Калодзеж даволі часта станавіўся своеасаблівым удзельнікам як каляндарных, так і сямейна-родавых абрадаў.
* У славян быў шырока распаўсюджаны наступны звычай: пасля вяселля
нявеста павінна была ўпершыню набраць вады з калодзежа ў прысутнасці
гасцей — такім чынам, адбывалася яшчэ адно яе абрадавае "ўжыўленне" ў
сям`ю мужа. Прычым госці павінны былі ўсяляк перашкаджаць ёй, не пускаць
да калодзежа.
На Беларусі існавала правіла: калі нявеста ўпершыню брала
ваду ў калодзежы сваёй новай сям`і, то яна павінна была пакласці на
зруб невялікі кавалачак вясельнага каравая і кінуць у калодзеж манету.
Для таго, каб сямейную пару ніхто не разлучыў, у дзень вяселля закрывалі
замок, ключ ад якога кідалі ў калодзеж.
* На Каляды калодзеж
станавіўся цэнтрам дзявочай варажбы. Напрыклад, у ноч на Раство Хрыстова
дзяўчына закрывала калодзеж на замок, ключ клала пад падушку і
загадвала, каб у сне "суджаны прыйшоў вады папіць".
* У
памінальныя дні калодзежы былі месцам, куды абавязкова прыносілі крыху
рытуальнай ежы. Часам яе нават кідалі ў калодзеж, часцей — пакідалі на
ўсю ноч на зрубе калодзежа. Часам ён выступаў і як "рытуальная магіла".
Калі ў сям`і не "гадаваліся" дзеці, бабка-павітуха "закрывала" смерць на
замок, які клала ў труну з памерлым дзіцем, а ключ кідала ў калодзеж. А
на Тройцу, як і ўсе пабудовы ў гаспадарцы, калодзежы ўпрыгожвалі
зелянінай, вянкамі з кветак і траў. Лічылася, што калодзеж, які мае
сувязь з "тым" светам, здольны пазбаўляць ад хвароб і выконваць жаданні.
Асаблівай лекавай сілай валодала калодзежная вада напярэдадні Раства
Хрыстова (6 студзеня), Хрышчэння (18 студзеня), Стрэчання (14 лютага).
Вадой, узятай у гэты дзень ранкам, мыліся, паілі хворых, купалі дзяцей і
г. д.
* Ваду, узятую з калодзежа "па ўсіх" правілах, замаўлялі і
лячылі ёю сурокі. У калодзеж кідалі рэчы, на якія "адсылалі" свае
немачы — напрыклад, гарох, зерне ячменю (пры лячэнні "ячменю" на вачах) і
г. д.
* Вада, узятая не з аднаго, а з некалькіх калодзежаў,
лічылася асабліва гаючай. Так, знахары, якія выкарыстоўвалі калодзежную
ваду, прасілі браць яе з трох, сямі ці дванаццаці калодзежаў. Лічылася,
каб павялічыць колькасць малака ў каровы, яе неабходна напаіць вадой з
трох калодзежаў. Для выпечкі вясельнага каравая ваду таксама бралі з
сямі калодзежаў.
* Цікава, але цудадзейнымі якасцямі валодала і
трава, якая расла побач з калодзежам. Яе давалі як корм хатняй жывёле
для пладавітасці.
* У славян шырока распаўсюджана павер`е, што ў
кожным калодзежы жыве дух-ахоўнік — калодзезнік. Каб задобрыць яго,
адзін раз на год — у Ільін дзень (2 жніўня) раніцай, калі бралі першае
вядро вады з калодзежа, на дно вядра клалі лісце мяты. На Юрая Зімовага
(9 студзеня) "слухалі" ваду ў калодзежы. Калі яна была спакойная — чакай
цёплую зіму, калі ж з калодзежу даносіліся гукі — трэба было
спадзявацца на моцныя маразы і завеі.
* У народнай культуры
калодзежы і вада з іх заўсёды былі надзелены статусам святасці.
Лічылася, што калодзежы знаходзяцца пад аховай Багародзіцы і святой
Параскевы Пятніцы. Нездарма казалі: "Не плюй у калодзеж, давядзецца вады
напіцца". Гэты фразеалагізм можна разумець як у пераносным, так і ў
прамым сэнсе.
Аксана Катовіч, Янка Крук
ЗвяздаСсылка на источник:
Ня плюй у калодзеж!