Сёлета мытныя органы Беларусі адзначаюць сваё 21-годдзе: 20 верасня 1991 года пастановай Вярхоўнага Савета Беларускае ўпраўленне Дзяржаўнага мытнага кантролю СССР было пераўтворана ў Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні святочнага дня карэспандэнт "Звязды" сустрэўся з
Юрыем Брытковым, намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, і распытаў у Юрыя Аляксандравіча пра барацьбу з кантрабандай на межах нашай краіны.
— Якія тэндэнцыі назіраюцца ў выяўленні мытнымі органамі кантрабанды?— Працэс перамяшчэння тавараў праз мяжу, у тым ліку і незаконны, вельмі разнастайны — нельга адназначна сказаць, што аб`ём кантрабанды за 21 год вырас ці ўпаў. Па-першае, трэба рабіць размежаванне па напрамках — з Польшчы перш за ўсё імкнуцца ўвезці бытавую тэхніку, мабільныя тэлефоны, сродкі бытавой хіміі і г.д., а з Украіны — прадукты харчавання, алкаголь і інш. Па-другое, незаконнае перамяшчэнне тавараў шчыльна звязана з палітыкай і эканомікай: скажам, у пачатку 90-х гадоў прадметамі кантрабанды былі зусім іншыя катэгорыі тавараў, чым сёння. Ну і, па-трэцяе, трэба глядзець, хто спрабуе ўвезці тавары незаконна: фізічныя асобы (так званая бытавая кантрабанда), якія стараюцца дапамагчы сваім сем`ям; асобы, якія дзякуючы сваёй прафесіі вельмі часта перасякаюць мяжу (праваднікі вагонаў, сцюардэсы на авіяцыйным транспарце, вадзіцелі грузавых аўтамабіляў, лакаматываў і г.д.) ці арганізаваныя злачынныя групы, у тым ліку і міжнародныя.
Што тычыцца тэндэнцый, то за тры апошнія гады колькасць парушэнняў мытнага заканадаўства нязначна зніжаецца: калі ў 2010 годзе іх было больш за 20 тысяч, то ў 2011-м — ужо 19,7 тысячы. За 8 месяцаў 2012 года выяўлена больш за 10 тысяч парушэнняў заканадаўства. Гэта, як я лічу, сведчыць аб прафілактычным эфекце той працы, якую праводзяць мытныя органы. Таксама варта адзначыць, што змяняюцца і аб`ёмы тавараў, якія затрымліваюцца.
Разам з тым, нягледзячы на агульнае зніжэнне колькасці зарэгістраваных па выніках працы за 8 месяцаў 2012 года правапарушэнняў, у значнай ступені ўзрасла колькасць канфіскаваных прадметаў у параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў: у 2010 годзе сума канфіскаваных тавараў склала 110,2 млрд рублёў, у 2011-м — 127, а ў 2012-м — 267,8 млрд рублёў. Агульная тэндэнцыя зніжэння колькасці зарэгістраваных у 2012 годзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях перш за ўсё была абумоўлена змяненнем з 1 красавіка 2012 года памеру базавай велічыні з 35 да 100 тысяч рублёў, што знайшло сваё адлюстраванне ў зніжэнні на 19,8% не толькі колькасці адміністрацыйных правапарушэнняў, звязаных з нявыплатай ці няпоўнай выплатай сум мытных плацяжоў, але і адлюстравалася на агульнай колькасці выяўленых крымінальных злачынстваў. У цэлым жа колькасць правапарушэнняў, звязаных з незаконным перамяшчэннем тавараў праз мытную мяжу і іх недэклараваннем, застаецца на ўзроўні мінулых гадоў.
За 8 месяцаў 2012 года па фактах кантрабанды наркотыкаў, зброі і боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, ухілення ад выплаты мытных плацяжоў было заведзена 40 крымінальных спраў. Затрымана і адабрана больш за 6 кілаграмаў наркатычных і псіхатропных рэчываў, 18 адзінак зброі, больш за 2 тыс. патронаў, 29,6 млн штук цыгарэт і г.д.
Наогул хацелася б адзначыць апошнюю тэндэнцыю — з агульнай колькасці выяўленых правапарушэнняў большасць складаюць вельмі дробныя адміністрацыйныя правапарушэнні, але сёння мы стараемся рабіць упор на выяўленне незаконнага перамяшчэння буйных партый тавараў, а таксама на ліквідацыю цэлых каналаў і схем. Таму калі прааналізаваць дынаміку, то пры памяншэнні агульнай колькасці адміністрацыйных правапарушэнняў аб`ёмы тавараў, якія канфіскуюцца, і іх кошт усё роўна ўзрастаюць. Мы адыходзім ад дробязяў і асноўны ўпор робім на барацьбу з буйной кантрабандай.
— Наколькі я зразумеў, кантрабанда залежыць і ад эканамічнай сітуацыі ў краіне?— Лепей сказаць так: ад змянення і ўзроўню цэн на пэўныя катэгорыі тавараў. Скажам, калі мы возьмем пачатак 90-х гадоў, то асноўным напрамкам быў вываз тавараў з Беларусі ў Польшчу — тэлевізараў і іншай бытавой тэхнікі. Прайшлі дзесяцігоддзі, і сітуацыя памянялася — зараз бытавую тэхніку вязуць ужо да нас. А паколькі сёння існуе вялікая розніца цэн на цыгарэты і паліва, то фізічныя асобы больш за ўсё і імкнуцца вывезці гэтыя катэгорыі тавараў з краіны.
Ці вось яшчэ прыклад — пасля павелічэння ставак пошлін на ўвоз легкавых аўтамабіляў яўна бачна, што ідзе павелічэнне колькасці затрыманых аўтамабіляў, якія спрабуюць перамясціць праз мяжу незаконна. Напрыклад, за 2012 год было затрымана больш за 500 аўтамабіляў (што на 11% больш, чым летась за аналагічны перыяд), якія хацелі ўвезці па фальшывых дакументах, каб ухіліцца ад выплаты мытных плацяжоў.
— А ці можна кантрабанду калі-небудзь звесці да нуля?— Аналізуючы дзейнасць мытнай сістэмы нашай дзяржавы, замежны вопыт, гісторыю, можна сказаць, што правапарушэнні такога кшталту былі заўсёды: пакуль ёсць межы, розніца ў кошце тавараў ці іх наяўнасці ў розных дзяржавах, то кантрабанда будзе, на жаль, заўсёды.
— Наколькі памянялася тэхнічнае аснашчэнне і метады выяўлення кантрабанды за два дзесяцігоддзі дзейнасці мытных органаў?— У самым пачатку мытная служба нашай краіны не мела асаблівага вопыту — за выключэннем заходняга напрамку, бо мытня ў Брэсцкім і Гродзенскім рэгіёнах існавала і раней. Таму спачатку былі, можна сказаць, больш выпадковыя выяўленні кантрабанды. Эфектыўнасць залежала ад канкрэтнага супрацоўніка — ці былі ў яго навыкі, вопыт, мэтанакіраванасць.
Сёння ж мы прасунуліся далёка наперад. Перш за ўсё вядзецца аператыўна-вышукная дзейнасць, калі яшчэ да прыбыцця транспартнага сродку ці асобы на мяжу мы маем нейкую папярэднюю аператыўную інфармацыю. Па-другое, у нас маецца так званая сістэма кіравання рызыкамі: скажам, калі перавозчык, фізічная асоба ці арганізацыя дапусцілі правапарушэнне, то пры наступных перамяшчэннях праз мяжу ім удзяляецца больш пільная ўвага. Ну і трэці складнік — гэта тэхнічны. Зараз практычна на ўсіх пунктах пропуску для грузавога аўтатранспарту ёсць вагавае абсталяванне, якое дазваляе выявіць сапраўдную вагу і параўнаць яе з заяўленай у суправаджальных дакументах. Асноўныя напрамкі аснашчаны агляднымі комплексамі, якія дазваляюць без ускрыцця транспартнага сродку і без выгрузкі вызначыць, ці адпавядае заяўлены ў тавара-суправаджальных дакументах тавар рэальнасці. Таму працаваць стала прасцей — калі раней на агляд транспартнага сродку трэба было некалькі гадзін, то сёння прахаджэнне праз аглядны комплекс займае літаральна некалькі хвілін. Асноўны напрамак дзейнасці ўсёй мытнай сістэмы — гэта паскарэнне таваразвароту. І агляды не павінны быць перашкодай.
— Ці ствараюць праблемы мытным службам грамадзяне, якія пражываюць у прымежных тэрыторыях і рэгулярна перавозяць праз мяжу некаторыя катэгорыі тавараў?— Сапраўды, ні для каго ні сакрэт, што названыя вамі катэгорыі грамадзян часта займаюцца так званай "бытавой кантрабандай". Скажам, у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях шмат грамадзян (у залежнасці ад сезона, святочных і выхадных дзён), якія перасякаюць мяжу, займаюцца "чаўночным" бізнэсам. На ўкраінскім участку мяжы актыўнасць "чаўночных" перамяшчэнняў трохі меншая, але аб`ёмы тавараў, што ўвозяцца, таксама з`яўляюцца значным. Такія людзі быццам бы і не парушаюць мытнае заканадаўства — раніцай садзіцца чалавек за руль аўтамабіля, запраўляе яго, бярэ дазволеную колькасць цыгарэт ды спіртнога і перасякае мяжу. Там гэта ўсё прадае і ў зваротным кірунку вязе бытавую тэхніку і іншыя тавары, якія можна рэалізаваць на рынку. За адну паездку, як мы пралічвалі, можна зарабіць да 100 долараў, што ў прынцыпе дазваляе такім людзям не працаваць і нябедна існаваць.
Але трэба мець на ўвазе, што ў мытных органаў і памежнай службы ёсць сістэма адсочвання перамяшчэння гэтых грамадзян: у базу звестак уносіцца перыядычнасць перамяшчэння мяжы. Бо адна справа, калі чалавек едзе з адпачынку і нешта з сабой вязе для асабістага карыстання — тады ў мытні не ўзнікае пытанняў. А асобы, якія едуць амаль кожны дзень туды-сюды, то яны быццам і па нормах вязуць, але кожны дзень адну і тую ж катэгорыю тавараў — адпаведна, узнікаюць падставы думаць, што гэтыя тавары для камерцыйнай дзейнасці, для продажу. І прымаюцца пэўныя захады, каб гэтага не дапусціць. Напрыклад, нядаўна ў брэсцкім рэгіёне была ліквідавана цэлая схема: арганізатар, выкарыстоўваючы фізічных асоб, якія перамяшчалі тавары па нормах, сканцэнтраваў у Брэсцкім рэгіёне ўвезеных тавараў з-за мяжы больш чым на 1 млн долараў!
— Вы ў пачатку казалі, што ў тым ліку часта ўдаецца спыніць незаконны вываз гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Што часцей за ўсё спрабуюць вывезці ці ўвезці ў краіну?— Усяго з пачатку года было затрымана звыш 400 прадметаў, якія ўяўляюць гістарычную каштоўнасць і былі схаваны ад мытнага кантролю пры перасячэнні мяжы. Хачу адзначыць такую цікавую тэндэнцыю — калі ў пачатку 90-х гадоў была вялізная колькасць затрыманняў пры вывазе культурных каштоўнасцяў, то на працягу апошніх гадоў назіраецца зваротная тэндэнцыя: вялікая колькасць затрыманняў культурных каштоўнасцяў пры ўвозе ў краіну. І яшчэ цікавая рэч: у прынцыпе, культурныя каштоўнасці пры ўвозе трэба толькі задэклараваць і ўвозіць без якіх-небудзь абмежаванняў, але людзі ўсё адно часта ідуць на парушэнні. Чаму? Бо, як правіла, гэтыя каштоўнасці маюць "шэрае" паходжанне або наогул скрадзены ці маюць які іншы крымінальны след. У асноўным гэта прадметы калекцыянавання — іх з-за мяжы багатыя людзі заказваюць для інтэр`ера.
Калі казаць пра тое, што часцей за ўсё хаваюць і спрабуюць увезці незаконна, то гэта манеты, зброя ХVІІ-ХІХ стагоддзяў. Напрыклад, не так даўно затрымалі фізічную асобу, якая перамяшчала пад выглядам былых у выкарыстанні запчастак для аўтамабіля стрэльбы ХVІІІ стагоддзя. Потым экспертыза прызнала, што яны, хоць і крамянёвыя, але прыдатныя для стральбы — была заведзена крымінальная справа.
Што тычыцца вывазу, то ёсць выпадкі вывазу абразоў — гэтая тэма заўсёды актуальная. Таксама спрабуюць вывезці кнігі ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў, прадметы побыту, якія маюць гісторыка-культурную каштоўнасць. Дарэчы, у Брэсце ёсць музей, дзе экспазіцыя цалкам складаецца з прадметаў, якія затрыманы мытнымі органамі. Але там толькі частка экспанатаў — большасць канфіскаваных рэчаў расходзіцца па музеях Беларусі або вяртаецца ўласнікам, калі такія знаходзяцца.
— Як часта супрацоўнікам мытні прапануюць хабар?— Факты такія ёсць — як правіла, гэтым грашаць перавозчыкі і прадстаўнікі фірмаў, якія хочуць паскорыць працэс мытнага афармлення і хутчэй прайсці мяжу. Але ў нас адладжаная сістэма: калі робіцца спроба перадачы грошай, то выклікаецца аператыўная група, праводзяцца пэўныя мерапрыемствы. У любым выпадку, незалежна ад таго, заканчваецца гэта крымінальнай справай ці не даходзіць да гэтага, але мы ўсё роўна інфармуем арганізацыю, дзе працуе асоба, якая рабіла спробу дачы хабару. І вельмі часта ў адказ прыходзяць лісты ад кіраўнікоў гэтых прадпрыемстваў з падзякамі за інфармацыю.
Наогул у нас існуе ўбудаваная сістэма супрацьдзеяння карупцыі ў мытных органах, маецца зацверджаная канцэпцыя. І калі казаць у лічбах, то ў нас з года ў год павялічваецца колькасць фактаў адмовы ад хабару: летась іх было больш за 400, сёлета — ужо больш за 300. Для параўнання — у 2006 годзе такіх фактаў было зафіксавана толькі 28.
Працуе сістэма заахвочвання супрацоўнікаў, якія адмаўляюцца ад хабару: ім прасцей атрымаць прэмію за адмову ўзяць хабар, чым узяць гэтыя 5-10 долараў і займець вялікія праблемы. За апошні час я і не памятаю, каб былі факты вымагання хабару. Гэта радуе, што адбылося самаачышчэнне сістэмы ад нядобрасумленных супрацоўнікаў.
— Пасля таго як пачаў дзейнічаць Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана, фактычна мяжа была перанесена на знешні контур гэтых краін. Як гэта адбілася на працы мытных органаў?— Зараз на нас ляжыць большая адказнасць. Бо да стварэння Мытнага саюза быў кантроль праходжання тавараў спачатку на знешняй межы Беларусі, потым на мяжы з Расіяй, потым на мяжы Расіі і Казахстана. І калі мы раптам маглі дапусціць памылку, то яе выпраўлялі расійскія ці казахстанскія калегі. Сёння ўся адказнасць кладзецца на нас — калі мы прапускаем нейкі тавар, то ён знаходзіцца на агульнай тэрыторыі Мытнага саюза і болей перашкод не мае. Таму і нагрузка, і адказнасць узраслі.
— Ну і напрыканцы хачу папрасіць вас прыгадаць самыя незвычайныя і недарэчныя выпадкі, з якімі вам прыходзілася сутыкацца падчас сваёй дзейнасці...— Ведаеце, такія выпадкі адбываюцца практычна кожны дзень. Чаго толькі людзі не прыдумляюць! Калі казаць пра грузавы транспарт, то нядаўна затрымалі вагон, у якім пад вугалем была схаваная вялікая партыя цыгарэт. А сам вагон быў абсталяваны GРS-навігатарам — злачынная група кантралявала, каб вагон не згубіўся на абшарах Еўропы. Кур`ёзныя выпадкі часцей здараюцца з фізічнымі асобамі. Напрыклад, было смешна бачыць мужчыну ў жаночых калготах: ён у іх напхаў тавар, а зверху надзеў мужчынскія порткі. Таксама смешна глядзяцца жанчыны, якія ў зімовы час для перамяшчэння вялікай колькасці адзення на сябе надзяваюць па 10-15 штук — і стройная дзяўчына пры пераходзе мяжы выглядае, як робат.
Карыстаючыся магчымасцю, дазвольце павіншаваць калег з Днём мытніка! Шчыра зычу ім здароўя, шчасця, дабрабыту, а таксама дасягнення ўсіх намечаных мэтаў і ажыццяўлення самым смелых планаў. Няхай аўтарытэт супрацоўнікаў мытнай службы Рэспублікі Беларусь застаецца бездакорным!
Гутарыў Павел Бераснеў
Звязда, 20 верасня 2012
Ссылка на источник:
Асноўны ўпор — на барацьбу з буйной кантрабандай