— Так, ціха! Тут ужо нядаўна дваіх такіх расстралялі! — зарыпеў раз`юшаны памежнік.
Ён паабяцаў выпусціць нас, калі мы адкупімся. Нас было сямёра. Сямёра маладых жанчын, ад якіх патрабавалі адкупіцца ўласным целам... Памежнікаў было пяць. Але нам, што б там ні было, трэба было трапіць дадому! Нас там чакалі з нашай кантрабандай на вагу золата: лекамі, якіх на нашым баку было не дастаць; спіртам; дарагой жаночай парфумай, якая карысталася надзвычайным попытам і якую можна было няблага "загнаць" заможным савецкім кабетам; смочкамі для немаўлятак — гэта сапраўдны "рарытэт" у нас (бедныя дзеткі, што ім толькі ў рот ні пхаюць замест нармальных цывілізаваных смочак: і сала, і моркву, і марлю з пладовым пюрэ...).
Так, калі паехала на экскурсію
"Шляхамі кантрабандыстаў", арганізаваную ваенна-гістарычным клубам
"Княжы Гуф" , я паставіла сябе на месца жанчыны, якая ў 1920-ыя гг. у Беларусі рэальна магла трапіць у такую сітуацыю. І жанчыны-кантрабандысткі тады насамрэч былі ў тыя страшныя часы... У ваколіцах Ракава існавала нават цэлая банда такіх кантрабандыстак пад непрыгожай і невыпадковай назвай "Дзіркі". Мы начутыя пра адэскіх кантрабандыстаў і аферыстаў: Соньку Залатую Ручку, Беню Крыка, "япончыкаў", але мы нічога не ведаем пра беларускіх кантрабандыстаў і, наогул, пра цьмяны і неадназначны пачатак ХХ стагоддзя ў Беларусі.
А Беларусі тады было дзве — Заходняя і Усходняя. І кантрабандны рух перажываў свой росквіт і ўздым. Гэта якраз той бок беларускай гісторыі, пра які не прачытаеш падрабязна ў школьных падручніках ды і мала хто пра яго раскажа цяпер. Як мы памятаем, паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 года нашу краіну, якая для ўсіх была проста разменнай манетай, не інакш, бязлітасна падзялілі на дзве часткі. Усходняя Беларусь дасталася "саветам", Заходняя Беларусь — палякам. Падзялілі адзін народ: раздзялілі бацькоў з дзецьмі, братоў з сёстрамі, мужоў з жонкамі. І па розныя бакі некалі адной этнічнай тэрыторыі жыццё было розным. Заходняя Беларусь, альбо "крэсы ўсходнія", развівалася ў кантэксце буржуазнай Польшчы, дзе насельніцтва магло мець гаспадарку, зямлю, але платай за гэта была паступовая страта нацыянальнай самабытнасці. На савецкім баку з эканомікай усё было значна складаней: харчразвёрстка, калектывізацыя, неўраджаі. Больш працавітыя і заможныя рызыкавалі быць раскулачанымі і сасланымі ў Сібір.
Гэта няпростае жыццё і паслужыла добрай глебай для ўзнікнення кантрабандыстаў. У іх ішлі пераважна прадстаўнікі этнічнага насельніцтва, якім немагчыма было ў тагачасных умовах займацца гаспадаркай, якіх не прызначалі на адміністрацыйныя пасады. Эпіцэнтрамі кантрабанднага руху былі тры гарады: Ракаў, Валожын, Лоск, якія знаходзіліся на мяжы Усходняй і Заходняй Беларусі. Бадай усё насельніцтва гэтых гарадоў і ваколіцаў займалася кантрабандай. Раней гэта былі досыць буйныя і шумныя мястэчкі, але сёння яны страцілі сваю веліч і значнасць.
Кантрабанда была выдатным спосабам зарабіць хутка і шмат. Але гэта быў надзвычайна небяспечны спосаб.
— Прыбытак ад аднаго кантрабанднага паходу складаў 300-400%, — прыадкрывае таямніцы невядомай беларускай гісторыі экскурсавод Зміцер Старожыцкі. — За адзін пераход кантрабандыст выручаў 15-20 рублёў золатам, а добры наган тады можна было прыдбаць за 10-15 рублёў. Літаральна за два паходы можна было зарабіць столькі, каб потым цэлы год не працаваць.
Была і свая рамантыка ў жыцці кантрабандыстаў, якую так сакавіта апісалі савецкія пісьменнікі Ісаак Бабель, І. Ільф і Я. Пятроў і беларускі пісьменнік і самы вядомы беларускі кантрабандыст Сяржук Пясецкі.
— Кантрабандысты ўтваралі своеасаблівы клас, — распавядае Зміцер. — Яны жылі па сваіх законах, па сваёй маралі. Часта гэта былі вельмі смелыя і высакародныя людзі, якія пераходзілі праз мяжу нават без тавару, каб сустрэцца са сваёй каханкай.
Яны былі сапраўднымі "каралямі мяжы і багамі ночы", як назваў іх Пясецкі. Яны, як кажаны, працавалі выключна па начах, а ўдзень адсыпаліся, адпачывалі.
Пра тое, наколькі няпроста было жыць людзям ва Ўсходняй Беларусі, паведаміў чалавек, сваякі якога ў тыя часы жылі ў Заходняй Беларусі. Прапаганда “саветаў” тады працавала выдатна, і трубіла паўсюль, наколькі добра жыць у СССР... Наслухаўшыся гэтай прапаганды, муж з жонкай вырашылі перайсці мяжу і ўладкавацца ва Ўсходняй Беларусі. На мяжы працаваў нейкі іх сваяк, якога ім пашчасціла сустрэць. Ён сказаў ім: “Куды вы прыехалі! А ну марш дадому!”, даў вялікі хабар і адправіў іх назад у Заходнюю Беларусь.
Быў вельмі забаўны выпадак, калі конны атрад затрымаў 18-гадовага кантрабандыста на тэрыторыі Мінска. Юнака прымусілі распранацца. І калі пабачылі, што ў яго пад вопраткай – ледзь ні паваліліся са смеху! Кантрабандыст быў увесь з ног да галавы абвешаны смактункамі! Смешна, але з адной соскі прыбытку было каля 500%! На тэрыторыі Усходняй Белаурсі, куды нёс смактункі малады кантрабандыст, прамысловасць яшчэ не навучылася вырабляць лёгкую гуму, і смактункі былі вялікім дэфіцытам. Карацей, чырвонаармейцы пасмяяліся-пасмяяліся, і адпусцілі юнака са словамі: “Няхай будуць соскі “камунарам”!
Самым спрыяльным часам для пераходу мяжы лічылася восень, вясна альбо зіма. Пажадана, каб была моцная завіруха, дождж, пахмурнае надвор`е, ноч. У дрэнных метэаралагічных умовах памежнікам было складаней пачуць трэск галінак альбо тупат ног кантрабандыстаў, было складаней заўважыць іх у гушчары лесу. Калі зусім нічога не было відаць з-за туману альбо завірухі, то кантрабандысты хадзілі з вяроўкамі: абвязваліся імі і шлі ланцужком, каб не згубіцца. І перамаўляліся, тузаючы за вяровачку. Яны прымалі шмат дадатковых мераў, каб застацца-такі незаўважанымі. Напрыклад, калі ўжо надта карцела паліць, то рабілі гэта выключна ў рукаў, каб не выдаваў агеньчык ад цыгарэты. Асабліва нахабныя і смелыя кантрабандысты вазілі кантрабанду вазамі: перавязвалі колы воза вяроўкамі, каб не грымелі; бралі ціхага паслухмянага каня, каб не ржаў. Яны пераадольвалі вялікія прыродныя перашкоды, праходзілі даўжэзныя адлегласці дзеля прыбытку, дзеля рамантыкі і экстрыму, які быў неабходны ім пастаянна, як добраму спартсмену нагрузка на мышцы.
— Тавар пераносілі самы разнастайны, — распавядае Зміцер. — З Усходу неслі спірт, з Захаду — больш высакародныя дарагія напоі (каньяк, джын, віскі), пераносілі цыгарэты, расчоскі, шчоткі, шчаціну, скуру, вялікім попытам карысталася жаночая парфума.
Але калі памежнікі альбо надзвычайныя службы, якія займаліся адсочваннем кантрабандыстаў, усё ж затрымлівалі "экстрэмалаў", то гэта магло скончыцца па-рознаму. Далей дзеянне магло разварочвацца па трох сцэнарах: расстрэл (на месцы), турма, дараванне свабоды. Бывалыя кантрабандысты пры магчымасці выбару раілі здавацца польскаму боку, які лічыўся больш літасцівым. Польскім памежнікам можна было даць хабар, каб адпусцілі. У найгоршым выпадку палякі саджалі ў турму (часцей за ўсё — у навагрудскую) на тры-чатыры тыдні.
Усе памежнікі вельмі не любілі ўзброеных кантрабандыстаў. А савецкія ў такіх наогул стралялі без папярэджання. Кантрабандысты хадзілі часцей за ўсё групамі па 5-7 чалавек, вельмі рэдка па адным. І калі памежнікі іх заўважалі і пачыналі пераследаваць, то групы рассыпаліся (гэта называлася "адкат") па адным чалавеку, і ўсе беглі хто куды, каб складаней было ўсіх адразу злавіць. Кантрабандысты пераносілі на сабе вялікую колькасць тавару на спецыяльных "ношках", якія шыліся з тканіны для кожнага кантрабандыста. "Ношкі" апраналіся на цела пад вопратку, на іх цягавіты кантрабандыст мог пераносіць да 50 кг тавару! Пагадзіцеся, уцякаць з такім цяжарам складана. Таму калі ўцякаць даводзілася, то часта тавар скідалі з сябе і беглі.
Але тут была вось якая небяспека: калі на савецкай мяжы кантрабандыста заўважаць без ношы ды яшчэ і са зброяй, то адназначна палічаць яго за шпіёна і расстраляюць на месцы. Вось і выбірай... А калі кантрабандысту ўсё ж пашчасціць, кінуўшы ношу, уцячы ад памежнікаў, то за страту ношы ён мусіць заплаціць штраф гандляру, які забяспечыў яго кантрабандным таварам.
— Кантрабандысты былі розныя. Акрамя тых, хто пераносіў тавар, былі тыя, хто нелегальна перапраўляў людзей праз мяжу, — гаворыць Зміцер. — Людзей, якіх перапраўлялі, называлі фігуркамі. Былі яшчэ і антыкантрабандысты. Яны падпільноўвалі кантрабандыстаў на мяжы, разбівалі групы і адбіралі тавар, каб самім атрымаць ад яго прыбытак.
...Нарэшце нашай экскурсійнай групе выдалі замежныя пашпарты. Як-ніяк перасякаем мяжу Усходняй Беларусі, накіроўваемся ў Заходнюю. Так-так, вось такое кантрабандысцкае падарожжа ў часе! Па праўдзе, адчуванне было нейкае незвычайнае: быццам перажываеш рэінкарнацыю. Няякасная ксеракопія замежнага пашпарта ўзору 1920-х гг. З ёю я, грамадзянка БССР 1887 года нараджэння, накіроўваюся за межы СССР, каб наведаць хворую бабулю... "Дакуменцікі не забываем!" — гаворыць "польскі памежнік", выводзячы "падазроных падарожнікаў" на вобыск. І ўсе экскурсанты хапаюцца за свой зампашпарт, быццам гэта зашмальцаваная сіне-ружовая раздрукоўка неяк ім дапаможа, растлумачыць нейкую памылку, выратуе жыццё. Вось яно — поўнае пагружэнне ў гісторыю! Гэткі касцюмаваны экстрым для неардынарных турыстаў: наганы, памежнікі, дакументы для выезду з Савецкага Саюза, транспарт пачатку мінулага стагоддзя і сялянскія сядзібы замест пяцізоркавых гатэляў. Рэаліці-шоу па-беларуску.
Польскі памежнік нас усіх адпусціў, але адзін асабліва падазроны тып, які падарожнічаў з намі, так і застаўся на беларуска-польскай мяжы ўзору 1920-х... На выпадак, калі вы таксама паедзеце шляхамі кантрабандыстаў, не буду распавядаць, што было з ім далей...
Вольга Чайкоўская
ЗвяздаСсылка на источник:
Каралеўна мяжы і багіня ночы, альбо кантрабанднае Рэаліці-шоу