У Лёзненскім раёне — аграгарадку Адаменкі — добраўпарадкавалі лес, дзе гуляў Марк Шагал у дзяцінстве. Па беразе рэчкі Машна цяпер з задавальненнем шпацыруюць бацькі з дзецьмі, пенсіянеры. Дарэчы, мясцовыя жыхары актыўна дапамагалі наводзіць парадак. Таму зону адпачынку ў прамым і пераносным сэнсе і можна назваць «народнай».
Дзіўная аўра
Старшыня Лёзненскага сельвыканкама Святлана ПУКАВА кажа, што галоўным ініцыятарам навядзення чысціні стаў мясцовы жыхар. Віктар Грыбаў узначальвае Лёзненскае ўнітарнае прадпрыемства ЖКГ. Родам адсюль. Вярнуўся на малую радзіму з Мінска. Там працаваў на адказнай пасадзе ў арганізацыі, якая займаецца добраўпарадкаваннем. За некалькі гадоў, якія жыве на Лёзненшчыне, камунальнікі пад яго кіраўніцтвам многа добрага зрабілі. Пасёлак і наваколлі значна папрыгажэлі.
У Адаменках ён жыве ў доме, які знаходзіцца на тэрыторыі былой панскай сядзібы. Дарэчы, у мясцовага памешчыка быў сад, а яблыкі ён адпраўляў у Санкт-Пецярбург. У садзе працавалі аж сем садоўнікаў.
— На плытах сплаўляў садавіну да чыгункі. А яшчэ млын на беразе ракі стаяў. Камерцыйнай дзейнасцю займаўся чалавек з размахам, — удакладняе Віктар Грыбаў.
Калі я спытаў, чаму ён вырашыў пасяліцца ў глыбінцы, Грыбаў нагадаў словы Прэзідэнта, які неаднойчы заклікаў суграмадзян вяртацца ў родныя месцы, працаваць на зямлі, зарабляць на продажы сельскагаспадарчай прадукцыі, займацца прыватнай справай.
Дом Грыбава ўражвае сваёй прыгажосцю. Навокал — дзівосны пейзаж. Прыгожая рэчка, на якой жывуць вадаплаўныя птушкі, лес, гарызонты... А пару гадоў таму тут было, мякка кажучы, не зусім. Смецце валялася ўсюды. Яго вывозілі некалькі грузавікоў, калі наводзілі парадак.
Дарэчы, юны Шагал быў частым госцем у панскім доме. Нават сталаваўся тут. (Пра гэта ўспаміналі тыя, хто быў з ім знаёмы асабіста.)
Недалёка ад гэтага цудоўнага месца зрабілі спартыўную пляцоўку, папярэдне прыбраўшы звалку.
— Рэзалі трубы і варылі канструкцыі работнікі ЖКГ. Усталёўвалі — ратавальнікі з РАНС. Землякі, у якіх ёсць дзеці, у вольны час прыходзілі збіраць камяні і прыбіраць, — расказвае старшыня сельвыканкама.
Тут быў Шагал
У Лёзне мясцовая ўлада ўвогуле многае робіць па «шагалаўскай» тэматыцы.
— Тое, што Шагал адлюстраваў на сваіх палотнах Лёзна і наваколлі, перш за ўсё Завольшу, тое, што з яго карцін на нас глядзяць асобы лёзненцаў, а ў нашай зямлі ляжаць яго блізкія, назаўсёды зрабіла Лёзна шагалаўскім, — падкрэсліваюць у Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі.
Майстар, калі стаў вядомы, з цеплынёй успамінаў мястэчка. Нямала твораў ён прысвяціў Лёзну.
«Як я любіў прыязджаць у Лёзна... Гарадок — як на малюнку. Усё на сваіх месцах: домікі, рэчка, мост, дарога... І высокая белая царква на галоўнай плошчы...» — напісаў Марк Шагал у кнізе «Маё жыццё».
Нядаўна на месцы царквы ўсталявалі цікавы памятны знак. У 2013 годзе на цэнтральнай вуліцы Леніна, каля музея, адбылося адкрыццё помніка-бюста знакамітага мастака. На адкрыцці прысутнічаў пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал. Гэта адно з самых прыгожых месцаў у райцэнтры.
У самім музеі сярод экспанатаў ёсць і шагалаўскія. Рэпрадукцыі, фотаздымкі. Ёсць і спісы тутэйшых з прозвішчам Шагал — яго блізкіх і дальніх сваякоў.
Тут перыядычна бываюць іншаземцы. Часцей за ўсё, тыя, хто цікавяцца творчасцю Шагала, абавязкова пасля Віцебска наведваюць Лёзна. Прыезджыя адзначаюць утульнасць і прыгажосць населенага пункта.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Ссылка на источник:
У Лёзненскім раёне добраўпарадкавалі лес, дзе гуляў Шагал у дзяцінстве