19-гадовы юнак з расійскай Тулы Алесь Арцёмаў сам вывучыў беларускую мову і піша вершы, развіваючы паэтычныя традыцыі Максіма Багдановіча
Алесь незвычайны чалавек па некалькіх прычынах.
Па-першае, аднойчы ён сам проста зацікавіўся беларускай культурай, сам вывучыў нашу мову і цяпер не толькі свабодна размаўляе на ёй, але і займаецца літаратурнай творчасцю. Што, зрэшты, не перашкаджае яму быць "камп`ютарным геніем і маньякам".
Па-другое, ён, папросту кажучы, тэхнар — вучыцца ў Тульскім дзяржаўным універсітэце на інжынера-сістэматэхніка. Але Алесь не просты тэхнар, а рускі тэхнар, які страшэнна цікавіцца беларускай (і не толькі, вядома) літаратурай.
Па-трэцяе, Алесь тэхнар, які піша цудоўныя вершы на розных мовах, вельмі сталыя і пранікнёныя, нехарактэрныя для свайго ўзросту (акурат як Багдановіч!); займаецца літаратурнымі перакладамі з англійскай і рускай на беларускую; сябруе з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі, друкуецца ў беларускіх выданнях, чытае нашы часопісы і газеты (у тым ліку і "Звязду!"), перамог у шэрагу розных літаратурных конкурсаў і піша артыкулы для беларускай Вікіпедыі.
Нягледзячы на сваю апантанасць беларушчынай, Арцём ні разу яшчэ не быў у Беларусі. Але вельмі марыць. І калі б з`явілася магчымасць пераехаць да нас і стаць беларускамоўным камп`ютаршчыкам з мноствам літаратурных хобі, то ён з асалодаю пагадзіўся б і нават перавёз з сабой бацькоў.
Алесь — гэта надзея Беларусі. Так, менавіта надзея (кожны хай напоўніць яе сваім зместам і сэнсам). Надзея, без перабольшванняў і пафасу. Бо хіба гэта не цуд, не дзіва, не падарунак лёсу і не сведчанне таго, што беларуская культура ўнікальная, цікавая і не горшая за іншыя, калі нейкі абсалютна старонні чалавек зацікавіўся нашай сціплай і багатай, напаўстрачанай і сучаснай, мілагучнай і кідкай мовай і літаратурай! Мне здаецца, што гэта выдатны стымул і прыклад для беларусаў: калі ўжо рускія пачынаюць размаўляць па-беларуску, дык і нам трэба неяк не адставаць! Згодныя?!
Мы з Алесем пазнаёміліся праз агульных сяброў у інтэрнэце. Кіберпрастора — страшэнная сіла, але яна цалкам падпарадкоўваецца агульнавядомай мудрасці, якая мае шмат фармулёвак, але гучыць прыблізна так: "Свет маленькі, сустрэнемся за паваротам!". У інтэрнэце таксама ўсе шчыльна звязаны. Так і я аказалася звязанай з Алесем. Мы "сябруем" у сацыяльных сетках і перапісваемся ў папулярным ЖЖ (Жывым Журнале — Lіvе Jоurnаl, адным з самых папулярных бясплатных інтэрнэт-сэрвісаў для дзённікаў і блогаў. Многія пісьменнікі па ўсім свеце маюць свой "жывы блог").
Алесь жыве і вучыцца ў Туле (Расія, Маскоўская вобл.), а я жыву і працую ў Мінску. Таму для камунікацыі, як і для знаёмства, мы вырашылі скарыстаць інтэрнэт: цягам некалькіх доўгіх гадзін Алесь упарта напружваў памяць, узгадваючы матывы, якія ім кіравалі, калі ён "захварэў" на беларушчыну. Адным словам, мы перапісваліся он-лайн. Скажу вам шчыра, браць інтэрв`ю у пісьмовай форме вельмі складана. Бо, пагадзіцеся, калі размаўляеш з чалавекам ужывую, то размова больш нязмушаная, думкі цякуць павольней і ёсць магчымасць адчуваць і асэнсоўваць не толькі сэнс сказаных суразмоўцам словаў, але і вывучаць яго вонкава: манеры, жэсты, міміку, хуткасць рэагавання на пытанні. Інтэрв`ю-перапіска больш безаблічная, абагульненая. Хоць ёсць у перапісках і сваё хараство: адказы, як, зрэшты, і пытанні, больш дакладныя, канкрэтныя і прадуманыя. Эмацыйна такое інтэрв`ю не менш насычанае, чым рэальнае, бо існуе безліч смайлікаў і іншых сродкаў інтэрнэт-камунікацыі, якія ствараюць "эфект прысутнасці" суразмоўцы побач з табой.
Наша з Алесем перапіска атрымалася вельмі жывой, шчырай, адвольнай і забаўнай. І нават здолела раскрыць многія Алесевы чыста чалавечыя якасці: шыкоўнае пачуццё гумару, эрудзіраванасць, тактоўнасць, неабыякавасць.
Таму дзялюся з вамі бадай "сакрэтнымі матэрыяламі" — у крыху адрэдагаванай для друку форме.
ВЧ: — Алесь, калі і чаму ты пачаў цікавіцца і вывучаць беларускую культуру і мову?
АА: — Калі мне было гадоў 6-7, я ездзіў з бацькамі ў Крым. Час тады быў "вясёлы" — да поўнага знікнення грошай у кішэнях (дзякуючы моцнай хвалі дэвальвацыі) засталося зусім няшмат часу, адпачывальнікаў яшчэ было багата, вечарам у спёку (градусаў 30, але ўдзень да 50 было) народ масава пагрымваў касцьмі пад хіт "Хлопчык хоча ў Тамбоў" і, натуральна, завязваліся знаёмствы і сярод дзяцей, і сярод дарослых. І так выходзіла, што асноўным сродкам камунікацыі стаў суржык (сумесь украінскай і рускай моў кшталту беларускай трасянкі). Да таго ж, тады якраз працягвалася спроба ўкраінізацыі СМІ, таму ўкраінскамоўнай рэкламы я таксама наслухаўся. Ну, і нейкія такія размовы сярод украінскага насельніцтва Крыма былі, маўляў, украінізацыя пачынаецца, а ў суседзяў-беларусаў на гэтым фронце надта ціха. Вось нешта такое запомнілася. Праўда, да майго сапраўднага далучэння да беларушчыны заставалася яшчэ 10 гадоў. Спачатку было цікава параўнаць, што ёсць агульнага паміж украінскай і беларускай культурай. А потым проста прыйшло задавальненне ад працэсу вывучэння, сапраўдны кайф. Вось так беларушчына і стала часткай майго жыцця. Прыблізна гадоў пяць таму я пачаў зрэдку чытаць беларускія газеты, а актыўна ўключыўся на пачатку 2008 года. А наогул трэба падзякаваць Караткевічу, яго творчасць напоўніцу пагрузіла мяне ў свет беларускай культуры.
ВЧ: — Як ты, знаходзячыся ў кантэксце іншай культуры і мовы, не маючы асаблівых крыніц інфармацыі і зносінаў з беларускамоўнымі людзьмі на першым этапе, вывучаў беларускую мову і літаратуру?
АА: — У маім спосабе вывучэння няма нічога арыгінальнага: чытаў падручнікі, слоўнікі, газеты, слухаў радыё. Карыстаўся нейкай кніжачкай Падлужнага, не памятаю ўжо, як называлася; пазней і Тарашкевіча прачытаў. Часам зазіраю ў "Беларускае літаратурнае вымаўленне" Янкоўскага. Са слоўнікаў — натуральна, карыстаюся руска-беларускім слоўнікам Коласа-Крапівы-Глебкі, ТСБМ і г.д. Таксама імкнуся чытаць і спецыяльныя выданні. Зараз, напрыклад, чытаю дапаможнік Лепешава "Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні".
ВЧ: — А дзе ты іх бярэш?
АА: — Неабходныя кнігі ў асноўным шукаю самастойна праз інтэрнэт, некаторыя шляхам абмену электроннымі копіямі атрымаў (а-ля "ты мне, я табе") — зручней чытаць так, бо можна рабіць нейкія рэмаркі, электронныя закладкі без пашкоджання кнігі.
ВЧ: — Што было складанага ў вывучэнні беларускай мовы (мажліва, у фанетычным ці арфаграфічным сэнсе)?
АА: — Хм, калі шчыра, асаблівых складанасцяў менавіта на этапе засваення не памятаю. Ну, а зараз цяжкасці такія ж, як ва ўсіх носьбітаў мовы — "лідАр", "адажыА" і іншыя "радасці" новага правапісу. Хоць наогул стаўлюся да зменаў станоўча.
ВЧ: — Да таго, як ты пачаў адмыслова цікавіцца, што ты ведаў пра нашу культуру, мову, літаратуру?
АА: — Пэўна, пра тое, што мужык-беларус — пан сахі і касы, ведаў заўжды. Наогул, Быкава, Кулакоўскага яшчэ чытаў калісьці ў рускіх перакладах: мой дзед здолеў сабраць добрую бібліятэку савецкай і замежнай літаратуры, кнігі беларускіх пісьменнікаў там таксама былі.
ВЧ: — А як ты пачаў чытаць "Звязду"?
АА: — Гэта трэба сказаць дзякуй Глебу Лабадзенку. У яго рэпартажы і нарысы бываюць вельмі добрыя. Дзякуючы ім і пачаў "Звязду" чытаць праз сайт у РDF-версіі.
ВЧ: — Калі ты зацікавіўся беларушчынай, то, напэўна ж, лічыш нашую культуру ў нечым унікальнай. Чым?
АА: — Самы вялікі цуд для мяне — гэта тое, што пасля 300 гадоў русіфікацыі, паланізацыі, іншых здзекаў беларуская мова не проста здолела выжыць, але і набыла рысы прафесійнасці (з пачатку ХХ ст.), а потым і аб`яднала сабой людзей розных нацыянальнасцяў (напр., Бядуля, Агняцвет, Уласаў, Мулявін).
ВЧ: — Прабач за банальнасць, але чым, на тваю думку, розняцца беларусы і рускія?
АА: — Стаўленнем да роднай мовы. Для рускіх руская мова — штодзённы сродак камунікацыі, без ведання рускай мовы ў Расіі не пражывеш. Без беларускай у Беларусі жывуць, і некаторым нават не сорамна. Прабач за банальнасць, але ж так і ёсць.
ВЧ: — Так, але, магчыма, калі б у нас з мовай было "ўсё ў парадку", то нашыя дасягненні былі нашмат больш важкімі. Я вось усё думаю пра тое, што калі ў Расіі былі Блок і Ахматава, беларусы ўсё яшчэ вырашалі "зямельныя" пытанні і змагаліся за этнічнае прызнанне беларусаў наогул! І ў сусветным маштабе шмат для каго нашы любімыя Купала і Колас — лакальныя і несуразмерныя...
АА: — Так, а для якога-небудзь адукаванага амерыканца Блок і Ахматава — лакальныя малазначныя паэты ў параўнанні з Фростам і Уітмэнам. І са свайго пункту гледжання амерыканец будзе мець рацыю.
ВЧ: — Відаць, тваю схільнасць да літаратуры вызначыла багатая дзядулева бібліятэка. Ці шмат ты чытаў у дзяцінстве і каго любіш чытаць з беларускіх аўтараў?
АА: — У дзяцінстве чытаў шмат. Ад звычайнага дзіцячага і падлеткавага набору да твораў Гусэйна Абасзадэ, Ніны Бічуі і г.д. З беларускіх празаікаў-сучаснікаў паважаю Уладзіміра Арлова, з паэтаў уважліва чытаю Куставу, Віку Трэнас і г.д. Стральцова люблю, наогул, "Смаленне вепрука" лічу адным з найлепшых беларускіх апавяданняў. Шамякіна чытаю, ну і, натуральна, Караткевіч — нашае ўсё.
ВЧ: — Калі ты пачаў пісаць вершы?
АА: — Вой, пачаў пісаць з дзевяці гадоў! Спачатку па-руску, потым абсалютна свядома на беларускую перайшоў і па-руску цяпер амаль не пішу. Ды і перакладаю пераважна на беларускую.
ВЧ: — А ці ёсць у Туле яшчэ такія як ты — беларускамоўныя?
АА: — Наогул, па статыстыцы 2002 года, у Тульскай вобласці жылі 5974 беларусы. Але я ведаю толькі адну сапраўдную беларускамоўную сям`ю — сям`ю Уладзіміра Васькова. На форумах ён вядомы як раlіvас. Ён беларус з Гомельшчыны, з вёскі Баўсуны. Рыма-каталік па веравызнанні. У вольны ад працы час піша беларускамоўныя казкі для дзяцей. Здаецца, нават друкаваўся ў часопісе "Бярозка". Яшчэ ён даследуе гісторыю каталіцтва на Гомельшчыне. У Туле Уладзімір ужо 20 гадоў жыве.
ВЧ: — І акрамя вас больш няма беларускамоўных?
АА: — Уладзімір Васькоў гаворыць, што ў Туле, акрамя яго, яшчэ толькі адзін беларускамоўны. Здагадайся, хто!
ВЧ: — Ты, вядома! Прычым не беларус па нацыянальнасці і нават не маеш беларускіх каранёў!
АА: — Вось і я пра што. Але калі раптам хтосьці здолее арганізаваць беларускі рух у Туле, то я, натуральна, далучуся, як змагу.
ВЧ: — У вас прадаецца што-небудзь беларускае?
АА: — Так! У мяне праз 100 метраў ад дома крама Bеlwеst. Калі што не так, тапкам магу кінуць у ворага (смайлік). Ну, а пра ашмянскую каўбасу, рагачоўскую згушчонку, сыр, малако, ільняныя кашулі і г.д. я наогул маўчу. Гэта ўжо шмат гадоў так.
ВЧ: — У Туле шмат рэкламы беларускіх тавараў?
АА: — Так, рэкламуюць. Праўда, што цікава: ежу рэкламуюць не вельмі, але ўсе набываюць. А вось рэкламу беларускай мэблі бачыў у розных газетах, па радыё чуў, але набываюць не вельмі.
ВЧ: — А твая беларуская маўленчая практыка не ўплывае на рускае вымаўленне?
АА: — Уплывае: літару "р" я наогул вымавіць мякка нармальна не магу! Ну, і часам забываю рускія словы, бывае і такое.
***
Навобмацак да праўды ідучы...Навобмацак да праўды ідучы,
Блукаю я сярод праклятых соснаў.
Святлом зіхоткім вабіць далячынь,
Звіняць цудоўна залатыя росы,
Гладзь возера празрыстая, як шкло,
Пшанічныя бурштынавыя хвалі...
А дзе спакой? Напэўна, ўсё было,
Дык што мы прапусцілі, што праспалі?
Нашто я зразумеў, што ўсё падман?
Далёка дзесьці ходзіць лэдзі-ўдача —
Вакол хлусні вялікі акіян:
І плыняў шмат, і берагоў не ўбачыць.
Ніхто не можа мне дапамагчы,
Але світанак хутка прыйдзе босы,
І зноў святлом завабіць далячынь
І зазвіняць вясёлай песняй росы...
Вар`яцее вятрыска штотыдзень...Вар`яцее вятрыска штотыдзень -
Флюгер круціцца, быццам турок,
Я, напэўна, кагосьці пакрыўдзіў.
Ты прабач мяне — я не знарок.
Прамянее вясной наваколле:
Іскры сонца і шум капяжу...
Толькі я ўсё адно мімаволі
На цябе — не на сонца — гляджу.
Ты прабач ад душы, без загадаў,
Каб раку адшукаць — тую, дзе
Нашы крыўды, зласлівасць і здрада
Патанулі ў вясновай вадзе.
***
Вольга Чайкоўская
Звязда, 30 снежня 2010
Ссылка на источник:
Тульскі цуд