
Беларусь і Казахстан маюць намер пашыраць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай і навукова-тэхнічнай сферах, дабіваючыся паглыблення эканамічнай інтэграцыі дзвюх краін. Пры гэтым прыярытэтнае значэнне надаецца далейшаму развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай кааперацыі праз рэалізацыю сумесных праектаў. Гэту пазіцыю пацвердзілі прэзідэнты Беларусі і Казахстана Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў 4 кастрычніка на перагаворах у Астане, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"Я ехаў сюды, каб, як мы некалі дамовіліся, пракантраляваць нашы даручэнні, якія мы давалі ўрадам і міністрам", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. З гэтай мэтай лідары дзвюх краін дамовіліся сустракацца штогод.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што практыка рэгулярных сустрэч лідараў дзвюх краін з`яўляецца вельмі правільным рашэннем, паколькі гэта падганяе выканаўцаў у Беларусі і Казахстане да рэалізацыі пастаўленых задач.
Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што народы дзвюх краін у многім падобныя і прывыклі зарабляць сваёй працай. "І мы як прэзідэнты стараемся закласці моцную аснову для будучых пакаленняў, для тых, хто прыйдзе пасля нас. Каб тая палітыка, якую мы сёння ажыццяўляем, стала асновай іх дзейнасці. І тое, што мы ў аснову ўзаемаадносін паклалі інтарэсы нашых народаў, дарагога каштуе, гэта беспамылкова, і гэта заўсёды новымі пакаленнямі будзе вітацца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі канстатаваў, што за апошнія гады бакам удалося дасягнуць нядрэнных вынікаў у вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі. "Менавіта такое ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дае магчымасць нам вырашаць задачы па насычэнню ўнутранага рынку Мытнага саюза і АЭП уласным прадуктам, павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомік, стварэнню рабочых месц, - лічыць беларускі лідар. - Адначасова на пярэдні план выходзяць пытанні павышэння эфектыўнасці работы створаных вытворчасцей. Мэтазгодна павялічыць лакалізацыю і пашырыць лінейкі прадукцыі, а таксама арганізаваць выпуск сумеснага беларуска-казахстанскага прадукту".
Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, важным крокам з`яўляецца адкрыццё Казахстанска-беларускага вучэбна-вытворчага цэнтра падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахскім агратэхнічным універсітэце імя С.Сейфуліна. Акрамя таго, цяпер ствараецца беларуска-казахстанскі навукова-практычны цэнтр хірургіі і транспланталогіі. "Гэты праект можна лічыць паказальным, і нам варта актывізаваць работу па яго рэалізацыі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, асаблівую важнасць на гэтым этапе набывае цеснае ўзаемадзеянне паміж даследчымі і навучальнымі ўстановамі ў распрацоўцы сумесных інавацыйных прадуктаў.
Перспектыўным з`яўляецца і супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе. "Беларусь мае пэўны вопыт у стварэнні аграгарадкоў, а таксама распрацоўкі ў галіне раслінаводства і жывёлагадоўлі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок надае вялікае значэнне супрацоўніцтву ў транспартнай сферы. "У мэтах стварэння роўных умоў для развіцця канкурэнтнага рынку аўтатранспартных паслуг нам трэба адысці ад існуючых бар`ераў і абмежаванняў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Адным з важных напрамкаў двухбаковай работы з`яўлянцца інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Кіраўнік беларускай дзяржавы запрасіў буйны казахстанскі бізнес актыўней інвесціраваць у Беларусь.
"Мы зацікаўлены ў прысутнасці буйнога казахстанскага капіталу ў Беларусі. На дзяржаўным узроўні гатовы падтрымаць прапановы аб супрацоўніцтве ў самых розных галінах", - адзначыў беларускі лідар.
Сур`ёзны патэнцыял росту ўзаемнага гандлю і інвестыцый Прэзідэнт таксама звязвае з развіццём міжрэгіянальных сувязей.
Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць неабходным пастаянна шукаць новыя формы і напрамкі партнёрства ў самых розных галінах. "Сёння гэта прыярытэтная задача для ўрадаў нашых краін", - сказаў ён.
Што датычыцца ўдзелу дзвюх краін у інтэграцыйных утварэннях, то Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусі і Казахстану неабходна максімальна задзейнічаць перавагі АЭП для ўмацавання адносін.
"Казахстан для нас - надзейны сябар і саюзнік. Мы разам будуем унікальнае на постсавецкай прасторы ўтварэнне - Еўразійскі эканамічны саюз, які дасць вялікія магчымасці для развіцця эканомік нашых дзяржаў", - сказаў беларускі лідар.
"Неабходна максімальна задзейнічаць перавагі АЭП для ўмацавання ўзаемавыгадных адносін паміж нашымі краінамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, вырашэнню гэтай задачы будзе садзейнічаць зацвярджэнне дарожнай карты двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2014-2016 гады. Гэты комплексны дакумент ахоплівае практычна ўсе сферы двухбаковага ўзаемадзеяння.
План сумесных мерапрыемстваў на 2014-2016 гады па рэалізацыі Праграмы эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан на 2009-2016 гады быў падпісаны сёння па выніках перагавораў прэзідэнтаў.
Кіраўнікі дзяржаў даручылі ўрадам дзвюх краін прыняць вычарпальныя меры па эфектыўнаму выкананню ў поўным аб`ёме адпаведнага плана, а таксама іншых дамоўленасцей, дасягнутых у час сустрэчы на вышэйшым узроўні. Агульная каардынацыя сумеснай работы па вырашэнню гэтай задачы ўскладзена на сустаршынь міжурадавай камісіі.
Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі таксама сумесную заяву, у якой пацвердзілі цвёрды намер і ў далейшым цесна каардынаваць сумесныя намаганні па ўсебаковаму паглыбленню і пашырэнню беларуска-казахстанскіх адносін.
Лідары Беларусі і Казахстана лічаць важным умацоўваць двухбаковае стратэгічнае партнёрства, якое адпавядае інтарэсам народаў дзвюх краін і з`яўляецца істотным фактарам забеспячэння стабільнасці і супрацоўніцтва ў Еўразійскім рэгіёне. Прэзідэнты падкрэслілі неабходнасць далейшай каардынацыі намаганняў па развіццю інтэграцыі і фарміраванню Еўразійскага эканамічнага саюза, прызначанага стварыць спрыяльныя ўмовы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця на еўразійскай прасторы.
Кіраўнікі дзяржаў заклікалі дзелавыя колы да большай інвестыцыйнай актыўнасці на тэрыторыі Беларусі і Казахстана і выказалі гатоўнасць заахвочваць узаемавыгаднае інвестыцыйнае партнёрства.
Беларусь і Казахстан дамовіліся ўмацоўваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы, у галіне мірнага асваення касмічнай прасторы, паглыбляць і ўдасканальваць сувязі ў абароннай і ваенна-тэхнічнай галінах.
Бакі надаюць важнае значэнне фарміраванню і развіццю на еўразійскай прасторы аб`яднанай транспартнай сістэмы і стварэнню ў гэтых мэтах неабходных прававых, эканамічных і арганізацыйных умоў для бесперашкоднай і ўзаемавыгаднай транспарціроўкі грузаў і перавозкі пасажыраў.
"Беларусь і Казахстан будуць і ў далейшым энергічна развіваць існуючую карысную практыку рэгулярных палітычных кантактаў на ўсіх узроўнях, механізмы міжпарламенцкага і міжгаліновага ўзаемадзеяння, садзейнічаць пашырэнню двухбаковай дагаворна-прававой базы і стварэнню спрыяльных умоў для пашырэння кантактаў паміж дзелавымі, навуковымі, культурнымі і іншымі коламі дзвюх дзяржаў", - гаворыцца ў сумеснай заяве.
Бакі дамовіліся прадаўжаць выбудоўваць адносіны на аснове шырокамаштабнага супрацоўніцтва і ўзаемнага даверу, паважання незалежнасці, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і непарушнасці дзяржаўных граніц, мірнага ўрэгулявання спрэчак і непрымянення сілы або пагрозы сілай, на аснове прынцыпаў неўмяшання ва ўнутраныя справы адзін аднаго, раўнапраўя і ўзаемнай выгады.
Беларусь і Казахстан заявілі аб недапушчальнасці выкарыстання ў міжнародных адносінах мер эканамічнага націску або прымушэння, якія падрываюць рэгіянальную і глабальную стабільнасць і бяспеку, у адпаведнасці з мэтамі і прынцыпамі статута ААН і зыходзячы з каштоўнасці разнастайнасці шляхоў развіцця, а таксама прызнаючы права народаў самастойна вызначаць свой сацыяльны і эканамічны курс.
Пры гэтым Беларусь і Казахстан маюць намер прымаць актыўны ўдзел у калектыўных намаганнях па ўмацаванню бяспекі на ўсіх узроўнях, у тым ліку па прадухіленню і мірнаму ўрэгуляванню міжнародных канфліктаў і процідзеянню такім пагрозам і выклікам, як міжнародны тэрарызм, распаўсюджванне зброі масавага знішчэння, трансгранічная арганізаваная злачыннасць, незаконная вытворчасць і абарот наркотыкаў, гандаль людзьмі, прыродныя і тэхнагенныя катастрофы.
Бакі прадоўжаць паглыбляць супрацоўніцтва ў сферы знешняй палітыкі, сумесна дабіваючыся забеспячэння міру і бяспекі на еўразійскай прасторы і ва ўсім свеце, будуць і далей аказваць узаемную падтрымку ініцыятывам і кандыдатурам дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый.
У прысутнасці прэзідэнтаў таксама падпісаны міжурадавае пагадненне аб рэадмісіі і выканаўчы пратакол да яго, пагадненне аб парадку знаходжання грамадзян Казахстана на тэрыторыі Беларусі і грамадзян Беларусі на тэрыторыі Казахстана, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Акадэміяй дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан.
Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што Беларусь і Казахстан намецілі шляхі для росту ўзаемнага тавараабароту.
Паводле слоў беларускага лідара, асаблівую заклапочанасць выклікае некаторае зніжэнне тэмпаў двухбаковага гандлю. "Як сказаў Прэзідэнт Казахстана, гэта вынік таго крызісу, які адбываецца ў свеце. Але мне спадабалася яго заўвага ў канцы нашых перагавораў у пашыраным складзе, што гэтым мы не можам апраўдваць зніжэнне тавараабароту, мы намецілі шляхі росту тавараабароту ў гэтых складаных умовах. Перакананы, што ў будучым годзе праблему вырашым, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны прыкласці максімум намаганняў для вырашэння ўсіх праблемных пытанняў, якія перашкаджаюць нашаму эфектыўнаму ўзаемадзеянню".
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ўзмацненне інтэграцыі ў "тройцы", маючае адбыцца стварэнне Еўразійскага эканамічнага саюза патрабуюць больш цеснай каардынацыі і ўзгодненасці дзеянняў як з боку галін улады, так і бізнес-супольнасці. "Толькі ў гэтым выпадку мы зможам у поўнай меры адчуць эканамічныя перавагі агульнага рынку", - упэўнены беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь і Казахстан павінны актывізаваць развіццё вытворчай і навукова-тэхналагічнай кааперацыі, што дасць магчымасць насыціць унутраны рынак АЭП уласным прадуктам, павысіць канкурэнтаздольнасць эканомік, стварыць новыя рабочыя месцы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку разгледзець пытанне аб больш інтэнсіўным пераходзе да сумесных вытворчасцей з інвестыцыйным складальнікам і стварэння доўгатэрміновых форм супрацоўніцтва. Добрыя прыклады такога ўзаемадзеяння ёсць па лініі ААТ "БелАЗ" і ВА "МТЗ".
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў Казахстану рэалізацыю сумесных праектаў у сферы транспарту і лагістыкі. На яго думку, у бакоў значна ўзрос патэнцыял супрацоўніцтва ў гэтай сферы з запускам Адзінай эканамічнай прасторы. "У сумесных планах - лагістычныя цэнтры для транспарціроўкі беларускіх і казахстанскіх тавараў еўрапейскім і азіяцкім спажыўцам, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы гатовы будаваць лагістычныя цэнтры на граніцы з Еўрасаюзам для вашых тавараў, асабліва збожжа, для продажу ў Еўрапейскім саюзе".
Кіраўнік беларускай дзяржавы павіншаваў Казахстан і асабіста Нурсултана Назарбаева ў сувязі з выбраннем Астаны месцам правядзення міжнароднай выстаўкі "Экспа-2017" і пацвердзіў гатоўнасць Беларусі ўдзельнічаць у будаўніцтве інфраструктуры да гэтага форуму.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь удзяляе вялікую ўвагу развіццю гуманітарнага супрацоўніцтва і вітае правядзенне ў Беларусі ў кастрычніку гэтага года Дзён культуры Казахстана.
Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што прэзідэнты правялі вельмі плённыя перагаворы і абмеркавалі важнейшыя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, разгледзелі ход рэалізацыі раней дасягнутых дамоўленасцей.
Прэзідэнт Казахстана выказаў упэўненасць, што падпісаная дарожная карта развіцця двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2014-2016 гады стане эфектыўным інструментам па развіццю ўзаемадзеяння ў гэтай сферы.
Казахстан таксама зацікаўлены ў актывізацыі супрацоўніцтва ў навуковай сферы, сумесных распрацоўках па іншых напрамках.
"Паміж нашымі дзяржавамі няма ні палітычных, ні эканамічных праблем. Мы саюзнікі і разам будуем новае інтэграцыйнае аб`яднанне. Спадзяюся, што будучы Еўразійскі эканамічны саюз стане выгадным у інтарэсах усіх краін, раўнапраўным эканамічным саюзам, які дасць нам магчымасць яшчэ больш узняць аб`ём тавараабароту", - падкрэсліў Нурсултан Назарбаеў.
У рамках візіту беларуская дэлегацыя наведала Казахстанска-беларускі вучэбна-вытворчы цэнтр падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі інжынерных кадраў пры Казахскім агратэхнічным універсітэце імя С.Сейфуліна. Старшыня беларускай часткі міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву Беларусі і Казахстана віцэ-прэм`ер Міхаіл Русы перадаў у дар цэнтру ад імя Прэзідэнта Беларусі кнігі аб экспартным патэнцыяле Беларусі.
4 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТАСсылка на источник:
Беларусь і Казахстан дамовіліся паглыбляць эканамічную інтэграцыю