У гісторыі кожнай пары ці не самы цікавы момант — знаёмства. А ў выпадку Людмілы Рублеўскай і Віктара Шніпа — тым больш. Не толькі таму, што яны пісьменнікі: асаблівай робіць гісторыю іх адрознасць. У 1986-м, годзе іх сустрэчы, Людміла была ўзнёслай рамантычнай дзяўчынай з вельмі строгімі поглядамі на жыццё і высокімі ідэаламі ў галаве. Пры сабе яна мела рускамоўныя вершы і мару прысвяціць сябе паэзіі. Віктар на той час ужо меў кнігу — з вершамі беларускамоўнымі і вострасацыяльнымі («нармальны беларускі савецкі паэт», як ён кажа), а за плячыма — сем гадоў прыгодаў з падпрацоўкамі грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе і літкансультацыямі ў розных выданнях. Яна — «гарадская», з сям`і сталічных інтэлігентаў, ён — вясковы хлопец. Словам, паненка і хуліган.
«Мне яшчэ ў школе наваражылі жонку Людмілу»
— Калі б сустрэліся ў іншых абставінах, не ведаю, ці атрымалася б нешта, — прызнае Людміла Іванаўна. — Але мы апынуліся ў Літаратурным інстытуце імя Горкага ў Маскве. Дзяўчына, з якой я жыла ў пакоі, была тых жа строгіх поглядаў, што і я, і наш пакой празвалі «манастыр»: мы не хадзілі на танцы, хлопцаў не вадзілі, гаспадарка — па мінімуме. Праз нейкі час адна мая знаёмая вырашыла знайсці свайго земляка з вышэйшых літаратурных курсаў: там вучыліся члены Саюза пісьменнікаў, сталыя, нават сямейныя. Пайсці адна яна баялася, і мы разам, трымаючыся пад ручку і шарахаючыся ад брутальных пісьменнікаў, падняліся на сёмы паверх. Яе земляка не аказалася на месцы — тады я ўспомніла, што на Вышэйшых літаратурных курсах вучыцца мой зямляк, пра якога мне казалі яшчэ перад ад`ездам у Маскву...
— Гэта было 8 верасня 1986 года, — працягвае Віктар Анатолевіч. — У дзень нараджэння майго бацькі прыйшла да мяне будучая жонка... Цікава, што за восем месяцаў да таго я натрапіў на літаратурную перадачу па тэлебачанні з удзелам маладых пісьменнікаў. Сярод іх была Люда. Сімпатычная такая. Нечым запомнілася. Ну, думаю, трэба, як вярнуся з Масквы, знайсці яе, пазнаёміцца... Дый мне яшчэ ў школе наваражылі жонку па імені Людміла.
І вось мы з сябрамі сядзім на інтэрнацкай кухні ў Маскве. Варым, курым. Па калідоры ідуць нейкія дзяўчаты. Да каго? Усе прытаіліся, нават газу прыцішылі, каб сала не сквырчэла. Слухаем крокі. Спыніліся каля майго пакоя. Я не паверыў, выглянуў: праўда стаяць. Запрасіў...
Л: Ты сядзеў, чырванеў, мяўся, пасля схапіў сшытак з вершамі...
В: Выратавальны круг.
Л: Пачынаючы з другой сустрэчы ён пачаў казаць, што возьме замуж. І так паўгода. На першае спатканне павёў у Цэнтральны дом літаратара — хацеў зрабіць уражанне.
В: А як вярталіся, у ліфце я адразу націснуў на свой паверх. Думаў, чаю пап`ём, вершы пачытаем. Адкрываюцца дзверы, а яна — уцякаць!
Л: Мяне гэта абурыла: нічога не запытаўшы, вязе да сябе!.. Я больш не збіралася да яго прыходзіць, але зноў дапамог выпадак. Мы не дужа ладзілі з новай суседкай, узбечкай: розніца менталітэтаў, разыходзіліся погляды на вядзенне гаспадаркі, ёй не падабалася, што я позна вяртаюся дадому (штовечар хадзіла ў тэатры). І аднойчы яна зачынілася ў пакоі. Было вельмі позна, і я ў поўным адчаі пайшла да Віктара. Ён напаіў гарбатай, вядома, прапанаваў у яго заначаваць — але я звярнулася да знаёмай. Пасля ён мяне элементарна прыкарміў: хадзіла да яго снедаць і вячэраць, па выходных яшчэ і абедала.
«Беларускамоўны муж — мая смелая мара»
«З»: Напэўна, прысвячаў вам шмат рамантычных вершаў?..
В: Калі каханне ўзаемнае, вершы не пішуцца.
Л: Петрарка пісаў Лауры чаму?.. Таму што яна не ведала пра яго існаванне. Яна была недзе далёка, ідэальная жанчына, а ў яго былі іншыя, нарадзіў нават двух пазашлюбных дзяцей. І маці сваіх дзяцей ён ні радочка не прысвяціў. Нядаўна Віця напісаў некалькі паэм пра каханне: прыдумаў любоў да суседкі — і піша ёй вершаваныя лісты.
В: Усё гэта прыдумкі, дробязі. Вершы ад сапраўднага пачуцця часцей за ўсё пуставатыя. Я паказваў новыя творы, але толькі каб пачуць меркаванне, а скарыць — такога жадання не было. Наадварот, страшна: раптам скажа, абы-што напісаў.
«З»: А калі казаць пра сёння — наколькі пераплеценыя для вас лініі «сям`я» і «творчасць»?
В: Люда можа распавесці ў агульным пра твор, які піша, але паказвае толькі некалькі ўжо завершаных раздзелаў.
Л: Раней, перш чым запісаць новы раздзел рамана, распавядала пра яго дзецям. Так было з «Золатам забытых магіл», «Скокамі смерці», «Пярсцёнкам апошняга імператара», здаецца, і «Сэрцам мармуровага анёла», — пакуль дзеці былі малыя і цярпліва слухалі. Але пераканалася: што б мне ні гаварылі ў такіх выпадках, усё роўна зраблю па-свойму.
«З»: А ці можна сказаць, што вы адно для аднаго не толькі першыя чытачы, але і крытыкі?
(у адзін голас) Так.
В: Гаворыцца ўсё як ёсць. Люда заўжды заўважае, дзе падобныя вершы на адну тэму, дзе паўтараецца вобраз ці збіваецца рытм.
«З»: Вядомыя такія выпадкі, калі адзін у пары ахвяруе сваёю творчасцю на карысць сям`і ці па патрабаванні сужэнца.
Л: Не тыя мы людзі, каб паступацца творчасцю. Мне адпачатку патрэбны быў чалавек, які прыме мяне такую, якая ёсць, з усім, што маю. Але калі першы раз дала Віцю пачытаць вершы, яму не спадабалася. Так і сказаў: «Харошая ты дзяўчына, але вершаў пісаць не ўмееш». Я раззлавалася і вырашыла давесці зваротнае. Але нашы адносіны развіваліся паралельна. Як не было думкі, што дзеля Віці я мушу пакінуць творчасць, так не было і думкі, што калі чалавеку не спадабаліся мае вершы, я не магу падтрымліваць з ім стасункі. Да ўсяго, у знаёмстве з Віктарам быў для мяне вялікі бонус: з ім я магла размаўляць па-беларуску. То была мая смелая мара — беларускамоўны муж.
В: Калі прыгадаць, твае першыя кнігі склалі вершы, напісаныя пасля нашага знаёмства. А ранейшыя, рускамоўныя, проста зніклі.
«З»: Атрымліваецца, калі б не Віктар Шніп, не было б і сучаснай Людмілы Рублеўскай. А як наконт «зваротнай сувязі», вашага ўплыву на мужа?
Л: Хто яго пачаў вадзіць па тэатрах? Адкуль узяўся ўвесь інтэлектуальны чыннік у яго творчасці? Дарэчы, Віктар таксама пачаў пісаць якасна новыя вершы.
«З»: Калі з`явіліся дзеці, пэўна, стала вельмі мала часу для творчасці?
Л: Чаму ж? Я сядзела дома з Веранікай — і пісала.
В: Іншыя заўсёды знаходзяць апраўданне сваёй ляноце.
«З»: Вашая дачка — мастачка і музыка. Сын Максім навучаецца ў Акадэміі мастацтваў. Як лічыце, гэта іх самастойны выбар ці ўсё ж такі ваш уплыў?
Л: З трох гадоў мы вадзілі іх у выяўленчую студыю ў Нацыянальны мастацкі музей, пасля аддалі вучыцца ў гімназію-каледж мастацтваў. Да ўсяго дзеці бачылі, як я сама малюю. І потым, малых іх заўсёды бралі з сабой: у Дом творчасці, на святы паэзіі... Аднойчы Вераніка нават паехала са мной на канферэнцыю ў Польшчу. Так што, пэўна, і тое, і другое. Але кожны павінен прайсці свой шлях памылак, мы дзяцей ні да чаго не змушаем.
«З»: На прэзентацыі трэцяй часткі «Авантураў Пранціша Вырвіча» вы сказалі, што падзел працы падчас напісання быў такі: вы пішаце, Віктар Анатолевіч носіць гарбату...
В: Цяпер яшчэ і сабаку кармлю.
«З»: Калі сур`ёзна: існуе нейкі падзел абавязкаў па бытавой частцы?
В: Я збольшага вару ўсім есці. Хаджу па крамах. Быў час, дранікі раніцай пёк.
Л: Калі трэба нешта адрамантаваць, гэта ўжо мая справа. Праводку ў пакой я выводзіла, люстры я вешала, разеткі мяняла. Калі была маленькай, чытала «ТВТ» Янкі Маўра, дзе даводзіцца, што дзяўчынкі могуць што заўгодна.
«З»: Цікава паглядзець на мужчынскіх і жаночых персанажаў у вашай творчасці. Улюбёны архетып Людмілы Рублеўскай — высокі, хударлявы, чарнявы і змрочны алхімік — мала падобны да Віктара Шніпа. У той жа час Віктар Шніп піша паэмы пра каханне, звяртаючыся да прыдуманай жанчыны. Не ўзнікае на гэтай глебе рэўнасць?
Л: Не, што ты, наадварот! Мы ж разумеем прыроду пачуццяў да лірычных герояў. Напрыклад, калі я пішу раман ці аповесць, абавязкова закаханая ў героя. Як іначай?..
В: Гэта ж мастацкі твор. Калі пісаць пра сапраўднае жыццё, давядзецца трымацца нейкіх рамак, а ў выдумцы ты абсалютна вольны, пішы як пішацца.
«Галоўнае не ставіць матэрыяльныя рэчы вышэй за нематэрыяльныя»
«З»: Быў час, вы працавалі разам у газеце «Літаратура і мастацтва»...
Л: А цяпер я працую ў «Советской Белоруссии» і не магу напісаць пра Віктара: адразу скажуць, жонка піша пра мужа. Атрымліваецца, шавец без ботаў.
«З»: А калі наадварот? Як выдаваць кнігі Людмілы Рублеўскай у «Мастацкай літаратуры», дзе Віктар Анатолевіч — галоўны рэдактар?..
В: Каб мне было сорамна перад супрацоўнікамі, што мы выдалі кніжку маёй жонкі, на яе грошы патрацілі, — такога няма. Наадварот, у адзін год выдалі некалькі кніжак — і ўсе разышліся. Гучна гэта прагучыць ці не, на сёння Людміла Рублеўская — адзін з самых вядомых і самых чытаных пісьменнікаў Беларусі. А што яна мая жонка, — што ж тут зробіш?.. Калі мы працавалі ў «Ліме», з 1994-га і гадоў дзесяць, нашы кнігі ўвогуле не выдавалі.
Л: Пры гэтым набор маёй кнігі рабіўся двойчы, і двойчы яго рассыпалі. Гэта зборнік-прывід, які шмат разоў быў у плане, на які дзяржава выдзеляла грошы, які быў ужо аформлены і зроблены — і дзе ён цяпер, так ніхто і не ведае. У тых варунках мы выдавалі кнігі за свой кошт, часам эканомілі і пад адной вокладкай змяшчалі творы дваіх. У такой сітуацыі многія кідаюць пісаць, а пасля кажуць, былі неспрыяльныя ўмовы. Мы па сваім досведзе можам сказаць, што гэта не спрацоўвае, гэта слабая пазіцыя. Трэба пісаць заўсёды, нават калі цябе не друкуюць і няма ніякіх на тое шанцаў.
В: Таксама быў час, калі чамусьці лічылі: друкуем аднаго, значыць, другога нельга. Дурасціка!.. Што нам цяпер, развесціся?.. Ці наадварот: калі друкуемся ў часопісе, публікацыі нашы абавязкова запіхвалі ў адзін нумар.
«З»: Можна было б падумаць пра сумесны праект.
В: Была задума напісаць твор удваіх. Але што гэта?.. Так, жарты. Рамесніцтва.
Л: Разумееш, мы для такіх рэчаў занадта сур`ёзныя як творцы. Калі нешта ствараеш, укладваешся да рэшты — і трошкі больш, твая асоба займае ўсю прастору твора. А абмяжоўваць сябе — была б самадзейнасць.
«З»: Акрамя літаратурнага жыцця, якое вас паяднала, ці маеце агульнае хобі, захапленне?
Л: Вандравалі па Беларусі, апошнія гады Віктар далучыўся да мяне і ў замежных падарожжах. Тут мы абсалютныя аднадумцы: нам трэба ўсё ўбачыць, усё паглядзець — музеі, храмы, могілкі... Шопінг нас не цікавіць, як і пасядзелкі ў рэстарацыях. Былі разам на Нарачы, у Паланзе, аб`ездзілі ўсю Еўропу, і заўсёды стараемся пабачыць тое, чаго іншыя не бачаць: у Мюнхене збеглі ў пінакатэку, у Амстэрдаме адзіныя з групы пайшлі ў музей Ван Гога, у Бардо не паехалі ў вінадзельню, а блукалі па сярэднявечных кварталах, у Фларэнцыі ўсе пабеглі па крамах — а мы хадзілі па горадзе, і я рыдала — сіндром Стэндаля... У Амстэрдаме, у квартале Чырвоных ліхтароў, адзначалі мае 50 гадоў, прычым Шніп увесь час трымаў мяне за руку, і я вадзіла яго за сабой.
«З»: Што да сямейных традыцый?..
Л: Сустракаем Новы год на Кастрычніцкай плошчы. Пасля ідзём да ратушы, пасядзець каля бронзавых коней — каб добра падарожнічалася. І абавязкова выглядаю Міхала Валадковіча, прывіда мінскай ратушы.
«З»: Маючы амаль трыццацігадовы досвед сямейнага жыцця, ці можаце сказаць, як у ім дасягнуць гармоніі, асабліва людзям творчым, якія ў пэўнай меры вымушаныя быць эгаістамі?
В: Не быць эгаістамі.
Л: У нашым выпадку, напэўна, галоўнае не ставіць матэрыяльныя рэчы вышэй за нематэрыяльныя. Мне здаецца, што большасць праблем сем`яў праз тое і ўзнікае, што чагосьці няма: машыны, ці машына не той маркі, ці кватэра не такая, рамонт не той, трэба нешта купіць, памяняць — і так, у пацучыных гонках, праходзіць усё жыццё. Мы з гэтай гонкі выйшлі даўно. Уласна кажучы, і не ўваходзілі ў яе.
В: Што пасля пісьменніка застанецца? Голыя сцены. І шыльда на голай сцяне — «тут жыў». Трэба радавацца таму, што ёсць, і быць шчаслівым, наколькі можна... Альбо прыкінуцца, што шчаслівы.
Наста ГРЫШЧУК
Ссылка на источник:
«Беларускамоўны муж — мая смелая мара»