Уладзімір Улаховіч: "Перазагрузка" па лініі Беларусь-ЕС магчымая... Больш за тое, яна ў інтарэсах абодвух бакоўГэтая думка належыць дырэктару Цэнтра міжнародных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
Уладзіміру Улаховічу. З ім аб цяперашнім стане адносін Мінска і Бруселя, перспектывах рэформы палітыкі суседства з ЕС гутарыць карэспандэнт "Звязды".
— Прэзідэнт пасля цырымоніі прыёму даверчых грамат паслоў ў размове з новым кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі выказаўся за "перазагрузку" беларуска-еўрапейскіх адносін на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Такая "перазагрузка" магчымая?— Так. Больш за тое, яна ў інтарэсах абодвух бакоў. У ЕС добра разумеюць ролю і значэнне ўсходніх суседзяў. Для еўрапейцаў важна, каб па суседстве былі ўстойлівыя дзяржавы, надзейныя партнёры, якія б не стваралі нечаканых складанасцяў і праблем. У гэтым галоўны інтарэс і цікавасць еўрапейцаў, у прыватнасці, да нас, украінцаў, малдаван і г. д. Пры гэтым, на мой погляд, акрамя пытанняў грамадска-палітычнага развіцця, не менш важнымі, а можа быць, і больш важнымі, з`яўляюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця суседніх краін. І гэтыя пытанні, мне здаецца, маглі бы быць у большай ступені прыярытэтным для еўрапейцаў, чым выключна палітычныя пытанні.
Думаю, што мы, як гаворыцца, "асуджаныя" на супрацоўніцтва, на тое, каб пераадольваць рознагалоссі. Нагадаю, гісторыя адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза налічвае ўжо дваццаць гадоў. Пасля двух апошніх пашырэнняў ЕС на ўсход наша краіна непазбежна апынулася ў зоне эканамічнага і геапалітычнага прыцягнення гэтай міждзяржаўнай структуры. Яе ўплыў Беларусь адчувае на сабе пастаянна. Таму патрэбна адэкватна сфарміраваная, узаемавыгадная і эфектыўная палітыка супрацоўніцтва. У Мінску і Еўропе сёння гэта добра разумеюць і вядучыя палітыкі, і эксперты, і простыя грамадзяне. Умацаванне еўрапейскага накірунку ўзаемадзеяння для незалежнай Беларусі вынікае з яе геаграфічнага становішча, нацыянальных інтарэсаў і прагматычнай логікі гаспадарчага жыцця.
— Уладзімір Яўгенавіч, якая стратэгія суседскага партнёрства адпавядала б рэальным патрэбам еўрапейцаў, незалежна ад таго, жывуць ці не жывуць яны ў краінах Еўрасаюза?— Яна павінна абапірацца на больш эфектыўныя, сумяшчальныя паміж сабой і зразумелыя для ўсіх жыхароў еўрапейскага кантыненту прынцыпы і інструменты ўзаемадзеяння. Возьмем эканамічнае партнёрства. Надышоў час доўгатэрміновай і паўнавартаснай лібералізацыі гандлю паміж суседзямі. Гэта б у значнай ступені садзейнічала паглыбленню палітычнага дыялогу, у тым ліку ў рамках узаемных кансультацый на розных узроўнях, а таксама ў міжнародных арганізацыях. Ужо ёсць вельмі карысны досвед партнёрства прадстаўнікоў беларускіх органаў правасуддзя і ўнутраных спраў з калегамі з ЕС у вырашэнні праваахоўных, мытных і памежных пытанняў па сумесным процідзеянні нелегальнай міграцыі, гандлю людзьмі, кантрабандзе зброі і наркотыкаў і міжнароднай злачыннасці.
Партнёрства павінна таксама распаўсюджвацца на культурна-інфармацыйную, адукацыйную і навукова-даследчую сферы, садзейнічаць развіццю ўзаемных кантактаў, рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў, абмену досведам на розных канферэнцыях і форумах.
— Дарэчы, аб форумах. Не ведаю як вас, а мяне трохі здзівіла навіна аб запрашэнні намесніка міністра эканомікі Беларусі Антона Кудасава паўдзельнічаць у першым бізнэс-форуме Усходняга партнёрства. Ён, нагадаю, пройдзе 30 верасня ў польскім горадзе Сопат адначасова з самітам "Усходняга партнёрства". На фоне мэтавых санкцый і іншых адрасных дзеянняў ЕС да нашай краіны гэтае запрашэнне чыноўніка з Беларусі выглядае даволі незвычайна. Ці не азначае гэты крок пачатак пацяплення ў адносінах з Еўропай — у прыватнасці, з Польшчай, якая цяпер выконвае функцыю старшыні ЕС?— Вядома, удзел у рабоце бізнэс-форума сам па сабе з`яўляецца важнай і карыснай справай. І факт запрашэння беларускіх прадстаўнікоў — крок пазітыўны. Нагадаю, у асобных замежных СМІ выказваліся прагнозы наконт адмовы афіцыйнаму Мінску ва ўдзелу ў праграмах Усходняга партнёрства, асабліва тых, якія могуць прынесці Беларусі эканамічную выгаду. Аднак Еўрасаюз усё ж вырашыў працягваць дыялог з беларускімі ўладамі, у тым ліку, як мы бачым, шляхам удзелу афіцыйных прадстаўнікоў у сопацкім форуме. Ён, на мой погляд, добры фармат для актывізацыі ўзаемадзеяння ў дзелавой сферы, фармат, які дазваляе ў пэўнай ступені знізіць вострыя палітычныя рознагалоссі.
Праўда, ёсць адна слушная заўвага. Агульнапрынятай з`яўляецца практыка, калі сама краіна вызначае тых, каго накіраваць на той ці іншы форум, надзяляе гэтых асоб адпаведнымі паўнамоцтвамі, зыходзячы са свайго бачання, сваіх прыярытэтаў і інтарэсаў ўдзелу ў міжнародным мерапрыемстве. Таму запрашэнне менавіта А.Кудасава ў пэўнай ступені выглядае даволі двухсэнсоўна.
— Форум у Сопаце — польская ініцыятыва. Не здаецца вам, што ў Польшчы празмерныя прэтэнзіі на асаблівую ролю ва ўсходнееўрапейскіх справах. Адкуль гэта?— Імкненне Польшчы заняць ключавое месца ў адносінах Бруселя з Беларуссю, Украінай ды і ўсім новым усходнім памежжам ЕС, безумоўна, існуе. Заўважу, што традыцыя рэгіянальнага лідарства Польшчы даўно ўкаранілася ў польскай палітычнай думцы і ментальнасці. Тыя старадаўнія ідэі сёння абноўлены, яны запатрабаваны ў грамадстве і складаюць частку не толькі палітычнай тэорыі, але і практыкі афіцыйнай Варшавы. Уплывовыя польскія палітыкі традыцыйна былі выразнікамі гэтых ідэй, а самі ідэі заахвочвалі з`яўленне новых палітыкаў. І як мне уяўляецца, сучасная знешняя палітыка Польшчы ў вельмі вялікай ступені адлюстроўвае даўнія традыцыі польскай рэгіянальнай палітыкі, а таксама польскай палітычнай філасофіі. Аднак польскія знешнепалітычныя ініцыятывы не заўсёды знаходзяць падтрымку ў Бруселі. Гэта таксама трэба мець на ўвазе.
— Напрыканцы вясны Еўрапейская камісія выступіла з прапановай рэфармавання палітыкі суседства. Яна, як заяўлялі ў Бруселі, стане своеасаблівым "новым адказам на змены ў краінах-суседзях". Увогуле, што гэта будзе за рэформа і нейкім чынам яна закране Беларусь?— На мой погляд, адбылося тое, што павінна было адбыцца, — вяртанне да рэалій. Шматлікія палітыкі і каментатары надавалі занадта вялікае значэнне ініцыятыве пад назвай "Усходняе партнёрства". Па-рознаму прымяралі гэтую праграму да сваёй вялікай геапалітычнай гульні на прасцягах Еўропы, нават пафасна называлі яе інструментам руху заходняй цывілізацыі на ўсход і г. д. Але ў краінах-суседзях, для якіх і была распрацавана праграма, дамінаваў прагматычны падыход да яе рэалізацыі. Краіны-суседзі бачылі ва Усходнім партнёрстве ў першую чаргу магчымасць для сабе наладзіць узаемавыгадныя і раўнапраўныя адносіны з новым вялікім суседам — Еўрапейскім саюзам. Думаю, што і ў Бруселі, і іншых сталіцах краін ЕС адказныя палітыкі таксама не разглядалі праграму як прыладу для своеасаблівай "еўрапеізацыі" суседзяў. Бо гэта, у прынцыпе, не варта рабіць, ды і ўвогуле немагчыма.
Цяпер у палітыку Бруселя вяртаецца больш рэалістычны падыход да адносін з суседзямі. Вось яго адметныя рысы. Па-першае, гэта канкрэтызацыя краінавых праграм з улікам іх пэўнай спецыфікі. Па-другое, канкрэтызацыя фінансавых інструментаў і фондаў у дачыненні да кожнай краіны. Па-трэцяе, канкрэтызацыя тэрмінаў рэалізацыі асобных праектаў. З іншага боку, палітычны складнік супрацоўніцтва ўсё ж застаецца ў цэнтры ўзаемадзеяння. Тут можна зразумець еўрапейцаў. Яны не могуць саступіць у пытанні так званых агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Хоць самі каштоўнасці, мушу заўважыць, катэгорыя ідэалагічная, якую можна па-рознаму інтэрпрэтаваць. Але гэта тэма асобнай размовы.
— Што вы думаеце аб прыярытэтах абнаўлення супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з краінамі-суседзямі?—Прыярытэт зараз ва ўсіх адзін — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, накіраванае на пераадоленне негатыўных тэндэнцый у фінансавай і гаспадарчай сферах. Для нас гандаль з краінамі Еўрасаюза — стабільная крыніца паступленняў цвёрдай валюты, а таксама прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, неабходнай для развіцця прамысловасці. Аднак патэнцыял узаемнага гандлю задзейнічаны даволі слаба. Хаця ў ЕС даўно і шмат гавораць аб падтрымцы малых і сярэдніх прадпрыемстваў у суседніх краінах, неабходнасці стварэння зоны свабоднага гандлю і г.д. Думаю, ужо надышоў час пачаць яе ствараць. Бо хочацца ўбачыць канкрэтныя вынікі гэтай дзейнасці.
Але будзем рэалістамі. У адносінах Беларусі і ЕС застаецца занадта шмат нявырашаных пытанняў. З 1992 г. ЕС падыходзіць да Беларусі як краіны "з нерынкавай эканомікай", што з`яўляецца ключавым момантам для стрымлівання развіцця гандлёвых адносін.
Антыдэмпінгавыя меры ЕС перашкаджаюць экспарту чатырох беларускіх тавараў: хлорыстага калію (з 1992 г.), поліэфірных штапельных валокнаў (з 1996 г.), поліэфірных філаментных нітак і карбамідна-аміячнай сумесі (з 1997 г.). З 2007 г. Беларусь таксама выключана з Агульнай сістэмы прэферэнцый ЕС.
З іншага боку, быў перыяд, калі ЕС прызнаваў неэфектыўнасць мер па шырокай гандлёвай ізаляцыі Беларусі і схіляўся да больш гнуткага падыходу. Гэта ў свой час надавала станоўчую дынаміку ў гандлёва-эканамічных узаемаадносінах Беларусі з ЕС. Тым не менш комплекс нетарыфных мер да прадукцыі беларускіх вытворцаў, які выкарыстоўвае ЕС, застаецца галоўным фактарам, які стрымлівае беларускі экспарт у краіны ЕС. Каб вырашыць гэтыя праблемы, неабходна шукаць новыя магчымасці для супрацоўніцтва, а не толькі чакаць выканання ад партнёра папярэдніх умоў. Мы, паўтаруся, "асуджаныя" на цеснае супрацоўніцтва.
— Еўракамісія мае намер значна павялічыць бюджэт новай палітыкі суседства. Аднак аб`ём падтрымкі Бруселя суседзяў будзе залежаць ад выканання імі пэўных умоў. Напрыклад, чым далей і хутчэй краіна ідзе наперад па шляху рэформаў, тым больш вялікую дапамогу яна атрымае ад ЕС. Як і хто будзе вызначаць узровень і ступень гэтага прагрэсу і ці варта Беларусі ўцягвацца ў такое спаборніцтва?— Гэта цікавае пытанне. Але на яго павінны дакладна і ясна адказаць еўрапейскія партнёры. Але б я засцярог ад празмерных чаканняў вялікіх фінансавых плыняў на ўсход. Акрамя ўсяго, трэба мець на ўвазе тыя вельмі сур`ёзныя праблемы і цяжкасці, з якімі сёння сутыкнулася "зона еўра".
— З чаго ў кантэксце рэформы палітыкі суседства варта было б пачаць яе рэалізацыю на беларускім кірунку? Ці не са спрашчэння і лібералізацыі візавага рэжыму?— Гэта быў бы своечасовы і сімвалічны крок, які б дазволіў у значнай ступені мінімізаваць многія негатыўныя наступствы пашырэння ЕС. Напрыклад, чаму б не ўвесці для прыгранічнага насельніцтва спрошчаную працэдуру ўзаемных паездак у краіны ЕС, адмовіцца ад марудных і, як мне здаецца, занадта недаверлівых працэдур атрымання віз беларускімі грамадзянамі. Беларусь не стварае ніякай міграцыйнай напружанасці Еўропе. У еўрапейцаў няма ніякіх падстаў палохацца наплыву беларусаў. У нас цудоўная еўрапейская краіна, якая нічым не горшая за іншыя, і беларусы звязваюць свой лёс і сваю будучыню перш за ўсё з Айчынай.
Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 23 верасня 2011
Ссылка на источник:
"Перазагрузка" па лініі Беларусь-ЕС ў інтарэсах абодвух бакоў