
Насамрэч, нягледзячы на тое, што дагавор пра рэарганізацыю ЕўрАзЭС у панядзелак у Маскве не быў падпісаны, члены Супольнасці дамовіліся пра досыць сур`ёзныя рэчы. Дамовіліся пра тое, што трэба ў бліжэйшыя месяцы намацаць новы фармат еўразійскай інтэграцыі, удасканаліць тую схему, якая прапанавана па стварэнні Еўразійскага Эканамічнага Саюза, прааналізаваць дакументы, якія будуць найбольш важнымі для далейшай інтэграцыі. Асаблівае значэнне, вядома, мае мера і ступень эканамічнай інтэграцыі. Увесь час абмяркоўваецца, у тым ліку, і ступень прымальнай для далейшых працэсаў палітычнай інтэграцыі.
Сёння мае вялікае значэнне, у прыватнасці, пытанне, якім чынам Кыргызстан будзе далучацца да Еўразійскай інтэграцыі. Трэба ўлічыць, што зараз у Кыргызстане складаная сітуацыя з беспрацоўем. Адначасова Кыргызстан вельмі актыўна працуе з кітайскім імпартам, асабліва тэкстыльным: там працуюць два гіганцкія кірмашы, на якіх вельмі шмат кітайскага адзення прадаецца і распаўсюджваецца па рэгіёне. У гэтай сферы занятыя сотні тысяч людзей. Таму, калі Кыргызстан далучаецца да працэсаў Еўразійскай інтэграцыі, натуральна паўстае вельмі сур`ёзнае пытанне: або гэтых людзей пераарыентаваць на іншыя віды дзейнасці, або вялізная колькасць таннага кітайскага тэкстыльнага імпарту хлыне на беларускі, расійскі і казахстанскі рынкі, што прынясе сур`ёзную шкоду спробам аднавіць у гэтых краінах тэкстыльную прамысловасць, абароненую гандлёвымі бар`ерамі.
Акрамя таго, для Кыргызстана вялікае значэнне мае тое, што гэтая краіна — член СГА (Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі), і ў свой час, калі Кыргызстан уступаў у СГА, ён пагадзіўся, што для пераважнай колькасці імпарту не будзе ўводзіць ніякія загараджальныя пошліны. У сваю чаргу Расія пры ўступленні ў СГА дамовілася аб правіле, у адпаведнасці з якім для замежных тавараў будуць пакуль што ўсталёўвацца сур`ёзныя загараджальныя пошліны, каб расійскія вытворцы маглі адаптавацца да імпарту і з часам палепшыць сваю канкурэнтаздольнасць. Гэта значыць, размова ідзе пра паступовую адмену гандлёвых бар`ераў.
Сітуацыя складаецца наступным чынам: Расія праз некалькі месяцаў стане членам СГА, а Кыргызстан, калі ўступіць у глыбокую эканамічную інтэграцыю з Расіяй, практычна парушыць свае абавязкі перад Сусветнай Гандлёвай Арганізацыяй. Тады ўзнікае пытанне: Кыргызстан павінен або выходзіць з СГА і потым зноў уступаць, або пераўзгадняць правілы з іншымі членамі Сусветнай Гандлёвай Арганізацыі пра мытныя пошліны. І наўрад ці члены СГА будуць у гэтым выпадку задаволеныя, калі замест 0% мытнай пошліны, напрыклад, па імпарце таго ж тэкстылю, Кыргызстан па прыкладзе Расіі ўвядзе сур`ёзныя загараджальныя бар`еры.
Гэта перашкоды, якія маюцца толькі ў дачыненні да Кыргызстана, а гэта сёння найбольш саспелая для Еўразійскай інтэграцыі краіна на гэтай прасторы.
Калі казаць пра Таджыкістан, там таксама існуюць спрэчныя моманты. Таджыкістан зараз актыўна ўцягваецца ў розныя сумесныя з ЗША, Вялікабрытаніяй, Кітаем і іншымі краінамі праекты. Гэта — важная геапалітычная пляцоўка. Там, у прыватнасці, вялікае значэнне маюць гідраэнергетычныя рэсурсы, якія развіваюцца. Таму ў рэгіёне ёсць шэраг сіл, якія не хацелі б, каб Таджыкістан браў надта цесны ўдзел у працэсе Еўразійскай інтэграцыі.
Ёсць досыць сур`ёзныя прычыны не паскараць працэсы эканамічнай інтэграцыі і для Казахстана. Там многія прадстаўнікі палітычнай эліты занялі пазіцыю асцярожнасці: яны лічаць, што першыя крокі зроблены, цяпер трэба паглядзець, як гэта адаб`ецца на эканоміцы, на знешняй палітыцы, ці не трэба нешта паправіць. І толькі пасля гэтага яны гатовы пераходзіць да больш высокай ступені эканамічнай інтэграцыі.
Такім чынам, размова не ідзе пра паражэнне Еўразійскай інтэграцыі. Маецца неабходнасць кансалідацыі і ўзгаднення розных пазіцый наконт таго, як павінен адбывацца гэты працэс, што трэба разглядаць у першую чаргу, якія тэрміны трэба намеціць для тых або іншых аспектаў і якія ўмовы трэба прапаноўваць той або іншай краіне, што можа ўвайсці ў зону Еўразійскай інтэграцыі.
Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук
Звязда, 24 сакавіка 2012
Ссылка на источник:
Пра што дамовіліся і пра што не дамовіліся кіраўнікі пяці краін у Маскве?