Калектыў «Дубравіца» з вёскі Рычоў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці ўвесну 2013 года ўжо быў героем адной з праграм праекта «Наперад у мінулае» тэлеканала «Беларусь 3». Тады вынікам паездкі сталі запісы многіх мясцовых аўтэнтычных песень і наноў ператвораная «Вішанька-чарэшанька», выкананая гуртом разам з Галінай Шышковай. Але вяртацца туды, дзе спадабалася, дзе яшчэ чакаюць багатыя скарбы фальклору, ніколі не шкодзіць. Тым больш улетку, калі ў лясах мноства грыбоў і ягад, а ў Рычове ведаюць шмат адметных песень, якія дапамагаюць іх збіраць.
Таму наша карэспандэнтка разам з камандай праграмы «Наперад у мінулае» зноў накіравалася на Палессе. Тут нас чакае новая сустрэча з «Дубравіцай», знаёмства з выдатнай гаспадыняй Ганнай Бурак і пачастунак у выглядзе свежага каравая. Са старажытнай палескай тэхналогіяй выпечкі здобнага хлеба гледачы тэлеканала «Беларусь 3» змогуць пазнаёміцца 31 ліпеня, а чытачы «Звязды» — ужо сёння.
Лірыка ў лесе
Рычоў — вялікая палеская вёска з доўгімі вуліцамі, рэчкай непадалёк. Тут згадваюцца мележаўскія Курані, тут жывуць людзі з асаблівым светаглядам. Вось і ўдзельнікі «Дубравіцы», здаецца, ніколі не сумуюць, увесь час жартуюць паміж сабой, па-добраму адзначаючы адметныя рысы асобы фактычна кожнага. Яны і сёння па-заліхвацку танчаць, спяваюць вясёлыя прыпеўкі, некаторыя з якіх — уласнага аўтарства.
Гісторыя народнага фальклорнага ансамбля «Дубравіца» Рычоўскага цэнтра традыцыйнай культуры налічвае ўжо больш за шэсць з паловай дзесяцігоддзяў. Гурт быў утвораны ў 1950 годзе настаўнікам мясцовай школы Васілём Лукашэвічам, а такую назву атрымаў, бо вёска Рычоў размяшчаецца каля дубровы, што ўздоўж берага ракі Сцвіга.
Сёння «Дубравіцай» кіруе Ганна Бурак, гурт прымае актыўны ўдзел у мясцовых і рэспубліканскіх святах, фестывалях. Яго рэпертуар адметны. Ва ўнікальнай палескай манеры ў выкананні калектыву можна пачуць як традыцыйныя песні, што спяваюцца на святы каляндарнага цыкла (калядныя, веснавыя), так і сямейна-абрадавыя. Асабліва багата жанчыны і мужчыны з калектыву ведаюць песень вясельных. З радасцю заспявае «Дубравіца» і пазаабрадавыя песні — пра няшчаснае каханне ці, наадварот, пра ганарлівых аптымістычных дзяўчат, здольных перажыць любое расстанне. Напрыклад, песня «Гурочкі»:
Посею гурочкі блізка над водою
Сама буду паліваці дробнаю
слезою.
Ой, растуць гурочкі —
шырокі лісточкі.
Не бачыла міленькага
чатыры годочкі.
Гэтая песня распавядае гісторыю няшчаснага кахання дзяўчыны. Яна спачатку пабаялася прывітацца з каханым пры бацьках, бо не «пасмела сказаць здраствуй», каб маці і бацька не насварыліся. Ды і каханы аказаўся падманшчыкам. Спачатку сказаў, што будзе любіць, а «цяпер смяецца» і «не гляне».
А вось крыху іншая гісторыя з сумнай назвай «Ой, жалю, мой жалю...» Песня расказвае пра каханне дзяўчыны і казака. Дзяўчына была згодная ахвяраваць для яго сваёй маладосцю, але:
Любіў козак дзеўку,
цяпер покідае.
Добра, што песня мае досыць аптымістычнае завяршэнне і дае надзею на новае каханне:
Нехай покідае, я плакаць
не буду,
Я дзеўка молода, без пары
не буду.
У рэпертуары «Дубравіцы» — цэлы пласт адметных лесавых песень. Іх жанчыны выконвалі (і сёння спяваюць) падчас збору грыбоў, ягад у лесе. Адны з іх — сумныя і тужлівыя, гавораць пра няшчасную долю жонкі ў чужой старонцы, далёка ад роднага дома і бацькоўскай сям`і:
Ой, выйду я на вуліцу погуляць,
На вуліцы ўсёй трава-мурова.
Дзе ні гляну — то чужа
сторона...
Іншыя ж, наадварот, рытмічныя: такім завадным рытмам яны мусяць спрыяць плённай працы і дапамагаць хутчэй напаўняць кошыкі. Нават сюжэты «лясныя» маюць:
Ды по грыбы ходзіла
У зеленому гаю заблудзіла.
Да й прыбіла к зеленому дубу
Ой, я тута начаваці буду.
Але не хвалюйцеся, гісторыя мае добры фінал. Дзяўчына сустракае хлопца, які і выведзе яе з лесу.
Запрашаем на каравай
Кіраўніка калектыва «Дубравіца» Ганну Бурак у вёсцы ведаюць не толькі як выдатную спявачку і танцорку, але і як добрую гаспадыню, таленавітую кухарку. Яе святочныя караваі вядомыя ва ўсёй ваколіцы.
— Дочкі традыцыйна вучацца гатаваць з маці. Вось і мяне мама навучыла пячы караваі́ (у Рычове вымаўляюць гэта слова з націскам на апошні склад. — Аўт.). Праўда, яна рабіла іх крыху іншымі, без упрыгажэнняў, гэтаму я ўжо сама навучылася. Заўважала, якія кветачкі, закручаныя коскі на крамных булачках, а дома старалася паўтарыць. Паступова стала выдатна атрымлівацца, — кажа Ганна Мікалаеўна.
Такія караваі ў Рычове штодзень не пяклі. Гэтая справа патрабуе шмат часу і грашовых выдаткаў.
— Будны дзень — будная ежа, таму прыгожыя караваі пяклі на святы — Вялікдзень, Тройцу, іх таксама гатавалі на вяселлі, — тлумачыць гаспадыня. На яе памяці — шмат вясковых свят, сама Ганна Бурак жартуе, што са сваімі караваямі палову вёскі ажаніла і замуж выдала, многія з тагачасных жаніхоў і нявест ужо і ўнукаў маюць. Сёння ж маладыя не надта хочуць прытрымлівацца колішніх абрадаў, таму і пірагамі не надта цікавяцца.
Гаспадыня падзялілася рэцэптам сваёй фірменнай стравы. Каб спячы такі прыгожы і смачны каравай, які атрымаўся ў Ганны Мікалаеўны, спатрэбіцца: 1 літр малака, 4 яйкі, 100 грамаў свежых дражджэй, 8 лыжак цукру, 12 лыжак алею і трохлітровы слоік мукі. Цеста замешваецца да таго часу, пакуль яно не будзе адставаць ад рукі.
— Звычайна пірог пячэцца суткі. З раніцы цеста рашчыняюць, а на наступную раніцу пякуць. Гэта ж здобны хлеб — ён робіцца хутчэй, за некалькі гадзін. Рошчына падыходзіць прыкладна за 2 гадзіны, потым цеста выкладваецца ў форму і ставіцца ў разагрэтую печ, — дадае Ганна Бурак.
Раней цеста рашчынялі ў спецыяльнай драўлянай дзяжы, а пяклі ў печы на лапаце, на капусным лісце — каб хлеб быў чысты. Сёння ж у гаспадыні ёсць спецыяльная форма для пірагоў, ды і ўпрыгожанні яна робіць адметныя. З трох доўгіх кавалкаў цеста сплятае касу — атрымліваецца каласок, а каб атрымалася кветачка, трэба цеста парэзаць... нажніцамі.
Прадоўжыць справу продкаў
Калі трапляеш на гэтую сядзібу, здаецца, існуеш адразу ў некалькіх часавых вымярэннях. Сёння і ўчора, сучасная тэхніка і традыцыйныя рамёствы арганічна ўжываюцца побач на невялічкай тэрыторыі, а ўсе ўпрыгажэнні, нягледзячы на тое, што нядаўна зробленыя, выглядаюць старажытнымі. Мясцовы жыхар Юрый Рыдзецкі не забываецца на запаветы продкаў. У Рычове жылі яго бацькі, дзяды і прадзеды, таму мужчына сёння не проста ўладкоўвае бацькоўскую сядзібу. Сам навучыўся плесці з лазы, выразае з дрэва.
— Памятаю, што наша сядзіба і колісь выглядала неяк падобна, вакол хаты стаялі плятні з лазы. Таму і я працягваю справу бацькі і дзеда. Вырашыў аднавіць сядзібу, зрабіць усё з дрэва, — адзначае Юрый Афанасьевіч.
Гаспадар прызнаўся, што з жалезам працаваць не хоча, больш падабаецца рабіць упрыгажэнні з дрэва, як у старажытнасці. У яго прадзеда тут быў свой млын, а дзед і бацька захапляліся пчалярствам. Таму і Юрый Рыдзецкі — вядомы ў наваколлі пчаляр. Цікава, што ёсць на яго пчальніку як сучасныя рамачныя вуллі, так і борці, вырабленыя па традыцыйнай тэхналогіі са ствалоў дрэва. І гэта не аграсядзіба для турыстаў, не сховішча дзіваў, а звычайны дом для сям`і, утульны і цёплы. Сюды з задавальненнем прыязджаюць дзеці гаспадара, якія жыуць далёка ад дома. Сын уладкаваўся ў Полацку, а дачка — у расійскай Калузе.
— Мой бацька ўвесь час нешта рабіў па гаспадарцы. Не мог проста так сядзець. Вось і я не магу без працы, — кажа Юрый Рыдзецкі.
Здаецца, што менавіта ў гэтых словах хаваецца спрадвечная мудрасць палешука ці, шырэй, усіх беларусаў. Клопат пра ўласны дом і сям`ю мусіць стаць галоўнай справай у жыцці гаспадара і гаспадыні. І хай у гэтым клопаце будзе больш спрадвечных рыс, запаветаў нашых продкаў.
Марына ВЕСЯЛУХА
vesіaluha@zvіazda.by
Ссылка на источник:
Якія песні спяваць, збіраючы грыбы і ягады?