У пабудове Сусвету існуе безліч самых розных таямніц. Але бадай што адной з найбольш загадкавых і прыцягальных была і застаецца таямніца нараджэння чалавека. Народныя звычаі, абрады, рытуалы, вусна-паэтычныя творы, павер`і і прыкметы, звязаныя з нараджэннем чалавека, надзвычай багатыя і разнастайныя. Яны з`яўляюцца працягам і арганічнай складанай часткай усёй светапогляднай сістэмы нашага народа.
Нараджэнне — гэта прынцыпова важная мяжа паміж працяглым і адказным дародавым перыядам і часам (наканаваным лёсам) далейшага зямнога існавання. Але гэтыя два этапы ў жыцці чалавека цесна ўзаемазвязаныя. Лічыцца, што эмбрыянальнае жыццё (псіхічны або фізічны стан маці, яе духоўная моц або душэўны неспакой, харчаванне, паводзіны, кантакты з рознымі людзьмі) у значнай ступені праграмуе і прадвызначае наш зямны шлях.
У асяроддзі беларусаў існавала перакананасць, што першае дзіця абавязкова народзіцца мёртвым у той пары, у дзень вяселля якой паміраў нехта з аднавяскоўцаў, або па дарозе з храма іх вясельны картэж сустрэў пахавальную працэсію.
Шматвяковы вопыт народных лекараў і бабак-павітух, які трымаўся на назіраннях, прыкметах, павер`ях, пераконвае, што складанымі роды былі ў тых выпадках, калі пра іх даведваўся хто-небудзь з аднавяскоўцаў, асабліва жанчына. Успамінаючы імя парадзіхі, яна магла кепскімі словамі сурочыць яе (як адвольна, так і мэтанакіравана), а яшчэ горш рознымі чарадзейнымі дзеяннямі наслаць бяду або нават смерць на парадзіху або дзіця. Таму ў многіх вёсках існавала традыцыя трымаць наступленне родаў у вялікім сакрэце.
Пакуль жонка збіралася пераходзіць у якую-небудзь з гаспадарчых пабудоў, муж хуценька спяшаўся да бабкі-павітухі, не забыўшыся прыхапіць з сабою акраец хлеба, пасыпаны соллю і загорнуты ў спецыяльны ручнік. Пастукаўшы ў дзверы і паклікаўшы бабку на парог, ён шаптаў ёй на вуха: "Хадзі, бабулечка, да нас. Нешта з нашай маладухай няладнае робіцца"...
Аксана Катовіч, Янка Крук
ЗвяздаСсылка на источник:
Тайна нараджэння