Праблематыка Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым незалежным беларускім эканамістам Леанідам Заікам.___________________________________
— Сёння больш чым дастаткова размоў аб выключна станоўчых будучых перавагах Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі (АЭП). Яна, маўляў, адкрывае новыя магчымасці як для вялікага і сярэдняга бізнэсу, так і для звычайных грамадзян працаздольнага ўзросту трох краін. Але ў кожнай вялікай з`явы, у тым ліку і інтэграцыйнага працэсу, ёсць два бакі медалю. Таму цікава спытаць вас пра верагодныя падводныя камяні, праблемы, якія будуць аб`ектыўна ўзнікаць на шляху інтэграцыі.— Хачу супакоіць вас і чытачоў вашай газеты: 1 студзеня вы і яны не прачнуцца ў прынцыпова новай паўнацэннай эканамічнай супольнасці трох дзяржаў. 1 студзеня на тэрыторыю Беларусі не хлынуць плыні танных расійскіх тавараў ці казахстанскага золата, чым паставяць на мяжу выжывання айчынных вытворцаў аналагічнай прадукцыі. Стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы — справа не аднаго года. Яна завершыцца прыкладна да 2019 года. Тады будуць канчаткова сінхранізаваны правілы і дзеянні Сусветнай гандлёвай арганізацыі (СГА) і нашага Мытнага саюза. Бо развіццё АЭП не можа ісці інакш як у рэчышчы адаптацыі да правілаў СГА, членам якой нядаўна стала Расія. Рыхтуюцца да ўступлення ў СГА і Беларусь з Казастанам. Так што ў будучыні нам давядзецца жыць па эканамічных нормах СГА. А пакуль, прынамсі ў 2012 годзе, эканоміка кожнай краіны АЭП будзе ў асноўным працаваць, як працавала раней.
— Леанід Фёдаравіч, чаму ўсё ж 2019 год?— Гэты шлях сінхранізацыі вельмі няпросты, многія праблемныя пытанні адразу вырашыць не атрымаецца, нас чакае складаны перамоўны працэс. Згодна з маімі разлікамі, з меркаваннямі расійскіх эканамістаў, ён закончыцца да 2019 года. Такая нармальная траекторыя развіцця нашага станаўлення ў межах АЭП і шчыльнага збліжэння з СГА.
— Народ ад эканамічнай прасторы чакае ў першую чаргу зніжэння цэн. Гэта адбудзецца?— Абавязкова. Гэта, бадай, адна з галоўных пераваг АЭП. Да 2019 года, напрыклад, на 15 і больш працэнтаў знізяцца мытныя тарыфы на легкавыя аўтамабілі.
— Чаму вы так упэўнены ў зніжэнні цэн? Вам што, гэта таксама па сакрэце сказалі расійскія эканамісты?— І яны таксама. Акрамя гэтага, ёсць законы эканомікі, згодна з якімі ва ўмовах Мытнага саюза ці АЭП (што, па сутнасці, адно і тое ж), знікаюць бар`еры на шляху канкурэнтаздольнай прадукцыі, зніжаюцца выдаткі на яе вытворчасць, з`яўляюцца стымулы для павелічэння выпуску аб`ёмаў і паставак тавараў у краіны АЭП. Яшчэ адна важная акалічнасць. Чым больш мы будзем прадаваць тавараў у Казахстан і Расію, тым хутчэй будуць расці даходы, зарплаты жыхароў Беларусі. Таму на працягу двух-трох гадоў, пры ўмове запланаванага развіцця АЭП, калі не будуць дапушчаны суб`ектыўныя памылкі, не грымне знешні крызіс, то патаннеюць прадукты харчавання, прамысловыя тавары, паслугі пры адначасовым росце зарплаты. Трэці важны момант: больш таннымі стануць энерганосьбіты для Беларусі. Для нас тысяча кубаметраў прыроднага газу ў новым годзе будзе каштаваць каля 160 долараў. Для параўнання: малдаванам газ абыдзецца ў 400 долараў за тысячу кубаметраў, украінцам — у 300 долараў.
— Не сакрэт, што асобных беларускіх вытворцаў трывожыць уступленне Расіі ў СГА. Маўляў, хутка праз расійскую тэрыторыю да нас эшалонамі павязуць танныя тавары з Еўропы. Гэтыя асцярогі маюць пад сабой глебу?— Аніякай. Па-першае, еўрапейскія тавары не такія ўжо і танныя. Прадукты харчавання, адзенне, абутак, іншыя тавары з Еўропы каштуюць даволі дорага ў параўнанні з узроўнем нашай заработнай платы. Напрыклад, у Германіі зарплаты значна вышэйшыя, што адбіваецца на цане нямецкіх тавараў. Нашым вытворцам трэба больш баяцца наплыву кітайскіх, індыйскіх, турэцкіх тавараў. Вось яны тояць большую пагрозу з-за сваёй нізкай цаны, чым еўрапейскі імпарт. Увогуле мушу заўважыць, што шокавых узрушэнняў на спажывецкім рынку з пачаткам дзеяння АЭП не прадбачыцца.
— Але хутка пачне працаваць наднацыянальны орган — Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК), якой з боку кожнай краіны будуць перададзены асобныя нацыянальныя паўнамоцтвы. Як вы ставіцеся да яго стварэння?— Як той казаў, са стрыманым аптымізмам. Галоўнае, каб яе камісары не забюракраціліся. Калі яны, прадстаўнікі трох дзяржаў, пачнуць раіцца па кожным пытанні са сваім нацыянальным кіраўніцтвам, то гэта будзе тармазіць аператыўнае прыняцце важных рашэнняў. Шматлікія ўдакладненні, кансультацыі могуць загубіць жывую справу. Я думаю, што камісары павінны быць надзелены правам вырашаць усе пытанні ў інтарэсах насельніцтва ўсіх трох дзяржаў, а не цягнуць кожнаму коўдру на сябе. Таму я пакуль насцярожана стаўлюся да будучай дзейнасці Камісіі. Хочацца спадзявацца, што дарэмна. Час пакажа.
— Высокапастаўленыя прадстаўнікі Беларусі, Казахстана і Расіі неаднойчы заяўлялі, што дзверы Адзінай эканамічнай прасторы адкрытыя для іншых былых савецкіх рэспублік. Што вы думаеце на гэты конт?— Думаю, што лепей было б не прымаць новых членаў з ліку краін СНД, акрамя Украіны. Вось удзел гэтай краіны у АЭП напоўніў бы яе і новым зместам, і новым патэнцыялам, і новым міжнародным уплывам. Мне такая перспектыва здаецца рэальнай. Сёння ва Украіны няма практычна шанцаў уступіць у Еўрасаюз. Там пасля скандальных падзей з бюджэтам у Грэцыі, Партугаліі і Іспаніі, ды і Італіі, у ЕС напалоханы наступствамі свайго бяздумнага пашырэння. Навошта Бруселю галаўны боль яшчэ з праблемнай Украінай? У Кіеве таксама бачаць неперспектыўнасць сваіх намаганняў па далучэнні да Еўрасаюза. І я думаю, што з часам Украіна стане членам АЭП.
Леанід Лахманенка
Звязда, 28 снежня 2011
Ссылка на источник:
Шокавых узрушэнняў на спажывецкім рынку Беларусі не прадбачыцца