У Беларусі заканадаўча гарантавана права на аказанне бясплатнай медыцынскай дапамогi ў дзяржаўных установах аховы здароўя на падставе дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў, бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі ў межах пераліку асноўных лекавых сродкаў дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, пацыентаў, якія маюць цяжкія захворванні, бясплатнае забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне дзяцей з выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту і бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне дзяцей, якія пражываюць на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, грашовыя выплаты за пастаноўку на ўлік да 12 тыдняў цяжарнасці, па цяжарнасці і родах, за нараджэнне дзіцяці.
Гэта замацавана ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады і ў межах Дзяржаўнай праграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016-2020 гады.
Ахова рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, стварэнне ўмоў для нараджэння здаровых дзяцей, скарачэнне дзіцячай і мацярынскай смяротнасці маюць асаблівую грамадскую значнасць і выступаюць у якасці крытэрыяў эфектыўнасці дзейнасці сістэмы аховы здароўя краіны.
Створана рознаўзроўневая сістэма аказання перынатальнай медыцынскай дапамогі цяжарным жанчынам і нованароджаным, 100% жанчын маюць доступ да дародавага i пасляродавага медыцынскага абслугоўвання. Пасля нараджэння разам з маці знаходзяцца каля 90% нованароджаных дзяцей, адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці родаў, якія праходзяць без ускладненняў.
У нашай краіне ўкаранёны рэкамендацыі СААЗ і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у ВІЧ-кансультаванні жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту і цяжарных. Выжывальнасць немаўлятаў, якія нарадзіліся з экстрэмальна нізкай масай цела (да 1000 г) на першым годзе жыцця складае больш за 75% (2000 год – 28,4%), прафілактычнымі прышчэпкамі ахоплена 98% дзяцей. У Беларусі функцыянуюць 17 рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў, якія аказваюць профільную медыцынскую дапамогу маці і іх дзецям.
У апублікаваным арганізацыяй Save the Children (англ. «Выратуем дзяцей») рэйтынгу «Індэкс мацярынства – 2015», дзе прааналізаваны дадзеныя па ўмовах для мацярынства, Беларусь заняла 25-е месца з 179 краін свету і прызнана краінай, камфортнай для мацярынства.
Апублікаваныя ў 2017 годзе аўтарытэтным брытанскім медыцынскім часопісам Lancet дадзеныя сведчаць, што па выніках лячэння ў дзяцей вострага лімфібласнага лейкозу Беларусь займае 8-е месца ў свеце з 53 краін, апярэджваючы у тым ліку ЗША, Ізраіль, Японію, Фінляндыю.
Для сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжаны 11 відаў дзяржаўных дапамог. У нашай краіне ўведзена дадатковая мера падтрымкі шматдзетных сем`яў – «сямейны капітал» у памеры 10 тыс. долараў ЗША пры нараджэнні (усынаўленні) трэцяга ці наступных дзяцей.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных дапамогах сем`ям, якія выхоўваюць дзяцей» уступіў у сілу з 1 ліпеня 2017 г., у новай рэдакцыі прадугледжана ўзмацненне сацыяльнай абароны найбольш уразлівых катэгорый сем`яў – маладых спецыялістаў, студэнтаў, якія атрымліваюць дапамогу па цяжарнасці і родах у мінімальным памеры, сем`яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, і бацькоў, якія маюць інваліднасць, а для цяжарных жанчын і маці прадугледжаны цэлы шэраг гарантый у Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь.
Напрыклад, сем`ям, якія маюць дзяцей, на кожнае дзіця даюцца падатковыя вылікі, працуючым жанчынам гарантуецца водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту 3-х гадоў, а таксама права на ранейшую працу пасля яго заканчэння, а таксама правы на сацыяльны водпуск па цяжарнасці і родах.
Дадатковыя прававыя гарантыі ў дачыненні да цяжарных жанчын і маці прадугледжаны патрабаваннем Працоўнага кодэксу па пытаннях звальнення работнікаў, заключэння і падаўжэння кантрактаў, прыцягнення да работ у асаблівых выпадках.
Маці, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей, і бацькам дзяцей-інвалідаў прадугледжваецца таксама шэраг ільгот у пенсійным забеспячэнні.
Шматдзетным маці, якія нарадзілі і выхавалі дзевяць і больш дзяцей і ўзнагароджаны адной з дзяржаўных узнагарод СССР за мацярынства або ордэнам Маці, з верасня 2012 года дадзена права на пенсію за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. У цяперашні час такія пенсіі ўстаноўлены 688 шматдзетным маці Беларусі.
У Беларусі ордэнам Маці ўзнагароджаны больш за 9,5 тысячы жанчын, якія нарадзілі і дастойна выхавалі пяць і больш дзяцей.
Гэты высокі знак мацярынскай доблесці заснаваны ўказам Прэзідэнта Беларусі ў 1995 годзе. З 2006 года шматдзетным маці, узнагароджаным ордэнам Маці, ажыццяўляецца аднаразовая грашовая выплата ў памеры пяціразовага бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Акрамя таго, у рэгіёнах Беларусі рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў устаноўлены розныя дадатковыя формы падтрымкаў для ўзнагароджаных гэтым ордэнам.
Вядома, мы любім маму кожны дзень. Але зацверджанае мамчына свята, Дзень маці, – гэта яшчэ адна нагода выказаць усю сваю любоў і павагу самаму блізкаму чалавеку.
Алег Леўшуноў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па працы і сацыяльных пытаннях
Звязда, 14 кастрычніка 2018
Ссылка на источник:
Якія правы гарантаваныя мамам у Беларусі?