У Мiнску прайшоў перадпрэм`ерны паказ кароткаметражкi "Душы мёртвыя".
У пятніцу, 8 ліпеня, у кінатэатры Silver Screen ТРЦ "Арэна-Сiцi" прайшоў перадпрэм`ерны закрыты паказ мастацкай сацыяльнай кароткаметражкi "Душы мёртвыя" рэжысёра Віктара Красоўскага.
"Калі ласка, адключыце свае мабiльныя тэлефоны роўна на 28 хвілін", - вымавіў прыемны жаночы голас перад пачаткам незвычайнага кінасеанса.
Адключыць іх сапраўды было варта, бо "Душы мёртвыя" - гэта якраз той выпадак, калі, адцягнуўшыся на секунду, ты можаш перастаць сачыць за хадой аповеду. Менш чым за паўгадзіны на экране з`яўляюцца некалькі дзясяткаў персанажаў, кожны з якіх нясе ў сабе сэнсавую нагрузку.
Дарэчы, з першай i да апошняй секунды ўсе персанажы фільма з`яўляюцца ў рамках аднаго кадра. Такое аператарскае рашэнне не толькі стала адметнай рысай фільма, але і надало карціне некалькі важных функцый. У першую чаргу, стварыла гледачу эфект прысутнасці, а сюжэту, акрамя арыгінальнасці, безумоўна, дадало цэласнасці.
За 28 хвiлiн глядач знаёміцца адразу з некалькімі гісторыямі супрацоўнікаў аднаго з сучасных беларускiх лагістычных цэнтраў. Некаторыя з іх маюць групу інваліднасці. Галоўнай жа сюжэтнай лініяй з`яўляецца маральны выбар, які паўстае перад найбольш неадназначным персанажам кароткаметражкі - паспяховым уласнікам гэтага прадпрыемства.
На праведзенай адразу пасля заканчэння дэманстрацыі кароткаметражкi прэс-канферэнцыі стваральнікі кiнастужкі на чале з рэжысёрам Віктарам Красоўскім распавялі пра ідэю яе стварэння і асаблівасцi здымак.
Па іх словах, унікальнасць кiнастужкі ў выкарыстанні падчас здымкаў усяго двух дубляў. Праўда, такога поспеху творчая група дамаглася толькі дзякуючы незлічонай колькасці трэніровак з выкарыстаннем секундамера.
Віктар Красоўскі таксама падкрэсліў, што "Душы мёртвыя" складаюцца нібыта з двух пластоў. Знешні прысвечаны тэме працаўладкавання людзей з асаблівасцямі развіцця, унутраны ўтрымлівае ў сабе больш глыбінныя маральныя і філасофскія праблемы грамадства.
Аднак, нягледзячы на агучаную ў фiльме тэму, глядзiцца ён даволi лёгка. Стваральнікі патлумачылі гэта тым, што для таго, каб не перакрываць акрэсленую тонкімі рыскамі рэжысёра філасофію, ім давялося пазбавіцца ад жаху і безвыходнасці, якiя ўласцівы падобным кінастужкам, і паказаць усё ў адрэтушаваным выглядзе.
Акрамя гэтага, стваральнiкi кароткаметражкі адзначылi, што робяць вялікую стаўку на фестываль "Лістапад", а таксама паспрабуюць шырока прадэманстраваць стужку на рускамоўнай прасторы.
Ігар Каралёў
Ссылка на источник:
Жыццё беларускага прадпрыемства адным кадрам