Розныя народы да грыбоў ставіліся па-рознаму. Грыбы часцей за ўсё лічылі раслінамі, а ў некаторых выпадках надзялялі рысамі жывёл, надавалі дэманічныя якасці, звязвалі з "тым" светам. Некаторыя старажытныя народы лічылі, што калі Ілля Грамавержац раз`юшаны, то ён карае сваіх дзяцей і скідае іх з нябёсаў у падземнае — грыбное — царства. Ці не таму і зараз, калі ідуць па грыбы ў лес, не моляцца і не хрысцяцца? У шмат якіх народаў грыбы лічацца сімвалам шчасця.
* Сярод беларусаў калісьці жыло паданне пра тое, што грыбы з`явіліся з кавалачкаў хлеба або аладак, якія еў святы Пётр, хаваючыся ад Хрыста. Менавіта з 12 ліпеня — дня святых апосталаў Пятра і Паўла — дазвалялася збіраць грыбы.
* Гурманы лічаць, што ў час ужывання грыбоў чалавек набывае вечную маладосць.
* Згодна з уяўленнямі ўсходніх славян, усё, што расце ў лесе, належыць гаспадару лесу, таму ягады і грыбы трэба збіраць асцярожна, каб не ўгнявіць ляснога гаспадара.
* Народ быў перакананы, што грыбы хаваюцца ад "нявыхаваных" грыбнікоў. Таму ў час збірання грыбоў забаранялася спяваць, моцна крычаць, ламаць галіны дрэў, збіваць грыбы нагамі — адным словам, парушаць спакой лесу.
* Не кожны можа прыйсці з лесу з грыбамі: "Без шчасця і ў грыбы не хадзі".
* Каб забяспечыць сабе грыбны поспех, народныя знахары раілі выконваць пэўныя рытуальныя дзеянні: напрыклад, цалаваць першы знойдзены грыб; тры першыя знойдзеныя грыбы пакласці ў дупло ў дрэве; пакласці ў кішэню тры розныя травінкі ці тры галінкі ад розных дрэў; чытаць адметныя, так званыя "грыбныя", замовы, напрыклад: "Як у лесе Божым поўна кустоў, так у маім кошыку будзе поўна грыбоў. Амін".
* Лічылася, што той, хто першым паглядзіць на лес раніцай на Раство, летам будзе мець найвялікшы поспех у збіранні грыбоў.
* Лічылася: калі спаць у дзень Дабравешчання — праспіш летнія і восеньскія грыбы.
* Старыя людзі раілі: збіраць грыбы лепей на маладзік, а "калі месяц убывае, сядзі ў хаце".
* Прыглядайся: калі ўдзень шмат мошак, значыць, і грыбоў у лесе будзе шмат.
* Калі на сцяне хаты вырасталі грыбы, гэта прадказвала багацце і дабрабыт у сям`і.
* Пад страхам смерці забаранялі збіраць грыбы цяжарным жанчынам і хадзіць у лес басанож.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда, 3 жніўня 2011
Ссылка на источник:
Грыбы