Савет па развіццю прадпрымальніцтва ў Беларусі павінен стаць генератарам канструктыўных ідэй і дапамагаць найбольш поўна раскрыцца пазітыўнаму патэнцыялу бізнес-супольнасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі
Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 лютага на нарадзе аб дзейнасці савета, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што правядзенне гэтага мерапрыемства наспела ўжо даўно, паколькі савет неабходна было мадэрнізаваць і ў цэлым "добра ўзварухнуць".
"Амаль за дзесяцігадовую работу ў папярэднім складзе савету не ўдалося выканаць маё асноўнае патрабаванне - быць прамым сувязным звяном паміж бізнесам і кіраўніцтвам краіны", - сказаў Прэзідэнт.
"Мяркуйце самі. Перада мной пакет дакументаў, дзе справаздача аб рабоце савета з часу яго стварэння ў 1999 годзе. Як пачытаеш - дык і зроблена быццам бы нямала: пастаянныя сустрэчы з прадстаўнікамі прыватнага бізнесу, семінары, круглыя і "квадратныя" сталы па абмеркаванню актуальных праблем, аналітычныя запіскі ва ўрад, іншыя органы ўлады, вялікі аб`ём публікацый у навукова-практычных выданнях, выступленні ў сродках масавай інфармацыі, штогадовая экспертыза нарматыўных прававых актаў і г.д.", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аднак, паводле яго слоў, няма галоўнага, таго, аб чым гаварылася яшчэ на першым пасяджэнні савета папярэдняга складу - непасрэдна Прэзідэнту ўносіць прапановы па ўдасканаленню не толькі заканадаўства, але і дзейнасці ўсёй бізнес-супольнасці, а таксама наладзіць зваротную сувязь з прадпрымальнікамі.
"Задачы новага Савета па развіццю прадпрымальніцтва мы з вамі вызначылі. Яны ўключаны ва ўказ, і я спадзяюся, што вы з ім не проста знаёмыя, а прымалі актыўны ўдзел у распрацоўцы, - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. - Сёння, не паўтараючы іх, хацелася б асабіста данесці да вас тое, што не прапішаш сухой мовай нарматыўнага прававога акта. У самым пачатку вашай работы перасцерагчы ад памылак, якія былі ўласцівыя старому складу Савета".
Прэзідэнт строга папярэдзіў бізнесменаў ад спроб пошуку "даху" ў органах дзяржаўнай улады: "Хачу, каб вы дакладна ўсведамлялі: любыя спробы бізнесменаў уздзейнічаць на органы дзяржаўнай улады з мэтай стварыць "дах" для свайго добрага жыцця будуць паварочвацца крахам для такіх ініцыятыў і структур".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што для работы прадпрымальнікаў нормай павінна стаць не лабіраванне інтарэсаў асобных фірм і кампаній, а маштабная, рознабаковая канструктыўная дзейнасць, не выбіванне льгот і датацый з бюджэту, а павелічэнне ўкладу прыватнага сектара ў вытворчасць валавога ўнутранага прадукту, у павышэнне эфектыўнасці беларускай эканомікі.
"Хачу падкрэсліць: калі нехта з бізнесменаў будзе фінансаваць "пятую калону" або нейкім іншым спосабам аказваць негатыўны ўплыў на грамадства, то я буду лічыць, што яны ўключыліся ў палітычную барацьбу, у барацьбу супраць дзяржавы. А там - свае законы. Пасля няхай не крыўдзяцца такія бізнесмены", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нормай жыцця для прадпрымальнікаў павінен быць удзел у сацыяльных праграмах. "Тады людзі будуць вас паважаць. І не давядзецца разважаць аб негатыўным іміджы бізнесменаў", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў, што спецыяльна прасіў сфарміраваць савет без удзелу дзяржслужачых і чыноўнікаў, за выключэннем старшыні, каб гэта структура не была "кішэннай". "Вы - людзі, якія ўжо адбыліся ў бізнесе. І для мяне вельмі важна чуць ваша меркаванне па найбольш актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Прычым мне асабліва цікавы альтэрнатыўны пункт гледжання, які адрозніваецца ад меркавання ўрада і іншых чыноўнікаў", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што чакае ад удзельнікаў нарады прапаноў, але не па прыватных, а па агульных пытаннях, па тых, якія павінен вырашаць Прэзідэнт або на якія ён павінен звяртаць асаблівую ўвагу.
"Кіраўніком савета назначаны Пётр Пятровіч Пракаповіч. У яго прамая сувязь з кіраўніком дзяржавы. Таму прашу быць больш актыўнымі, каб краіна атрымлівала рэальную карысць ад вашай работы", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важнейшая задача савета - актыўна ўплываць на прадпрымальнікаў, разумна даводзіць да іх дзяржаўную палітыку, каб забяспечваць аптымальнае спалучэнне інтарэсаў грамадства і бізнесу, ствараць умовы для цывілізаванага рынку, падтрымліваць вытворцаў тавараў і паслуг, а не спекуляцыйны бізнес.
Прэзідэнт звярнуў увагу і на той факт, што мадэрнізацыя эканомікі з`яўляецца задачай не толькі дзяржаўнага сектара. На яго думку, у яе вырашэнне неабходна ўключыць увесь айчынны бізнес і максімальную колькасць замежных інвестараў.
"У свой час савет ствараўся для таго, каб дапамагчы найбольш поўна раскрыцца пазітыўнаму патэнцыялу прадпрымальніцтва, стымуляваць, падтрымліваць станаўленне эфектыўна працуючых рыначных структур, па-дзелавому, без бюракратызму вырашаць наспелыя праблемы", - нагадаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што мае намер пачуць меркаванні прадпрымальнікаў аб тым, як зрабіць работу гэтага прадстаўнічага органа найбольш рэзультатыўнай. "Рашэнні, прынятыя намі сёння, павінны кардынальна палепшыць работу савета, каб яна адпавядала высокім сучасным патрабаванням", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта практычна адзіны савет, які створаны пры Прэзідэнце. Ён растлумачыў, чаму згадзіўся на стварэнне менавіта такой структуры: "З`явілася шмат неразбярыхі, вельмі шмат жадаючых, а вы памятаеце тыя часы, напэўна, цяпер гэтага менш, з праваахоўных органаў, з дзяржаўных структур, чыноўнікаў, якія гатовы былі стварыць вам "дах", за кошт вас пагрэць рукі і нажыцца. Мяне такая перспектыва ніяк не задавольвае. З`явілася шмат жадаючых атрымаць штосьці ад бізнесменаў. Гэта перспектыва таксама непрымальная для дзяржавы. Таму для мяне было важна, каб новыя людзі ўпісаліся ў тую палітыку, якая праводзілася толькі з адной мэтай, каб лепш было на нашым кавалку зямлі вам і іншым людзям, якія разам з вамі працуюць. Я хацеў, каб было ўсё сумленна і прыстойна. І вы, як людзі, якія лепш за мяне ведаюць тое, што адбываецца ў бізнес-супольнасці, павінны былі мяне інфармаваць па гэтых пытаннях". Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такой інфармацыі ён ад прадпрымальнікаў не атрымліваў.
"Таму я вымушаны быў назначыць, шчыра кажучы, блізкага да мяне чалавека, які заўсёды прама, адкрыта, сумленна выказваў сваю пазіцыю, нават калі яна супярэчыла пазіцыі ўсіх", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прадпрымальнікі - не тыя людзі, якім трэба ствараць ільготныя і цяплічныя ўмовы. "Вы не інваліды і нават не пенсіянеры. Вы прыйшлі для таго, каб у канкурэнтнай барацьбе заваяваць сваё месца пад сонцам, працаваць на сябе, атрымліваць добры прыбытак, плаціць падаткі, каб дзяржава магла існаваць і дапамагаць тым, хто сёння не можа зарабіць столькі, колькі вы. Ніхто не гаворыць, што ў вас трэба забраць апошняе, - сказаў Прэзідэнт. - Таму давайце будзем велікадушныя. Гэта не значыць, што мы павінны незаслужана камусьці раздаваць грошы, яшчэ штосьці. Кожны павінен працаваць. Але калі бачыце, што можна дапамагчы дзіцячаму дому, спорту, ахове здароўя, адукацыі, што стварае базу для жыцця чалавека, дык давайце дапаможам разам". "Вы мяне не папракняце, што я кагосьці з бізнесменаў у краіне сілай прымушаў дапамагаць дзяржаве. Можаце - дапамажыце, не можаце - бог з вамі. Адпаведныя будуць адносіны з боку дзяржавы і мяне да вас", - дадаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што "роўна прыбліжаны да ўсіх: бізнесменаў, небізнесменаў - усіх, хто хоча дабра для краіны". "Таму калі ў вас будуць нейкія праекты, патрэбныя для краіны, - калі ласка, дзверы ў мяне адчынены. Я падтрымаю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Але ні ў якім выпадку не лабіраванне нейкіх інтарэсаў, каб лягчэй жыць", - папярэдзіў Прэзідэнт.
Пётр Пракаповіч расказаў аб задачах, якія ставіць перад сабой новы склад савета. Гэта ў першую чаргу рэалізацыя задач у сферы прадпрымальніцтва, вызначаных Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. У адпаведнасці з ёй уклад малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП у 2015 годзе павінен скласці не менш за 30 працэнтаў. Таксама савет мае намер сканцэнтравацца на вырашэнні пытанняў, звязаных з пераадоленнем бюракратызму і валакіты, якія перашкаджаюць бізнесу.
На думку Пятра Пракаповіча, неабходна якасна змяніць структуру малога і сярэдняга бізнесу, які ў асноўным працуе на тое, каб забяспечыць рознічны гандаль, імпарт: "Мы павінны перабудаваць яго такім чынам, каб ён займаўся ў асноўным прамысловай вытворчасцю, сферай паслуг - тымі напрамкамі, якія сёння запатрабаваны і ў канчатковым выніку вырашаюць лёс краіны".
Яшчэ адзін аспект, на які звернута ўвага, - гэта стварэнне новых рабочых месц у прыватным бізнесе. За наступныя тры гады іх павінна быць створана не менш за 300 тысяч.
Віцэ-прэм`ер расказаў, што ва ўрадзе цяпер рыхтуецца комплекс мер па дзяржаўнай падтрымцы развіцця прадпрымальніцтва, які ў хуткім часе будзе разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Пётр Пракаповіч прапанаваў больш актыўна выкарыстоўваць вопыт бізнесменаў, якія стварылі ў Беларусі буйныя паспяховыя прадпрыемствы, і, развіваючы іх магутнасці, заваёўваць новыя рынкі збыту. "Мы павінны зыходзіць з таго, што калі нейкае прадпрыемства не развіваецца, не мадэрнізуецца, то ў яго няма будучыні. Калі мы не будзем развівацца, то рынак Адзінай эканамічнай прасторы зоймуць не нашы бізнесмены, а калегі з Расіі, Казахстана і ўсяго астатняга свету, - падкрэсліў віцэ-прэм`ер. - Мы павінны стварыць новы сегмент нашай эканомікі. Ужо ў гэтай пяцігодцы адна трэць - гэта прыватны бізнес. У наступнай пяцігодцы гэта лічба будзе не меншай за 50 працэнтаў. Задачы складаныя, але яны рэальныя. Усе магчымасці ёсць".
Намеснік старшыні Савета па развіццю прадпрымальніцтва, генеральны дырэктар СТАА "Хенкель Баўтэхнік" Сяргей Навіцкі ў якасці ключавых задач назваў стымуляванне прыватных інвестыцый у рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў па стварэнню новых вытворчасцей, асваенню новых відаў вырабаў, павелічэнне колькасці высокаэфектыўных рабочых месц. "Сёння прыйшоў час для трансфармацыі колькаснай дынамікі прыватнага сектара ў якасны рост і павелічэнне ўкладу ў ВУП краіны", - лічыць бізнесмен.
Ён таксама агучыў некаторыя прапановы ў пытаннях развіцця вытворчай кааперацыі і субкантрактацыі, удасканалення працэдуры дзяржзаказу і дзяржзакупак, кадравага забеспячэння бізнесу. Сяргей Навіцкі, у прыватнасці, прапанаваў развіваць холдынгавыя групы з максімальным удзелам малога бізнесу, накіраванага на стварэнне камплектуючых і прадастаўленне паслуг для забеспячэння жыццядзейнасці і канкурэнтаздольнасці холдынга.
"Я гатовы і на большае. Калі ў холдынгу прыватнае прадпрыемства будзе галаўной кампаніяй - гэта таксама нядрэнна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з`яўляецца прыхільнікам удзелу прыватных кампаній у рэалізацыі буйных праектаў сумесна з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. "Праз яго я буду ведаць усё, таму што прыватнік выкідаць грошы на вецер не будзе", - растлумачыў Прэзідэнт.
Старшыня агульнага сходу ўдзельнікаў СТАА "Контэ Спа" Валянцін Байко выказаў перакананасць у тым, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для развіцця бізнесу і магчымасць быць канкурэнтным у рыначных умовах. Ён адзначыў наяўнасць значных ўнутраных рэзерваў для развіцця прадпрымальніцтва ў асобе нацыянальнага інвестара. "Мы шмат чуем аб прыцягненні замежных інвестыцый. Гэта важная і адказная работа, але за апошнія 10-15 гадоў у краіне пабудавана шмат сучасных і эфектыўных прадпрыемстваў, якія і на ўнутраным, і на знешнім рынках зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку. Людзі, якія пабудавалі гэты бізнес, як ніякі замежны грамадзянін або дзяржава зацікаўлены, каб у нас у краіне былі спакой, парадак, бяспека. Гэтыя людзі зацікаўлены ў поспеху нашай краіны, таму што тут жывуць іх дзеці", - падкрэсліў Валянцін Байко.
На думку бізнесмена, неабходна ствараць дадатковыя ўмовы, пры якіх было б выгадна ўкладваць атрыманы прыбытак у эканоміку краіны і далейшае развіццё вытворчасці. У прыватнасці, ён адзначыў, што раней у падатковым заканадаўстве існавала норма, якая дае магчымасць прадпрыемствам праводзіць мадэрнізацыю і ўкладваць грошы ў развіццё, набыццё асноўных сродкаў, узвядзенне новых будынкаў і збудаванняў за кошт прыбытку. Гэтая частка прыбытку не падпадала пад падаткаабкладанне. Аднак падатак на прыбытак зменшаны з 24 працэнтаў да 18 працэнтаў.
Валянцін Байко прапанаваў разгледзець магчымасць вяртання да ранейшага парадку: "Гэта будзе лепш для таго бізнесу, які ўкладвае грошы ў развіццё, у мадэрнізацыю, а не забірае грошы ў кішэню. Няхай нават падатак на прыбытак будзе большы".
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым падтрымаў такі падыход, даручыўшы ўраду ўсё дэталёва прааналізаваць і прапанаваць магчымыя шляхі вырашэння пытання. "Давайце створым умовы, каб бізнес не спажываў гэтыя сродкі, а больш ўкладваў, і ён будзе будаваць сучасныя прадпрыемствы", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым, гаворачы аб пытаннях падаткаабкладання, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з бюджэту нельга проста забраць, не паклаўшы туды нешта.
Што датычыцца больш актыўнага ўдзелу нацыянальнага інвестара ў рэалізацыі новых праектаў і прыватызацыі прадпрыемстваў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цалкам падтрымлівае такое імкненне, аднак усё павінна быць сумленна і справядліва: "Калі ласка, прыходзьце. Пры ўсіх роўных магчымасцях мы аддадзім перавагу сваім людзям. Але гэта павінна быць сумленна". "Таму нацыянальнаму інвестару быць. Калі не хапае сродкаў у аднаго, збірайцеся разам", - прапанаваў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт яшчэ раз падкрэсліў, што ў сваіх кантактах з бізнес-коламі кіруецца выключна інтарэсамі дзяржавы і народа: "Я набліжаны да ўсіх. Я не баюся таго, што пра мяне скажуць, што каля яго круцяцца бізнесмены. Гэта мае грамадзяне, я іх павінен падтрымліваць толькі па адной прычыне, што яны прынясуць карысць дзяржаве".
Аляксандр Лукашэнка таксама запэўніў, што дзяржава заўсёды будзе гатова падтрымаць перспектыўныя і цікавыя праекты. Разам з тым ён нагадаў і аб адказнасці бізнесу за выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў. "Не трэба махляваць, - перасцярог Прэзідэнт. - Прыйшлі, паабяцалі, дык трэба зрабіць. Не можаш - не хадзі. У бізнесе слова значыць вельмі многа".
Асобна кіраўнік дзяржавы выказаўся на тэму прыватызацыі, аб якой апошнім часам на розных узроўнях вядзецца шмат размоў. "Хопіць балбатаць аб прыватызацыі. Гэта становіцца для нас шкодным. І мяне ўжо пачынае насцярожваць. Як быццам Міністэрству эканомікі ва ўрадзе няма аб чым гаварыць, як толькі аб прыватызацыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы вызначылі, што мы не будзем нічога агулам прыватызаваць. Мы нават адмовіліся ад спісаў прадпрыемстваў, якія падлягаюць прыватызацыі, - адзначыў Прэзідэнт. - Было заяўлена, што любое прадпрыемства можна прыватызаваць: "Беларуськалій", на які многія паклалі вока, нафтаперапрацоўка, МАЗ, БелАЗ і іншыя. Але гэтыя прадпрыемствы маюць вельмі высокую цану. Напрыклад, за "Беларуськалій" аб`яўлена цана $32 млрд., я яе панізіць не магу. Не купляюць па такой цане - і не трэба. Мы не спяшаемся. Гэта эфектыўнае прадпрыемства. Але кожны дзень сядзець і балбатаць ва ўрадзе, а гэта пераходзіць у грамадства, аб прыватызацыі... Тады паўстае пытанне: вы што, хочаце распрадаць краіну як мага хутчэй?"
"Таму гэта цалкам натуральны працэс. Хочаце купіць прадпрыемства - уваходзьце ў перагаворны працэс. Працэс цяжкі, бюракратычны, але ён будзе сумленным, таму што я апошні стаўлю подпіс пад прыватызацыяй аб`екта, і я вам гарантую і клянуся, што гэта будзе толькі сумленна. Але як нейкую вялікую мэту перад сабой ставіць не трэба", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Прыватызацыі быць. Цэны будуць вельмі вялікія, рыначныя. Але за бясцэнак, чыноўніцкай прыватызацыі або буйному бізнесу раздаваць прадпрыемствы я як Прэзідэнт не маю намеру. Ніякай апаратнай прыватызацыі, з-пад палы ніколі не будзе", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Прэзідэнт даў даручэнні па пытаннях цэнаўтварэння і інфляцыі. "Скажу шчыра, гэта пытанне ўрада. У мінулым годзе, калі мы выходзілі з гэтага незразумелага фінансавага стану, я проста закрываў вочы на некаторыя працэсы, калі нават адміністрацыйна мы павышалі цэны. Я вам павінен сказаць, што з бягучага года гэта заканчваецца. Няхай бізнесмены потым мяне не папракаюць, што дзяржава ўмешваецца ў нешта. Мы будзем гэта рабіць кропкава, акуратна, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі такая інфляцыя, рост цэн, аб якім развіцці або мадэрнізацыі можа ісці размова?!"
"Таму думайце, як мы будзем працаваць у гэтым годзе, каб усё ж інфляцыя і цэны раслі прымальна і для грамадства, і для вытворчасці", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым на нарадзе адбылася змястоўная дыскусія на тэму развіцця ў Беларусі прадпрымальніцкай ініцыятывы, прадстаўнікі бізнес-колаў выказалі некаторыя дзельныя прапановы, якія ўраду даручана прапрацаваць. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на гэтай нарадзе не ставілася задача выпрацаваць нешта канцэптуальнае, а яна была прысвечана пачатку сур`ёзнай работы новага складу савета. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы і ў далейшым па меры неабходнасці прымаць удзел у рабоце гэтай структуры і на сваім узроўні вырашаць праблемныя пытанні ў гэтай сферы.
26 лютага 2013, Мінск
БЕЛТАСсылка на источник:
А.Лукашэнка: бізнес павінен працаваць на павышэнне эфектыўнасці эканомікі