Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — гэта цэлая сетка дыпламатычных сувязяў, сумесныя мерапрыемствы і праекты. Што чакае ўдзельнікаў V Форуму рэгіёнаў?
Сярод асноўных афіцыйных мерапрыемстваў чакаецца правядзенне пленарнага пасяджэння з удзелам прэзідэнтаў абедзвюх краін і сустрэча старшынь верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі з кіраўнікамі рэгіёнаў і прадстаўнікамі бізнес-супольнасці. Таксама пройдзе пятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Акрамя гэтага, у рамках работы секцый будуць разгледжаны актуальныя пытанні ўзаемадзеяння дзвюх краін. Адной з тэм стане ўніфікацыя і гарманізацыя заканадаўства. Над гэтым ужо не першы год працуюць як беларускія, так і расійскія дэпутаты, аднак шэраг пытанняў усё яшчэ патрабуе ўвагі. Гэта тэма з`яўляецца прыярытэтнай у рабоце на найбліжэйшыя два гады.
Нагадаем, што раней па ініцыятыве дэпутатаў Парламенцкага сходу Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы арганізаваў пяць навукова-даследчых работ. У ходзе іх праводзіўся параўнальна-прававы аналіз па такіх кірунках, як правасуб`ектнасць Саюзнай дзяржавы, парадак прыняцця і прымянення актаў, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў частцы забеспячэння роўных умоў суб`ектам гаспадарання, абарона правоў спажыўцоў і канкурэнцыі, а таксама аграпрамысловы комплекс.
Дарэчы, асобнае пасяджэнне на Форуме рэгіёнаў будзе датычыцца менавіта аграрнай палітыкі. Плануецца, што яно пройдзе на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Не сакрэт, што ў галіне малочнай вытворчасці ў абедзвюх краін ёсць пэўныя пытанні адна да адной.
Таксама ўдзельнікі форуму абмяркуюць сацыяльную актыўнасць моладзі, міжнародную дзейнасць і эканамічную бяспеку. Важнай тэмай стане і лічбавая эканоміка, якой абедзве краіны ўдзяляюць вялікую ўвагу.
Дарэчы, тавараабарот Беларусі і Расіі ў студзені — маі склаў $14,48 млрд, павялічыўшыся да адпаведнага перыяду 2017-га на 17,7 %. Расія працягвае заставацца асноўным гандлёвым партнёрам: на яе долю прыходзіцца амаль 40 % экспарту.
У Міністэрстве замежных спраў пракаментавалі, якія вынікі партнёрства на сёння ўжо можна падвесці. Актуальнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва пацвярджаецца ўзрослай у апошнія гады інтэнсіўнасцю ўзаемадзеяння суб`ектаў Расійскай Федэрацыі з Беларуссю. Летась айчынныя арганізацыі прынялі ўдзел у 240 кірмашах у расійскіх гарадах па продажы беларускай прадукцыі, а таксама 300 выстаўках, форумах, прэзентацыях у расійскіх рэгіёнах.
У 2017 годзе арганізавана 90 візітаў беларускіх дэлегацый у расійскія рэгіёны, Беларусь наведалі 85 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў.
У тым ліку 11 на чале з губернатарамі — гэта прадстаўнікі Калінінградскай, Калужскай, Кастрамской, Курскай, Ніжагародскай, Растоўскай, Пензенскай, Свярдлоўскай, Сахалінскай абласцей, Стаўрапольскага краю і Чачэнскай Рэспублікі. Аб увазе, якая ўдзяляецца супрацоўніцтву з рэгіёнамі Расіі, сведчыць той факт, што праграма кожнага візіту кіраўніка расійскага рэгіёна ў Беларусь прадугледжвае яго сустрэчу з Прэзідэнтам і прэм`ер-міністрам нашай краіны.
Сістэма сувязяў, якая склалася на рэгіянальным узроўні, з`яўляецца дзейсным механізмам рашэння шырокага спектру практычных задач у самых розных сферах. Прыярытэтным кірункам узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні застаецца эканамічнае супрацоўніцтва.
З асобнымі рэгіёнамі Расіі, такімі як Масква і Санкт-Пецярбург, Цюменская, Смаленская, Маскоўская вобласці, Рэспубліка Татарстан, наш тавараабарот значна перавышае аб`ёмы гандлю Рэспублікі Беларусь з многімі краінамі свету. Рэгіёнамі назапашаны значны вопыт прамысловай кааперацыі, створаны трывалыя тэхналагічныя ланцужкі ў машынабудаванні, нафтахіміі, фармацэўтыцы, іншых галінах.
Больш за 8 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў з`яўляюцца цеснымі партнёрамі, ажыццяўляючы ўзаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых. У Беларусі каля 2,2 тыс. арганізацый з расійскім капіталам, у тым ліку больш за 1,3 тыс. сумесных прадпрыемстваў, што складае амаль 40 % ад агульнай колькасці арганізацый з замежным капіталам у Беларусі.
На тэрыторыі 23 рэгіёнаў Расіі зарэгістравана больш за 40 сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі. Створана каля 170 беларускіх суб`ектаў тавараправоднай сеткі. Напрыклад, толькі на тэрыторыі Смаленскай вобласці ажыццяўляюць сваю дзейнасць больш за 80 прадпрыемстваў з беларускім капіталам. Пашырэнне партнёрскіх сувязяў на ўзроўні рэгіёнаў дазволіць вырашыць такія важныя задачы, як імпартазамяшчэнне, стымуляванне экспартаарыентаваных вытворчасцяў, пераадоленне тэхналагічнага разрыву з Захадам.
Сур`ёзнай дапамогай выбудоўвання інфраструктуры двухбаковага супрацоўніцтва служыць салідная дагаворна-прававая база міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Яе складаюць каля 70 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве на ўзроўні ўрада Рэспублікі Беларусь і адміністрацый рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама каля 300 пагадненняў паміж рэгіёнамі Беларусі і суб`ектамі Расійскай Федэрацыі і муніцыпальнымі ўтварэннямі.
У 2017-м падпісаны пагадненні паміж урадам Беларусі і ўрадамі Чачэнскай і Чувашскай рэспублік, Рэспублікі Мардовія, Стаўрапольскага краю, Кастрамской, Пскоўскай і Разанскай абласцей аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве, а таксама больш за 100 міжрэгіянальных дакументаў аб супрацоўніцтве з 48 суб`ектамі Расійскай Федэрацыі. Адны з задач, якія трэба будзе вырашыць на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, — правядзенне інвентарызацыі наяўных двухбаковых дакументаў, кваліфікаваная дапрацоўка і гарманізацыя адпаведных баз даных.
Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі адмысловымі пляцоўкамі для абмену вопытам і перадавымі тэхналогіямі, добрымі прыкладамі сістэмнай работы па развіцці міжрэгіянальных кантактаў. Высокі статус форумаў пацвярджаецца традыцыйным удзелам у іх кіраўнікоў нашых дзяржаў.
Адзін з новых фарматаў развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, які паспяхова апрабаваны летась, — арганізацыя прэзентацый абласцей Беларусі, а таксама сталіцы на пляцоўцы дзелавога і культурнага цэнтра нашага пасольства ў Маскве.
Наяўныя магчымасці дазваляюць правесці там мультымедыйную прэзентацыю рэгіёна з акцэнтам на інвестыцыйны і экспартны патэнцыял, арганізаваць канцэртную праграму, дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, іншыя мерапрыемствы. Такія прэзентацыі арыентаваны на дыпламатычны корпус у Маскве, прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў, дзелавыя колы.
Аўтар: Надзея Анісовіч
Звязда, 3 жніўня 2018
Ссылка на источник:
Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — гэта цэлая сетка дыпламатычных сувязяў