Ад з`яўлення АЭП чакаюць вырашэння пытання па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь і павелічэння ўзаемнага таваразваротуПачатак новага года, звычайна час зацішша на палітычным полі, адзначыўся прыкметнай падзеяй у Казахстане. Там адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары. У выніку галасавання па партыйных спісах месцы ў мажылісе атрымалі прадстаўнікі трох партый. Больш за ўсё мандатаў (83 — супраць 8 і 7 у канкурэнтаў) заваявала народна-дэмакратычная партыя "Нур Атан" на чале з прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. За выбарамі сачыла больш за тысячу назіральнікаў. Пасол Казахстана ў Беларусі
Анатоль Смірноў заўважае незбалансаванасць ацэнак з боку місіі АБСЕ: "Адны кажуць адно, іншыя — другое". Паводле яго слоў, у заключэнні сказана, што Казахстан рухаецца да дэмакратычнага грамадства, але некаторыя патрабаванні не выконвае. І многія назіральнікі падзяляюць гэтае меркаванне. Так, паводле інфармацыі пасла, дэмакратычнасць выбараў адзначыла дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан. У той жа час некаторыя назіральнікі "выступаюць з абсалютна іншымі ацэнкамі". Гэта дае яму падставу меркаваць пра наяўнасць двайных стандартаў.
Спадар Смірноў нагадаў, што Казахстан перайшоў часткова на электроннае галасаванне, а ў традыцыйным — на выкарыстанне празрыстых урнаў. "Сур`ёзных заўваг у ЦВК не паступала", — канстатаваў пасол і выказаў здагадку, што згаданыя захады таксама ўплываюць на такі вынік.
Беларускія журналісты на сустрэчы з паслом Казахстана не маглі не пацікавіцца развіццём двухбаковых адносін. Самая, бадай, "доўгайграючая" тэма — пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь. На парадку дня яна з 1994 года, і апошнім часам у вырашэнні пытання спасылаліся на АЭП. Маўляў, уніфікуюць тарыфы — тады і дамовімся. Адзіная эканамічная прастора працуе ўжо 18 дзён, як уплывае гэта на дамоўленасць па нафце?
— Мы прыйшлі да важнага рашэння — распрацаваны праект пагаднення, — заявіў Анатоль Смірноў і дадаў, што дакумент зараз разглядаецца казахстанскім бокам, датычыць ён паставак нафты ў Беларусь, у цэлым супрацоўніцтва дзвюх краін у гэтай галіне.
Пасол Казахстана ў Беларусі мяркуе, што дакумент будзе падпісаны сёлета падчас аднаго з візітаў нашых кіраўнікоў дзяржаў. Кіраўнік дыпмісіі акцэнтуе, што гэтае пытанне важнае для абодвух бакоў і павінна быць вырашана. Для таго і ствараецца АЭП, а патэнцыйна і Еўразійскі саюз, каб былі адзіныя пошліны, адзіныя тарыфы, каб краіны-ўдзельніцы дамаўляліся. Пакуль жа штогод расце транзіт нафты праз беларускую тэрыторыю на захад. Цяпер ён на ўзроўні 8 млн тон, і ёсць усе падставы меркаваць, што будзе павялічвацца і надалей.
Сустрэчы на самым высокім узроўні дыпламат згадаў невыпадкова. Сёлета запланаваны абмен візітамі кіраўнікоў дзвюх краін. Павінны адбыцца таксама ўзаемныя візіты кіраўнікоў парламентаў.
— Такія сустрэчы даюць штуршок да актывізацыі ўзаемаадносін, — заключае пасол Казахстана ў Беларусі. — Гэтыя фактары будуць садзейнічаць павелічэнню таваразвароту.
Пакуль што ён на ўзроўні 1 млрд долараў. Прынамсі, паводле звестак пасла, пра гэта сведчаць папярэднія ацэнкі мінулагодняга абмену таварамі паміж дзвюма краінамі. Прычым Беларусь больш пастаўляе ў Казахстан, чым завозіць адтуль. "Таваразварот здзяйсняецца фактычна за кошт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. У большай ступені займаюцца дробным гандлем, на жаль", — заўважае Анатоль Смірноў. На паўнавартасную работу АЭП ён ускладае спадзяванні адносна росту ўзаемнага таваразвароту ўдвая-ўтрая: "Хацелася б, каб ствараліся буйныя сумесныя прадпрыемствы". На тэрыторыі Казахстана ўжо ўтворана нямала сумесных вытворчасцяў з беларускім бокам. Ёсць планы ўдзелу Беларусі ў больш як 30 буйных праектах па праграме фарсіраванага індустрыяльна-інавацыйнага развіцця Казахстана. Усходні партнёр, дарэчы, пераймае таксама вопыт Беларусі з аграгарадкамі.
Тым часам Казахстан, вымушаны прызнаць пасол, прысутнічае ў Беларусі ў невялікім аб`ёме. Пахваліцца можна хіба што дзейнасцю БТА Банка ў нашай краіне. Неўзабаве казахстанская прысутнасць тут пашырыцца. "Распачата будаўніцтва прэстыжнай пяцізоркавай гасцініцы ў Мінску", — паведаміў дыпламат. У яго самога — мара, каб у Беларусі з`явіўся рэстаран казахстанскай кухні. Ён перакананы, што трэба знаёміцца не толькі з культурай і звычаямі, але і з кухняй сяброўскіх краін.
Казахстанскія бізнэсмены, паводле яго слоў, маюць вялікі інтарэс да беларускай будаўнічай галіны. Ёсць, у прыватнасці, жаданне пабудаваць тут жылы комплекс, узяць удзел у будаўніцтве інфраструктуры да чэмпіянату свету па хакеі, які ў 2014 годзе пройдзе ў Беларусі. Аднак у гэтай галіне, паводле яго ўражання, пакуль недастатковае разуменне. "Трэба прыйсці, аформіць зямлю і адразу пачынаць будаўніцтва, але сутыкаюцца з пытаннем уласнасці на зямлю", — адзначае А. Смірноў. Аднак, лічыць пасол, перспектывы пазітыўныя: "За апошнія гады падраскручана сама тэндэнцыя да актывізацыі эканамічных адносін". Тэхнічна-арганізацыйныя пытанні, якія маглі замінаць развіццю двухбаковых адносін, практычна зняты.
Ала Мачалава
Звязда, 19 студзеня 2012
Ссылка на источник:
У адзінай прасторы