Урокі, якія неабходна памятацьУ Кіеве закончыўся судовы працэс над былым прэм`ер-міністрам Украіны Юліяй Цімашэнкай. Яе прыгаварылі да 7 гадоў пазбаўлення волі, і тым самым была падведзена рыса пад "аранжавай рэвалюцыяй". Хто мог падумаць, што ўсё так закончыцца?
На Майдане безліч палатак, сцягі, голыя да пояса дзецюкі б`юць у жалезныя барабаны-бочкі. Здавалася б, што ў тым шуме і гаме нараджаецца новая дэмакратычная ўлада. Процістаянне закончылася перамогай "аранжавых", а "блакітныя" адступілі... да наступных выбараў.
Віктар Юшчанка стаў прэзідэнтам, а яго паплечніца па барацьбе Юлія Цімашэнка — прэм`ер-міністрам. Напачатку ўсё складвалася добра, але неўзабаве стала ясна, што Ю. Цімашэнка таксама хоча быць "першай скрыпкай". Віктар Юшчанка збіраўся ісці на другі прэзідэнцкі тэрмін, але ж на прэзідэнцкае крэсла цэліла і прэм`ер-міністр. Калі б В. Юшчанка, чый рэйтынг быў вельмі нізкім, саступіў, то расклад на выбарах прэзідэнта Украіны мог быць іншым. Але ўсе дэмакраты на постсавецкай прасторы працятыя "вірусам банапартызму", і тут нічога нельга змяніць.
У тым процістаянні на Майдане змагаліся не толькі "аранжавыя" і "блакітныя". На лідара апошніх — Віктара Януковіча — стаўку рабілі Расія, а Віктара Юшчанку "песціў" Захад — ішла барацьба за Украіну.
Упраўляць жыццём, грамадскімі працэсамі, выстройваць іх пад нейкі там план немагчыма, і Украіна ў гэтым плане дала ўрок. А колькі гэтых урокаў ужо было на памяці толькі нашых бацькоў?
Вось будавалі камунізм, а сёння пра гэта і ўспамінаць няёмка. Знік Савецкі Саюз і не таму, што некаму гэтага хацелася, — так "ляглі карты". Расія спадзявалася, што В. Януковіч стане прэзідэнтам і разверне Украіну на 180° — тварам да Расіі. Але ён глядзіць на Захад. Які, дарэчы, з недаверам ставіўся да В. Януковіча. Стаўка Еўрасаюза на "аранжавых" правалілася. Вось і амерыканцы паспрабавалі ў Іраку наладзіць насельніцтву жыццё на свой лад, а цяпер не ведаюць, як адтуль выбрацца.
У палітыцы, як і ў жыцці, у выйгрышы той, хто мае цярпенне — умее чакаць. Паспешлівасць вядзе да непрадказальных наступстваў, бо чалавеку не дадзена глыбока пранікнуць ва ўзаемасувязь рэчаў і працэсаў — у заўтрашні дзень. Калі б жыццё ішло па задумах палітыкаў, то дзе сёння свет быў бы?
Колькі гадоў існуе Еўрасаюз — дзіця Захаду, а лёс яго неакрэслены. У адно імгненне ён можа разваліцца, як картачны домік. Вось і мы ўступаем з 1 студзеня ў Адзіную эканамічную прастору і спадзяёмся..., а што з гэтага выйдзе, не ведаем. А тут ужо падкідваецца ідэя Еўразійскага саюза. Не хацелася б купіцца на чарговы пражэкт, бо колькі іх было ў нашым жыцці! Часта за ідэяй ці праектам стаіць чалавек ці група людзей са сваімі інтарэсамі, і толькі.
Але вернемся да ўкраінскай тэмы. Ю. Цімашэнку судзілі за тое, што яна, будучы прэм`ер-міністрам, падпісала з "Газпрамам" кантракт на пастаўку газу ва Украіну. Суд вырашыў, што Ю. Цімашэнка перавысіла свае паўнамоцтвы і падпісваць тыя дакументы не мела права. А ў апазіцыі сваё меркаванне, і многія, ва ўсякім разе прыхільнікі асуджанай, лічаць, што ўлада перад прэзідэнцкімі выбарамі ва Украіне зрабіла палітычную зачыстку — ухіліла самага небяспечнага канкурэнта. Няхай ва ўсім гэтым разбіраюцца самі ўкраінцы, а мяне ў тым працэсе зацікавілі два моманты.
Па кантракце, які быў падпісаны Ю. Цімашэнка, Расія пастаўляла газ ва Украіну па цане больш чым 400 долараў за 1 тыс. куб. м. Як Украіна здолела пры такой цане выжыць? Калі не памыляюся, мы ў той час плацілі за газ 160-180 долараў і стараліся ўвесь час збіць цану. Ва Украіне энергаёмістых прадпрыемстваў больш, чым у нас, і пры сусветнай цане на газ там катастрофы не здарылася. І грыўня да долара за 20 гадоў упала менш чым у два разы.
Часта нашы праблемы з эканоміяй энерганосьбітаў ці імпартазамяшчэннем падмяняюцца балбатнёй, а не рэальнымі дзеяннямі. Праблемы на дзяржаўным прадпрыемстве з`яўляюцца агульнымі і асабіста дырэктара мала кранаюць. Гэта прыватнік "вылеціць у трубу", калі не будзе лічыць кожны рубель, а сваё прадпрыемства дзяржава выручыць.
Добра, што Расія прадае нам газ па больш нізкай цане, чым суседзям. Але гэты плюс, лічу, вядзе да ўтрыманцкіх настрояў, расслабляе кіраўнікоў прадпрыемстваў. Маўляў, там, наверсе, дамовяцца, усё вырашаць. Пакуль дамаўляюцца, але сусветная цана на газ ужо на падыходзе.
І другі момант. Вось выклікалі В. Юшчанку як сведку на суд. Ён прыехаў і даў паказанні супраць падсуднай. Не здолеў забыць мінулыя крыўды. А хіба не з Ю. Цімашэнкай ты змагаўся за ўкраінскую ідэю, свабоду і дэмакратыю? Стаялі поплеч, трымаліся за рукі, цалавалі абразы...
Вось і ўся палітыка.
Сымон Свістуновіч
Звязда, 14 кастрычніка 2011
Ссылка на источник:
Апошняе рэха Майдана