У сярэднім слове загалоўка можна проста пераставіць месцамі літаркі — і атрымаецца тое самае, толькі ўжо не так прэтэнцыёзна. А нам якраз прэтэнцыёзнасць тут патрэбна. Бо падарожжа не абы-куды.
У нашай кухні на сцяне вісіць талерка з выявай палаца Сапегаў. Той найбольш знакамітай іх рэзідэнцыі, што ў Ружанах. Пабудаванай замест папярэдняй, што ад Гучы. Талерка сабе вісіць, а нам клопат: выбіраючыся ў доўгачаканае і з навуковай педантычнасцю распланаванае падарожжа-экспедыцыю ў наднёманскія вёскі Паніжаны, Горны, Глядавічы — на пошукі слядоў вядзьмарак і лекарак, якія жылі там паўтара стагоддзя таму, і загадкавых раслінак пад экзатычнымі назвамі зязюльчыны ручкі, казіныя бароды і шчасце, — мы чэрцім свой маршрут праз Ружаны, дзе ўжо былі і ўсё бачылі. І нават, між іншым, у тамтэйшыя сутарэнні спрабавалі спускацца.
Хто б мог падумаць, што вяртацца на месцы ранейшых вандровак нас можа прымусіць насценная талерка — звычайная парцэлянка з архітэктурнай выявай. Але так ёсць: гэта яна, купленая некалькі гадоў таму і перавешаная ў кухню пасля рамонту, сагітавала нас на новы візіт у Ружаны, зноў да Сапегаў. Ну, і да Гучы ўжо заадно.
Быў, значыць, такі архітэктар. Зваўся Санці, а Гучы — прозвішча, з дадаткам Ф`ярэнціна. Палац у Ружанах, створаны талентам Гучы, ніяк не магчыма нам сёння ўбачыць (бо разбурылі яго, а пазней на свой манер пераўзвялі розныя пепельманы ды нейманы, ды іншыя саксонскія муляры, якіх у ВКЛ панапрывозіў Аўгуст ІІ), але ўявіць — вельмі лёгка. У любым выпадку палац па праекце Санці Гучы Ф`ярэнціна выглядаў на свой час як архітэктурная звышнавіна і знаходка: не «замкнёным» (то бок, у літаральным сэнсе замкам, са схаваным ад вачэй дваром), а ўрачыста разгорнутым, «замкам навыварат», з шырока прасцёртымі «крыламі» і парадным уездам навідавоку.
Велічны і па сёння, і ў напаўразбураным стане пампезны, цэнтр як былой, так і сённяшняй архітэктурнай кампазіцыі называецца ўражліва проста. На дзіва проста. Як бакоўка ў сялянскай хаце — сенцы. Але ў гэтыя сенцы ўваходзілі спрэс магнаты. Бо гаспадарамі сенцаў былі Сапегі. Аблокі над гэтым мястэчкам плылі тады іншыя — бо выліліся з тых часоў мільярды снапоў дажджоў, халодных і цёплых, занудлівых, спорых і абнадзейвальных. Але сонца ў сапегаўскія вокны зазірала тое самае, якое свеціць нам цяпер па дарозе, прымушаючы апускаць сонцаахоўныя брылі нашага «шатла».
Пасля Льва тут панавала шмат іншых Сапегаў. І калі б носьбіты гэтага прозвішча былі трошкі менш заліхвацкія ды амбіцыйныя, трошкі больш сціплыя і памяркоўныя, калі б не дражнілі крыўдлівую шляхту, калі б не ваявала яна з імі, калі б не разбурыла той палац па праекце Гучы... Але ў гісторыі заўсёды адбываецца тое, што адбываецца. У канцы XVІ стагоддзя шляхта разбурыла збудаванне Гучы, ваюючы з Сапегамі. Замак-палац пасля зноў будаваўся. Ужо ў навейшым стылі ракако. Тое, што мы бачым цяпер, — вынік працы Яна Самуэля Бекера, прыдворнага архітэктара новых, наступных Сапегаў — ужо з XVІІІ стагоддзя. Калі не лічыць узноўленых брамы і флігеля — напаўразбураны вынік. Бекер збудаваў тут і тэатр на сем куліс і дваццаць дзевяць ложаў (у два ярусы, па чатырнаццаць у кожным і з каралеўскай ложай у верхнім ярусе, пасярэдзіне), і канцылярыю наноў, і кардэгардыю, але шмат што з запланаванага не збудаваў. Бо Рэч Паспалітую падзялілі, бо адзін Сапега-гаспадар памёр, а другі — наступны, — не маючы такой хваткі, узяў ды аддаў палац суконшчыкам у арэнду.
Не верыцца, але вось тут, у гэтай велічнай разрусе, яшчэ ў 1944-м працавала ткацкая фабрыка. Немцы, адступаючы, яе спалілі. І толькі ў 1965-м тут спыніўся выраб кафлі. Самай звычайнай, без выявы герба «Ліс».
Але сапегаўскую кафлю тут можна бачыць: яна, малайчынка, схавалася і чакала раскопак. І так сябе захавала, што здолела стаць экспанатам музея, размешчанага ў флігелі каля брамы. Тут жа, у флігелі, можна бачыць і посуд, якім у гэтым «доме» карысталіся (бачыць яго — усё роўна што быць сведкай візіту сюды ў 1644-м Уладзіслава ІV з Цэцыліяй-Рэнатай Аўстрыйскай. Бо як прымалі іх, караля з каралеваю і дваром, «што прыбылі ў Ражану з Жыровіц», дык, кажуць, ажно дзевяць дзён, не перастаючы, частавалі), і сапегаўскі гузік (належаў Аляксандру Сапегу, які памёр у 1793-м, і значыць, гузіку, трэба лічыць, не менш як дзвесце з «гакам»!), і... падлогу старой канцылярыі! Прама пад шклом, пад падлогай навейшага ўзроўню.
* * *
У вандроўку нас можа паклікаць што заўгодна: стомленасць ад штодзённай працы і прага новых уражанняў, жаданне весці «падарожны» блог і абавязак бацькоў паказваць дзецям гістарычна-культурную спадчыну, унутраны патрыятызм і паказная цікаўнасць... А бывае, што ў вандроўку кліча набытая раней памятка, звычайны папулярны сувенір. Пераглядзіце, спадарства, свае магніцікі. Можа, там, дзе вы ўжо былі, вас яшчэ нешта чакае?
Буркатанне сварлівай цётачкі
Рэчы абсалютна не складаныя не толькі на першы, але і на другі, трэці, пяты, сто пяты пагляд; дзеянні, якія не патрабуюць не тое што асаблівых, а нават самых звычайных намаганняў; ідэі настолькі відавочна прыцягальныя, што дзіву трэба давацца, чаму дагэтуль не рэалізаваныя, — усё гэта, як будзённая практыка пераконвае, ёсць нешта немагчымае-неверагоднае. Непад`ёмнае, неабдымнае. Фантастычнае. Як на Марс паляцець. Хіба складана, ведаючы, што маці Марка Шагала трымала бакалейную лаўку, арганізаваць такую лаўку пры яго віцебскім доме-музеі і пасадзіць гандляваць у ёй жывую Фейгэ-Ітэ? (Апрануць у Фейгэ-Ітэ гандлярку сувенірамі і квіткамі? Або выдаваць за яе — гаспадыню! — экскурсаводку?) Кошт пытання — адрэз на сукенку. Вынік — айчынны турызм на ўзровень вышэй існуючага. Хіба доўга выкінуць з Нясвіжскай ратушы макет пісарчука і пасадзіць пісарчука сапраўднага, апранутага ў той жа строй? Тут кошт пытання — зарплата. Але хіба шкада яе выплачваць за сумленную працу?..
А пры ружанскіх развалінах я даўно б пачала прадаваць сапяжанку.
Рамантыкам
Што ў ружанскім палацы найбольш нас уразіла? Ну, акрамя самога палаца, бо ён жа па-за канкурэнцыяй. Памятаючы пра насценную талерку, я сказала б, што сувенірная лаўка. Але... У адным з залаў музея размешчаны вялізны макет: якім палац быў і меўся быць далей, калі б усё інакш склалася. Гэтае пап`е-машэ накладаецца ва ўяўленні на каменны цуд за вокнамі музея — і ты лёгка-лёгка прымаеш усё як ёсць: вось ён, у зале музея, палац адноўлены, а там, за вокнамі, жывая даўніна. «Два ў адным», так бы мовіць. І табе не хочацца нічога ўзнаўляць і некага падбухторваць на гэтую, далібог, спрэчную справу. Ты проста ганарышся тым, што і ў цябе, тваёй краіны ёсць свой... ну, амаль што калізей.
Падарожнічала Святлана ДЗЯНІСАВА
Ссылка на источник:
Вандроўка ад Гучы