Вось каму лёгка ўвесь час быць у трэндзе! Не паспее капрызная мода прыдумаць нешта новае, як мадэльер гэтую думку ўжо ўвасобіў у жыццё. І — крочыць сабе «паперадзе планеты ўсёй». Сёння, напрыклад, модна насіць падоўжаныя камізэлькі з палітовай тканіны або паліто без рукавоў. Каця НОВІКАВА ўжо даўно сабе такія ўборы пашыла. Яшчэ і іншых абноўкамі парадавала. Пасля ўдзелу ў конкурсе маладых дызайнераў Беларускага тыдня моды яна стала ў родных Горках дастаткова вядомым майстрам.
Тым, кім яна з`яўляецца, Кацярына абавязана свайму захапленню маляваць. Любіла займацца гэтай справай з дзяцінства, таму і прафесію выбірала з такім ухілам. Цяпер яна — студэнтка Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, дзе вучыцца на інжынера-канструктара. Хацела паступіць сюды адразу ж пасля школы, але пабаялася, што для спецыяльнасці «Дызайнер інтэр`ера», аб якой марыла на той час, не хопіць балаў. Пайшла вучыцца ў каледж на мадэльера.
— Гэта быў той выпадак, калі прафесія выбрала мяне сама, — усміхаецца дзяўчына. — На швейную машынку ў мяне была «алергія». Маці шыла ўсё жыццё і я, наглядзеўшыся на яе, спадзявалася, што ніколі гэтага рабіць не буду. Але вось паступіла і пасля першай практыкі ўжо іншымі вачыма глядзела на прафесію. Спачатку шмат чаго не атрымлівалася, былі сапраўдныя істэрыкі. Потым уцягнулася і... спадабалася.
Для мадэльера мець сваю калекцыю прэстыжна, але заўсёды рызыкоўна.
Калі цябе не заўважылі эксперты, сродкі патрачаны дарэмна. Таму калі падчас вучобы выпадае шанц паўдзельнічаць у конкурсе, лічы, пашчасціла, бо ўсе выдаткі нясе адукацыйная ўстанова. Курсавая праца Кацярыны была ацэнена вельмі высока, заставалася ўвасобіць у жыццё тое, што існавала на паперы. Прычым за абмежаваны час. А гэта было не так проста. Дзесьці нават сяброўкі па каледжы дапамагалі. Але цяжка апісаць тую гаму пачуццяў, якія дзяўчына перажыла, калі эскізы атрымалі натуральныя формы: ура, я змагла! Праўда, калекцыю прыйшлося пакінуць у альма-матар.
Як нараджаліся ідэі? Кацярына сціпла паціскае плячыма: гэта ж творчасць — усё адбываецца непрадказальна. Смяецца, што яе льняная калекцыя была «навеяна» хаджэннем па віцебскіх крамах. «Убачыла тканіну — і вобразы пачалі ўзнікаць у галаве, — успамінае яна. — Спачатку адну мадэль уявіла, потым другую. Калі тканіна прыгожая, ідэі прыходзяць самі па сабе».
Лён выбрала таму, што лічыць яго найбольш практычнай тканінай. Яна і сама не ўяўляе сябе без ільнянога адзення летам. Натуральнае, зручнае, на целе яго амаль зусім не адчуваеш — другая скура, іншымі словамі. Адзін недахоп — камечыцца. Дарэчы, на калекцыю пайшоў лён... для бялізны, бо яго расфарбоўкі аказаліся больш яркімі і прыгожымі, чым для сукенак і кашуль. Адзенне рабіла ў беларускім стылі, амаль што народным. Вельмі ўдала ў яго ўпісаліся аўтарскія знаходкі.
— Маю калекцыю можна пазнаць па маленькіх патах, якія зашпільваюцца на гузікі. Я яшчэ цалкам не выпрацавала свой стыль, але па гэтых дробязях мае мадэлі ўжо пазнаюць, — усміхаецца дзяўчына.
Кацярына любіць назіраць за працай сваіх калег, але нейкага куміра ў свеце моды ў яе няма.
«Ва ўсіх калекцыях ёсць рэчы, якія мне падабаюцца, і тыя, якія я дакладна б не рабіла, — тлумачыць яна. — Напрыклад, мадэлі брытанскага мадэльера Віўен Вэствуд цікавыя, але іх не паносіш — яны крыху вар`яцкія. Такое можна рабіць, калі ты ўжо чагосьці дасягнуў і ёсць патрэба паэксперыментаваць для душы. Падабаецца калекцыя беларускага мадэльера Вольгі Кардаш з бусламі. Рэчы простыя, і прынт з птушкамі вельмі цікавы. Вабяць вока сукенкі Таццяны Аржанавай з Віцебска. У яе нават ёсць свая школа, дзе яна вучыць канструяванню. У Расіі ёсць таленавіты дызайнер Вікторыя Эфрымідзі. Ніхто з гэтых аўтараў Амерыку не адкрыў, але ў кожнага ёсць свае незвычайныя дэталі. Глядзіш на іх творчасць — і нешта сваё нараджаецца».
Сама Кацярына — прыхільніца мінімалізму. Той досвед, які яна атрымала на конкурсе, даў магчымасць паглядзець на некаторыя рэчы іншымі вачыма. «Калі я ўбачыла работы сапернікаў, зразумела, што мне шмат чаго яшчэ не хапае і трэба вучыцца і вучыцца, — прызнаецца яна. — Дагэтуль знаходжуся пад уражаннем ад сукенак адной дзяўчыны, якая выразала з тканіны нешта накшталт карунак, а затым наклала іх на адзенне. Калекцыя атрымалася вельмі арыгінальная. Я такога дакладна не магу пакуль зрабіць».
— Вось куды не пайшла б апранацца, дык гэта на рынак, — усміхаецца Каця. — Наогул з маёй прафесіяй цяжка нешта выбраць, таму што мадэль спачатку можа спадабацца, але, калі бярэш яе ў рукі, бачыш усе заганы. Таму я практычна нічога сабе не купляю. Толькі шыю. Выключэнне — джынсы. Трэба мець спецыяльнае абсталяванне і ведаць тэхналогію, каб пашыць іх па фігуры. А вось што датычыцца заводскага адзення, то тут не ўсё так сумна. Выбіралі неяк мужчынскі касцюм у мінскім універмагу і знайшлі вельмі сімпатычны ад «Камінтэрна»: і цана, і якасць падышлі. У адзення ад магілёўскай «Вяснянкі» якасць высокая, але добрыя мадэлі не даходзяць да прылаўка. Іх проста не пускаюць у масавую вытворчасць. Кажу пра гэта, таму што была там на практыцы і на свае вочы бачыла. Чаму так адбываецца, не ведаю. Магчыма таму, што масавы пашыў немэтазгодны, бо гэта дорага і патрабуецца больш часу на іх выраб.
zigulya@zviazda.by
Ссылка на источник:
Мадэльер-пачатковец — пра асаблівасці прафесіі