8 верасня 1805 года, 210 гадоў таму, у Смілавічах нарадзіўся Янка Бараноўскі, які праз чатыры з паловай дзесяцігоддзі ў Лондане быў прызнаны найлепшым фінансістам Еўропы.
У той час больш за палову жыхароў мястэчка Смілавічы складалі яўрэі і татары, але нямала тут жыло і прадстаўнікоў беларускай шляхты. У сям’і шляхціца Юзафа Бараноўскага і нарадзіўся Янка, якому лёсам было наканавана праславіць нашу краіну. Хлопчык любіў бегаць на Волму, глядзець, як па ёй сплаўляюць лес купца Суціна. З глыбокай пашанай уваходзіў у касцёл місіянераў, што знаходзіўся побач з кляштаром. Адсюль ён не раз назіраў, як праз уязную браму на брычках і карэтах да памешчыка прыязджалі госці.
У мястэчку Янка наведваў пачатковую місіянерскую школу для шляхецкай моладзі, адкрытую настаяцелем кляштара Міхалам Гроцкім за чатыры дзесяцігоддзі да яго нараджэння. Пасля Янка паступіў і выдатна закончыў Мінскую класічную гімназію. У 16-гадовым узросце ён стаў студэнтам юрыдычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Закончыўшы яго ў 1826 годзе, атрымаў ступень кандыдата права.
Маладога беларуса чакала бліскучая кар’ера ў Польскім банку, куды ён уладкаваўся працаваць пасля вучобы. Але Янка, які хутка прасоўваўся па службовай лесвіцы, памяняў сваё сытае, бестурботнае жыццё на поўнае рызыкі і небяспекі жыццё паўстанца. Свабода радзімы для шляхціца са Смілавічаў была вышэйшая за асабісты камфорт.
У 1830 годзе ў Варшаве пачалося паўстанне за незалежнасць Рэчы Паспалітай ад Расійскай імперыі, якое у 1831 годзе перакінулася на Вялікае Княства Літоўскае (як тады называлася наша радзіма). Паўстанне бязлітасна было падаўлена царскімі войскамі. Сотні паўстанцаў ваенна-палявыя суды прыгаварылі да смерці ці да высылкі ўглыб Расійскай імперыі.
У 1831 годзе Янку Бараноўскаму разам з многімі паўстанцамі ўдалося эмігрыраваць у Францыю. Там ён уладкаваўся працаваць на прамысловае прадпрыемства. Праз 12 гадоў беларускі шляхціц перайшоў на працу ў бухгалтэрыю на чыгунцы Парыж-Руан-Гаўр. Няўрымслівы і энергічны, ён пастаянна нешта вынаходзіў. У 1849 годзе, прыняўшы ўдзел у выставе ў Парыжы, ён атрымаў медаль за машыну для кантролю праязных білетаў. А праз два гады, у 1851-м, на Сусветнай выставе ў Лондане Яну Бараноўскаму была прысуджана найвышэйшая ўзнагарода — вялікі залаты медаль за машыну для кантролю і друкавання чыгуначных білетаў.
Дзякуючы свайму бліскучаму таленту і ўпартай працы Ян Бараноўскі зрабіў некалькі вынаходстваў, якія выкарыстоўваюцца і сёння: чыгуначны семафор, машыну для друкавання і кантролю чыгуначных білетаў.
Пасля франка-прускай вайны 1871 года беларускі шляхціц прапанаваў ураду Францыі праект, які выратоўваў гэтую краіну ад фінансавага краху. Але распрацоўкі Яна Бараноўскага не былі дастойна ацэнены ўрадам Францыі. Да таго ж беларускі шляхціц меў вялікую патрэбу ў грошах. Пакрыўджаны французамі, ён прыняў прапанову з суседняй краіны і ў 1872 годзе перасяліўся ў Англію. Тут ён займаўся не толькі вынаходствамі, але шмат працаваў на літаратурнай ніве. Адна з яго літаратурных работ — англа-польскі тэхнічны слоўнік. У Англіі Бараноўскі працаваў памочнікам сакратара Польскага літаратурнага таварыства.
Гасподзь падарыў нашаму знакамітаму земляку Яну Бараноўскаму доўгае жыццё. Памёр выдатны беларускі фінансіст і вынаходнік са Смілавічаў 30 сакавіка 1888 года ў Лондане.
Ссылка на источник:
Нястомны вынаходнік Янка Бараноўскі