Аб гэтым заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны ў інтэрв`ю праграме "Контуры" на тэлеканале АНТ.
Ён адзначыў, што краіна мае пэўныя абавязацельствы па выплаце знешніх даўгоў, якія прыпадаюць на ліпень, накоплены пэўны аб`ём рэзерваў, каб выканаць свае абавязацельствы. "Што датычыцца Беларусі - у нас бездакорная крэдытная гісторыя. Не было яшчэ ні аднаго выпадку, каб краіна не абслугоўвала свой знешні доўг і не плаціла па даўгах", - сказаў Тарас Надольны.
Першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка пракаменціраваў, што вынікам работы бесперапыннага двайнога аўкцыёну, які быў запушчаны Нацыянальным банкам у пачатку бягучага месяца, стаў пераход Беларусі і грашовых улад да механізма, блізкага да існуючага ў асноўных сусветных дзяржавах. "Па рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну працуе практычна ўвесь свет. Асноўнае адрозненне ў тым, што кліент сёння купляе валюту па розных курсах. Гэта значыць раней існаваў адзіны курс на ўсю краіну, сёння ж здзелкі куплі-продажу нават у адным банку могуць ажыццяўляцца па розных курсах, і гэта поўнасцю адпавядае міжнароднай практыцы", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў Тараса Надольнага, гэты механізм павышае і стымулюе канкурэнцыю сярод банкаў у пошуку свайго кліента і ў яго абароне, таму што нядаўна прынятае рашэнне Нацыянальнага банка Беларусі аб магчымасці адкрыцця некалькіх спецыяльных рахункаў для кліентаў дае магчымасць кліенту выбіраць той банк, у якім ён атрымлівае больш якасны сэрвіс, зручны і камфортны спрэд паміж курсам куплі і курсам продажу. Банк задавольвае попыт як юрыдычных асоб, так і насельніцтва праз абменныя пункты.
Першы намеснік старшыні Нацбанка адзначыў, што з пачатку дзеяння бесперапыннага двайнога аўкцыёну існаваў пэўны скепсіс і чаканні, што вось-вось курс пачне рухацца ў бок аслаблення. У першыя 10 дзён карзіна ўмацоўвалася адносна рубля і рубель слабеў. А ў апошнія дні ўжо намецілася тэндэнцыя на ўмацаванне. Гэта сведчыць аб тым, што курс, які ўтварыўся на валютным рынку ў рамках бесперапыннага двайнога аўкцыёну, можна назваць абсалютна збалансаваным, адэкватным і адпаведным сённяшняму стану спраў, рэзюмаваў Тарас Надольны.
Ён таксама растлумачыў сітуацыю з даволі высокімі банкаўскімі стаўкамі ў Беларусі. "Працэнтныя стаўкі адлюстроўваюць эканамічную сітуацыю, гэта значыць сёння ў краіне дастаткова дарагія дэпазітныя стаўкі для таго, каб узмацніць зберажэнні ў беларускім рублі, а высокая дэпазітная стаўка падцягвае за сабой крэдытную стаўку, таму што дэпазіты і насельніцтва, і юрыдычных асоб - гэта рэсурсы для выдачы крэдытаў", - сказаў ён. Рэгулятар вітае зніжэнне ставак на рынку для крэдытаатрымальнікаў, таму што эканоміка павінна адчуваць пэўную падтрымку з боку крэдытнага канала. Але каб знізіць стаўкі па крэдытах, Нацбанк праводзіць плаўную, паступовую работу па зніжэнні працэнтных ставак і па дэпазітах для насельніцтва. "Напрыклад, інфляцыя са студзеня па май - 6,5 працэнта. Гэта нават ніжэй, чым мы ставілі сабе задачу ў пачатку года. Такім чынам мы гаворым, што фактычная інфляцыя каля 14 працэнтаў гадавых, узровень працэнтнай стаўкі 25-26 працэнтаў па дэпазітах насельніцтва - дадатны, ён забяспечвае стымуляванне да зберажэнняў у беларускім рублі і, больш таго, нават пакрывае валютную даходнасць па валютных укладах", - дадаў першы намеснік Нацыянальнага банка.
"Стаўку рэфінансавання пакуль не плануецца зніжаць", - сказаў на заканчэнне Тарас Надольны.
22 чэрвеня 2015, Мінск
БЕЛТАСсылка на источник:
Беларусь мае бездакорную крэдытную гісторыю