Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад айчыннай піваварнай галіны павышэння эфектыўнасці работы і аддачы ад укладзеных у мадэрнізацыю сродкаў. Аб гэтым ён заявіў 10 красавіка на нарадзе аб стане і перспектывах развіцця піваварнай галіны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што папярэдні раз адпаведныя пытанні абмяркоўваліся прыкладна сем гадоў таму. Тады былі прыняты рашэнні аб буйнамаштабным тэхнічным перааснашчэнні піваварных заводаў, правілах уваходжання на беларускі рынак вядучых сусветных піваварных кампаній. Былі пастаўлены задачы стварэння сучасных вытворчасцей, нарошчвання магутнасцей, павелічэння выпуску беларускіх брэндаў піва і вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі. "Я зыходзіў тады з таго, што піва - гэта таксама алкаголь (я, увогуле, не разумею смаку піва і яго практычна не п`ю). Алкаголь - гэта заўсёды высокадаходная галіна, якая прыносіць вялікія дывідэнды бюджэту. Дык чаму яна сёння не проста кульгае, а знішчаецца? - паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы. - Гэта галоўная прычына сённяшняй нарады".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што губернатары і ўрад часта ўносяць розныя прапановы аб чарговым продажы заводаў і акцый. "У мяне ўзнікае пытанне: высокадаходная галіна - чаму вы яе хочаце сплавіць? І, як далей убачым, вы яе проста знішчылі", - сказаў Прэзідэнт.
"Я хацеў бы пачуць ад вас, чыё піва мы сёння п`ём? Вы п`яце - не я, - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады. - Мяне гэта насцярожвае: вы што, імпартнае піва лічаце лепшым, чым наша, і думаеце далей атручваць беларускі народ?"
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, па заявах дасведчаных спецыялістаў і людзей, якія ўжываюць піва, імпартная прадукцыя мае разнастайныя смакавыя дабаўкі і кансерванты. "Беларускае піва - натуральнае", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.
У пацвярджэнне Прэзідэнт расказаў, што можна правесці просты эксперымент, каб асабіста ў гэтым пераканацца: "Калі ідзяце ў лазню, вазьміце імпартнае піва і айчыннае - як у нас было прынята пырснуць на камяні - і панюхайце, чым гэта ўсё пахне. Беларускае піва - гэта пах хлеба. Гэта ўсё жывое і натуральнае", - сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на 80 працэнтаў айчынная піваварная галіна, якая павінна быць высокадаходнай, была распрададзена і прыватызавана, а ў руках дзяржавы засталося толькі 20 працэнтаў. "Мы заўсёды крычым: прыватніку, прыватніку, - ён нас выратуе. Дык дзе ж гэта выратаванне? А як працуюць дзяржпрадпрыемствы або з пакетам дзяржаўных акцый - гэта асобная размова. Баюся, што яна скончыцца сумна для міністра, віцэ-прэм`ера і гэтых кіраўнікоў", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што ў пытанні якасці няма непасрэднай узаемазалежнасці з мадэрнізацыяй і выкарыстаннем высокатэхналагічнага абсталявання. "Іншы раз на звычайных самагонных апаратах робяць такое пітво, што побач не стаялі ніякая гарэлка або піва. Гэта не мой вывад. Я таксама невялікі спецыяліст у самагоне, віскі, кан`яках і іншым. Але так гавораць людзі. Яны, наадварот, трымаюцца за гэты стары кацялок", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт у сувязі з гэтым расказаў, што нядаўна глядзеў тэлеперадачу аб падарожжы аднаго з журналістаў па Германіі, дзе ў тым ліку расказвалася аб вытворчасці нямецкага шнапсу па традыцыйнай тэхналогіі. "Паказваюць гэты апарат - ён такі старадаўні. А журналісты п`юць і аблізваюцца - шнапс самы лепшы. Дык чаму гэты чалавек, які вырабляе шнапс, не змяняе абсталяванне на суперсучаснае?" - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Я не кажу, што мадэрнізацыя не патрэбна, але не трэба, пабываўшы на Захадзе, убачыўшы штосьці бліскучае, туды бегчы. Але мы пабеглі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
На мадэрнізацыю галіны за апошнія гады было патрачана $300 млн, у тым ліку $30 млн бюджэтных сродкаў, $160 млн - уласных сродкаў як дзяржаўных, так і прыватных кампаній, былі адцягнуты значныя крэдытныя рэсурсы беларускіх і замежных банкаў. "Мы аснасцілі прадпрыемствы высокатэхналагічным абсталяваннем сусветных кампаній - тое, што вы хацелі", - адзначыў Прэзідэнт.
У выніку вытворчыя магутнасці павялічаны прыктычна да 70 млн дэкалітраў піва ў год, чаго дастаткова для забеспячэння патрэбнасцей унутранага рынку і паставак гэтай прадукцыі на экспарт. "Пад гэта імем рэвалюцыі была мадэрнізавана сыравінная база піваварэння. У краіне штогод нарыхтоўваецца больш як 150 тыс.т піваварнага ячменю, якога павінна хапіць для забеспячэння ўласнай вытворчасці і экспарту", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым Прэзідэнт паставіў перад удзельнікамі нарады заканамерныя пытанні: які эканамічны эфект ад маштабных капіталаўкладанняў у гэту галіну, якая рэнтабельнасць вытворчасці, наколькі паспяхова ажыццёўлены планы ўрада, ці ўдалося нарасціць экспарт і прыток валюты.
Прэзідэнт прывёў даныя статыстыкі, што створаныя вытворчыя магутнасці выкарыстоўваюцца толькі на 60 працэнтаў, а на працягу апошніх трох гадоў аб`ём вытворчасці піва ў Беларусі скарачаецца, а імпарт расце. "Ні ў адной краіне пры развітой уласнай вытворчасці няма такога імпарту - 30 працэнтаў, - падкрэсліў беларускі лідар. - Чаму замежным вытворцам выгадна вазіць яго за тысячы кіламетраў, а нашы кампаніі, як дзяржаўныя, так і прыватныя, у сябе дома страчваюць рынак?"
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на невыкананні планаў урада па імпартазамяшчэнні. Большасць піваварных арганізацый, і дзяржаўных, і прыватных, на працягу апошніх трох гадоў нясуць страты. "Словам, беларуская піўная галіна здае пазіцыі, уступаючы замежным канкурэнтам. Лічу такі стан спраў недапушчальным! - падкрэсліў Прэзідэнт. - А ну паспрабуйце завезці ў ЕС беларускае піва. Вас туды пусцяць? Гавораць, што замежныя імпарцёры дэмпінгуюць. У нас што, заканадаўства не хапае, каб гэтаму процістаяць?"
Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што на фоне агульнай карціны ёсць адзінкавыя прыклады піваварных прадпрыемстваў, якія актыўна развіваюца, працуюць з прыбыткам, з высокай загрузкай магутнасцей і нарошчваюць вытворчасць. "Гэта сведчыць аб тым, што магчымасці для эфектыўнай работы на рынку ёсць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў у час нарады адказаць на пытанні, якім чынам ажывіць піўную галіну у Беларусі і, калі трэба, прыцягнуць дадатковыя інвестыцыі, як скараціць імпарт і макімальна загрузіць вытворчыя магутнасці. Акрамя таго, Прэзідэнт пацікавіўся, калі на дзяржаўных піваварных заводах будзе наведзены парадак і забяспечана эфектыўная работа.
У свой час пры допуску замежных вытворцаў на беларускі піўны рынак вызначалася, што інвестары будуць займацца развіццём сыравінных зон, пашырэннем асноўнай вытворчасці, імпартазамяшчэннем і нарошчваннем экспарту. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як выконваюцца гэтыя ўмовы.
"Вядома, на ўсё гэта вы адказ знойдзеце. Але я вам хачу сказаць наступнае: у 2015 годзе вы мне даложыце аб выніках работы, і калі хоць адно прадпрыемства будзе нізкарэнтабельным або стратным, асабліва з ліку прыватызаваных, яны неадкладна, як "Камунарка" і "Спартак", будуць вернуты ва ўласнасць дзяржавы", - заявіў Прэзідэнт.
"Калі і не вернуты, то будуць узяты жалезна пад кіраванне і кантроль дзяржавы. Для іх будзе створаны спецыяльны рэжым функцыянавання. Пры падтрымцы, зразумела, і абароне ад імпарту, які ў нас навадніў краіну", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"А з дзяржаўнымі дзеячамі, кіраўнікамі, якія там працуюць, "Белдзяржхарчпрамам" і яго кіраўнікамі мы разбяромся за адны суткі", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Намеснік прэм`ер-міністра Міхаіл Русы далажыў аб стане і перспектывах развіцця піваварнай галіны краіны. Паводле яго слоў, у 2013 годзе ад піўной галіны ў бюджэт паступіла $173 млн, што амаль у тры разы больш, чым у 2008 годзе. Асноўнымі вытворцамі піва ў краіне з`яўляюцца чатыры прадпрыемствы: ААТ "Крыніца", ЗЗАТ "Піваварні Хайнекен", ААТ "Піўзавод Аліварыя", ААТ "Лідскае піва". На іх долю прападае 95 працэнтаў агульнага аб`ёму вытворчасці піва. Беларускім піваварам у 2013 годзе практычна ўдалося захаваць аб`ёмы вытворчасці на ўзроўні 2012 года, у той час як на рынках сумежных дзяржаў назіраецца на працягу шэрага гадоў значнае зніжэнне вытворчасці піва і закрыццё піваварных заводаў. Штогод у Беларусі спажываецца 48 млн дал піва. Сярэднегадавое спажыванне на душу насельніцтва ўзрасло і складае 51 л (у 2007 годзе - 45 л).
Міхаіл Русы адзначыў, што выканана даручэнне кіраўніка дзяржавы па давядзенні ў 2010 годзе аб`ёмаў экспарту піва да 10 працэнтаў ад яго вытворчасці. Паводле яго слоў, у 2013 годзе экспартавана 8,2 млн дал, што ў 17,8 раза больш у параўнанні з 2007 годам. Удзельная вага экспарту ў агульным аб`ёме рэалізацыі піва павялічылася з 1,3 працэнта ў структуры вытворчасці да 20 працэнтаў.
Найбольшую ўдзельную вагу ў экспартных пастаўках у 2013 годзе заняло ААТ "Крыніца", на чыю долю прыпала 60 працэнтаў усяго экспарту піва.
Піваварныя арганізацыі краіны экспартуюць сваю прадукцыю ў 15 краін, аднак 95 працэнтаў такіх паставак прыпадае на Расію, Літву і Украіну.
Створаныя ў краіне магутнасці цяпер загружаны на 62 працэнты, пры гэтым на рынку ўдзельная вага імпартнага піва складае 29 працэнтаў. У 2013 годзе ў Беларусь увезена 14,7 млн дал піва на суму $91 млн. Для параўнання: экспарт піва ў сукупнасці з соладам склаў $70 млн. У сувязі з гэтым віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што стаіць задача ў 2014 годзе атрымаць дадатнае сальда. Імпарт піва ідзе ў асноўным з Расіі і Украіны. Паводле слоў Міхаіла Русага, такому стану спраў садзейнічалі і айчынныя піваварныя арганізацыі, што належаць транснацыянальным піваварным кампаніям, якія ва ўмовах зніжэння рынку продажаў у Расіі і Украіне не былі зацікаўлены ў вытворчасці новых марак піва на тэрыторыі Беларусі, а імпартавалі іх з-за мяжы па больш нізкіх цэнах.
Віцэ-прэм`ер далажыў таксама аб выкананні даручэння Прэзідэнта, дадзенага ў 2008 годзе, па арганізацыі вытворчасці імпартазамяшчальных гатункаў піва на беларускіх прадпрыемствах. Цяпер асартыментны пералік піваварных арганізацый налічвае 90 гатункаў піва, у тым ліку 23 імпартазамяшчальныя гатункі. У 2014 гозе будзе асвоена вытворчасць яшчэ сямі новых гатункаў піва.
Выканана таксама даручэнне па вырошчванні і пастаўках піваварнага ячменю з палепшанымі якасцямі і забеспячэнні піваварных арганізацый айчынным соладам.
Як адзначыў Міхаіл Русы, праблемы галіны бачацца "ў арганізацыі і непадрыхтаванасці менеджменту".
Прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч далажыў аб запланаваных мерах урада па выпраўленні сітуацыі ў піваварнай галіне, у прыватнасці адносна замежных кампаній, якія працуюць на беларускім рынку. Паводле яго слоў, на працягу другога квартала з вытворцамі піва будуць падпісаны дагаворы, у якіх будуць закладзены абавязацельствы як па аб`ёмах вытворчасці піва, так і па імпарце. "Калі вытворца захоча завезці якую-небудзь марку, то павінен будзе перакрыць гэта экспартам", - растлумачыў прэм`ер-міністр, дадаўшы, што пры адмове ад работы на ўмовах дагавора будзе пастаўлена пытанне аб далейшым знаходжанні кампаніі на ўнутраным рынку.
Міхаіл Мясніковіч таксама падкрэсліў, што будуць прадоўжыны праверкі суб`ектаў гаспадарання, пераважна імпарцёраў, у частцы выканання імі патрабаванняў тэхнічнага рэгламенту.
Ён адзначыў, што з 22 ліпеня ўступіць у сілу новы закон аб гандлі, які дасць магчымасць узяць пад большы кантроль работу буйных сеткавых кампаній, якія працуюць на спажывецкім рынку. Гандлёвая інспекцыя Мінгандлю ў бягучым годзе праверыць работу ўсіх буйных сеткавых кампаній.
Прэм`ер-міністр лічыць, што піўны рынак неабходна ўзяць пад поўны дзяржаўны кантроль, стварыць своеасаблівую кіруючую кампанію, холдынг або асацыяцыю, якія забяспечвалі б прадстаўленне інтарэсаў усіх вытворцаў піва, як дзяржаўных, так і прыватных, і гэта работа была ўзгодненай.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на складанае эканамічнае становішча ААТ "Крыніца" і звярнуўся з просьбай аб прадастаўленні прадпрыемству крэдыту.
"Якая ў "Крыніцы" загружанасць па магутнасцях? 55 працэнтаў. Дык якія яму грошы даваць? У яго 45 працэнтаў свабодных магутнасцей! Няхай вырабляе піва і прадае! - адзначыў Прэзідэнт. - Такія грошы ўклалі ў вытворчасць, палавіна загружана, і дайце яму грошы на тое, каб крэдыты пагасіць! Ён тады 30 працэнтаў магутнасцей зойме, а не 55 працэнтаў, і мы яго будзем на плячах везці!"
"Якая заработная плата ў дырэктара з прэміямі, надбаўкамі і іншым? Br17 млн? Значыць, павінна быць Br1,7 млн! - сказаў кіраўнік дзяржавы. - У нас віцэ-прэм`ер атрымлівае такую зарплату! А прэм`ер прыйшоў у Прэзідэнта грошы прасіць, не палічыў, колькі ў іх там лайдакі атрымліваюць! Навошта яму працаваць? Ён Br17 млн атрымлівае зарплату, якая работа? Дык гэта зарплата! А піва п`е бясплатна, есць бясплатна, на аўтамабілі бясплатна ездзіць. Што, не так? Дабаўце яшчэ Br20 млн - вось яго даход! А дзе аддача?"
"Ніякіх ільгот у гэтай сферы не будзе, ніякіх адтэрміновак, ніякіх працэнтаў! - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У іх шмат праблем, якія трэба вырашаць і якія павінны быць вырашаны, і праблемы арганізацыйныя суб`ектыўнага характару. А цяпер, калі поўнае гультайства і беспарадак, вы што, ім яшчэ хочаце льготы і грошы даць?!"
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кабякоў падтрымаў прэм`ер-міністра ў той частцы, што ключавым рашэннем на сённяшні момант з`яўляецца неабходнасць заключэння пагадненняў з замежнымі піваварнымі кампаніямі па ўмовах паводзін на беларускім рынку.
Памочнік Прэзідэнта Кірыл Руды лічыць, што галоўная прычына спаду ў піўной галіне - адсутнасць росту попыту на піва. Так, паводле яго слоў, у Беларусі ў структуры спажывання піва займае амаль 10-20 працэнтаў, пры гэтым традыцыйныя стандарты - 50 працэнтаў. У Беларусі адзін з самых нізкіх паказчыкаў спажывання піва на душу насельніцтва - 50 л у год.
"Сем гадоў таму рыдалі, што ў нас шмат п`юць моцнага алкаголю. І мы прынялі тады рашэнне: трэба ад гэтага адыходзіць. Так, у нас традыцыя такая, мы славяне. Дык давайце хаця б заменім 40-градусную півам. Прынята рашэнне, мінула сем гадоў, вы сёння канстатуеце, што там, дзе былі, там і засталіся. Спажыванне моцнага алкаголю бязмернае, піва - той жа працэнт", - заўважыў Прэзідэнт.
На думку Кірыла Рудага, дзве асноўныя прычыны, чаму не павялічваецца попыт на піва, - гэта нізкая культура піцця, малая колькасць рэстаранаў, пабаў, піўных бараў і высокі кошт прадукту. Ён звярнуў увагу на тое, што за апошнія 2,5 года акцызы на піва павысіліся ў 10 разоў.
У якасці вырашэння праблем памочнік Прэзідэнта прапанаваў развіваць дробную вытворчасць піва, адкрываючы міні-піваварні, напрыклад, у культурна-этнаграфічных цэнтрах, нацыянальных парках і запаведніках, аграсядзібах, гасцінічных комплексах, праводзіць святы піва ў рамках "Дажынак", іншых фестываляў. На яго думку, неабходна таксама прадугледзець ільготы пры рознічным продажы піва ў рэстаранах.
Памочнік Прэзідэнта таксама лічыць, што неабходна працаваць над павышэннем якасці піва, павялічваючы ў ім колькасць соладу. Гэта ў сваю чаргу дапаможа павялічыць на 20 працэнтаў загрузку ААТ "Белсолад". Гаворачы аб айчыннай сыравіне, ён адзначыў, што беларускі солад поўнасцю падыходзіць для ўнутранай вытворчасці піва.
Старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела лічыць, што неабходна устанавіць парогавую мінімальную цану ўваходу на рынак для імпартнага піва. Ён таксама дадаў, што на прадпрыемствах плануюць нарасціць магутнасці з тым, каб ісці па шляху стварэння кантрактнай ліцэнзійнай вытворчасці піва.
Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон звярнуў увагу на работу кампаніі "Хайнекен" у Беларусі. Паводле яго слоў, акрамя таго, што кампанія шмат імпартуе, яна нясе страты, якія звязаны з запазычанасцю па крэдытах і пазыках, што не пагашаецца гадамі, пры гэтым штогод на расходы беларускага прадпрыемства спісваюцца мільярдныя курсавыя розніцы ад пераацэнкі валютнай запазычанасці. Паводле слоў Аляксандра Якабсона, толькі ўмяшанне КДК прымусіла кампанію ў апошнія пяць месяцаў пачаць актыўнае пагашэнне даўгоў па валютных крэдытах. Таксама не да канца выканала кампанія абавязацельствы перад органамі мясцовай улады. "Сёння задача адна - прымусіць праз эканамічныя рычагі гэту замежную кампанію працаваць у Беларусі ў інтарэсах эканомікі дзяржавы, галіны і спажыўцоў", - сказаў старшыня Камітэта дзяржкантролю.
У якасці прапаноў па паляпшэнні сітуацыі ў піваварнай галіне ён назваў неабходнасць зацвярджэння гранічных мінімальных рознічных цэн на піва па аналогіі з гарэлкай, з тым каб не дапусціць дэмпінгу цэн з боку міжнародных карпарацый.
Акрамя таго, ён лічыць неабходным вызначаць памеры ставак акцызнага падатку на піва з улікам аптымальных яго суадносін з акцызам на алкагольныя напіткі. Мэта такога рашэння - стымуляванне вытворчасці і спажывання піва адносна моцных спіртных напіткаў.
На яго думку, трэба ўстанавіць дыферэнцыраваныя стаўкі акцызу на піва, прадаставіўшы найбольшыя прэферэнцыі піву з меншай колькасцю абсалютнага алкаголю. Такім чынам, будзе забяспечана ўстойлівае фінансавае становішча піўзаводаў, якія вырабляюць гэты асартымент піва, а таксама знізіцца спажыванне абсалютнага алкаголю ў краіне.
Аляксандр Якабсон таксама лічыць, што неабходна наладзіць арганізацыю работы дылерска-лагістычнай сістэмы па папулярызацыі айчыннага піва на ўнутраным рынку такім чынам, каб як мінімум у кожным гандлёвым аб`екце, асабліва грамадскага харчавання, у продажы пастаянна было піва ўсіх беларускіх вытворцаў. Паводле яго слоў, праверкі КДК паказваюць, што гэта, хутчэй, выключэнне з правіл.
Акрамя таго, патрэбна ўвядзенне ў вытворча-збытавы працэс маркетынгавай палітыкі, якая адпавядае строгім умовам рынку, умацаванне кадравага патэнцыялу прадпрыемстваў адукаванымі смелымі маладымі маркетолагамі, практыка падрыхтоўкі эксклюзіўных спецыялістаў за мяжой.
Старшыня КДК лічыць неабходным прапрацаваць з замежнымі кампаніямі Бельгіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі, Даніі і Фінляндыі магчымыя варыянты размяшчэння кантрактнай ліцэнзійнай вытворчасці піва на беларускіх заводах і надаць імпартазамяшчальную дынаміку ў гэтай справе.
Сярод прапаноў Аляксандр Якабсон адзначыў забарону рэалізацыі на тэрыторыі краіны піва, разлітага ў ПЭТ-бутэлькі ёмістасцю ад 1,5 л і вышэйшай, неабходнасць загрузкі экспартнымі абавязацельствамі замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, праз адпаведныя пагадненні, забеспячэння пастаяннага і строгага кантролю за абаротам імпартнага піва ў частцы выканання патрабаванняў нацыянальных тэхнічных нарматыўных прававых актаў, а таксама тэхнічных рэгламентаў МС на гэту прадукцыю, уключаючы маркіроўку, упакоўку, якасць і іншыя характарыстыкі, а таксама стварэння эканамічных умоў для развіцця ў краіне дробных вытворчасцей піва.
Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Гусакоў лічыць, што ў краіне неабходна стварыць сваю магутную піваварную кампанію, а таксама аднавіць дзяржзаказ на куплю сыравіны, у прыватнасці піваварнага ячменю. Ён таксама звярнуў увагу на зніжэнне якасці піва. "У гэтай сферы мы павінны выбудоўваць нацыянальную палітыку, у тым ліку для замежных кампаній", - адзначыў Уладзімір Гусакоў. Паводле яго слоў, сёння піўная галіна дае прыкладна 1 працэнт ВУП, але пры загрузцы ўсіх магутнасцей дасягне прыкладна 1,5 працэнта.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што піўная галіна - гэта даходы бюджэту. "Я не прыхільнік таго, каб мы з народа шкуру дралі за выпітае піва. У нас і так акцызы, цэны і іншае не нізкія. Так, недзе яны павінны рухацца ў межах пэўнага працэнта інфляцыі - гэта ўжо справа 25-я, урад павінен гэта бачыць і рэгуляваць, - сказаў Прэзідэнт. - Пытанне нумар адзін - эфектыўнасць вытворчасці!"
"У вашых руках вытворчасць, сыравіна, цэнаўтварэнне і гандаль. Да канца года ўсе пытанні зняць! Усе арганізацыйныя пытанні павінны быць вырашаны ў першым паўгоддзі, а за 2014 год, да 1 студзеня 2015 года, - усе негатыўныя пытанні, якія тут былі пастаўлены, ад канцэнтрацыі соладу ў прадукце, па хмелі і іншае", - паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама катэгарычна забараніў прадаваць імпартнае піва без пэўных дазволаў і дагавораў.
"І не дай бог, мы яшчэ раз вернемся да гэтых пытанняў і яны не будуць вырашаны!" - падкрэсліў Прэзідэнт, падводзячы вынікі размовы.
11 красавіка 2014, Мінск
БЕЛТАСсылка на источник:
А.Лукашэнка патрабуе да 1 студзеня 2015 года вырашыць усе пытанні ў піваварнай галіне