Першыя выхадныя верасня ўжо дваццаць пяты год запар праходзяць у нашай краіне пад знакам беларускага пісьменства. Свята прадстаўляе квінтэсэнцыю знакавых падзей і дасягненняў, усяго таго, што адбылося за цэлы год у літаратуры, кнігадрукаванні, гістарычнай навуцы і асветніцкай дзейнасці, музейнай справе, у нацыянальнай культуры наогул.
Па вялікім рахунку, Дзень беларускага пісьменства даўно перасягнуў межы рэспубліканскага свята і стаў адным з важных пунктаў міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, але пры гэтым адначасова захаваў у добрым сэнсе местачковасць, увагу да малой радзімы.
Так, штогод гарады — сталіцы свята атрымліваюць у падарунак новыя ці адноўленыя на самым сучасным узроўні кнігарні, адрамантаваныя школы і бальніцы, вуліцы і паркі, аб`екты сацыяльнай і культурнай сферы. Мясцовыя жыхары маюць магчымасць сустрэцца як са знакамітымі землякамі, так і з высокімі афіцыйнымі асобамі, перадавымі навукоўцамі, дзеячамі літаратуры і мастацтва, абмеркаваць надзённыя праблемы і будучыя перспектывы... Напярэдадні юбілейнага Дня пісьменства «Звязда» прыгадала, якія яшчэ матэрыяльныя і духоўныя сляды пакінула свята ва ўсіх рэгіёнах.
Першае свята пісьменства і друку ў 1994 годзе прайшло адначасова ў Полацку, дзе адбылося ўрачыстае шэсце, Мінску, дзе былі зладжаны кніжныя выставы, і Астраўцы, дзе адкрылі помнік першаму рускаму консулу ў Японіі, беларусу Іосіфу Гашкевічу. Падчас Дня пісьменства ў 2003 годзе ў Полацку «прапісалася» літара «ў», і адмысловы помнік — дагэтуль улюбёнае месца сустрэч і сэлфі гараджан і турыстаў. А летась, у 2017-м, быў адкрыты памятны знак «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці», аўтар якога скульптар Уладзімір Піпін расказаў «Звяздзе» сутнасць ідэі: «На сімвалічных шчытах — вобразы шасці асоб — пантэон тых людзей, з якіх пачалася наша незалежная дзяржава».
1995. Тураў атрымаў копію старажытнага Тураўскага Евангелля і адметны фальклорны фэст «Тураўская багатуха». А вось фестываль беларускай прэсы з удзелам 37 выданняў, прайшоў... у Мінску. У 2004-м свята вярнулася на Тураўшчыну і прынесла Гомелю — помнік Кірылу Тураўскаму і рэканструяваную цэнтральную частку палаца Румянцавых-Паскевічаў, а Тураву, апроч шэрагу адноўленых аб`ектаў, — статус горада, прыродны газ і першы Сад Малітвы, закладзены каля храма.
1996, Навагрудак. На свяце ўвекавечылі ў камені памяць аб Елісею Лаўрышаўскім — заснавальніку манастыра, дзе ў ХІV стагоддзі было напісана Лаўрышаўскае Евангелле — па сутнасці, першая ілюстраваная беларуская кніга, да таго ж з адступленнямі ад класічных канонаў. Таксама, да радасці гісторыкаў і нераўнадушных землякоў, пачалася рэстаўрацыя маёнтка, у якім некалі жыў Адам Міцкевіч.
1997. Свята ў Нясвіжы прысвяцілі 480-годдзю беларускага кнігадрукавання (адлічваючы ад «Псалтыра» Францыска Скарыны), таксама ўспомнілі друкарню, якую ў 1562 годзе заснаваў у Нясвіжы Сымон Будны, і сабралі адмысловую бібліятэку, для якой свае любімыя кнігі прынеслі дзеці. Наогул святочныя мерапрыемствы Дня пісьменства доўжыліся цэлы тыдзень і праходзілі па ўсёй краіне.
1998. Дзень пісьменства афіцыйна стаў нацыянальным святам, што зацвердзіў адпаведны ўказ Прэзідэнта. У Оршы з`явіўся мемарыяльны знак у гонар заснавання асветнікам, друкаром і літаратарам Спірыдонам Собалем Куцеінскай друкарні, а таксама Рагвалодаў камень — паменшаная копія ўнікальнага помніка пісьменства, на якім выбіты крыж і малітва-зварот да Бога.
1999, Пінск. Яшчэ праз некалькі гадоў чытачы ўспаміналі, як «Звязда» вынесла са сцен рэдакцыі ўлюбёны імі праект «Народ спявае пра сябе» і зладзіла тут выязны конкурс прыпевак, які неўзабаве стыхійна ператварыўся ў спаборніцтва танцораў.
2000. У вотчыне Рагнеды Заслаўі спалучыліся Дзень пісьменства і ўрачыстасці да 2000-годдзя хрысціянства. З гэтага года паўнапраўнымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў сталі дзеці — так, у гарадскім парку юнкары склалі самую доўгую ў свеце газету. Адметнасцю свята ў 2014 годзе стала адкрыццё помніка заснавальніку горада князю Ізяславу і прэзентацыя новых турыстычных маршрутаў па Заслаўі і наваколлі.
2001, Мсціслаў. У адкрыцці новага помніка знакамітаму першадрукару і асветніку Пятру Мсціслаўцу, як і ў іншых урачыстасцях Дня пісьменства, узяў удзел Прэзідэнт. А яшчэ менавіта ў Мсціславе фінішавала гісторыка-спартыўная велаэкспедыцыя «Праз паўтара стагоддзя», якая пачалася ў Варшаве і праехала праз усю Беларусь.
Велічныя дэкарацыі замкавых сцен і касцюмы Купалаўскага тэатра, відовішчны рыцарскі турнір — многім свята 2002 года ў Міры запомнілася як жывы подых гісторыі... І няхай гэта прагучыць нясціпла, але яркай яго часткай стала «Звязда», якая з дапамогай падпісчыкаў і каня Цюльпана ўпершыню адкрыла перасоўны стэнд — адмысловую «конную рэдакцыю».
2005, Камянец. Пасля рэстаўрацыі, якая зацягнулася на вельмі доўгі час, былі адкрыты для наведвальнікаў пяць ярусаў знакамітай Камянецкай вежы. А яшчэ горад прымаў фестываль самадзейных тэатраў і пленэр разьбяроў, якія ператварылі драўляныя загатоўкі ў постаці слынных дзеячаў беларускай культуры і гісторыі: Сімяона Полацкага, Афанасія Брэсцкага, Міколы Гусоўскага і іншых.
2006. Рэстаўраваны палац Тызенгаўзаў і помнік навукоўцу-арнітолагу Канстанціну Тызенгаўзу, адрамантаваныя Дом культуры, бібліятэка і гасцініца, рэтра-кавярня — усё гэта зрабіла культурны фон Пастаў больш яркім і насычаным. Таксама на Дні пісьменства ўпершыню былі ўручаныя знакі-сімвалы «Залаты фаліянт» пераможцам конкурсу «Мастацтва кнігі», які атрымаў статус нацыянальнага.
2007. Вуліцы Маркса і Урыцкага ў Шклове атрымалі новыя назвы — Якуба Коласа і Янкі Купалы. Таксама горад упрыгожыў помнік графу Сямёну Зорычу: мясцоваму мецэнату, знаўцу мастацтваў, заснавальніку тэатра, вайсковай вучэльні і 7 фабрык.
У 2008 годзе ўзяла старт дабрачынная акцыя «Хрустальнае сэрца», у межах якой айчынныя прадпрыемствы і арганізацыі садзейнічалі духоўнаму і культурнаму развіццю выхаванцаў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў. Акрамя таго, прайшоў фестываль гарадоў — сталіц свята і адкрыццё мемарыяльнай дошкі Івану Каладзееву — гісторыку, які доўгі час жыў у Барысаве і стварыў тут першую публічную бібліятэку.
2009. Ключавымі падзеямі свята ў Смаргоні сталі адкрыццё помніка Францішку Багушэвічу і сабора Праабражэння Гасподняга. Апошні стаў сапраўдным падарункам, якога вернікі чакалі ажно 20 гадоў, пакуль доўжылася будоўля.
2010, Хойнікі. Адкрыліся Дом абрадаў і рэканструяваны комплекс «Сядзібны дом» — архітэктурны помнік ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, у якім размясціліся экспазіцыі мясцовага краязнаўчага музея. Горад таксама ўпрыгожыла скульптурная кампазіцыя паводле твораў Івана Мележа. На галоўнай сцэне прагучала опера паводле паэмы Янкі Купалы «Курган», якой менавіта ў 2010-м споўнілася 100 гадоў.
2011, Ганцавічы. У алеі пісьменства, прысвечанай сучасным пісьменнікам — выхадцам з Ганцавіцкага раёна, з`явіўся бронзавы помнік Якубу Коласу. Менавіта тут, у вёсцы Люсіна, будучы класік пачаў свой працоўны — настаўніцкі і творчы — літаратурны шлях, гэтай вёсцы прысвяціў і сваю аповесць «У палескай глушы».
2012. Своеасаблівы рэкорд: у Глыбокім адначасова былі ўстаноўлены восем бюстаў і дзве мемарыяльныя дошкі знакамітых грамадскіх і культурных дзеячаў: пісьменніка, мастака і фалькларыста Язэпа Драздовіча, мецэната Іосіфа Корсака, заснавальніка айчыннага тэатра Ігната Буйніцкага, паэта Алеся Дубровіча, Героя Савецкага Саюза Пятра Казлова, знакамітага авіяканструктара Паўла Сухога, пісьменніка і гісторыка Вацлава Ластоўскага, стваральніка дзяржаўнай мовы Ізраіля Эліэзера Бен-Егуды, пісьменніка Лявонція Ракоўскага і архітэктара Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
У 2013 годзе ў Быхаве была закладзена бярозавая алея папярэдніх 17 сталіц Дня беларускага пісьменства, а цэнтральную плошчу ўпрыгожыла двухметровая разгорнутая кніга — скульптурны напамін пра Баркалабаўскі летапіс, унікальную крыніцу інфармацыі пра Беларусь і беларусаў ХVІ—ХVІІ стагоддзяў.
2015, Шчучын. Радзіма знакамітай паэткі Цёткі — Алаізы Пашкевіч, стала месцам нараджэння новай традыцыі: уручэння падчас свята пісьменства Нацыянальнай літаратурнай прэміі — пераемніцы рэспубліканскага конкурсу на найлепшы літаратурны твор.
Гарадскі стадыён і цэнтральная набярэжная, Дом культуры і бібліятэка імя Цёткі — усе гэтыя аб`екты набылі новае жыццё, таксама як і адрэстаўраваны палац князёў Друцкіх-Любецкіх, дзе размясціліся цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, краязнаўчы музей і канферэнц-зала.
2016. Рагачоў атрымаў у падарунак не толькі рэканструяваныя будынкі чыгуначнага вакзала і пошты, але таксама восем карцін свайго знакамітага ўраджэнца, мастака Анатоля Каплана з прыватнай калекцыі з Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, упершыню за гісторыю свята ў ім бралі ўдзел дэлегацыі беларускіх дыяспар з 19 замежных краін, а з дапамогай тэлемоста да мерапрыемстваў падключыліся гарады — пабрацімы Рагачова.
Сталіца культурнага форуму — 2018 Іванава таксама ўжо атрымала падарункі да свята: рэканструяваны гарадскі парк, новую кнігарню «Верасень», памятны знак «Янава слова» — сонечны гадзіннік, упрыгожаны пяром як сімвалам пісьменства. І, безумоўна, гэта не кропка і нават не шматкроп`е. Дзень беларускага пісьменства, які чакаюць у многіх гарадах і мястэчках, абавязкова пакіне яшчэ мноства слядоў — прыгожых, памятных і прыемных...
Аўтар: Вікторыя Целяшук
Звязда, 1 верасня 2018
Ссылка на источник:
Якую памяць аб сабе пакінуў Дзень беларускага пісьменства ў сталіцах свята?