9 верасня Прэзідэнт Беларусі наведаў аб`екты транспартнай інфраструктуры Мінска. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з выкананнем раней дадзеных даручэнняў аб развіцці транспартнай інфраструктуры для арганізацыі пасажыраперавозак у сталіцы.
Вырашыць праблему няхваткі будаўнічых кадраўПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы аўтавакзал "Цэнтральны" ў Мінску, даручыў ураду ў бліжэйшы час вырашыць праблему няхваткі будаўнічых кадраў. "На працягу верасня ва ўрадзе збірайцеся і ўносьце дэталёвую, канкрэтную прапанову. Будаўнікоў павінна хапаць", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У прыватнасці, сузаснавальнік і кіраўнік холдынга "БНК інжынірынг" (выступіў інвестарам пры будаўніцтве шматфункцыянальнага комплексу з аўтавакзалам "Цэнтральны") Рамэа Абдо Абдо ў размове з кіраўніком дзяржавы паскардзіўся, што для рэалізацыі гэтага і іншых інвестпраектаў часам не хапала будаўнікоў і іх даводзілася прыцягваць у тым ліку з-за мяжы. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу перад урадам максімальна хутка вырашыць гэту праблему. Пры гэтым ён адзначыў, што неабходна будаваць не толькі жыллё, але і накіроўваць будаўнікоў на рэалізацыю так званых валютных праектаў з замежнымі інвестарамі. "Гэта тое, што нам трэба цяпер", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт агледзеў аўтавакзал "Цэнтральны" і азнаёміўся з магчымасцямі шматфункцыянальнага комплексу ў цэлым, дзе таксама размесцяцца адміністрацыйныя памяшканні, рэстараны, аб`екты гандлю, шматузроўневая паркоўка і шмат іншага. Агульны кошт рэалізацыі гэтага праекта складае каля $75 млн. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, праекты, якія рэалізуюцца сумесна з гэтым інвестарам, будуць падтрымлівацца і ў далейшым. З удзелам кампаніі ў Мінску пабудаваны ўжо і працуюць два буйныя бізнэс-цэнтры. У працэсе будаўніцтва знаходзіцца жылы комплекс "Дружны", плануецца ўзвесці фешэнебельную гасцініцу Hуаtt. Абмяркоўваючы гэтыя планы, кіраўнік дзяржавы ўнёс прапанову, каб побач з гасцініцай быў пабудаваны і невялікі элемент аквапарку, дзе маглі б з карысцю для здароўя праводзіць час дзеці. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, менавіта такіх аб`ектаў, нягледзячы на аквапарк, які будуецца ў Мінску, не хапае ў сталіцы. Інвестарам гэта ідэя спадабалася.
Абмяркоўваючы далейшыя планы супрацоўніцтва з холдынгам "БНК інжынірынг", Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Няхай яны ў нас у цэнтры Еўропы жывуць і будуюць. Пад іх гарантыі можна прыцягваць інвестараў".
"У Беларусі не "бацькаўшчына"Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не рыхтуе сыноў наследнікамі на сваё месца, заявіў ён, адказваючы ўчора на пытанні журналістаў.
"Запомніце: я ніколі нікога не баяўся і не баюся. Я не ўчора прыйшоў да ўлады. Таму, калі народ заўтра вырашыць, што будзе хтосьці іншы тут — калі ласка. Гэта ж не "бацькаўшчына". Я сваіх сыноў не рыхтую наследнікамі на сваё месца, як яны там заяўляюць праз аднаго", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, каментуючы публікацыі ў СМІ пра тое, што Лукашэнка баіцца нейкіх народных паўстанняў, антыканстытуцыйных пераваротаў, ён папярэдзіў: "Але майце на ўвазе: іх прыход да ўлады — і там не толькі наследнікі будуць сядзець, там будуць кансультанты адпаведных структур. І куды Беларусь пойдзе — вы таксама добра гэта ведаеце".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Няхай яны не спадзяюцца: краіну мы ім не аддадзім, каб падзяліць, як гэта адбылося ў некаторых нашых суседзяў, а потым сядзець на руінах і расказваць, як ім цяжка і дрэнна". "Краіну не атрымаюць", — заявіў ён.
Расія кроўна зацікаўлена ў любой інтэграцыіРасія кроўна зацікаўлена ў любых інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Расія выступала і выступае ў рэчышчы інтэграцыйных працэсаў. Больш за тое, там, дзе Расія аддана інтэграцыі, ёсць вельмі сур`ёзныя зрухі. Без Расіі на постсавецкай прасторы ніякай інтэграцыі не будзе", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што Расія ніколі не пойдзе на тое, каб разбурыць СНД.
"Расія кроўна зацікаўлена, я ведаю гэта па заяве Дзмітрыя Мядзведзева, у любых інтэграцыйных рухах на постсавецкай прасторы. Гэта жыццёва неабходна для Расіі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, гэта добрая магчымасць Расіі бачыць, што адбываецца вакол яе ў суседніх рэспубліках.
Гаворачы аб СНД і меркаваннях аб яе нежыццяздольнасці, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што СНД у поўнай меры выконвае свае функцыі. "А чаго мы хочам ад СНД? Калі мы хочам таго, што мы робім у саюзе з Расіяй, — не будзе гэтага. На гэтых прынцыпах СНД развівацца не будзе, вельмі розныя інтарэсы ў іншых дзяржаў. Калі мы хочам ад СНД таго, што мы робім у ЕўрАзЭС, Мытным саюзе, АЭП, — гэтага таксама не будзе, таму што іншыя інтарэсы ў астатніх членаў СНД", — сказаў беларускі лідар. У якасці прыкладу ён прывёў Украіну, якая не імкнецца ўваходзіць у Мытны саюз, а выступае за формулу супрацоўніцтва "3+1".
"Сёння СНД выконвае функцыю нейкай пляцоўкі, перагаворнай залы, дзе збіраюцца кіраўнікі адзінаццаці дзяржаў і абмяркоўваюць свае праблемы. Гэта добрая перагаворная пляцоўка, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Чаго сёння ад СНД патрабаваць большага?"
Аляксандр Лукашэнка: "Я сустракаюся з многімі прадстаўнікамі замежных дзяржаў, каб ведаць іх меркаванне пра Беларусь"Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з многімі прадстаўнікамі замежных дзяржаў, каб ведаць іх меркаванне аб Беларусі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы, адказваючы на пытанні журналістаў.
У прыватнасці, Аляксандра Лукашэнку папрасілі пракаментаваць інфармацыю, якая з`явілася ў СМІ, аб быццам бы праведзенай яго сустрэчы з міністрам замежных спраў Балгарыі Мікалаем Младзенавым. "Што датычыцца кантактаў з прадстаўнікамі замежных дзяржаў, дык не толькі з міністрам замежных спраў Балгарыі. Была маса сустрэч за гэты час з бізнэсменамі, банкірамі, палітыкамі, дэпутатамі, кангрэсменамі з ЗША і іншых дзяржаў", — сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, ён як кіраўнік дзяржавы ажыццяўляе гэтыя кантакты, каб бачыць і адчуваць, што людзі за мяжой думаюць пра Беларусь. "Мы ніколі б не адмовіліся ад дапамогі ў гэты час: ні ад заходняй, ні ад расійскай, ні ад кітайскай. Такія прапановы ёсць. Мы іх атрымаем, хоча гэтага апазіцыя ці не", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў свеце існуе вялікая цікавасць да Беларусі, тым больш што яна цяпер знаходзіцца ў адзінай мытнай прасторы з такімі буйнымі дзяржавамі, як Расія і Казахстан.
Да ўсіх абласных цэнтраў з Мінска будуць пабудаваны аўтабаны нямецкага ўзоруЖурналісты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы тым, як ён бачыць далейшае развіццё транспарту і дарог у Беларусі, якія напрамкі з`яўляюцца прыярытэтнымі. Паказваючы на новую добраўпарадкаваную чыгуначную станцыю "Ждановічы", куды нядаўна правялі лінію сучаснай гарадской электрычкі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Так будзе добраўпарадкавана ўся краіна". Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на ўзмоцнены з усіх бакоў націск на Беларусь, беспарадку і развалу дапушчана не будзе. Паводле яго слоў, прыкладна праз 5 гадоў да кожнага абласнога цэнтра з Мінска будуць пабудаваны аўтабаны нямецкага ўзроўню. Частка гэтых работ ужо завершана, або яны прадаўжаюцца цяпер. Так, ужо некалькі гадоў як завершана будаўніцтва трасы з Мінска ў Брэст, вядуцца работы на магілёўскім напрамку, а таксама будаўніцтва другога транспартнага кальца вакол Мінска. "Дарожнаму будаўніцтву мы надавалі і будзем надаваць вялікую ўвагу".
Што датычыцца гарадскіх электрычак, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, яны ў перспектыве павінны стаць своеасаблівым працягам ліній метрапалітэна, выходзячы з-пад зямлі на ўскраінах горада. Такі падыход дасць магчымасць не толькі выкарыстоўваць разгалінаваную чыгуначную сетку пад гарадскі транспарт, але таксама сэканоміць значныя фінансавыя сродкі, паколькі на будаўніцтва аднаго кіламетра метро расходуецца каля $30 млн. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у Беларусі актыўна будзе развівацца і авіяцыйны транспарт.
"Наша краіна транзітная, а транзіт — гэта перш за ўсё інфраструктура", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Працягваць адносіны з ЗахадамПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер працягваць выбудоўваць адносіны з Захадам.
"Рабілі мы насустрач Захаду крокі і робім, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Я не хачу, каб у нас былі дрэнныя адносіны з Захадам. Навошта нам гэтыя дрэнныя адносіны?"
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі сёння таваразварот з ЕС большы, чым з Расіяй. "Магутная Расія без Заходняй Еўропы жыць не можа. А мы чаму павінны адасобіцца? Гэта не наша палітыка, таму што мы так не выжывем. Каб нармальна існаваць, я і выбудоўваю гэтыя адносіны і буду гэта рабіць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, "гэта ведае і Расія, і Кітайская Народная Рэспубліка, і іншыя". "Але мы гэта робім не за кошт Расіі, Кітая і іншых дзяржаў. У нас там ёсць свае інтарэсы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
"Я хачу, каб нашы людзі туды свабодна ездзілі і да нас прыязджалі людзі", — сказаў Прэзідэнт. "Усе, хто да нас прыязджаў, рукамі разводзяць: дык гэта ж цывілізаваная краіна. Што мы чытаем? Гэта ж зусім не так. Значыць, хлусяць пастаянна там", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. "А я гэтага не хачу. У нас цывілізаваная краіна, разумны, талковы, цывілізаваны народ, і я хачу, каб яго так успрымалі ва ўсім свеце", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Сілы КСАР АДКБ не могуць быць задзейнічаны пры ўнутрыдзяржаўных канфліктах"Мы павінны глядзець на пытанне падтрымкі дзяржавы АДКБ, калі там адбываецца антыканстытуцыйны пераварот з умяшаннем звонку, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — АДКБ не можа быць задзейнічана ва ўнутрыдзяржаўных разборках. Ні ў якім разе, не для гэтага яна створана". "Калі ідзе ўмяшанне звонку — вось аб чым размова. А ў нас жа гэта цяпер усюды", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, для Беларусі гэта менш за ўсё актуальна.
"Але на гэта пачалі педаліраваць, у тым ліку расійскія СМІ, маўляў, Лукашэнка баіцца, не давярае сваім сілавікам, — сказаў Прэзідэнт. — Ды я больш чым давяраю сваім сілавікам. Але гэта не значыць, што я іх арыентую на падаўленне нейкіх паўстанняў". Ён таксама дадаў: "Калі хтосьці парушае закон, мы жорстка будзем з гэтым змагацца. Але калі людзі ідуць да Прэзідэнта або ўрада выказаць сваё меркаванне, робяць гэта цывілізавана, дык чаму мы нейкія войскі павінны рухаць супраць іх? Няма такой праблемы ў Беларусі".
У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што грамадскасцю засталося незаўважаным рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыях краін АДКБ замежных баз, прычым гэтыя базы могуць з`явіцца з агульнай згоды дзяржаў АДКБ. "Чаму гэта не абмяркоўваецца ў Расіі? Гэта ж перш за ўсё ў інтарэсах Расіі прынята — гэта рашэнне не абмяркоўваецца", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Гэта вось вашывасць расійскіх сродкаў масавай інфармацыі. Вы іх палітыку ведаеце: сапхнуць усё на Лукашэнку, маўляў, ён вінаваты і гэтак далей".
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што пытанне аб патэнцыяльнай магчымасці прымянення КСАР для падаўлення пераваротаў у краінах — членах АДКБ абмяркоўвалася ў Казахстане на другой частцы саміту, дзе беларускі лідар не прысутнічаў, паколькі паляцеў з афіцыйным візітам у Катар. Паводле яго слоў, дасягнута дамоўленасць аб тым, што сумесна з Мікалаем Бардзюжам ён фармалізуе ўсе гэтыя пытанні і ў выглядзе паслання накіруе кіраўнікам дзяржаў. "Пры сустрэчы ў Сочы з Дзмітрыем Мядзведзевым мы, перш за ўсё, абмяркоўвалі блок пытанняў па АДКБ. Ён мяне вельмі падрабязна праінфармаваў аб тым, якія ў Казахстане абмяркоўваліся пытанні", — сказаў беларускі лідар. Пры гэтым ён дадаў: — "Гэта ж толькі абмеркаванне, мы рашэнняў яшчэ не прынялі".
"Таму не трэба тут валіць на Лукашэнку і рабіць яго зноў нейкім страшыдлам, перш за ўсё, напэўна, перад Захадам, — адзначыў Прэзідэнт. — Там менш беларускіх інтарэсаў, чым інтарэсаў іншых дзяржаў".
Заявы пра абмен — поўнае глупстваКіраўніка дзяржавы папрасілі пракаментаваць заявы, якія гучалі з боку апазіцыйных сіл, што ўлада ідзе на ўступкі, у тым ліку вызваленне ўдзельнікаў снежаньскіх масавых беспарадкаў, з-за крызісу і жадання атрымаць фінансавую дапамогу Захаду. "Мы ні з кім не таргуемся, нас гэта не цікавіць. Калі хтосьці думае, што крызіс, і мы праз пятую калону шукаем падтрымку на Захадзе — гэта поўнае глупства, — падкрэсліў беларускі лідар. — Захад нас ніколі не падтрымліваў і наўрад ці ён нас падтрымае".
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі няма палітычных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, а таму не можа быць і размовы аб палітзняволеных. "У нас ёсць артыкулы, праз якія мы прыцягваем да адказнасці граміл, бандытаў, разгільдзяяў і іншых, хто перашкаджае жыць нашым людзям", — сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца памілавання асуджаных за ўдзел у масавых беспарадках у снежні 2010 года, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што і раней, у тым ліку ў маі, знаходзячыся ў Казахстане, ён заяўляў аб магчымасці вызвалення. "Я сказаў: настане час — мы не крыважэрныя — выпусцім", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца самой апазіцыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што называе іх менавіта пятай калонай. "Апазіцыя адрозніваецца ад пятай калоны тым, што любіць сваю краіну і народ. Яна можа быць не згодна з курсам, які праводзіць улада, але любіць краіну і народ", — адзначыў ён, прывёўшы ў прыклад нядаўні факт затрымання аднаго з апазіцыйных дзеячаў, у якога на рахунках выявілі значныя грашовыя сродкі, утоеныя ад падатковай службы.
"Іх апазіцыйнасць — гэта бізнэс. Ім не важна, што будзе з краінай, народам. Гэта іх не цікавіць. Яны робяць усё, каб разбурыць краіну і сесці ў крэсла ўлады", — канстатаваў беларускі лідар.
Палітычныя патрабаванні МВФ — непрымальныяПрэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць непрымальным выказванне Міжнародным валютным фондам палітычных патрабаванняў.
"Ведаеце, да чаго дайшлі яны — эканамісты, фінансісты? Яны ад нас патрабуюць вызвалення палітзняволеных. Дык якое ж гэта дачыненне мае да МВФ? Якія зняволеныя? Вы ж займаецеся фінансамі, эканомікай", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што з боку МВФ такое патрабаванне выстаўлялася першым пунктам. "Вось яны і адкрылі свой твар",.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі ўрад і Нацбанк прадставілі стратэгію дзеянняў па стабілізацыі валютнага рынку і аздараўленні фінансавай галіны краіны самастойна. "Гэта не рэкамендацыі МВФ, мы выпрацавалі гэты план самі. Там, дзе ён супадае з рэкамендацыямі МВФ, — ну дык выдатна, за што нас папракаць?".
Ён звярнуў увагу на той парадокс, што з аднаго боку ад яго патрабуюць вызвалення палітзняволеных, а з другога боку гавораць аб незалежнасці судовай сістэмы. "Якая ж тут незалежнасць, калі вы ад мяне патрабуеце ўлезці ў судовыя пытанні і прымаць рашэнні? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Усё гэта балбатня, размовы".
Прэзідэнт Беларусі лічыць, што Захаду яшчэ трэба самому павучыцца дэмакратыі. "Ніякай дэмакратыі там няма. Ім яшчэ трэба вучыцца дэмакратыі ў Беларусі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Якая можа быць дэмакратыя, калі яны разбамбілі цэлую краіну — Лівію? — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Паводле іх падлікаў, загінула больш як 100 тыс. людзей. Навошта ўлезлі ў чужую краіну? Аб якой дэмакратыі можа ісці размова?"
"Калі яны карыстаюцца момантам, калі ў нас складанасці на валютным рынку, яны спрабуюць нас прыдушыць, гэта што, дэмакратыя?". "Усе сёння адчулі пах крыві. Лічаць, беларусы на калені сталі, трэба іх дабіць, забраць прадпрыемствы, народ падпарадкаваць, валюту нейкую там замежную ўвесці і гэтак далей. Не атрымаецца, гэтага не будзе", — падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь захавае свой суверэнітэт і незалежнасць, чаго б гэта ні каштавала. "І дзейнічаць будзем толькі так: нікому не перашкаджаючы, не насаджаючы сваіх ідэй. Але той, хто з намі гатовы ісці, мы будзем іх прымаць, як самых блізкіх сяброў і братоў. Выжывем. Вытрымаем мы ўсё. Мы не гэта перажывалі за апошнія гады. Гэта чарговая праверка нашага народа на суверэнітэт і незалежнасць", — сказаў на заканчэнне кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт не збіраецца ісці на перагаворы з апазіцыяй"Яны (апазіцыя. — Заўвага БЕЛТА) сядзелі пад венікам, дзялілі гэтыя "зялёныя", якія ім кінулі з-за мяжы, і тут раптам пачулі, што Лукашэнка штосьці сказаў. Яны гэта ўспрынялі як перагаворы з апазіцыяй. Я аб перагаворах не гаварыў і гаварыць не збіраюся. Я ні з кім з іх не збіраюся перагаворвацца".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён прапанаваў розным грамадскім сілам і рухам сесці за круглы стол, абмеркаваць існуючыя праблемы і ўнесці разумныя прапановы.
"Калі за гэтым "круглым сталом" будзе выпрацавана штосьці добрае, станоўчае, мы з задавальненнем гэта ўспрымем. У нас улада не закасцянелая", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
Звязда, 10 верасня 2011
Ссылка на источник:
Беларусь захавае свой суверэнітэт і незалежнасць, чаго б гэта ні каштавала