«Tak nám zabili Ferdinanda,» řekla posluhovačka panu Švejkovi, který opustiv před léty vojenskou službu, když byl definitivně prohlášen vojenskou lékařskou komisí za blba...
Так пачынаецца сусьветна вядомы раман Яраслава Гашэка «Прыгоды добрага ваякі Швэйка падчас сусьветнай вайны». Ні тады, калі пісаўся гэты раман (1921-1923), ні пазьней ніхто не сумняваўся, што зачэпкай для выбуху Першай сусьветнай вайны стала забойства насьледніка аўстрыйскага трону, эрцгерцага Франца Фэрдынанда, якое зьдзейсьніў сэрбскі студэнт з Босьніі Гаўрыла Прынцып у Сараеве 28 чэрвеня 1914 году.
Не было б гэтага забойства, дык, магчыма, і ніякай вайны не было б — і тая belle époque міру, дабрабыту і аптымізму, якая трывала ў эўрапейскай гісторыі ад француска-нямецкай вайны 1871 году, магла б працягвацца. Значыць, калі б не перакрыжаваліся жыцьцёвыя дарогі сэрбскага студэнта з аўстрыйскім эрцгерцагам у Сараеве таго чэрвеньскага дня, сьвет і яго гісторыя маглі б выглядаць альбо зусім інакш, альбо хоць крыху па-іншаму...
Хаця, хто яго ведае... Зачэпка для вайны і сапраўдная прычына вайны, як тлумачаць нам гісторыкі, гэта дзьве розныя розьніцы. Ніхто ўсур’ёз ня будзе падтрымліваць тэзіс, што Аўстра-Вугоршчына абвясьціла вайну Сэрбіі толькі за тое, што Гаўрыла Прынцып стрэльнуў у эрцгерцага Франца Фэрдынанда. Калі б ня стрэліў ён у Сараеве, магчыма, стрэліў бы нехта іншы ў некага іншага ў іншым месцы, і вайна ўсё ж пачалася б. Бо ўся палітыка малой, але пасіянарнай Сэрбіі перад 1914 годам была накіраваная на тое, каб аб’яднаць у адной дзяржаве ня толькі нядаўна анэксаваную Аўстра-Вугоршчынай Босьнію, але і Харватыю са Славеніяй, якія здаўна знаходзіліся пад аўстра-вугорскім панаваньнем. Правакацыя Аўстра-Вугоршчыны Сэрбіяй увесь час вісела ў паветры, як чэхаўская стрэльба на сьцяне, і якраз Гаўрыла Прынцып аказаўся першым, хто націснуў на курок. А ўся далейшая хада падзей была ўжо незалежнай і ад сэрбскага студэнта, і нават, па вялікім рахунку, ад сэрбскага ўраду ў Бялградзе. У палітычную гульню ўступілі сілы, альянсы і інтарэсы, дасьледаваньнем якіх і займаюцца гісторыкі, шукаючы сапраўднай прычыны таго першага сусьветнага канфлікту...
Тут само сабою напрошваецца аналёгія з падзеямі зусім ужо нашага часу — канфліктам ва Ўкраіне і яго наступствамі. Калі б на Майдане ў лютым 2014-га не апынуўся 26-гадовы Ўладзімер Парасюк з Львова, які з цэнтральнай сцэны рэзка выступіў супраць пагадненьня апазыцыі зь Віктарам Януковічам і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў сыходу Януковіча, то ці не маглі б пайсьці падзеі іншым шляхам? Ці паквапілася б Расея на анэксію Крыму? Безумоўна, ультыматум Парасюка і ўцёкі Януковіча з Украіны — не прычыны анэксіі Крыму, а ўсяго зручная зачэпка дзеля гэтага. Ды ўсё ж агульную сьвядомасьць падточвае чарвячок сумневу — а калі б не было выступу Парасюка, і Януковіч застаўся ва Ўкраіне, то ці прарвала б увесь гэты сэпаратысцкі нарыў у Крыме і Данбасе?
Пытаньне тут насамрэч не пра імавернасьць розных альтэрнатыўных шляхоў для хады гісторыі, але пра ацэнку ролі адзінкі ў гісторыі. Для сэрбаў Гаўрыла Прынцып — нацыянальны герой. Ягоная справа, так бы мовіць, перамагла і апраўдала ягоную ахвяру. Ня гледзячы на тое, што на пачатковым этапе вайны Сэрбія пацярпела паразу і яе войскі былі выціснутыя Аўстра-Вугоршчынай і Нямеччынай ня тое што з сэрбскай тэрыторыі, але і з Балканскага паўвострава, канчатковы вынік вайны аказаўся пасьпяховым для сэрбаў — пасьля вайны ўзьнікла Каралеўства сэрбаў, харватаў і славенцаў, якое потым перайменавалася ў Югаславію. Сталіцай гэтай «Вялікай Сэрбіі» быў Бялград. А Аўстра-Вугорская імпэрыя, якая абвясьціла вайну Сэрбіі 28 ліпеня 1914 году і першай пачала ваенныя дзеяньні ў гэтым першым сусьветным канфлікце, наогул перастала існаваць пасьля завяршэньня вайны.
А вось як украінскія гісторыкі ацэняць ролю Ўладзімера Парасюка ў гісторыі сваёй краіны — пытаньне пакуль што няяснае...
Пасьля замаху на эрцгерцага Франца Фэрдынанда ў Сараеве аўстрыйскія ўлады правялі падрабязнае і пасьпяховае сьледзтва, таму сёньня тая фатальная падзея даволі добра вядомая гісторыкам. Ніжэй я падаю ўсяго некалькі фактаў пра тое забойства, абапіраючыся на дэталёвае апісаньне ў знакамітай кнізе брытанскага гісторыка Крыстафэра Кларка «Люнатыкі: Як Эўропа ў 1914 уступіла ў вайну», якая выйшла ў 2012 годзе.
28 чэрвеня 1914 году была нядзеля. Франц Фэрдынанд разам з жонкай Сафіяй ранкам прыехалі ў Сараева цягніком, і з вакзалу паехалі ў цэнтар гораду ў адкрытым аўтамабілі, у калёне, якая ўключала яшчэ пяць іншых аўтамабіляў з афіцэрамі аховы і сьвітай. Кавалькада ехала па набярэжнай па-над рэчкай Мілячкай, уздоўж якой сабраўся натоўп, каб прывітаць эрцгерцага з жонкай. У гэтым натоўпе рассыпалася шасьцёрка маладзёнаў — змоўшчыкаў з сэрбскай арганізацыі «Маладая Босьнія», узброеных бомбамі і рэвальвэрамі. Кожны зь іх меў таксама атруту — цыяністы калій — якой павінен быў скарыстацца ў выпадку, калі б яго спрабавала схапіць паліцыя. Бомбы, рэвальвэры і атруту маладыя басьнійскія сэрбы атрымалі ад арганізацыі «Чорная рука», якая падпольна дзейнічала ў сэрбскай арміі і моцна, хоць і нефармальна, уплывала на грамадзкія настроі і палітыку ў Сэрбіі. Сэрбскі ўрад у Бялградзе ведаў пра існаваньне «Чорнай рукі» і ведаў нават, што арганізацыя рыхтуе замах на жыцьцё Франца Фэрдынанда, але ніякіх крокаў супраць гэтага не рабіў.
Замахоўцы ў Сараеве былі настолькі маладыя і недасьведчаныя, што ў чатырох зь іх ня вытрымалі нэрвы, і яны ня здолелі ні кінуць свае бомбы ў эрцгерцага, ні ўжыць супраць яго свае пісталеты. Бомбу кінуць удалося толькі аднаму змоўшчыку, які зваўся Нядзелька Чабрынавіч. Бомба выбухнула за аўтамабілем эрцгерцага і параніла некалькі афіцэраў з аховы ды зьлёгку драпанула шчаку герцагіні Сафіі. Гаўрыла Прынцып, які стаяў самым апошнім і пачуў здалёк выбух бомбы Чабрынавіча, вырашыў, што замах удаўся, таму і не пасьпеў выцягнуць ні сваёй бомбы, ні рэвальвэра, калі аўтамабіль з Францам Фэрдынандам даехаў да яго, а потым павярнуў ад рэчкі ў цэнтар і паехаў да ратушы. Аднак жа Гаўрыла Прынцып не разгубіўся, як ягоныя паплечнікі, якіх, уключна з Чабрынавічам — які спрабаваў атруціцца, а потым утапіцца ў рэчцы — адразу пасьля выбуху бомбы пералавіла паліцыя. Гаўрыла спакойна перайшоў на другі бок вуліцы і схаваўся ў натоўпе, які чакаў, пакуль эрцгерцаг будзе вяртацца назад.
Пасьля афіцыйнай часткі прывітальнай цырымоніі каля ратушы Франц Фэрдынанд загадаў, каб кавалькада, вяртаючыся, завітала ў шпіталь, куды адвезьлі параненых афіцэраў ягонай аховы і сьвіты. Было вырашана, што паедуць назад набярэжнай па другі бок рэчкі, але ягоны кіроўца — які ці то памыліўся, ці то быў у змове з замахоўцамі — зноў павярнуў на тую самую набярэжную, якой яны ехалі да ратушы. І якраз тады, калі кіроўцу загадалі разьвярнуць і машына збавіла хуткасьць амаль да нуля, да аўтамабіля наблізіўся Гаўрыла Прынцып і стрэліў два разы. Першая куля трапіла герцагіні ў жывот, другая — эрцгерцагу ў шыю. Крывацёку не ўдалося спыніць, і пара памерла неўзабаве пасьля таго, як яе завезьлі назад да ратушы. Разьятраны натоўп схапіў Гаўрылу Прынцыпа, як раней Нядзельку Чабрынавіча, і зьбіў яго да паўсьмерці, пакуль падасьпела паліцыя. Раней Гаўрыла спрабаваў атруціцца і раскусіў ампулу з цыяністым каліем, але і ў ягоным выпадку атрута аказалася нейкай бракоўнай, і яго толькі званітавала...
Гаўрылу Прынцыпу было тады ўсяго 19 гадоў. Ён быў хворы на сухоты (на той час гэта была невылечная хвароба) і ведаў, што памрэ маладым, таму хацеў пакінуць па сабе хоць які сьлед у жыцьці. Ён, як непаўналетні, атрымаў максымальны прысуд за замах — 20 гадоў турмы. Некаторых зь ягоных таварышаў, якія былі паўналетнімі, засудзілі на сьмерць праз павешаньне. Гаўрыла адбываў пакараньне ў турме ў Тэрэзіне (у тым самым, дзе немцы падчас Другой сусьветнай вайны зрабілі канцлягер для чэскіх габрэяў), дзе і памёр 28 красавіка 1918, калі вайна, якую запачаткавалі два ягоныя стрэлы ў Сараеве, усё яшчэ трывала і штодня забірала ў магілу сотні і тысячы жыцьцяў.
Пасьля вайны ў тым месцы набярэжнай у Сараеве, адкуль Гаўрыла Прынцып зрабіў свае гістарычныя стрэлы, сэрбскія ўлады адлілі ў бэтоне адбітак сьлядоў замахоўцы.
Ян Максімюк, 27 чэрвеня 2014
Радыё Свабода, Менск
Ссылка на источник:
Забойства ў Сараеве, або ўплыў адзінкі на гісторыю (Вялікая вайна 1914-1918)