Не так даўно абвешчаная ініцыятыва па стварэнні Еўразійскага саюза ўжо прыкавала да сябе сусветную ўвагу. Ён трывала прапісаўся на старонках замежнай прэсы і абзавёўся ўласным артыкулам у Вікіпедыі. Яшчэ б, такая заяўка на новы сусветны парадак. Калі праект рэалізуюць у заяўленым фармаце, мы маем усе шанцы стаць сведкамі з`яўлення дадатковага палітычнага полюса. Накіды пакрысе набываюць канкрэтныя абрысы.
Кіраўнікі трох краін замацавалі подпісамі дагавор аб Еўразійскай эканамічнай камісіі, наднацыянальнай структуры, якая будзе кіраваць працэсамі аб`яднання. Будучыня інтэграцыі сёння — прадмет актыўных дыскусій. Вядуцца яны пераважна вакол далучэння да зладжанай мытнай "тройкі" тых ці іншых новых удзельнікаў, аналогій з ЕС і магчымай змены расстаноўкі сіл у свеце. А жыхарам краін, якія ўзялі курс на збліжэнне, цікава найперш, чым гэта адгукнецца нам самім. Мы папрасілі выказацца на гэты конт прадстаўнікоў розных краін.Эканамічная канкурэнцыяВіталь Бусько, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і сувязях з СНД:
— Еўразійскі саюз — гэта не нешта новае, а працяг наяўных працэсаў інтэграцыі. Чым выгадна гэта звычайнаму чалавеку? Хоча, напрыклад, беларус у Кустанаі працаваць, а казахстанец на нашым калійным камбінаце — калі ласка. Усё, свабодны рух рабочай сілы, капіталу, тавараў. Будзе сапраўдная канкурэнцыя. Так, вельмі часта параўноўваюць будучую структуру з Еўрапейскім саюзам. Нам трэба, узяўшы ўсё самае лепшае адтуль, стварыць свой саюз. З магчымым выхадам на адзіную валюту. Пра гэта казалі кіраўнікі краін. Гэта найвышэйшая ступень інтэграцыі. Але адназначна Еўразійскі саюз не арганізуецца з мэтай стварыць нейкую супрацьвагу ЕС. Мы разнесеныя і ў часе (Еўрасаюз ужо сфарміраваны), і ў прасторы, не прэтэндуем на адну тэрыторыю. Усё залежыць ад таго, наколькі шчыльна змогуць супрацоўнічаць два гэтыя саюзы з аднолькавай абрэвіятурай, каб насамрэч была прастора ад Лісабона да Уладзівастока. Але для збліжэння з ЕС патрэбна эканамічнае супрацоўніцтва, неабходна палітычная воля.
Чаго не хапала Мытнаму саюзу, дык гэта міжнароднага прызнання. А вось Еўразійскі саюз будзе паўнавартасным юрыдычным міжнародным суб`ектам. Я ўпэўнены, будзе там і свая парламенцкая структура. Прадугледжваецца магчымасць далучэння ў саюз іншых удзельнікаў. Але падыход павінен быць вельмі ўзважаным. Мы бачым сумны вопыт ЕС, які пайшоў на бяздумнае пашырэнне, і сёння там 3—4 краіны змушаныя цягнуць груз многіх. Нашы прэзідэнты агучылі, што будзе адмысловая "дарожная карта" для ахвотных уступіць у саюз, дзе будуць распісаны патрабаванні. Але ўжо відаць, што на падыходзе Таджыкістан, Кыргызстан, Украіна...
Ці здолее новае ўтварэнне змяніць сусветны парадак... Зразумела, што калі свет стаіць не на адной, а на дзвюх ці некалькіх асновах, устойлівасць зусім іншая. Але ж і штучна ствараць такія полюсы небяспечна. Нам патрэбны мяккі, лагодны пераход. І самае галоўнае, каб усе спаборніцтвы былі выключна эканамічнымі, а ні ў якім разе не палітычнае, ваеннае, этнічнае ці рэлігійнае супрацьстаянне. Эканамічная канкурэнцыя — тое, да чаго ўсе мы павінны імкнуцца.
Слова за КыргызстанАнатоль Смірноў, пасол Казахстана ў Беларусі:
— Канцэптуальнае бачанне казахстанскага боку адносна перспектыў фарміравання Еўразійскага саюза было выкладзена Прэзідэнтам Нурсултанам Назарбаевым у артыкуле "Еўразійскі саюз: ад ідэі да гісторыі будучыні", у якой гэтае аб`яднанне ён адносіць да мегапраекта, сувымернага са складанымі выклікамі сучаснасці і будучыні. Еўразійскі саюз павінен стварацца як канкурэнтаздольнае аб`яднанне, трывалае звяно, якое счэплівае еўраатлантычны і азіяцкі арэалы развіцця. Працэс еўразійскай інтэграцыі павінен ісці выключна эвалюцыйным і добраахвотным шляхам. У гэтым выпадку ён мае ўсе шанцы стаць арганічнай часткай новай сусветнай архітэктуры.
Прэзідэнт Н. Назарбаеў мае дакладнае ўяўленне аб механізмах фарміравання Саюза. Прапануецца прыняць сумесную Праграму еўразійскай інавацыйна-тэхналагічнай кааперацыі, абмеркаваць пытанне стварэння ў будучыні валютнага саюза, трансеўразійскай хуткаснай чыгункі, працягнуць працу па нарошчванні патэнцыялу ўсіх еўразійскіх аб`яднанняў, паступова аказваючы садзейнічанне збліжэнню іх фарматаў і зместу. Прапануецца таксама комплекс захадаў па інстытуцыянальным афармленні. На сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Казахстана і Расіі 18 лістапада было прынята рашэнне аб стварэнні да 2015 года Еўразійскага эканамічнага саюза. Магчыма, гэты працэс будзе паскораны. Безумоўна, у працы над стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза будзе ўлічвацца багаты досвед ЕС, які застаецца нашым важным партнёрам. Мне ўяўляецца, што ў развіцці супрацоўніцтва паміж гэтымі дзвюма найбуйнейшымі інтэграцыйнымі ўтварэннямі на еўразійскай прасторы зацікаўлены як у ЕС, так і ў нашых краінах.
Падчас сустрэчы лідараў трох дзяржаў было таксама адзначана, што гэты праект з`яўляецца адкрытым для іншых краін, для якіх, аднак, будзе выпрацавана своеасаблівая "дарожная карта" — пэўны набор патрабаванняў. Гэтае рашэнне звязана з неабходнасцю выкарыстання ўзважанага падыходу, паколькі размова ідзе пра канкрэтную эканоміку і рэальныя велізарныя фінансавыя плыні. Са свайго боку, Казахстан аб`ектыўна зацікаўлены ва ўдзеле ў гэтых праектах нашага найбліжэйшага суседа — Кыргызстана, што садзейнічала б яго паскоранаму эканамічнаму аднаўленню. Па ініцыятыве Казахстана ўтворана рабочая група па вывучэнні пытання аб далучэнні Кыргызстана да Мытнага саюза.
Што датычыць стаўлення казахстанскага народа да еўразійскай інтэграцыі, то ў нашым грамадстве існуюць палярныя меркаванні. Ёсць як прыхільнікі інтэграцыі, так і яе праціўнікі. Разам з тым, я глыбока перакананы, што з цягам часу кожны грамадзянін нашых краін адчуе на сабе перавагі паглыбленай кааперацыі. Размова ж ідзе пра спрошчанае перасячэнне межаў, магчымасці атрымання адукацыі ў навучальных установах "тройкі", права на працаўладкаванне і іншае. Вырашэнне гэтых пытанняў, я ўпэўнены, цалкам замацуе грамадскую свядомасць на карысць нашага аб`яднання.
Непазбежная форма інтэграцыіВалерый Казакоў, старшыня федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Расіі", кандыдат сацыялагічных навук:
— Пазіцыя Расіі агучана прэм`ер-міністрам Уладзімірам Пуціным, у прынцыпе, яе прытрымліваюцца кіруючыя эліты. Тэма еўразійства выношвалася ўжо даўно. Яна гучала ад Льва Гумілёва і да яго. Многія людзі бачылі ў такім сімбіёзе будучыню славянскіх і азіяцкіх народаў. Гэта натуральны ход развіцця нашай гісторыі. Спачатку быў утвораны СНД. Пасля з`явіўся Саюз Беларусі і Расіі як найбольш інтэграваных і блізкіх па духу, але самастойных і незалежных дзяржаў. А цяпер нарадзілася добра забытая ідэя еўразійскай інтэграцыі. За ёй будучыня. Свет наогул стаіць на парозе глабальных змен, стварэння якасна новых імперый у добрым, высокім сэнсе гэтага слова — імперый духу чалавечай свабоды і незалежнасці. Час збіраць камяні, хопіць ужо іх раскідваць.
У Заходняй Еўропе ЕС таксама не проста так узнік, гэта патрэба часу. Еўразійскі саюз не можа быць альтэрнатывай ці процівагай ЕС, ён будзе, хутчэй, дапаўненнем адзінай Еўропы. Не думаю, што новае ўтварэнне фарміруецца на злосць каму-небудзь: мы прыходзім да непазбежнай формы інтэграцыі. Калі гэты саюз будзе ўтвораны на тых прынцыпах, якія дэкларуюцца, то гэта будзе адзін з найбуйнейшых сусветных гульцоў. Не выключаю, што да Еўразійскага саюза можа далучыцца і Кітай. Тут бліжэй да Кітая менталітэт, чым да класічнага Захаду.
Мы прайшлі выпрабаванне раз`яднаннем, цяпер важна вытрымаць і аб`яднанне. Не павінны быць паглынутыя самастойныя дзяржавы, і еўразійская інтэграцыя, наколькі я яе разумею, перад сабой такой задачы не ставіць. Гэта духоўнае, эканамічнае злучэнне, работа ў абсягу духу — таго духу, які не быў зломлены ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Просты чалавек ад раздзялення прайграе, а ад аб`яднання заўжды ў плюсе. Бо набывае магчымасць свабодна перамяшчацца, вучыцца, працаваць, кахаць. Быць вольным грамадзянінам вялікай прасторы заўсёды лепш, чым плаваць у маленькай лужынцы.
Ала Мачалава
Звязда, 24 лістапада 2011
Ссылка на источник:
Еўразійскі саюз: просты чалавек ад аб`яднання заўжды ў плюсе