Што мы ведаем пра Індыю? Трэба прызнаць, што для большасці беларусаў гэта краіна хоць і адносіцца да ліку экзатычных, але, тым не менш, часта блізкая па духу і цікавая сваёй багатай культурай і традыцыямі. Хтосьці прыгадае казкі з дзяцінства пра багатага раджу, бясстрашнага мангуста Рыкі-Цікі-Таві або юнага Маўглі. Іншыя захапляюцца танцамі і песнямі артыстаў Балівуда, прыгажосцю і арыгінальнасцю індыйскіх сары. Сучаснае пакаленне нярэдка выбірае ёгу, з дапамогай якой падтрымлівае сябе ў форме, а хтосьці праводзіць свой водпуск на курортах Гоа. І, вядома, практычна ўсе маюць уяўленне аб самабытнай кухні Індыі з незабыўным смакам знакамітага соусу кары.
З іншага боку, Індыя - гэта краіна, якая хутка развіваецца, самая вялікая ў Паўднёвай Азіі, сёмая па тэрыторыі і другая па колькасці насельніцтва ў свеце, тут пражывае больш за 1,2 млрд чалавек. З`яўляецца членам ААН, "Вялікай дваццаткі", СГА, БРІКС, Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўднёвай Азіі, а таксама Садружнасці нацый. Аднаго толькі гэтага пераліку дастаткова, каб уявіць маштабы і магчымасці ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва. На жаль, гэты патэнцыял пакуль не задзейнічаны нават напалавіну, і, відавочна, што разуменне неабходнасці далейшага руху наперад ёсць з абодвух бакоў. Гэта наглядна паказалі вынікі зробленага 2-4 чэрвеня першага афіцыйнага візіту ў Беларусь Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы.
Узаемныя інтарэсы і партнёрскі дыялог
Аб сур`ёзнасці намераў індыйскага боку вывесці адносіны з Беларуссю на больш высокі ўзровень стала зразумела яшчэ да афіцыйнага візіту. За некалькі дзён да гэтага прадстаўнікі вядучых беларускіх СМІ, у тым ліку карэспандэнт БЕЛТА, былі запрошаны на інтэрв`ю з Пранабам Мукерджы ў сталіцу Індыі, у якім ён падрабязна расказаў аб найбольш важных і перспектыўных напрамках у адносінах з Беларуссю. Справа ў тым, што такія мерапрыемствы заўсёды ствараюць фон і садзейнічаюць маючым адбыцца двухбаковым перагаворам, сведчаць аб адкрытасці да дыялогу. А значыць, "прахадным" гэты візіт ужо ніяк не назавеш.
Пранаб Мукерджы пацвердзіў, што Беларусь з`яўляецца важным міжнародным партнёрам Індыі. "Індыя - вялікі рынак і эканамічны гігант - хацела б бачыць хуткае і значнае ўмацаванне сувязей з Беларуссю. Беларусь з`яўляецца цэнтрам Еўразіі, гэта мост паміж Еўропай і Азіяй. І развіццё ўзаемнага супрацоўніцтва, безумоўна, пойдзе на карысць нашым народам", - заявіў у інтэрв`ю індыйскі лідар.
Найбольш важным Пранаб Мукерджы назваў пытанне ўмацавання эканамічных і гандлёвых кантактаў, узаемадзеяння ў сферы навукі і тэхналогій, адукацыі. Ён падкрэсліў, што цяперашні ўзровень узаемнага гандлю, які складае каля $400 млн, значна ніжэйшы за існуючы патэнцыял. Выпраўленню сітуацыі павінна паслужыць дарожная карта двухбаковага ўзаемадзеяння з асаблівым акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.
"У нас ёсць вялікі патэнцыял у такіх сектарах, як традыцыйная і малая энергетыка, новыя і аднаўляльныя крыніцы энергіі, металургія і горназдабыўная прамысловасць, аўтамабільная і сельскагаспадарчая тэхніка, фармацэўтыка, нафта і газ, сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць. Мы таксама можам пашырыць наша ўзаемадзеянне ў сферы паслуг: IT, ахова здароўя, фінансы, транспарт і лагістыка", - упэўнены Прэзідэнт Індыі.
Такі інтарэс да развіцця адносін з Беларуссю зразумелы. Бо Індыя сёння лічыцца самай хуткарастучай буйной эканомікай у свеце. Краіна ставіць за мэту дасягненне высокіх тэмпаў росту і ліквідацыю беднасці. "Мы лічым, што Індыя можа дэманстраваць рост каля 8,5 працэнта да 9 працэнтаў у бліжэйшыя 10-15 гадоў. А рост 8 працэнтаў дапаможа Індыі падвоіць ВУП за 9 гадоў", - адзначыў Пранаб Мукерджы.
Безумоўна, дасягненне гэтых амбіцыйных мэт немагчыма без надзейных партнёраў, і Беларусі пад сілу заняць заслужанае месца сярод іх. Тым больш што многія віды беларускіх тавараў запатрабаваны на індыйскім рынку. У іх ліку калійныя ўгнаенні, грузавыя аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка, прадукцыя нафтахіміі. З геапалітычных пераваг - членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, магчымасць доступу сумеснай прадукцыі на агульны рынак, непасрэднае суседства з яшчэ адным палітычным і эканамічным гігантам - Еўрасаюзам. І, мабыць, самае галоўнае, што ні Беларусь, ні Індыя не абумоўліваюць супрацоўніцтва нейкімі палітычнымі патрабаваннямі, а арыентаваны выключна на прагматычны падыход.
Гэты факт на перагаворах у Мінску пацвердзіў і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Мы ніколі не скрывалі гордасці за адносіны з Індыяй, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - Мы гатовы прайсці свой шлях хутка, эфектыўна, адказна, калі будзе на тое ваша воля, мы вельмі хутка можам узняць нашы і гандлёва-эканамічныя адносіны на нармальны ўзровень, які адпавядае нашым патэнцыялам".
Што датычыцца ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы, дыпламатыі, то Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і Індыі ніколі не было негатыўных адносін і праблем. Аляксандр Лукашэнка запэўніў свайго індыйскага калегу, што гэтак будзе і ў далейшым. "Спробы ізаляваць Беларусь, неяк паставіць на месца, націснуць бесперспектыўныя, пакуль мы маем адносіны з такімі гіганцкімі дзяржавамі, як ваша", - сказаў беларускі лідар.
"Напярэдадні вашага візіту ў Беларусь з аднаго і другога боку, як мяне інфармавалі, яшчэ дастаткова скептыкаў адносна паглыблення нашага супрацоўніцтва. Напэўна, будзе правільна, калі мы такіх людзей расчаруем і зробім максімум для таго, каб нашы адносіны былі маштабнымі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо не першы раз сустракаецца з Пранабам Мукерджы, яго візіты ў Індыю былі вельмі паспяховымі і заклалі аснову двухбаковых адносін. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што ў дзвюх дзяржаў выдатная гісторыя адносін з часоў Савецкага саюза.
"З Індыяй нас раздзяляюць толькі геаграфічныя адлегласці, але яны ніколі не стануць перашкодай у развіцці кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі, таму што ў нашых краін і народаў ёсць сур`ёзная гісторыя адносін", - выказаў упэўненасць беларускі лідар.
Дарожная карта і ўзаемавыгадныя дамоўленасці
Адным з галоўных практычных вынікаў беларуска-індыйскіх перагавораў у Мінску стала падпісанне дарожнай карты двухбаковага супрацоўніцтва. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей і намеснік кіраўніка МЗС Індыі Наўцеж Сінгх Сарна ў прысутнасці прэзідэнтаў абмяняліся адпаведнымі дакументамі.
Як адзначыў у размове з журналістамі кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства, першы візіт Прэзідэнта Індыі ў Беларусь - гэта толькі пачатак поўнамаштабнага супрацоўніцтва. "Яны бачаць патэнцыял Беларусі ў першую чаргу ў сферы прамысловасці, у іншых галінах, і яны зацікаўлены ў супрацоўніцтве з намі", - адзначыў Уладзімір Макей.
Што датычыцца дарожнай карты, то яна ўяўляе сабой канцэптуальны план супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Індыяй на бліжэйшую перспектыву. Разам з тым гэта не догма. Магчыма, што дарожная карта будзе пашырацца, а прэзідэнтамі пастаўлена задача падрыхтаваць канкрэтны план двухбаковага супрацоўніцтва з пазначэннем канкрэтных тэрмінаў рэалізацыі тых ці іншых праектаў, а таксама з замацаваннем адказных за гэтымі праектамі.
Бакі таксама дасягнулі дамоўленасці аб пастаўках беларускай тэхнікі, у першую чаргу сельскагаспадарчай, аб стварэнні сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці беларускай тэхнікі ў Індыі і стварэнні сумесных прадпрыемстваў у Беларусі, на што індыйскі ўрад выдзеліў каля $100 млн крэдытных рэсурсаў.
У цэлым Індыі прапанавана рэалізацыя шэрага новых сумесных узаемавыгадных праектаў з Беларуссю як у прамысловай, так і ў гуманітарнай сферах. Маючы сучасныя тэхналогіі, абсталяванне, беларускі бок гатовы ўдзельнічаць у мадэрнізацыі горназдабыўной галіны Індыі, павышэнні прадукцыйнасці яе нафтагазавага сектара.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў бліжэйшыя гады Індыя плануе значна павялічыць здабычу вугалю, што запатрабуе прыцягненне дадатковай тэхнікі для такой распрацоўкі. У Індыі працуюць ужо вялікагрузныя аўтамабілі БелАЗ і паказваюць высокія эксплуатацыйныя характарыстыкі. "Мы прапануем завяршыць да канца 2015 года стварэнне ў вашай краіне ўласнага цэнтра сэрвіснага абслугоўвання такіх складаных машын. Гэта дасць магчымасць забяспечыць паўнацэнны ланцужок своечасовага, якаснага і эфектыўнага абслугоўвання беларускай кар`ернай тэхнікі ад яе продажу да эксплуатацыі", - сказаў беларускі лідар.
Таксама бачыцца перспектыўнай арганізацыя сумесных вытворчасцей аўтобусаў, грузавых аўтамабіляў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. Гэта прадукцыя ў далейшым можа быць запатрабавана і на рынках суседніх з Індыяй краін. Пры гэтым важна наладзіць не толькі абмен тэхналогіямі, але і ўзаемна развіваць тавараправодныя сеткі для выхаду на новыя рынкі.
Не менш перспектыўным з`яўляецца і ўзаемадзеянне ў галіне трактарабудавання, паколькі беларускія трактары ведаюць у Індыі з савецкіх часоў. "Сёння, відаць, эканамічна мэтазгодна пачаць арганізацыю ў Індыі сумеснай вытворчасці тэхнікі пад брэндам "Беларус". Гэты праект адпавядае духу праграмы "Рабі ў Індыі", якая рэалізуецца вашым урадам. З улікам індыйскай праграмы "Развіццё прафесійных навыкаў" мы маглі б аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў высокай кваліфікацыі, патрэбнай для вашай эканомікі", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.
У пытанні сумеснага пашырэння беларускіх і індыйскіх тавараў важна таксама ўмацоўваць сувязі паміж банкамі і фінансавымі арганізацыямі дзвюх краін.
Не выключана і далейшае супрацоўніцтва з індыйскімі кампаніямі па рэканструкцыі і будаўніцтве аб`ектаў электраэнергетыкі, ажыццяўленне шэрага іншых інфраструктурных праектаў. Акрамя таго, беларускі бок вітае прыход індыйскіх інвестараў у сферу фармацэўтычнай вытворчасці, прымаючы пад увагу дасягненні Індыі ў фармацэўтыцы. Перспектыўнымі могуць таксама стаць сумесныя распрацоўкі ў галіне нана- і біятэхналогій, мікраэлектронікі, машынабудавання, аднаўляльных крыніц энергіі. "Такія вытворчасці мы прапануем ствараць у індустрыяльным парку "Вялікі камень". Рэзідэнты парка карыстаюцца падтрымкай урада Беларусі, беспрэцэдэнтнымі льготамі і бесперашкодным выхадам на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама Еўрапейскага саюза", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
У сваю чаргу Пранаб Мукерджы таксама выказаў упэўненасць у вялікіх перспектывах эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён паведаміў, што ўрад Індыі прыняў рашэнне прызнаць Беларусь рыначнай эканомікай. На яго думку, гэта палепшыць гандлёва-эканамічныя адносіны ў шмат разоў у бліжэйшыя гады.
"Упэўнены, што беларускія і індыйскія кампаніі знойдуць агульныя інтарэсы", - сказаў Прэзідэнт Індыі.
Умовы для бізнесу ёсць, галоўнае - праекты
Якраз устанаўленню выгадных дзелавых кантактаў быў прысвечаны праведзены ў Мінску 4 чэрвеня беларуска-індыйскі бізнес-форум. У ім прынялі ўдзел амаль 100 чалавек, у тым ліку больш за 40 прадстаўнікоў дзелавых колаў Індыі. Наведалі знакавае мерапрыемства і прэзідэнты дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў наш няпросты час вельмі многія прадпрымальнікі, бізнесмены, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў гавораць аб крэдытаванні, фінансаванні больш выгадным і льготным. Ён нагадаў, што ў час апошняга візіту ў Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна дасягнута дамоўленасць аб выдзяленні Беларусі $7 млрд крэдытных рэсурсаў дадаткова да $15 млрд, выдзеленых раней пад невялікі працэнт. Прэзідэнт Індыі на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, праведзенай 3 чэрвеня, адзначыў, што ўрад Індыі падтрымлівае індыйскія і беларускія кампаніі і будзе прадастаўляць ім ільготныя крэдыты.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што сродкі павінны накіроўвацца на эфектыўныя праекты. Таму было прынята рашэнне не падзяляць у гэтым выпадку прадпрыемствы на дзяржаўныя і прыватныя, каб усе мелі права атрымаць гэтыя крэдыты пад развіццё вытворчасці.
"Упершыню ў гісторыі ў Беларусі створаны такія ўнікальныя ўмовы для работы бізнесу. Галоўнае - гэта праекты. Шчыра кажучы, іх проста не хапае сёння. Таму што стаў больш строгім падыход да іх: проста так, без усялякіх гарантый, вырабляць і на склад складаць прадукцыю ў наш час справа дрэнная. Таму ёсць добры праект - будзем падтрымліваць, будзем фінансаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь зробіць усё для таго, каб індыйскія бізнесмены, якія прыйшлі ў краіну, ніколі не сказалі пра Беларусь дрэнна або паскардзіліся на дрэнныя ўмовы. "Умовы будуць створаны ў Беларусі для вашых кампаній як для самых лепшых сяброў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У той жа час нашы кампаніі, якія прыйдуць у Індыю, будуць працаваць у імя Індыі, індыйскага народа, яны будуць рабіць усё, каб той прадукт, які мы там будзем выпускаць разам з вамі, не меў нараканняў з боку спажыўцоў. У гэтым вы можаце быць упэўнены".
Індыя і Беларусь, паводле слоў Пранаба Мукерджы, маюць намер прыняць усе магчымыя меры для прыцягнення прамых замежных інвестыцый у абодвух напрамках шляхам падтрымкі камерцыйных, інвестыцыйных форумаў. "Мы імкнёмся палепшыць супрацоўніцтва ў фінансавым сектары і зрабіць даступным усе неабходныя інструменты для фінансавання сумесных праектаў", - сказаў Прэзідэнт Індыі. Ён дадаў, што бакі маюць намер працаваць у гэтай сферы і з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі.
Для прадстаўнікоў бізнес-колаў Індыі адбылася прэзентацыя інвестыцыйнага патэнцыялу Беларусі і інструментаў падтрымкі беларускага экспарту. Члены індыйскай дэлегацыі наведалі флагман беларускага машынабудавання - ААТ "БелАЗ", бізнесменам былі прадстаўлены магчымасці і перавагі ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень". Акрамя таго, індыйскія госці мелі магчымасць наведаць аграпрамысловую выстаўку "Белагра", дзе прадстаўлены апошнія беларускія дасягненні ў галіне сельскай гаспадаркі.
Беларускім удзельнікам прэзентавана праграма "Рабі ў Індыі". Прыклад беларускага ўдзелу ў гэтай праграме - распрацаванае ў Беларусі медыцынскае абсталяванне, вытворчасць якога пачынаецца ў Індыі. На форуме таксама былі прадстаўлены інавацыйныя беларускія распрацоўкі і інвестыцыйныя праекты ў галіне фармацэўтыкі з удзелам індыйскіх кампаній. Агульная сума інвестыцый - больш за $50 млн.
Дамоўленасці і мемарандумы, падпісаныя на бізнес-форуме, перагаворы ва ўрадзе, парламенце і на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, традыцыйна актыўнае супрацоўніцтва ў адукацыі, навуцы і культуры паслужаць трывалым фундаментам для таго, каб беларуска-індыйскія адносіны выйшлі на новы віток свайго развіцця.
Намечаныя планы даюць магчымасць гаварыць аб тым, што ўжо ў бліжэйшыя некалькі гадоў падваенне і дасягненне аб`ёму двухбаковага гандлю ў памеры $1 млрд выглядае зусім рэальна. Прынамсі, станоўчы вопыт у Беларусі і Індыі ў вырашэнні сумесных задач ёсць. Так, у час візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Індыю ў 2007 годзе размова ішла аб падваенні тавараабароту да $500 млн да 2010 года. А ўжо ў 2009-м гэты паказчык перасягнуў $600 млн, і толькі апошнія гады крыху знізіўся ў тым ліку з-за сітуацыі ў сусветнай эканоміцы.
Што датычыцца самога арыенціра ў памеры $1 млрд, то гэта даволі вялікая сума. Для параўнання: па выніках 2014 года аб`ём знешняга гандлю таварамі Беларусі з партнёрам па ЕАЭС Казахстанам склаў амаль $1,2 млрд. Калі планы стануць рэальнасцю, не толькі з Індыяй, але і іншымі партнёрамі так званай далёкай дугі, то і залежнасць Беларусі ад знешніх шокаў стане значна меншай. І выгада пры гэтым будзе ўзаемнай.
Уладзімір Мацвееў
БЕЛТА, 5 чэрвеня 2015
Ссылка на источник:
Беларусь-Індыя: курс на мільярд