У адпаведнасці з указам нумар 104 межы Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей будуць зменены да канца гэтага года. Аб тым, што стала падставай для прыняцця такога рашэння, аб ключавых момантах, якія трэба ведаць жыхарам гэтых рэгіёнаў, а таксама аб планах па ўдакладненні межаў астатніх абласцей у інтэрв`ю расказаў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэй Гаеў.
______________________________
- Андрэй Анатольевіч, што было перадумовай для пачатку той карпатлівай работы, якую правялі вашы спецыялісты, і як вынік - прыняцця гэтага ўказа.
- Пачну з таго, што межы абласцей устанаўліваліся яшчэ ў 1950-я гады па існуючых тады планава-картаграфічных матэрыялах. Некалькі гадоў таму мы ўбачылі, што прыкладна 30-40 працэнтаў працягласці мяжы асобных раёнаў складана апазнаць або без спецыяльных прыбораў не апазнаць на мясцовасці. Гэта звязана з тым, што з часам некаторыя тэрыторыі зарасталі лясамі, недзе змяняліся рэчышчы рэк, з`явіліся дарогі і гэтак далей. У пачатку 2015 года мы паказалі напрацоўкі кіраўніку дзяржавы, і ён адобрыў правядзенне работ у цэлым па краіне. Тады ж усё і пачалося. Цяпер завершаны работы па трох абласцях, матэрыялы па Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях рыхтуюцца для афармлення меж такім жа чынам у адпаведнасці з назапашаным досведам.
- Калі плануеце паставіць кропку ва ўсёй гэтай рабоце?
- Значны аб`ём работы ўжо выкананы. У гэтым годзе мы плануем завяршыць усё, што звязана з фарміраваннем тэхнічнай дакументацыі, каб у далейшым вырашыць арганізацыйныя пытанні: правесці апытанні, дзе гэта неабходна, грамадскія абмеркаванні, разгледзець матэрыялы на сесіях Саветаў дэпутатаў.
Улічваючы маючы адбыцца перапіс насельніцтва, у перыяд правядзення якога павінна забяспечвацца стабільнасць у абласных акругах, а таксама ў сувязі з правядзеннем электаральных кампаній завяршыць работы па ўдакладненні межаў плануецца ў 2020 годзе з выхадам на завяршальны этап - падрыхтоўку ўказа.
- Ці змянілася агульная плошча абласцей, якія ўвайшлі ва ўказ нумар 104?
- Так, але размова ідзе аб неістотных змяненнях. Так, плошча Гродзенскай вобласці зменшылася ўсяго на 199 га, або на 0,01 працэнта, Брэсцкай - на 344 га (таксама 0,01 працэнта). Плошча Мінскай вобласці скарацілася на 1780 га, або на 0,04 працэнта.
- Ці ёсць населеныя пункты або іх часткі, якія пасля змянення меж будуць адносіцца да іншай вобласці?
- Такіх выпадкаў няма. Для разумення адзначу, што перад намі не стаіць задача, каб неяк пераразмеркаваць населеныя пункты або што-небудзь кардынальна змяніць. У нас ёсць адзін населены пункт (гэта вёска Карытніца Беліцкага сельсавета), які цалкам выключаны са складу меж Лідскага раёна і ўключаны ў межы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Гэта абумоўлена тым, што вёска - адзіны населены пункт Лідскага раёна, размешчаны на левым беразе ракі Нёман, ад якога да Ліды 76 км, а да Дзятлава 23 км. Улічваючы геаграфічнае размяшчэнне вёскі, мэтазгодным было яе ўключэнне ў межы Дзятлаўскага раёна. Гэта дасць магчымасць, у прыватнасці, скараціць час і сродкі на сацыяльна-бытавое і медыцынскае абслугоўванне жыхароў Карытніцы службамі Дзятлаўскага раёна.
Рашэнні рыхтаваліся з улікам меркавання жыхароў, якія там пражываюць, праведзены грамадскія абмеркаванні. Самі жыхары выказаліся за тое, каб іх вёска была аднесена да Дзятлаўскага раёна.
- Які далейшы план дзеянняў? Якая работа яшчэ наперадзе па тых рэгіёнах, што прапісаны ва ўказе?
- Нам яшчэ шмат чаго давядзецца зрабіць. Напрыклад, трэба прывесці ў адпаведнасць інфармацыю аб зямельных участках, адрасах у рэгістры нерухомай маёмасці і іншых дакументах, трэба ўнесці ўсе гэтыя звесткі ў электронныя рэсурсы.
Пасля сур`ёзная адказнасць будзе ўскладзена ўжо на мясцовыя органы ўлады, якія павінны будуць забяспечваць падтрыманне меж у тым стане, у якім яны сёння вызначаны. Гэта значыць, каб яны заўсёды дакладна разумеліся і апазнаваліся.
- Што датычыцца работы дзяржорганаў па рэалізацыі ўказа, мы разабраліся, цяпер давайце пяройдзем да грамадзян. Пачнём з матэрыяльнага боку: ці трэба будзе жыхарам населеных пунктаў, якія зменяць межы, плаціць за змену дакументаў?
- Усе расходы дзяржава бярэ на сябе, таму што пераўтварэнні адбываюцца па незалежных ад фізічных і юрыдычных асоб прычынах. Усе змяненні ў дакументы рэгістраў, рэестраў, іншыя дзяржаўныя рэсурсы будуць уносіцца без удзелу праваўладальнікаў. Гэта будзе рабіцца на падставе тых даных, якія сфарміраваны ў выніку праведзенай работы. Пры гэтым для таго, каб такі працэс максімальна патанніць, знізіць расходы бюджэту, устаноўлены максімальна магчымыя паніжаючыя каэфіцыенты кошту адпаведных працэдур.
Указам прадугледжаны яшчэ адзін важны момант: нават калі змяняецца адрас рэгістрацыі грамадзян, не абавязкова адразу мяняць пашпарт, юрыдычнай асобе - іншыя значныя дакументы. Гэта можа быць зроблена, калі падыдуць тэрміны іх планавай замены. Усе яны будуць дзеючымі. Тым не менш, чалавек можа ў любы час атрымаць новую, актуальную, адзнаку ў сваіх дакументах. Згодна з указам, гэта будзе рабіцца без спагнання платы з грамадзян і арганізацый.
- А ці не прытармозіць удакладненне даных у дзяржаўных рэгістрах і рэестрах, скажам, выдачу зямельных участкаў? У такіх выпадках паўгода-год - гэта ж істотная страта часу для тых, хто плануе будаўніцтва.
- Ніякіх нязручнасцей для грамадзян або юрыдычных асоб рэалізацыя ўказа не прынясе. Нічога не зменіцца - ні прадастаўленне ўчасткаў, ні выкананне нейкіх працэдур па іх раздзяленні, зліцці, дзе гэта неабходна, ні ажыццяўленне гаспадарчай дзейнасці ў сувязі з раней выдадзенымі дазвольнымі дакументамі. І што датычыцца гэтага моманту, і ў цэлым хачу адзначыць, што ўсё ў рамках указа робіцца з улікам інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. Усе сітуацыі вывучаны і дзеянні накіраваны на тое, каб людзям зрабіць лепш.
Таццяна Лісатовіч
БЕЛТА, 20 сакавіка 2019
Ссылка на источник:
У Дзяржкаммаёмасці расказалі аб змяненні межаў трох абласцей