Для іх прыгатавання спатрэбіцца бульба, мясны фарш, салёнае сала, цыбуля, соль, перац і вада. На 2 кг бульбы (менш і браць не варта) пойдзе 0,5 кг фаршу.
Бульбу абабраць і надзерці на дробнай тарцы. З атрыманай масы праз марлю адціснуць сок, каб бульба набыла кансістэнцыю цеста, з якога можна ляпіць піражкі, але не вельмі крутога. УВАГА! Вадкасць, якая атрымалася падчас выціскання, трэба сабраць у асобны посуд і пакуль адставіць у бок.
Пакуль падрыхтуем фарш. Ён павінен быць даволі тлустым. Напэўна, смачней за ўсё атрымаецца са свіным ці курыным, але можна выкарыстаць і ялавічны. У фарш трэба дадаць дробна парэзаную цыбулю, чорны молаты перац і соль па смаку. Добра вымешаць.
Цяпер неабходна асцярожна зліць вадкасць, якую мы сабралі, каб на дне посуду застаўся крухмал, які за гэты час асеў. Яго і соль дадаём да бульбы і старанна перамешваем.
А на пліце ўжо павінна стаяць каструля з вадой, якая добра кіпіць. Яшчэ мае сэнс падрыхтаваць міску з халоднай вадой, каб пры неабходнасці рукі абмываць. Бярэм бульбы памерам з вялікае яйка і робім з яе на руцэ аладку. У сярэдзіну кладзем начынку з фаршу і лепім клёпсу — бульбяную катлету з мясной начынкай — і кідаем яе у кіпень. Вада ўвесь час павінна добра кіпець, інакш клёпсы проста расплывуцца ў ёй. Паўтараем гэта да таго часу, пакуль не скончыцца бульба ці фарш (у ідэале яны павінны скончыцца адначасова). Крыху солім ваду і даем паварыцца страве хвілін 20. А самі ў гэты час рэжам дробненька салёнае сала і падсмажваем яго з нарэзанай цыбуляй. Калі цыбуля набудзе прыемны залацісты колер, выліваем усё ў каструлю, да клёпсаў. Дадаем некалькі гарошын чорнага перцу і парачку лаўровых лісточкаў. Няхай пакіпіць яшчэ хвілін 10.
Падаюць клёпсы ў місках з вялікай колькасцю вадкасці, у якой яны варыліся. Зверху можна смятаны пакласці, але неабавязкова. Есці трэба лыжкай. Гэта штосьці сярэдняе паміж першай і другой стравай. Цэлы абед у адной місцы!
Звязда, 22 кастрычніка 2011
Ссылка на источник:
Клёпсы