, эканомікі і фінансаў. Былі падпісаныя і набылі моц шэраг дамоў з ЕС, якія рэгулююць адносіны ў сферы тэхнічнай дапамогі.
Павел Бераснеў.
Звязда, 23 лістапада 2010
Ссылка на источник:
Iнтэрв`ю Звязды з міністрам эканомікі Рэспублікі Беларусь Мікалаем Снапковым