Лён — валакністая расліна, з якой вырабляюць
натуральныя тканіны і алей. У народнай творчасці лён заўсёды сімвалізаваў чыстыя думкі, дабрыню, таксама быў надзелены мужчынскімі якасцямі. У песнях лён называлі "сінявокім прыгожым юнаком". Сярод людзей існавала павер`е: "каб лён даў добры ўраджай, трэба было ў час севу распрануцца, тады лён пашкадуе голую бабу і ўродзіць добра, каб ёй было з чаго пашыць кашулю".
* Калі ехалі на поле сеяць лён, гаспадар павінен быў пакласці ў насенне два яйкі. Затым на полі спачатку снедалі, і толькі потым пачыналі сеяць. Шалупінне ад яек трэба было прывезці дадому. Лічылі, што ў такім выпадку лён будзе доўгім, як шлях ад хаты да поля і назад. Руплівыя гаспадыні малолі шалупінне і дадавалі яго ў корм курам, каб тыя лепш несліся.
* У народзе лічылі, што на палетках, дзе рос лён, нельга сеяць яравы хлеб, інакш "ні тое, ні гэтае не ўродзіцца".
* Каб лён вырас доўгім, валакністым, раілі сеяць яго на малады месяц, а насенне збіраць на поўню.
* Паўсюдна на Беларусі існаваў звычай: ранняй вясной незамужнія дзяўчаты сеялі на агародзе палоску ільну і па яе ўзыходах варажылі пра свой лёс. Добры рост лёну прадказваў шчаслівую долю; калі ж узыходы былі дрэннымі — не відаць дзяўчыне "жыцця-долі".
* Лён самым актыўным чынам выкарыстоўвалі ў вясельным абрадзе. Яго доўгія валокны нагадвалі пра дзявоцкую прыгажосць — доўгую касу. Таму цнатлівай нявесце ў косы ўпляталі валокны льну: каб нявеста парадавала радзіну нараджэннем здаровых дзяцей.
* Падчас абсыпання маладых пасля вянчання ў храме і на вяселлі выкарыстоўвалі насенне льну.
* Спальванне валокнаў лёну ў печы сімвалізавала развітанне з цнатлівасцю.
* Лён выкарыстоўвалі і ў народнай магічнай практыцы. Кісялі і напоі з насення льну ўжывалі як супрацьзапаленчы і абязбольвальны сродак пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракта.
* Народныя лекары раілі класці насенне льну ў абутак, тым самым абараняючы сябе аб сурокаў і іншых непрыемнасцяў.
Аксана Катовіч, Янка Крук
ЗвяздаСсылка на источник:
Лён