Няма беларусаў без мовы, культуры, песні, абрадаў і звычаяў, — лічыць польскі беларус
Ян СычэўскіУ Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая прэзентацыя зборнікаў матэрыялаў міжнароднай навуковай канферэнцыі "Шлях да ўзаемнасці" — з нагоды 20-годдзя гэтага форуму, прысвечанага пытанням і праблемам беларуска-польскага памежжа ў галінах гісторыі, культуры, філалогіі, этнаканфесійных адносін, у сферах эканомікі і турызму... Арганізатары канферэнцыі — апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, Гродзенскі аблвыканкам, грамадскае аб`яднанне "Саюз палякаў на Беларусі", Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, ГрДУ імя Янкі Купалы і кафедра беларускай філалогіі ўніверсітэта ў Беластоку.
Галоўным, так бы мовіць, "віноўнікам урачыстасці" стаў старшыня Беларускага грамадска-культурнага аб`яднання ў Польшчы Ян Сычэўскі. На пачатку сустрэчы навукоўцаў суседніх краін намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук зачытаў віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі спадару Сычэўскаму з нагоды яго 75-гадовага юбілею.
Шчыра падзякаваўшы за віншаванні, Ян Янавіч адзначыў:
— Я невыпадкова з`яўляюся старшынёй Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Бо вельмі люблю сваю родную мову, родную культуру. І вельмі-вельмі люблю сваю этнічную Радзіму — Рэспубліку Беларусь.
— Спадар Ян, дзе карані гэтай любові?— Калі я рос у беларускай вёсцы на Беласточчыне, то поўнай свядомасці беларуса не меў. І калі паступаў у школу (педагагічны ліцэй у Бельску-Падляскім, дзе паралельна былі класы польскія і беларускія), то спачатку бараніўся ад прапановы настаўніка Яна Скока ісці ў беларускі клас. Чаму? Таму што ў пачатковай школе я беларускай літаратурнай мовы не спазнаў.
Мая родная мова — не літаратурная беларуская мова, а гаворка беларуская. І я толькі цяпер даведаўся, што мова, на якой размаўляюць мае суродзічы да гэтай пары ў маёй вёсцы — гэта афіцыйная дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага. Гэта так званая старабеларуская мова. Статуты Літоўскія, якія я маю і чытаю, напісаны на маёй "вясковай" мове. Не на літаратурнай беларускай, а на маёй. І адтуль гэтая любоў да Беларусі.
— Як ацэньваеце дваццацігадовы "Шлях да ўзаемнасці"?— Наша навуковая канферэнцыя "Шлях да ўзаемнасці" і ўжо таксама традыцыйны фестываль польскай і беларускай песні "Беласток — Гродна" — вынік супольных намаганняў, актыўных дзеянняў і ўсяго таго, што звязана з добрай воляй у адносінах паміж суседнімі дзяржавамі і паміж нацыянальнымі меншасцямі: польскай у Беларусі і беларускай у Польшчы. Не існуе поўных ведаў, а тым больш у грамадскім жыцці. І рэчаіснасць часта складаецца не з таго, што з`яўляецца аб`ектыўнай праўдай, а з поглядаў асобных людзей. А там, дзе ёсць недахоп ведаў, узнікаюць рознага тыпу тэорыі, якія не маюць нічога агульнага з сапраўднымі фактамі. І тады выкарыстоўваюцца далёкія ад праўды меркаванні ў дачыненні да іншай дзяржавы, нацыі, канфесіі. У выніку замест гарманічных адносін — фальшывыя стэрэатыпы, якія служаць падставай да таго, каб некарэктна ставіцца да асобных людзей, а часам нацый ці канфесій.
Сужыццё дзяржаў, нацый, як і стасункі ў сям`і, паміж суседзямі — з`ява дынамічная. І гэтыя працэсы ўвесь час мяняюцца — бываюць лепшымі, бываюць горшымі. Так і адносіны паміж Польшчай і Беларуссю не заўсёды з`яўляюцца ідэальнымі. І таму вельмі важна выкрасліць з нашага жыцця ўсялякія фальшывыя, шкодныя стэрэатыпы. Вось чаму наша задума па арганізацыі міжнароднай навуковай канферэнцыі "Шлях да ўзаемнасці" была вельмі слушнай. На працягу гэтых гадоў мы назапасілі шмат матэрыялаў навуковага характару, якія датычацца гісторыі, культуры, мовы, літаратуры, этнаграфіі, сучаснага жыцця. І вельмі важна, што яны разлічаны не толькі на свядомасць двух народаў, дзвюх нацый на памежжы, але і запатрабаваныя ў шырокім міжнародным маштабе, у іншых краінах, у вялікіх бібліятэках свету. Між іншым, некалькі гадоў таму да нас звярталася бібліятэка з Нью-Ёрку, каб атрымаць матэрыялы канферэнцыі "Шлях да ўзаемнасці".
Таксама трэба сказаць, што на эмацыяльную сферу добрасуседства вельмі вялікі ўплыў маюць прэзентацыі культур польскай і беларускай меншасцяў. Бо такім чынам мы глыбей пазнаем адзін аднаго, паказваем самае прыгожае ў жыцці народаў.
— Якія праблемы ўзнікаюць на "шляху да ўзаемнасці"? І якія набыткі з`явіліся, пакуль вы крочылі па гэтым шляху?— Думаю, галоўныя набыткі — у мэтанакіраваных дзеяннях па захаванні і паглыбленні пачуцця нацыянальнай тоеснасці беларусаў Беласточчыны і ўсёй Польшчы. Таму што няма беларусаў без мовы, культуры, песні, родных абрадаў, звычаяў. У гэтым напрамку мы працуем, і ёсць істотныя вынікі. Напрыклад, цяпер у школах Беласточчыны 3,5 тысячы дзяцей і моладзі вывучаюць беларускую мову як сваю родную.
Праблема ў тым, што каля паловы навучэнцаў беларускага паходжання беларускую мову не вывучаюць. Бацькі, якія хочуць, каб іх дзіця вывучала мову як родную, павінны звярнуцца з заявай да дырэктара школы. Аднак гэта хочуць рабіць далёка не ўсе.
Суцяшаемся тым, што сярод пісьменнікаў і паэтаў Беласточчыны вылучылася менавіта беларуская літаратура. Гэта адзіная літаратура сярод усіх нацыянальных меншасцяў у Польшчы, што ўвайшла ў сусветны кантэкст, перакладаецца на многія замежныя мовы і такім чынам трапляе да сусветнай супольнасці.
Зноў жа, каб не было празмернай радасці, мушу сказаць, што больш-менш нармальная сітуацыя з пачуццём нацыянальнай тоеснасці захоўваецца толькі ў традыцыйных беларускіх вёсках. Хоць і там ёсць тэндэнцыя пераходу на польскую мову, каб не пасылаць дзяцей на вывучэнне беларускай мовы як прадмета. Больш драматычная сітуацыя складваецца ў гарадах, бо там якраз вельмі хутка наступае асіміляцыя нашага беларускага асяроддзя. Факты сведчаць, што ў Беластоку, які налічвае каля 300 тысяч жыхароў, каля 30 працэнтаў — беларусы, я ў гэтым абсалютна ўпэўнены. Але ў Беластоку беларуская мова праяўляецца вельмі рэдка, амаль зусім не існуе. У адзіным дзіцячым садку, дзе выхавальнікі вядуць працу на беларуская мове, усяго 40 дзяцей. А калі гаварыць пра школы, дык там усяго каля 20-30 чалавек вывучаюць беларускую мову як родную.
Калі казаць пра пазітыўныя праявы, то варта адзначыць, што мы праводзім шмат культурных мерапрыемстваў — штогод каля 60 рознага тыпу фестываляў, канцэртаў, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Напрыклад, апрача фестывалю "Беласток — Гродна", свята "Беларускае Купалле", агульнапольскай прэзентацыі культур нацыянальных меншасцяў, штогод праходзіць фестываль "Беларуская песня". Па традыцыі на заканчэнне ўсе ансамблі, выканаўцы (іх заўсёды пад 300 чалавек, у тым ліку адзін-два калектывы з Беларусі) выходзяць на сцэну і разам выконваюць беларускую песню "Люблю наш край, старонку гэту". І ў гэты час, без каманды, усе людзі — а гэта некалькі тысяч чалавек — устаюць, спяваюць разам. Многія ад узрушэння плачуць.
Але гэта, я б сказаў, толькі вонкавая праява, таму што пераважная большасць гэтых людзей у хаце, у сваіх сем`ях наогул не размаўляюць па-беларуску. Як і многія беларусы не размаўляюць на беларускай мове ў Беларусі.
Думаю, гэтая драма, калі так можна сказаць, нашага беларускага асяроддзя на Беласточчыне будзе пакрысе перамагацца. Мы маем і такія праявы беларускасці, калі многія маладыя беларусы арганізуюць калектывы, якія спяваюць на роднай мове. Ды і некаторыя дарослыя хочуць вывучаць сваю беларускую мову. Кафедры беларускай філалогіі ёсць ва ўніверсітэтах Беластока і Варшавы. Усё гэта спрыяе ўмацаванню беларускага этнасу.
Хачу зазначыць, што Беларусь заўсёды імкнецца падтрымліваць беларускае асяроддзе ў Польшчы. Асабліва радуе, што створаны Культурны цэнтр Беларусі ў Польшчы, які падтрымлівае нас і арганізацыйна, і фінансава. Мы ўдзячныя за дапамогу таксама Апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Беларусі, Міністэрству культуры і Міністэрству адукацыі, Гродзенскаму аблвыканкаму. У нас выдатныя адносіны, а асабіста для мяне знаходзіцца ў Беларусі — гэта заўсёды вялікае шчасце і душэўнае свята.
Барыс Пракопчык
Звязда, 7 красавіка 2012
Ссылка на источник:
Дыпламатыя — праз чалавечыя стасункі