Яна з дзяцінства любіла казкі. Але, мабыць, нават марачы пра акцёрскую прафесію, не ўяўляла, што стане самай сапраўднай Феяй Сноў. Менавіта яе выбралі ў свой час дзеці ў якасці вядучай для папулярнай праграмы «Калыханка», якая штовечар ідзе ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3». На экране мы заўсёды бачым усмешлівую, мудрую чараўніцу. Але чым жыве фея па-за межамі здымачнай пляцоўкі? Пры сустрэчы актрыса Алена Бікранёва расказала пра свае прыярытэты ў жыцці, сямейныя традыцыі і чароўнае месца, дзе кожны можа вярнуцца ў дзяцінства...
— Як вы адчуваеце сябе ў ролі Феі Сноў?
— Ролю вядучай на «Калыханцы» я выконваю ўжо дзесяць гадоў. І калі раней фея была ў казачных сукенках, з чароўнай палачкай, то ў новым сезоне мая гераіня выглядае больш сучаснай. Нават на вуліцы мяне цяпер часцей пазнаюць. Могуць падысці і павітацца. А раней часта не маглі зразумець, як гэта фея купляе ў краме смятану альбо цукеркі. Здараліся розныя казусы. Чула, як дзіця пытала ў маці: «Няўжо феечка таксама салодкае любіць?» На што я адказвала, быццам купляю ўсё для мядзведзіка Топы і лісічкі Яны.
— Ведаю, што вы трапілі на праграму пасля перамогі ў кастынгу...
— Мяне запрасілі на пробы. Пра адбор я нават не ведала. Але калі мне патэлефанавалі, то аказалася, што мяне парэкамендавала мая выкладчыца з універсітэта.
І я вельмі ўдзячная ёй, бо на той час мы ўжо даўно скончылі вучобу і было прыемна разумець, што пра мяне не забылі. Я тады рыхтавалася да вяселля, таму ўсе падзеі, якія адбываліся ў жыцці паралельна, успрымала спакойна. У тым ліку і не хвалявалася, ці выберуць мяне. Але ж аказалася, што пераможцу сярод усіх прэтэндэнтак на ролю вядучай вызначалі не дарослыя, а самі дзеткі. І за мяне аддала свае галасы большасць.
— І ў дзень вяселля вам паведамілі гэтую прыемную навіну... Праца на «Калыханцы» змяніла вас, ваша ўспрыманне жыцця ў нечым?
— Ведаеце, мне пашчасціла, бо мая выкладчыца, парэкамендаваўшы мяне, сказала: «Ёсць дзяўчына, якая падыходзіць для ролі». А калі я прыйшла працаваць на «Калыханку», то мяне часта запытвалі: ну як, цяжка? Трэба ж адпавядаць, трымаць сябе ў рамках? Мне ж гэтага не патрабавалася, бо я без шкодных звычак, займаюся спортам, і таму не трэба было ламаць і перастройваць сябе, свае звычкі, паводзіны за кадрам дзеля ролі. Я заўсёды любіла дзяцей, яшчэ з часоў, калі вяла дыскатэкі, дні нараджэння. І магчымасць працаваць для іх стала для мяне тым самым чараўніцтвам, якое мне падараваў лёс.
— У чым для вас праяўляецца чараўніцтва ў паўсядзённым жыцці?
— Для любой маці самае чароўнае — гэта нараджэнне дзетак. У мяне ёсць дзве дачкі — васьмігадовая Дзіяна і пяцігадовая Ганна.
Таксама чараўніцтва тоіцца ў дабрыні і любові, якой мы дзелімся з іншымі людзьмі. Напрыклад, дапамагчы камусьці грашыма добра, аднак праявіць у адносінах да іншага цеплыню, душэўнасць нашмат важней. Проста сказаўшы чалавеку прыемнае слова, мы памнажаем чараўніцтва ў гэтым свеце. Сёння не хапае такой адкрытасці і еднасці.
Мне пашчасціла, бо я маю цудоўную сям`ю, сяброў, вырасла і была выхавана ў іншы час. Таму і сёння той жа інтэрнэт не замяняе для мяне жывых зносін. Сумесны паход у кіно, на прагулку і многія іншыя рэчы здольны падмацоўваць нашы адносіны з людзьмі. Важна памятаць пра гэта ў наш век наяўнасці гаджэтаў, калі, бывае, напісаць прасцей, чым патэлефанаваць...
— Ці знаходзіць водгук у вашым стылі выхавання дзяцей тое, як паводзілі бацькі сябе ў дачыненні да вас?
— Адбітак заўсёды прысутнічае, бо карані ўсяго ідуць з сям`і. І калі сустракаюцца мужчына і жанчына з жаданнем стварыць сваю сям`ю, то іх уяўленні пра яе аб`ядноўваюцца ў адно цэлае. І толькі потым ужо нешта трансфармуецца. Хачу адзначыць, што вельмі многае тут залежыць менавіта ад жанчыны, якая стварае сямейны ачаг. Я, дзякаваць Богу, вырасла ў поўнай сям`і. Так, у параўнанні з цяперашнімі магчымасцямі і вандраваць, і набываць штосьці тады было складаней. Але ў маёй памяці захавалася столькі светлых успамінаў з дзяцінства, якія я імкнуся ўвасабляць у жыццё сваёй сям`і!.. Гэта і выезды ў лес, і начлегі ў палатках, і захаванне розных традыцый, якія я пераняла ад сваіх родных. Напрыклад, я вучуся многім рэчам у маёй бабулі Нілы, гэта маміна маці. Яна ў нас чалавек-батарэйка. Адпрацаваўшы шмат гадоў у сталеліцейным цэху, страціўшы мужа, нам бабуля паказвае прыклад жанчыны, якая любіць жыццё. Ходзіць на танцы, хораша прыбіраецца, заўсёды ўсміхаецца і пра ўзрост нават гаварыць не хоча. Ведаеце, я хачу сабе такой будучыні — каб сустрэць старасць у коле дзяцей, унукаў, праўнукаў.
— Якія традыцыі ёсць у вашай сям`і?
— Я вельмі люблю, калі мы ўсе збіраемся разам. Напрыклад, святкуючы дзень народзінаў, сустракаюцца і прабабулі, і праўнукі... Тады пануе сапраўдная атмасфера шчасця, свята. Вельмі чакаем зараз Вялікдзень.
І мае дзяўчаты ведаюць, што найлепшыя пірагі яны хутка пакаштуюць у гасцях у бабулі і дзядулі. Гатуюць іх мае мама з татам у тандэме — яна змешвае інгрэдыенты, а ён вымешвае цеста, потым упрыгожваюць разам і выпякаюць. І, паспытаўшы такіх прысмакаў, ты адчуваеш, што рабілася гэта ўсё з душой. Таксама на свята асвячаем яйкі, кулічы, цукеркі. І вось такога кшталту звычаі, якія я пераняла з дзяцінства, вельмі цэняцца ў маёй сям`і.
— А ў побыце вы часцей адчуваеце сябе феяй ці стомленай пчолкай?
— Мая дачка часам з гонарам кажа, што яе маці — фея. Але ў штодзённых клопатах я адчуваю сябе па-рознаму. Як і многія звычайныя жанчыны, я паспяваю і працаваць, і знаходзіць час на дзяцей, мужа. І часам адчуваю сябе вельмі стомленай пчолкай. Аднак, калі муж ладзіць для мяне нейкія святы, сюрпрызы, то тады я самая сапраўдная прынцэса.
— Што, на ваш погляд, самае важнае для жанчыны?
— Для мяне, перш за ўсё, важна заставацца самой сабой. Прыкладна на аднолькавых пазіцыях у маім жыцці знаходзяцца жаданні займацца справай па душы і быць добрай маці, гаспадыняй.
Скіроўваць усю сваю энергію і сілы толькі ў адно рэчышча для мяне недастаткова, хоць ведаю прыклады жанчын, якія шчаслівыя толькі ад таго, што займаюцца домам. Так, я не зарабляю шмат грошай і асноўныя клопаты па фінансавым забеспячэнні ляжаць на плячах майго мужа. Але Дзіма заўсёды казаў мне, каб я займалася тым, што робіць мяне шчаслівай, прыносіць задавальненне, бо тады любоў і цеплыня ў нашым доме будуць павялічвацца.
— З нараджэннем дачок вы сталі іншай?
— Я і сёння памятаю тыя моманты, як плакала ад шчасця, калі нарадзіліся мае дзеці. Для мяне было проста неверагодным усведамленне таго, што ў табе жыве і потым з`яўляецца на свет новае жыццё. І ты ўжо становішся больш асцярожнай. Часцей задумваешся, ці варта недзе рызыкаваць, бо трэба берагчы сябе дзеля іншых блізкіх табе людзей. Я стала лепш разумець сваю маму, якая часта паўтарала: не забудзь шапку, прыхапі з сабой бутэрброд. Стала больш удзячнай бацькам за іх любоў і клопат.
— Такія моманты, як прагляд з дзецьмі тэлеперадач, чытанне ім казак перад сном, спяванне калыханак наколькі важныя для кожнага з нас?
— Я сваім дзяўчатам чытаю розныя казкі, бывае. што мы разам нават прыдумляем свае гісторыі. Малодшая дачка любіць у такіх выпадках пытацца: «Мама, а што мы будзем сніць?» І тады ўжо пачынаю прыдумляць казкі пра аднарогаў, фей, матылькоў.
Паверце, калі вы разам з дзіцем складаеце сваю гісторыю, то ўзнагародай будуць іх шчасце і захапленне! Таму чытаць, спяваць сынам і дочкам проста неабходна.
Мне ў дзяцінстве бацькі таксама шмат казак апавядалі. І цяпер, калі мы збіраемся да бабы з дзедам з начлегам, то дочкі могуць патэлефанаваць ім і сказаць: «Мы сёння прыедзем, а ты, дзядуля, раскажаш нам пра дэльфінаў?» Вельмі ім падабаюцца розныя аповеды пра жывёл. Тады мой бацька заходзіць у інтэрнэт, шукае цікавыя факты і потым унучкам расказвае цікавую гісторыю.
— А вы самі часта адчуваеце сябе дзіцем?
— Дзякуючы маім бацьку і маці, маё жыццё доўгі час было расфарбавана ў ружовыя тоны. Я верыла ў Дзеда Мароза, у чараўніцтва... Можа, нехта і паспрачаецца са мной, аднак тое, што мяне аберагалі ад рознага негатыву ў дзяцінстве, дазволіла мне без страху ўвайсці ў дарослае жыццё. Але кожны раз, прыязджаючы ў бацькоўскі дом, я магу адчуць сябе дзіцем. Там зноў пражываеш імгненні цеплыні, клопату, якія табе дораць блізкія людзі. Усім жа нам часам хочацца апынуцца хоць на пяць хвілінак у тым часе, дзе ўсё было так бесклапотна і лёгка. Бо дзеці часам не разумеюць, як маме складана бывае, а мужчынам увогуле многія рэчы трэба тлумачыць, а не чакаць, пакуль муж сам здагадаецца... А бацькі заўсёды ведаюць, што табе патрэбна. З імі адчуваеш сябе абароненым ад розных жыццёвых нягод, іх безумоўная любоў сагравае. Тады проста хочацца пабыць у гэтым моманце, атрымаць ад яго асалоду. Таму беражыце сваіх бацькоў. Пакуль яны з вамі, вы можаце вярнуцца ў дзяцінства ў любым узросце.
zviazda.by
Ссылка на источник:
Алена Бікранёва: «Чараўніцтва тоіцца ў дабрыні і любові»