Нарадзіўся хлопчык. Як цуд купальскі. Прыйшоў у лета, у цяпло, у чысцюткую роснасць — і яны растварыліся ў яго крыві, і там, дзе было патрэбна, ён потым аддаваў іх. Аддаваў, як павінен аддаваць чалавек, які разумее, што ў жыцці гэта — асноўная мэта, інакш яно не мае сэнсу.
Нарадзіўся паэт. І ці варта здзіўляцца, што ўжо больш за
стагоддзе ніхто не можа на Купалле знайсці папараць-кветку? Яна, відаць, пышна квітнела ў тую самую ноч нараджэння Янкі-паэта. У той час, калі свята народа яшчэ не звялося да забаўнага рытуалу, а людзі верылі ў шчасце, якое ніхто не абяцаў, не гарантаваў, не вымяраў колькасцю "у.а." на душу насельніцтва. Яно — шчасце — магло быць дадзена не "за штосьці", а "чамусьці". Вызначальнай у ім было не чыёсьці жаданне, а агульная для ўсіх прычына. І яно было дадзена не камусьці аднаму. Яно было адразу для ўсіх. Паэт нарадзіўся адразу для ўсіх нашчадкаў купальскага свята. І калі немагчыма было ім усім адразу заспець палаючую кветку, то аказалася, што можна доўга-доўга адчуваць яе водар — хіба вы не ведаеце: ён разліты ў радках, адчуваецца, як толькі бярэш у рукі купалаву кнігу. Такое шчасце адразу можна і не ўсвядоміць. Яго сэнс адкрываецца паступова, калі шукаеш адказы на пытанні: у які час і чаму ў нейкім народзе нараджаецца паэт?
Нарадзіўся беларус. І тут працягваюцца пытанні, нібыта спакусы. Кусаюць, джаляць, раняць, пякуць: мо нічога такога няма, а мо ёсць толькі вось гэтая назва? Яго назва... З гэтымі пытаннямі нязручна жыць, пакуль у свядомасці разам з сакраментальным "я ёсць", не выспявае выніковае: "Кім я ёсць"? З гэтым "Я" становішся моцным, самавітым, з ім набіраеш важкасць. Таму што ў ім — ты ўжо не адзін. У ім нас шмат. Тых, каму пякло, хто задаваў пытанні, знайшоў адказы і саспеў. Сэнсам агульнага саспявання ёсць стварэнне краін. І можна, вядома, гаворачы пра сваю краіну, акрэсліць яе геапалітычнае становішча, сацыяльную сістэму і форму кіравання. Можна палічыць колькасць насельніцтва і абмераць яго ўздоўж і поперак па розных параметрах. Але ніякія параметры і абмеры, лічбавыя паказчыкі і стандарты не зробяць з насельніцтва народ, які б паказчыкі напаўняў сэнсам. Найперш сэнсам самазахавання і самаразвіцця. Гэта пад сілу паэтам. Прынамсі — у нашай гісторыі мы такое бачылі, калі краіна стваралася іх клопатамі, іх словамі, іх цудамі. І гэта было Купалава шчасце — грамадзянскае і чалавечае.
Нарадзіўся чалавек. Як промень святла. Прабіваўся праз хмары, на світанні дарыў надзею — на добры дзень. І нават у цемры пранёс сваё святло так, што пасля яно раскідалася на шмат праменьчыкаў, якія асвятлілі безліч сцяжынак, дарожак, бальшакоў, шляхоў. І пакінуў веру ў тое, што любыя падзеі, якія выпадаюць аднаму чалавеку ці пакаленню альбо нават цэламу народу, маюць свой сэнс. Акрамя бессэнсоўных, якія ідуць ад цемры і маюць на мэце адно — задушыць святло. Могуць. Але яно прабіваецца і адтуль, нават калі здаецца, што цемра перамагла. Проста ў ёй самой няма сэнсу без святла...
Так, можна лічыць, што ў беларусаў ёсць прыгожае паданне пра папараць-кветку, якая здзяйсняе жаданні. На жаль, няма прыбораў, якія б даказалі, што гэта не паданне, а праўда жыцця, але яе немагчыма пацвердзіць дакументальна, зафіксаваць прыборамі. Але можна вымераць радкамі твораў і прызнаць: цудоўная кветка цвіла, жаданне Беларусі здзейснілася. Аднак мы, чапляючыся за "паказчыкі індывідуальнага шчасця", усё яшчэ імкнёмся зразумець: як жа яно можа быць агульным? А трэба ўсяго толькі зразумець Купалу.
Ларыса Цімошык
Звязда, 7 ліпеня 2012
Ссылка на источник:
Цуд купальскі