Мы можам не горш за кітайцаў выпускаць тавары шырокага спажыванняАб ролі імпартазамяшчэння ў эканамічным жыцці краіны карэспандэнт "Звязды" гутарыць з вядомым беларускім эканамістам і экспертам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.— Як, калі і чаму ідэя імпартазамяшчэння авалодала калі не шырокімі масамі, то значнай часткай адказных за здароўе эканомікі асоб?— Імпартазамяшчэнне, калі ў двух словах, гэта змяншэнне, а затым паступовае спыненне імпарту ў сваю краіну пэўных тавараў і замена іх на аналагічную прадукцыю айчыннай вытворчасці. Такія тавары называюцца імпартазамяшчальнымі. У нас імпартазамяшчэнне як з`ява ўзнікла ў першую чаргу з-за наплыву танных і далёка не заўсёды якасных тавараў з азіяцкіх краін, дзе вельмі танная працоўная сіла. Фактар імпартазамяшчэння стаў актуальным для нас адразу пасля развалу Савецкага Саюза, калі была па-варварску парушана існуючая сістэма забеспячэння постсавецкіх рэспублік не толькі палівам, сыравінай, камплектуючымі, але і таварамі шырокага спажывання — тым жа абуткам, адзеннем, прадметамі гігіены. Акрамя гэтага, у кожнай новай незалежнай дзяржавы з`явілася ўласная нацыянальная валюта, а вось цвёрдай, канверсоўнай валюты востра не хапала на закуп у ранейшых аб`ёмах імпарту. І тут з`яўляюцца кітайцы са сваімі таннымі вырабамі. Як тады было не клюнуць на іх вуду? І клюнулі, бо вельмі прывабнымі былі прапановы кітайскіх таварышаў. Неўзабаве расіяне, украінцы, беларусы апрануліся ў кітайскае, бо эканомікам Расіі, Украіны і Беларусі было цяжка канкурыраваць з КНР. Потым трохі навучыліся, але ўсё роўна кітайскімі таварамі заваленыя паліцы нашых універмагаў і крам. Дарэчы, не толькі ў нас. Пранікненне танных тавараў — гэта агульная сусветная тэндэнцыя. Напрыклад, багатая Заходняя Еўропа патанае ў танным імпарце з азіяцкіх краін.
— І як супрацьстаяць гэтай навале?— Ёсць два спосабы. Першы — спалохацца і забараніць такі імпарт, стварыць бар`еры на яго шляху, скажам, аб`явіць высокія мытныя пошліны. Другі — развіваць канкурэнцыю з замежнымі вытворцамі, супрацьдзейнічаць эканамічнымі мерамі. Няўжо мы не здольныя вырабляць не горш за кітайцаў розную гаспадарчую дробязь, інструменты, нажы па нарэзцы гародніны, лыжкі, бытавую тэхніку, сувенірную прадукцыю, кераміку і шмат што іншае?
— Але як канкурыраваць?— Адказ просты: павялічваць выпуск айчынных тавараў, якія былі б лепшыя за імпартныя па якасці і больш прывабныя па цане. І яшчэ — каб яны паспяхова прадаваліся на знешніх рынках.
— Мэта зразумелая, толькі як яе дасягнуць?— Самы надзейны, на мой погляд, шлях — актыўна стымуляваць развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, якому па сілах наладзіць выпуск усёй той шматлікай драбязы, якая завозіцца да нас звонку. Гэтая ніша выдатна падыходзіць для такіх прыватных прадпрымальнікаў. Не варта напружваць вялікія прадпрыемствы планамі па вырабе спажывецкіх тавараў. Няхай буйныя заводы выпускаюць тое, што ў іх лепш атрымліваецца, а не прасы, пластмасавы посуд, бытавыя сокавыціскалкі і г.д. На жаль, сёння малы і сярэдні бізнэс даволі цьмяна ўяўляе, што і ў якіх аб`ёмах яму можна выпускаць у мэтах імпартазамяшчэння. Для гэта трэба наладзіць маркетынгавае інфармаванне прадпрымальнікаў у маштабах краіны. А пачаць работу са стварэння баз звестак па імпарце, па суадносінах цаны і якасці ўвозімых тавараў, напрыклад, польскай туалетнай паперы, кітайскіх венікаў і шарыкавых ручак.
— Але мы не можам замяніць увесь імпарт.— І не трэба імкнуцца да гэтага. Варта замясціць тое, што замяшчаецца. Скажам, шмат якія вырабы з драўніны мы можам замяніць айчынным прадуктам. Тым больш што сыравіны ў нашых лясах больш чым дастаткова, а ў Кітаі драўніна — дэфіцыт. Таму кітайцы вязуць да сябе лес-кругляк, а потым, напрыклад, у Расію, пастаўляюць стыльную мэблю. Умеюць жа. На працягу апошняга дзесяцігоддзя Кітай прайшоў шлях ад сціплага гульца на сусветных рынках лесагаспадарчых прадуктаў да аднаго з галоўных экспарцёраў дрэваапрацоўчай прадукцыі і буйнага гандлёвага партнёра краін Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Настолькі важнага гульца, што нават стаў тэмай даклада Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН аб вялікай ролі кітайскіх рынкаў лесагаспадарчых прадуктаў для еўрапейскіх краін. Кітай фактычна стаў трэцім у свеце імпарцёрам лесагаспадарчых прадуктаў. Ён жа з`яўляецца і буйнейшым у свеце экспарцёрам мэблі — яшчэ ў 2005 годзе абышоў па яе выпуску Італію.
У нас вялікія запасы гліны. Таму можна наладзіць выраб якасных керамічных тавараў. На 80—90% мы можам задаволіць патрэбы ў адзенні, абутку, прадуктах харчавання.
— Не ведаю як вы, Леанід Фёдаравіч, а я з насцярожанасцю стаўлюся да імпартнай садавіны. Бо маю, так бы мовіць, горкі досвед. Аднойчы на кірмашы ў Ждановічах тады яшчэ чатырохгадовай дачцэ набыў кілаграм самых прыгожых на выгляд, як на малюнку, і самых дарагіх груш з нейкай экзатычнай краіны. І што вы думаеце? Праз гадзіну як дачка пачаставалася — з`ела ўсяго адну грушу — у яе пачалася на скуры алергічная рэакцыя, ды такая вострая, што давялося выклікаць "хуткую дапамогу". Бачыце, як рызыкоўна ласавацца прадуктамі з далёкіх краін.— Відаць, тыя грушы для іх больш доўгага тэрміну захоўвання і падтрымання прывабнага таварнага выгляду апрацавалі нейкім хімічным растворам. Раней, ды і цяпер, такія выпадкі нярэдкія. Яно і зразумела: шлях з-за мора-акіяна не блізкі, а таму імпартная садавіна часта праходзіць "перадгандлёвую" падрыхтоўку. У гэтым сэнсе айчынная садавіна больш бяспечная, хоць і за нашымі вытворцамі таксама неабходны строгі санітарны кантроль. Так здаравей будзе для спажыўцоў.
Але мушу заўважыць, што пакуль айчынныя вытворцы садавіны прайграюць замежным канкурэнтам. Возьмем палякаў, якія з`яўляюцца галоўнымі пастаўшчыкамі яблыкаў на наш рынак. Яны аператыўна ўкараняюць новыя, пераважна галандскія, сарты пладовых дрэў. У іх культура садаводства больш высокая, а тэхналогіі больш сучасныя. Прадукцыя — садавіна і гародніна, як правіла, захоўваецца ў прыстасаваных складах з камп`ютарным рэжымам кантролю вільгаці і тэмпературы. Ды і самі вытворцы не прадаюць свой тавар, гэтым займаюцца спецыялізаваныя пасярэдніцкія фірмы, якія выдатна валодаюць сітуацыяй з попытам на садавіну ці гародніну ў той ці іншай суседняй краіне. Больш за тое, асобныя спрытнюгі-пасярэднікі пад маркай Галандыі прадаюць польскія яблыкі ў Расіі, ва Украіне і, верагодна, у нас. Бо Галандыя фізічна не мае магчымасці, у першую чаргу з-за недахопу зямлі пад сады, у такіх аб`ёмах пастаўляць на экспарт садавіну.
— А чым яшчэ небяспечныя шырокія плыні таннага імпарту з далёкага замежжа?— У Еўропу з Далёкага Усходу па-ранейшаму ідзе шмат таннай кантрафактнай прадукцыі ці, прасцей кажучы, падробак тавараў вядомых фірмаў. Па звестках міжнародных экспертаў, нават тавары штодзённага попыту становяцца аб`ектам сумнеўных імітацый. Вытворцы кантрафактнай прадукцыі ўмела эксплуатуюць жаданне людзей купляць тавары вядомых гандлёвых марак і прапаноўваюць свае вырабы па нізкіх цэнах. Дарэчы, штогод вялікія партыі кантрафакту накіроўваюцца прыкладна ў 140 краін. Гэта вядзе не толькі да падману спажыўцоў, што само па сабе дрэнна, але пагражае і нацыянальным эканомікам, і здароўю людзей. Небяспека можа хавацца ў няякасных прадуктах харчавання, падробленых альбо некандыцыйных леках і таварах хатняга ўжытку, якія выраблены, скажам, са шкоднай пластмасы ці іншай "левай" сыравіны. Дастаткова прыгадаць нядаўні так званы дыяксінавы скандал у Германіі, дзе нядобрасумленныя вытворцы камбікорму для птушкі і жывёлы выкарысталі вельмі танны, але і вельмі небяспечны кампанент — тэхнічны алей. Хоць у ФРГ даволі высокія стандарты якасці і строгі санітарны кантроль, але вось такая непрыемнасць здарылася.
— Але не здаецца вам, што глабалізацыя садзейнічае распаўсюджванню па свеце няякаснай прадукцыі?— Гэтаму часцей за ўсё спрыяе перанясенне вытворчасці з прамысловых развітых краін за мяжу, туды, дзе танная працоўная сіла. Сёння гэта адзін з галоўных фактараў глабальнай эканомікі. Ён дазваляе вытворцам няякаснай і кантрафактнай прадукцыі пазбягаць адказнасці, паколькі распрацоўшчыкі і вытворцы тавараў жывуць на розных кантынентах, а вытворчы працэс дэцэнтралізаваны. У выніку рыса паміж легальнай і нелегальнай вытворчасцю можа размывацца. Здараецца, што лекі і фармацэўтычныя прэпараты, якія быццам бы прайшлі клінічныя выпрабаванні ў паўднёва-ўсходняй Азіі ці нават Афрыцы, потым аказваюцца фальшыўкамі.
Эксперты ацэньваюць гадавы аб`ём рынку кантрафактнай прадукцыі на ўзроўні 8-9 мільярдаў долараў ЗША. Гэтыя лічбы заснаваныя на выніках канфіскацый і звестках спажывецкіх аглядаў у еўрапейскіх краінах, таму могуць быць заніжаныя. У краінах СНД кантрафактныя тавары часта прадаюцца праз крамы-дыскаунтары, вялікая частка такога імпарту рэалізуецца праз нефармальныя каналы: "барахолкі", вулічны дробны гандаль, прыватных распаўсюджвальнікаў па інтэрнэце. Я раіў бы вельмі абачліва ставіцца да рэкламы гандляроў таннай замежнай прадукцыяй.
— Як вы лічыце, Дырэктыва № 4, пра якую сёння шмат гавораць, паўплывае станоўча на імпартазамяшчэнне?— Дырэктыва — гэта пакуль вызначаны кірунак руху па шляху лібералізацыі. Вы ўжо пісалі, што да 1 лютага Міністэрства эканомікі павінна падрыхтаваць праект плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы. З цікавасцю чакаю гэты дакумент. Я думаю, што Дырэктыва станоўча паўплывае на развіццё малога і сярэдняга бізнэсу, разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы, а значыць, і на насычэнне рынку айчыннымі таварамі для замены часткі імпарту. Я лічу правільным і тое, што Нацыянальны банк зараз грунтоўна аналізуе ўмовы ўзаемадзеяння банкаў і суб`ектаў малога і сярэдняга бізнэсу. Наколькі я ведаю, у ходзе гэтай работы вывучаецца, якім чынам можна ўзняць канкурэнтаздольнасць эканомікі, наколькі спрыяльны клімат для развіцця прадпрымальніцкай дзейнасці ў рэгіёнах, што робіцца і яшчэ трэба зрабіць для актывізацыі дзелавой ініцыятывы ў жыхароў вёсак, пасёлкаў і малых гарадоў, наколькі моцныя і прывабныя стымулы для занятку бізнэсам у працаздольнай часткі нашага насельніцтва. На мой погляд, карысць ад гэтай работы будзе большая, калі будзе дакладна прааналізавана ўся праблематыка адносін у рэгіёнах банкаў з кліентамі, і менавіта суб`ектамі малога і сярэдняга бізнэсу.
Леанід Лахманенка.
Звязда, 21 студзеня 2011
Ссылка на источник:
Пытання імпартазамяшчэння ў Беларусі