Высадку капуснай расады прымяркоўвалі да аднаго з вясновых свят — напрыклад, да Івана Галавастага (7 чэрвеня). Казалі: "Каб мая капустачка прымалася і ў галоўкі складалася"; на Розыгры (аўторак на наступным за Тройцай тыдні), каб расліны добра фарміраваліся ў галоўкі.
* Не саджалі капусту ў панядзелак, аўторак, чацвер (так званыя мужчынскія дні), на маладзіку; у першыя дні пасля поўні — пра такую капусту казалі "гнілец", г.зн. згніе; у "сухі дзень" (аўторак перад Пасхай) — капуста пойдзе ў храпкі; у "крывую сераду" (апошняя перад Тройцай) — будзе крывая і маленькая; у той дзень тыдня, калі ўвосень пайшоў першы снег.
* З вечара на градкі пад капусту ставілі ўверх дном гаршчок, у якім была крапіва з коранем, і казалі: "Не будзь пустая, будзь густая; не будзь старая, будзь маладая; не будзь малая, будзь вялікая!"
* Пры пасадцы расады забаранялася есці хлеб, каб куры летам не дзяўблі капусту; смяяцца — інакш лісты капусты будуць маршчыністыя.
* Ведалі, што саджаць капусту павінна толькі жанчына. Калі да расады дакранецца мужчына, то добрага ўраджаю не будзе.
* Першую пасаджаную расліну накрывалі чыгуном, чыгун — белым абрусам. Зверху клалі камень і казалі: "Дай, Божа, час добры, каб капуста мая прымалася і ў галоўкі складалася".
* Лункі для раслін трэба было рабіць бярозавым колам.
Аксана Катовіч, Янка Крук
Звязда, 27 жніўня 2011
Ссылка на источник:
Капусная расада