Быў такі час на зямлі, калі звяры ня мелі хвастоў. Заязь страшэнна дакучала ім: абараніцца звяры ня мелі чым. I вось аднойчы ад ляснога цара выйшаў загад, каб звяры йшлі хвасты атрымліваць. Пайшлі ганцы ува ўсе канцы з пушчаў, лясоў і палёў склікаць звяроў.Паведамілі ваўка, лісіцу, куніцу, пабудзілі й мядзведзя ў яго бярлозе.
- Добра, - кажа Мішка: - я зараз прыйду, адно загляну да старое ліпы, ці не знайду там чаго паснедаць.
Запраўды, у дупле старое ліпы дзікія пчолы нанасілі шмат мёду. Стаў Мішка ламаць дуплё ды выграбаць мёд. Пчолы жалілі яго, але ён не зважаў на гэта, заграбаў мёд і пчол і парахню, што прыстала да мёду, еў усё ды толькі мармытаў ад асалоды. Наеўшыся, ён ужо хацеў ісці на сходку, аж глянуў, што шэрсьць уся выпацкана ў мёд ды парахню.
- Не,- падумаў Мішка,- у такім гарнітуры йсці на сходку нельга. - Сеў ён і пачаў вылізваць сабе бруха. А сонейка так добра грэла, што Мішка разамлеў і не заўважыў, як моцна заснуў.
Тымчасам на сходку ўжо сталі збірацца звяры. Першай прыбегла лісіца й выбрала сабе самы прыгожы пушысты хвост. Потым - куніца, вавёрка. Бык выбраў сабе хвост з мяцёлкай на канцы, конь - з даугімі валасамі, каб лепш было змагацца з мухамі ды аваднямі. Падбег і зайчык, але, пачуўшы страшэнны гармідар, спалохаўся ды схаваўся ў кусты; сядзеў там, пакуль усе звяры разыйшліся і ў лесе стала ціха. Вылез зайчык з кустоў і нясмела падышоў да ляснога цара.
- Дзе-ж ты быў - кажа цар, - то-ж усе хвасты ўжо разабралі, астаўся толькі адзін маленькі.
-То-ж такі мне й трэба - узрадаваўся зайчык. - даўгі хвост толькі перашкаджаў бы мне ад ваўкоў ды сабак уцякаць, а гэты будзе якраз. Фарсіста прычапіў зайчык свой хвост і весела паскакаў.
А тымчасам прачнуўся й мядзведзь і раптам успомніў, што ён мусіў ісьці на сход. Глянуў, а сонца ўжо зусім над лесам павісла. З усіх ног кінуўся Мішка бегчы. Бег, бег, аж засопся. Але ў тым месцы, дзе была сходка, ўжо нікога ня было.
- Што-ж мне цяпер рабіць - думае мядзведзь - ўсе будуць мець хвасты, адзін я застануся без хваста. Гэтак ідзе ён злосны, аж бачыць на пяньку барсук пакручваецца і ўсе на свой прыгожы хвост глядзіць.
- Паслухай, барсуча, - кажа мядзведзь, - нашто табе такі вялікі хвост? Аддай мне хоць палавіну.
- Што ты? - кажа барсук - як-жа можна? То-ж увесь фасон прападзе.
- Не дасі, - сказаў мядзведзь ды палажыў лапу барсуку на голаву, - не дасі па дабру, дык сілай вазьму.
- Ня дам - крыкнуу барсук, ды як рвануўся, дык і вырваўся. Але ў мядзведзя у лапе засталася доўгая паласа барсуковае скуры. Адарваў мядзведзь кавалак гэтае скуры, прычапіў сабе, дзе павінен быць хвост, ды пайшоў даядаць мед. А барсук бег, бег, дзе ні схаваецца, ўсё яму здаецца, што мядзведзь услед тупае. Урэшце выкапаў ён глыбокую нару, залез у яе й сядзеў там цэлыя дні. Толькі калі месяц узыйходзіў над лесам, вылазіў ён пашукаць чаго-колечы зьесці. Там у нары ў барсука дзеці нарадзіліся.
І вось аднойчы недалёка ад гэтае нары бегла лісіца. Чуе яна, што нешта пішчыць. Глянула яна на дрэвы, агледзела ўсе кусты - нічога няма. Прыслухалася лісіца і здалося ёй, што нешта пішчыць пад зямлёй. Глядзіць, аж нара. Палезла лісіца ў нару, аж там барсук.
- Што гэта табе, барсуча, наверсе цесна стала, што ты пад зямлю залез? -
- А так, цесна. - Ды расказаў лісіцы, як мядзведзь хацеў забраць у яго хвост. Выслухала лісіца, хітра засмяялася ды кажа:
- Хлусіш ты, барсук. Ня веру я твайму ніводнаму слову.
- Ня верыш, дык я цябе пераканаю. І вылез з нары. Праўда, лісіца пабачыла, што ў барсука ад галавы праз усю спіну белая паласа. Паверыла лісіца й не на жарт спалохалася.
- Што-ж, - надумала яна - калі ён хацеў забраць барсукоў хвост, дык мой-жа прыгажэйшы. І пабегла шукаць сабе сховішча. Але дзе яна ні хавалася, ўсе ёй здавалася, што мядзведзь яе знойдзе. Гэтак прабегала яна ўсю ноч і не магла супакоіцца. А пад раніцу, як і барсук, выкапала сабе глыбокую нару, залезла у яе, накрылася сваім прыгожым пушыстым цёплым хвастом і спакойна заснула.
( З выдання: "Беларускія казкі". Выдавецтва "Бацькаўшчына". Мюнхэн 1957.)
Ссылка на источник:
Хвасты