Інфармацыю Яцэка Пратасэвіча наконт магчымасьці скарачэньня дыпляматычнай прысутнасьці краін ЭЗ у Беларусі да консульскага ўзроўню мы папрасілі пракамэнтаваць аднаго з былых паслоў Польшчы ў Беларусі, які пагадзіўся адказаць на пытаньні Юрыя Дракахруста на ўмовах ананімнасьці.
Радыё Свабода: Што азначае ў практычным і ў дыпляматычным плянах зьвядзеньне дыпляматычнай прысутнасьці да консульскага ўзроўню?
Былы пасол: Гэта азначае адно — што паміж краінамі няма палітычных адносін. Калі няма палітычных адносін, гэта азначае, што краіна не зьяўляецца сувэрэннай. Калі ёсьць падставы, каб скарачаць адносіны да такога ўзроўню, гэта азначае прызнаньне таго, што краіна траціць сувэрэнітэт. Гэта адназначна. Для краіны, для нацыі гэта трагічна. Я ня ведаю, хто з боку ЭЗ мог гэта прапанаваць. Мне здаецца, што гэта страшная дурнота.
Радыё Свабода: З 2008 году істотна скарочаная ўзаемная дыпляматычная прысутнасьць Беларусі ў ЗША і ЗША ў Беларусі. Пэрсанал пасольства ЗША складаецца з 5 супрацоўнікаў, пасольства не выдае візы. Гэта тое самае скарачэньне стасункаў да консульскага ўзроўню, пра якое казаў спадар Пратасэвіч?
Былы пасол: Не. Цяпер у Беларусі ёсьць часовы павераны ЗША. Гэта значыць, што палітычнае ўзаемадзеяньне захоўваецца. Але зьніжэньне да консульскіх адносінаў — гэта іншае, гэта крок да сытуацыі, якая была ў часы Савецкага Саюзу. Тады, напрыклад, кансуляты Польшчы былі у БССР, УССР, Літоўскай ССР. Гэта страшна.
Радыё Свабода: Ну а што гэта будзе азначаць для звычайнага беларуса, ці зможа ён атрымліваць візу ў Польшчу пры гэтай рэдукцыі стасункаў да консульскага ўзроўню?
Былы пасол: Консульскія адносіны — гэта адносіны тэхнічныя. Пры іх візы выдаюцца звычайным парадкам. Гэтая рэдукцыя азначае, што пасольства не працуе з уладамі, яно працуе з грамадзтвам. Зьвядзеньне дыпляматычных адносінаў да консульскага ўзроўню азначае, што мы лічым, што палітычнае кіраўніцтва гэтай краіны знаходзіцца ў іншым месцы, за яе межамі.
Юры Дракахруст
Радыё Свабода, 19 сакавіка 2012
Ссылка на источник:
Консульскі ўзровень — гэта непрызнаньне сувэрэнітэту краіны