КНДР з відавочнасцю ўдасканальвае свае тэхналогіі як у сферы саміх ядзерных зарадаў, так і сродкаў іх дастаўкі на вялікія адлегласці — балістычных ракет. Гэта ўскладняе і так вельмі напружанае становішча ў адносінах КНДР з Паўднёвай Карэяй, ЗША і Японіяй. Рэгулярна адбываюцца прамыя ваенныя сутыкненні, дастаткова часта абвяшчаюцца прамыя пагрозы на адрас адзін аднаго. Калі адна з краін праводзіць ваенныя вучэнні, другая тут жа ацэньвае іх як падрыхтоўку да ваеннага ўварвання на сваю тэрыторыю. Дарэчы, адно з такіх вучэнняў, па супрацьдзеянні паўночнакарэйскім падводным лодкам, праводзілася ЗША з Паўднёвай Карэяй з 19 па 24 лютага, другое пачалося 1 сакавіка і працягнецца да 30 красавіка.
Якія магчымыя сцэнарыі развіцця падзей, калі справа дойдзе да сур`ёзнага ваеннага сутыкнення КНДР і Паўднёвай Карэі? Разгледзім важныя фактары, якія ацэньваюцца пры верагоднасці такога роду сутыкнення. Улічым, што ў зоне дасягальнасці артылерыі КНДР знаходзіцца практычна ўся тэрыторыя сталіцы Паўднёвай Карэі, Сеула, з насельніцтвам, якое амаль дасягае дзесяці мільёнаў чалавек. Таму пры маштабных ваенных дзеяннях непазбежныя шматлікія ахвяры з боку мірнага насельніцтва Паўднёвай Карэі. Гэты фактар служыць сур`ёзным стрымальным момантам супраць таго, каб вайна была пачата Паўднёвай Карэяй.
Не менш важнымі для стрымлівання ваенных амбіцый ЗША, ваенны кантынгент якіх на тэрыторыі Паўднёвай Карэі даходзіць амаль да 30 тысяч вайскоўцаў, з`яўляюцца цесныя партнёрскія адносіны Паўночнай Карэі з Кітаем. КНР, як і вядучыя краіны свету, асуджае ядзерныя амбіцыі КНДР, але гэта не азначае, што ў Пекіне абыякава паглядзяць на спробу ЗША захапіць тэрыторыю гэтай краіны. Улічым пры гэтым, што Кітай валодае сур`ёзным ядзерным арсеналам, патэнцыял якога вельмі цяжка ацаніць. Уласна кажучы, гэта і з`яўляецца асноўнай рызыкай пераходу мясцовага рэгіянальнага канфлікту ў сусветную ядзерную вайну. Выкажам здагадку, што ўлады ЗША ўсё ж вырашылі спыніцца на сілавым варыянце ў дачыненні да Паўночнай Карэі, атакаваўшы яе. Як паказала практыка апошніх уварванняў войскаў ЗША, пачатак ваенных дзеянняў суправаджаецца магутным ракетным ударам па найважнейшых цэлях на тэрыторыі саперніка. Абстрэлу падвяргаюцца ваенныя базы і месцы дыслакацый ППА, ракет саперніка і розныя дзяржаўныя ведамствы, якія адказваюць за абарону краіны ад уварвання. У ЗША ў гэтым выпадку ўзнікае цалкам зразумелая дылема — інфармаваць Кітай загадзя або не?
8-га сакавіка, пасля прыняцця чарговай рэзалюцыі ААН у дачыненні КНДР, Пхеньян паведаміў пра разрыў усіх пагадненняў аб ненападзе з Сеулам.
Пры папярэднім інфармаванні Кітая вялікая верагоднасць двух непрыемных наступстваў для ЗША. Па-першае, Кітай можа заявіць, што такі ўдар па кітайскім партнёры ў рэгіёне можа быць расцэнены як удар па самім Кітаі, што пацягне за сабой рызыку ваенных дзеянняў у адказ. З-за гэтага ад атакі, хутчэй за ўсё, давядзецца адмовіцца. Па-другое, Пекін немінуча папярэдзіць Пхеньян аб пагрозе, што дазволіць КНДР распачаць дзеянні, якія знізяць эфектыўнасць удару амерыканцаў. З-за гэтых фактараў вялікая верагоднасць, што, наносячы першы ракетны ўдар па КНДР, ЗША не папярэдзяць загадзя ўрад Кітая. Разлік будзе грунтавацца на тым, што Кітаю ў гэтым выпадку давядзецца прыняць пачатак ваенных дзеянняў ЗША як факт, які адбыўся, і ён на справе не ўступіць у вайну. У гэтым выпадку галоўнай пагрозай з`яўляецца, як успрыме палітычнае кіраўніцтва Кітая масавы пуск ракет з ваенных аб`ектаў ЗША (ваенныя базы на тэрыторыі Паўднёвай Карэі і Японіі, ваенныя караблі ЗША каля прыстаняў і ў сусветным акіяне).
Большасць гэтых ракет будзе мець траекторыю, накіраваную ў бок КНР, якая мяжуе з КНДР. Вялікая рызыка таго, што пуск амерыканскіх ракет будзе расцэнены як пачатак ядзернай атакі ЗША супраць Кітая. Верагоднасць такіх дзеянняў пастаянна пралічваецца ў Пекіне, паколькі імклівы рост эканомікі і ваенных сіл Кітая вельмі трывожыць амерыканскае кіраўніцтва, і ў Кітаі вядома, што ў якасці аднаго з магчымых варыянтаў па стрымліванні кітайскага канкурэнта амерыканцы разглядаюць традыцыйны сродак — вайну.
Адказ можа быць адэкватным патэнцыйнай пагрозе — ядзерныя ракеты з тэрыторыі КНР будуць выпушчаны як па ваенных аб`ектах ЗША ў рэгіёне, так і па кантынентальнай тэрыторыі ЗША. У гэтым выпадку ЗША, зафіксаваўшы пуск балістычных ракет з тэрыторыі Кітая, будуць вымушаны адказаць аналагічным залпам ядзерных ракет па тэрыторыі Кітая.
Не менш важным з`яўляецца і тое, якім чынам адрэагуе Расія. Масавы старт балістычных ракет непасрэдна каля яе межаў спачатку з амерыканскіх ваенных аб`ектаў, а потым і з тэрыторыі Кітая можа быць успрыняты як пачатак ядзернай вайны супраць Расіі. Такім чынам, і Расія можа задзейнічаць свой ядзерны патэнцыял, які з`яўляецца другім у свеце пасля амерыканскага па магутнасці.
Неістотна адрозніваюцца рызыкі ўзнікнення трэцяй сусветнай вайны і ў тым выпадку, калі вайну пачне КНДР магутнай атакай на Паўднёвую Карэю. У гэтым выпадку ў адказ непазбежна паляціць мноства ракет з тэрыторыі ваенных баз ЗША і іх саюзнікаў у рэгіёне, якія ў Кітаі і Расіі могуць быць ацэнены як пачатак атакі ЗША супраць іх пад прыкрыццем ваеннага сутыкнення з КНДР. Рызыкі практычна тыя ж. Выснова простая — рост напружанасці, які працягваецца ў рэгіёне, рэальна пагражае ўсяму свету.
Сяргей Кізіма, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі
кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук
Звязда, 12 сакавіка 2013
Ссылка на источник:
Ці можа ўдасканальванне ядзерных тэхналогій КНДР справакаваць трэцюю сусветную вайну?