У апошні час высокапастаўленыя чыноўнікі агучылі нямала вельмі амбіцыйных планаў па сельскай гаспадарцы. Але наколькі ўсе яны рэальныя?На гэтую тэму
"Тут і цяпер" распытала лідара Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў
Аляксандра Ярашука.
"Да гэтай лічбы трэба ставіцца як да схаластыкі"— На ўчарашняй прэс-канферэнцыі з расійскімі журналістамі кіраўнік дзяржавы зноў запэўніў: экспартны патэнцыял беларускага агракомплексу да канца 2015 года павінен скласці 7 мільярдаў долараў. Гэта многа ці мала?— Я лічу, што да гэтай лічбы трэба ставіцца як да схаластыкі. Яна нічога не азначае. І я баюся, што яе будуць забяспечваць, любой цаной нарошчваючы аб`ёмы вытворчасці. Пры гэтым ніхто не кажа, колькі сродкаў будзе ўкладзена. А гэта можа быць і 10 мільярдаў долараў! Эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці сёння з`яўляецца вялізнай праблемай, і гаворка ідзе пра тое, што нельга валюнтарысцкім чынам ставіць такія задачы.
— Аляксандр Ільіч, калі слухаць афіцыйную прапаганду, то можна зрабіць безумоўную выснову, што сельская гаспадарка ў нас паспяхова развіваецца. А прыходзіш у краму і разумееш, што цэны на прадукты вышэйшыя, чым у суседніх краінах...— Калі гаворка ідзе пра сельскагаспадарчую вытворчасць, то дзейнасць гэтай галіны павінна быць эфектыўнай. Прыбытковасць, зноў жа, у канчатковым выніку азначае канкурэнтаздольнасць. І калі нешта робіцца, то выручка павінна пакрываць усе выдаткі. Нармальнае канкурэнтнае асяроддзе ўнутры краіны і канкурэнцыя са знешнімі вытворцамі з`яўляюцца магутным стымулам для зніжэння выдаткаў. Наша дзяржава паставіла заслону ад знешніх вытворцаў аналагічнай прадукцыі (польскіх, літоўскіх і іншых) у выглядзе мытных пошлін, і ў замежнікаў няма аніякай магчымасці прарвацца сюды, таму нашы вытворцы адчуваюць сябе вольна і не вельмі турбуюцца наконт зніжэння сабекошту сваёй прадукцыі.
Эфектыўнасць сельскагаспадарчай вытворчасці сёння з`яўляецца вялізнай праблемай, і гаворка ідзе пра тое, што нельга валюнтарысцкім чынам ставіць такія задачы.
— Але ўсё роўна ў нас прадаецца якая-небудзь бельгійская бульба або польскія яблыкі, якія каштуюць калі не менш, то прыкладна столькі ж, колькі і беларускія.— Так, парадокс у тым і заключаецца, што нават на фоне гэтых мытных пошлін наша сельская гаспадарка ў асобна ўзятых напрамках часам настолькі неэфектыўная, што палякі і галандцы, нават выплаціўшы мытныя пошліны, будуць прадаваць тут сваю прадукцыю танней, чым беларусы. Гэта значыць, мы падыходзім да самага галоўнага — да таго, што ў аснове любой вытворчасці павінен ляжаць эканамічны інтарэс вытворцы.
У Беларусі ў сельскую гаспадарку ўкладваецца вельмі шмат сродкаў. Між тым усе гэтыя выдаткі не акупляюцца, і ў выніку мы прыходзім у крамы і бачым: у нас мяса разы ў два даражэйшае, чым у Польшчы!
Чыноўнікі па-ранейшаму ўпарцяцца ў сваім нежаданні даваць людзям эканамічную свабоду, прызнаваць прыватную ўласнасць, у тым ліку і на зямлю. З аднаго боку, можам казаць пра тое, што ў асобна ўзятых агменях, якія называюцца аграгарадкамі, пэўны марафет наведзены, палі засеяны (што часта замілоўвае гасцей, якія не надта разбіраюцца ў прадмеце гутаркі), а з іншага, калі казаць пра наступствы, мы атрымліваем вельмі дарагую прадукцыю ў крамах, якая часта недаступная для шараговага пакупніка.
"Толькі ўласнік можа эфектыўна кіраваць любой вытворчасцю"— Сёння шмат кажуць пра тое, што ў рамках Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы прыйдзецца істотна скарачаць прамыя датацыі АПК на адзінку вырабленай прадукцыі. Мы зможам зрабіць гэта?— На самай справе, цалкам відавочна, што нас чакаюць няпростыя часы. Сельская гаспадарка датуецца ва ўсіх краінах, і ў значна большых маштабах. Але там дапамагаюць фермеру, прыватніку, які валодае зямлёй. У нас жа ўсё наадварот.
Сельская гаспадарка — асаблівая катэгорыя эканамічнай вытворчасці. І, верагодна, яшчэ доўгія гады аграрнікі будуць атрымліваць падтрымку, але тэндэнцыя такая, што гэтая падтрымка паменшыцца ў памерах. І ў рамках АЭП да 2017 года павінны быць выраўнаваны ўмовы гаспадарання для вытворцаў усіх трох дзяржаў – Беларусі, Расіі і Казахстана. І калі ў нас на сёння субсідыі з боку дзяржавы ў аграрны сектар складаюць 60 адсоткаў, то ў Расіі і Казахстане — каля 10. Значыць, усе краіны АЭП павінны выйсці на ўзровень 10 працэнтаў дзяржаўных субсідый. І можна толькі сабе ўявіць, наколькі гэта пагоршыць сітуацыю, таму што нам будзе складана канкурыраваць з іншымі вытворцамі, тым больш калі мець на ўвазе, што ў той жа Расіі і Казахстане сельская гаспадарка з пачатку 90-х гадоў з пераменным поспехам развіваецца ва ўмовах рынкавай эканомікі, канкурэнтнага асяроддзя і прыватнай уласнасці, у тым ліку і на зямлю.
— Разам з тым, Аляксандр Лукашэнка не так даўно заўважыў, што «ў цэлым беларускія аграрыі дэманструюць нядрэнныя вынікі па многіх напрамках, у тым ліку па раслінаводстве і жывёлагадоўлі». Як вы ставіцеся да гэтых слоў?— Справа ў тым, што ў нас такая рыторыка ў ацэнцы сельскай гаспадаркі адзначаецца яшчэ з савецкіх часоў. Яна мае на ўвазе савецкія крытэрыі (гаворка ідзе аб валавых паказчыках). Калі звярнулі ўвагу, заўсёды гаворыцца пра тое, што мы вырабім мільёны тон чаго-небудзь, не задумваючыся, эфектыўна гэта ці не. Дзе дзейнічае сапраўдны эканамічны інтарэс, ніхто ніколі не аперыруе такімі паняццямі. Зразумела, што ўсе хочуць атрымліваць як мага больш ураджаю з аднаго гектара і малака ад адной каровы. Але, зноў жа, да вядомых межаў. Бывае і так, што пры 5 тысячах кілаграмаў удою малако больш прыбытковае, чым пры 10 тысячах. Але гэтыя рашэнні можа прымаць толькі гаспадарнік. У нас надоі зараз павышаюцца, але, на мой погляд, гэта адбываецца таму, што няма сапраўднага гаспадара. І ў выніку карова праз тры гады "выходзіць са строю". Любы заходні фермер пры такім гаспадаранні збанкрутуе, а ў нас гэтая з`ява стала ўжо даволі масавай, і я не бачу нейкіх змен у сітуацыі. Я перакананы, што толькі ўласнік можа эфектыўна кіраваць любой вытворчасцю.
Марына Міт
Тут і цяпер, 16 кастрычніка 2012
Ссылка на источник:
А.Ярашук: “$7-мільярдны экспарт можа цягнуць за сабой выдаткі і ў $10 млрд...”